Размешчаны на Пн Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 14,9 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Расоны. Уключае 142 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дварышчанскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Марачкоўскі, Сакалішчанскі, Юхавіцкі, Янкавіцкі.
Тэр. раёна (б.ч.) у межах Полацкай нізіны, на УНешчардаўскае ўзвышша. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град, 50% яе на выш. да 125 м, 45% — 125—170 м. Найвыш. пункт 224 м (на З ад в. Забор’е). Нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 583 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Найб.р. Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Шмат азёр (27 рыбапрамысловых); найб. Нешчарда, Усвечча, Валоба, Сіньша, Расона, Дрысы, Межава, Межна, Шэвіна, Белае. Вадасховішча Клясціцкае на р. Нішча. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў (%): дзярнова-падзолістыя (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), тарфянабалотныя (10,9). Пад лесам 71% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя. Пад балотамі 49% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы: Заборскі Мох, Юхавіцкі Мох, Расонскі Мох, Межна. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Сіньша, Чырвоны Бор (часткова), біял. — Фаміно. Ахоўныя тарфянікі: Вусце, Глаты, Круча Ждань.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 32,4 тыс.га, з іх асушаных 11,5 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 8 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, лёну, бульбы, кармавых культур. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўняны вугаль), харч. (цэльнамалочныя вырабы, казеін і інш.), кааператыўнай прам-сці, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш. У раёне 7 сярэдніх школ-садкоў, 6 базавых (у т. л. 5 школ-садкоў), 2 пач. (у т. л. 1 школа-садок), 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. школы і школа мастацтваў, цэнтр пазашкольнай працы, 4 дашкольныя ўстановы, 19 клубаў, 21 б-ка, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 11 фельч.-ак. пунктаў. Музей баявой садружнасці ў г.п. Расоны. Помнікі архітэктуры: паркі каля в. Двор Чарэпіта (пач. 20 ст.) і ў в. Казімірава (2-я пал. 19 ст.) Гіст. помнікі: замчышча «Сокал» ва ўрочышчы Сокал, за 1,5 км ад в. Кульнёва пры зліцці рэк Дрыса і Нішча; мемарыяльны комплекс героям вайны 1812 і Вял.Айч.вайны 1941—45 г. (1991) у в. Клясціцы. Выдаецца газ. «Голас Расоншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч.вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч.вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч.вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦО́ВЫ,
дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.
Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ СЛУ́ЖБА, вайсковая служба,
від службы, які заключаецца ў выкананні грамадзянамі вызначанага законам дзяржавы воінскага абавязку (воінскай павіннасці) ва ўзбр. сілах на працягу пэўнага тэрміну. У розных формах ажыццяўляецца ў большасці дзяржаў. Выконваецца грамадзянамі ў абавязковым парадку, добраахвотна або па найме. Уключае абавязковую службу ў мірны час і непасрэдны ўдзел у ваен. дзеяннях у час вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваенная служба лічыцца асобым відам дзярж. службы, якая заключаецца ў выкананні яе грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку ў складзе Узбр. Сіл і інш. вайсковых фарміраванняў. Паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) устаноўлены наступныя віды ваеннай службы: тэрміновая салдат, матросаў, сяржантаў і старшын; курсантаў ваен.-навуч. устаноў (сярэднія і вышэйшыя ваен. вучылішчы, ваен. ін-ты, ваен. ф-ты пры цывільных ВНУ, ваен. акадэміі); паводле кантракту прапаршчыкаў і мічманаў; афіцэраў паводле прызыву і кантракту. Зыходзячы з важнасці ваеннай службы, устанаўліваецца яе прыярытэт перад інш. відамі дзярж. службы і прац. дзейнасці; пры прызыве або добраахвотным паступленні на ваенную службу работа, вучоба і інш. дзейнасць грамадзян на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах (незалежна ад формаў уласнасці і ўмоў гаспадарання) спыняецца. Парадак праходжання ваеннай службы для кожнай катэгорыі ваеннаслужачых рэгламентуецца законамі, воінскімі статутамі, палажэннем аб праходжанні ваеннай службы і інш. нарматыўна-прававымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1632—34, Смаленская вайна,
вайна Расійскай дзяржавы за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі, якія ў выніку Дэулінскага перамір’я 1618 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Цар Міхаіл Фёдаравіч і яго бацька патрыярх Філарэт накіравалі ў вер. 1632 на Смаленск 40-тысячнае войска пад камандаваннем ваяводы М.Б.Шэіна. Яно заняло Себеж, Невель, Усвяты, Дарагабуж, Старадуб, у студз. 1633 асадзіла Смаленск. Рас. войскі праніклі ў глыб Беларусі, авалодалі Асвеяй, Друяй, Полацкам (акрамя крэпасці), Прапойскам, асадзіла Мсціслаў і Крычаў. Гетман польны ВКЛ К.Радзівіл перакінуў у Смаленск падмогу, частка казакаў і дваран пакінула рас. войска. У канцы жн. 1633 да Смаленска падышоў кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Уладзіслаў IV з 25-тысячным войскам, якое адцясніла рас. войска ад Смаленска і акружыла яго. 25.2.1634 Шэін падпісаў акт аб капітуляцыі, паводле якога рэшткі рас. арміі (8 тыс.чал.), пакінуўшы ўсю артылерыю і інш. зброю, адышлі з-пад Смаленска. Паводле Палянаўскага міру 1634 Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Рэч Паспалітая вярнула большасць захопленых зямель, Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон.
