АНТО́НАЎ (Міхаіл Майсеевіч) (11.3.1923, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 4.8.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў танк. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце. Камандзір танк. ўзвода ст. лейтэнант Антонаў вызначыўся ў ліп.жн. 1943 пры вызваленні г. Арла: танкісты яго ўзвода 7 разоў атакавалі ворага на падыходзе да горада, першыя ўварваліся ў яго. Загінуў у баі.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЫ́Т (ад лац. antrum пячора, поласць + ...im),

запаленне слізістай абалонкі і касцявых сценак поласці соскападобнага адростка скроневай косці — антрума. Назіраецца ў дзяцей першых месяцаў жыцця. Узнікае як ускладненне вострага сярэдняга атыту, іншы раз ад агульнага знясілення арганізма (пры таксічнай дыспепсіі, пнеўманіі). Падстава на падазрэнне антрыту — цяжкі, зацяжны, востры атыт і завушны абсцэс пасля прарыву гною з антрума. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫАЗАНА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДКА́ЗНАСЦЬ у тэхніцы,

уласцівасць вырабу захоўваць працаздольнасць на працягу некаторага часу ці пры выкананні пэўнага аб’ёму работы без вымушаных перапынкаў у зададзеных умовах эксплуатацыі. Для вырабаў, якія не падлягаюць рамонту ці замяняюцца пасля першага парушэння працаздольнасці, паказчыкамі безадказнасці могуць быць імавернасць безадказнай работы, інтэнсіўнасць адказаў і інш.; для рамонтапрыдатных вырабаў — напрацоўка на адказ, імавернасць безадказнай работы. Гл. таксама Надзейнасць.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРВА́Д,

стараж. стараж. горад-дзяржава ў Паўн. Фінікіі. Упершыню ўпамінаецца ў егіп. крыніцах пач. 15 ст. да н.э. З 8 ст. да н. э. пад уладай Асірыі. На пач. 7 ст. да н. э. — Вавілоніі. Пры Ахеменідах меў аўтаномію. У 332 да н. э. перайшоў на бок Аляксандра Македонскага. З 5 ст. да н.э. ў Арвадзе чаканілі манету.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШЫ́ЦА,

рака ў Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток Дняпра. Даўжыня 33 км. Выцякае з возера Арэхаўскае. Асноўныя прытокі: Пачаліца, Міронаўка (справа), Выдрыца (злева). Плошча вадазбору ў межах Аршанскага ўзвышша 519 км². Даліна добра выражана, у верхнім цячэнні трапецападобная, у ніжнім — карытападобная. На беразе дом адпачынку «Орша». Пры ўпадзенні Аршыцы ў Дняпро горад Орша.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЯЧЭ́ННЕ,

рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.

Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАСПЕКТРО́ГРАФ,

прылада для рэгістравання спектраў выпрамянення нябесных целаў. Устанаўліваецца ў фокусе тэлескопа. Канструкцыя сістэмы тэлескоп — астраспектрограф робіцца жорсткай, каб пазбегнуць зрушэння відарыса. Спектральнае раскладанне святла атрымліваюць пры дапамозе прызмы аптычнай, дыфракцыйнай рашоткі. Спектр фатаграфуюць або рэгіструюць фотаэлектрычнымі прыёмнікамі святла. Астраспектрограф дае магчымасць вызначаць хім. састаў нябесных целаў, скорасць іх руху ўздоўж праменя зроку, наяўнасць магн. поля і інш.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́МА (ад астэа... + ...ома),

дабраякасная пухліна з касцявой тканкі. Адрозніваюць астэому зубчастую, астэому з коркавага пласта і губчатага рэчыва (пераважна на сцегнавой і плечавой касцях) і астэому з суцэльнага кампактнага касцявога рэчыва (пашкоджваюцца пераважна плоскія косці чэрапа). Захворванне можа быць працяглым, але бессімптомным, іншы раз выяўляюць астэому выпадкова пры рэнтгеналагічным даследаванні хворага. Лячэнне хірург. (акрамя маленькіх астэом).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)