А.П.Грыцкевіч.
Беларуска-польскія войскі пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. З гравюры В.Хондыуса. 1636.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСА А́РМІЯ,
агульнавайсковыя злучэнні польскага Лонданскага эмігранцкага ўрада ў складзе Польскіх узбр. сіл на Захадзе ў 2-ю сусв. вайну. Камандуючы ген. У.Андэрс. Створана на тэр.СССР у жн. 1941 — сак. 1942 як Польская армія ў СССР паводле польска-савецкіх пагадненняў 1941 для сумесных дзеянняў на сав.-герм. фронце. Фарміравалася ў асн. з польскіх ваеннапалонных, рэпрэсіраваных і дэпартаваных у глыб СССР жыхароў б.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, бежанцаў з Польшчы, што апынуліся на тэр.СССР, і інш. Да жн. 1942 аператыўна падпарадкоўвалася камандаванню Чырв. Арміі, складалася з 6 пяхотных дывізій і інш. часцей і службаў (у сак. 1942 налічвала 66 тыс.чал.). У сак.—крас. і жн. 1942 са згоды Сав. ўрада эвакуіравана ў Іран і Ірак. У выніку аб’яднання з Войскам Польскім на Сярэднім Усходзе створана Польская армія на Усходзе, якая дзейнічала на тэр. Ірака. У чэрв. 1943 з яе складу вылучаны Другі польскі корпус, які ўдзельнічаў у аперацыях саюзнікаў у Паўн. Афрыцы, Італьянскай кампаніі 1943—45. Пасля 2-й сусв.вайны многія салдаты-беларусы з Андэрса арміі склалі частку бел. эміграцыі.
Літ.:
Прибылов В.И. Почему ушла армия Андерса // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,
сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.
Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв.вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.
На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-ІЗРА́ІЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1948—49, Палесцінская вайна,
вайна паміж араб. краінамі (Іарданія, Егіпет, Ірак, Сірыя, Ліван) і Ізраілем у маі — студз. 1949. Звязана з вырашэннем палесцінскага пытання. Рэзалюцыя Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 прадугледжвала стварэнне на тэр. Палесціны араб. (11,1 тыс.км²) і яўр. (14 тыс.км²) дзяржаў. Вялікабрытанія 14.5.1948 адмовілася ад мандата на Палесціну, а Ізраіль абвясціў сваю незалежнасць. 15.5.1948 сем араб. краін (у т. л. Саудаўская Аравія і Йемен, хоць яны не ваявалі) абвясцілі Ізраілю вайну. У ходзе баявых дзеянняў араб. часці (30 тыс.чал.) заваявалі шэраг населеных пунктаў Ізраіля і наблізіліся да Іерусаліма і Тэль-Авіва. Па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН 11 чэрв. падпісана перамір’е. Ізраіль пасля закупак зброі і баявой тэхнікі за мяжой, прыбыцця новых імігрантаў павялічыў армію з 67 да 120 тыс.чал. 15.10.1948 ён аднавіў ваен. дзеянні і на працягу 2 месяцаў перанёс баі на тэр. Егіпта і Лівана. Пад націскам Вялікабрытаніі кароль Егіпта Фарук пагадзіўся на перамір’е. 7.1.1949 баявыя дзеянні спынены, у лют.—ліп. 1949 заключана перамір’е. У выніку вайны Ізраіль заняў дадаткова 6,7 тыс.км²араб. зямель і зах.ч. Іерусаліма. Гэтыя землі вымушаны былі пакінуць 900 тыс. арабаў. Зах. бераг р. Іардан і ўсх.ч. Іерусаліма засталіся пад уладай Іарданіі, а сектар Газа — Егіпта.