ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),
бел.паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел.культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел.навук.т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.Луцкевічам, В.Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел.Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);
Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.
Літ.:
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;
Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.
Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІЯ ГІМНА́ЗІІ Існавалі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мазырская мужчынская гімназія адкрыта ў кастр. 1859. Напачатку мела 1—3-і класы, у 1860 адкрыты 4—6-ы, у 1861—7-ы (выпускны) класы. Больш за 90% гімназістаў — дзеці дваран і чыноўнікаў. Выкладанне вялося на польск., з 1864 — на рус. мове. З 1865 класічная гімназія. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, лац., грэч., франц., ням. мовы, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, чыстапісанне і інш. Пры гімназіі з 1864 існавала нядзельная школа для навучання чытанню, пісьму і арыфметыцы ўсіх гараджан незалежна ад веравызнання і ўзросту. Да 1874 у падпарадкаванні дырэкцыі гімназіі быў 4-класны прыватны жаночы пансіён. У 1874 гімназія пераўтворана ў 4-класную, з 1876 — у 6-класную прагімназію, якая ў 1910 рэарганізавана ў 8-класную гімназію. Падрыхтавана больш за 1000 выпускнікоў. Існавала да 1918. Мазырская жаночая гімназія адкрыта ў 1907 на базе жаночага вучылішча (засн. ў 1860). Да 1911 жаночая гімназія Е.Сапрыноўскай, 29.11.1911 пераўтворана ў 7-класную жаночую гімназію. Утрымлівалася за дзярж. кошт. За навуч. справай наглядаў дырэктар мужчынскай гімназіі. У ёй працавалі 3 законанастаўнікі і 12 выкладчыкаў Пецярбургскага і Юр’еўскага ун-таў, Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў і інш. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, гісторыя, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне, ням. і франц. мовы, спевы. У 1915 было 269 навучэнак. Існавала да 1917; на яе базе створана 7-гадовая агульнаадук. школа. Мазырская прыватная жаночая прагімназіязасн. 18.7.1908 на базе (прыватнага жаночага вучылішча 1-га разраду, мела 5 асн. і 1 падрыхтоўчы класы (у 1909 адкрыты 6-ы, у 1910—7-ы класы). Утрымлівалася А.Тадароўскай-Еўдакімавай за кошт платы за навучанне. Працавалі 3 законанастаўнікі і 9 выкладчыкаў з Беластоцкага ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскіх і Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, матэматыка, чыстапісанне, прыродазнаўства, франц. і ням. мовы, рукадзелле, маляванне, спевы. У 1908 было 146 навучэнак. Закрыта ў 1913.
Літ.:
Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;
Шпаковский К. Историческая записка о Мозырской прогимназии, 1859—1909. Мозырь, 1909;
Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),
апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.
развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл.Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт.Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л.Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскайгуб. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл.«Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл.Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл.Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр.рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.
Літ.:
Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;
Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;
Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскайвобл. на аснове Маладзечанскага нар.т-рагар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.Купалы, «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.Дударава, «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва, «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра, «Непаразуменне» А.Камю, «Карэль» С.Мрожака, «Двое на арэлях» У.Гібсана, «Гер Паўль» Т.Дорста, «Чорная нявеста» Ж.Ануя, «Восем жанчын» Р.Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.Меё і М.Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.Радзінскага, «Дыяген» Б.Рацара і У.Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.Атрашкевіч, А.Елісеенкаў, А.Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).
Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.Андросік, Р.Баравік, У.Забела, У.Караткевіч. В.Раеўскі, Р.Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.Мацкевіч, гал. мастакі У.Жданаў (з 1992), Я.Волкаў (з 1994).
М.В.Шабовіч.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.Мрожака.Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПнУ Гродзенскай, Пн і ПнЗМінскай абласцей, у басейне верхняга і сярэдняга цячэння р.Вілія. Мяжуе са Свянцянскімі градамі на Пн, Верхнебярэзінскай нізінай на У, Мінскім і Ашмянскім узвышшамі на ПдУ і Пд, Нярыска-Жэймянскай нізінай (Літва) на 3. Выш. 155—190 м, найб. 232 м (Канапанцінаўская града), пл. 7,4 тыс.км², працягласць з 3 на У 115—145 км, з Пн на Пд 35—75 км.
Н.-В.н. прымеркавана да паўд.-зах.ч. Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.
У паўн.ч. нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення: Свірская, Канстанцінаўская, Паўн.- і Паўд.-Нарачанскія, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўж. 0,5—3 км, з адноснымі выш. 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўн.-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На У нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі. Большасць тэр. Н.-В.н. займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі азёрамі, азёрныя катлавіны, дзюны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель, торф, мінер, воды. Гал. рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча; Струна. Шмат азёр, з іх найбольшыя: Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Сарачанскія. У межах Н.-В.н. пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой Вілейскае вадасховішча. Сярэднія т-ры студз. -7,5 °C, ліп. 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пад лесам 36% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы. Пад ворывам да 35% тэрыторыі. У межах Н.-В.н. нац. парк Нарачанскі, заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічны Чарэмшыца, біял.Дубатоўскае, Некасецкі, Пасынкі, Рудакова. Вакол воз. Нарач курортная і водаахоўная зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),
бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.І.Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус.геагр.т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел.нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас.АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.
Тв.:
Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).
Літ.:
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскайвобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДКО́ВЫЯ СПЕ́ВЫ,
від старарус. царкоўнага шматгалосся ў 16—17 ст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пач. 16 ст., у Расіі з 2-й пал. 16 ст. Рэпертуар Р.с. склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царк. зб-каў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі наз. ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі).
У залежнасці ад колькасці радкоў Р.с. былі 2-, 3- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на нар. падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асн. голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў 3- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя Р.с. блізкія да шматгалосся, пашыранага ў бел.нар. выканальніцтве на ПдМінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не ўлічваліся. У 2-галоссі Р.с. ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усх.-слав.традыц.нар. песні. Найб. пашыраны 3-галосыя Р.с., тыповыя для нар.-песеннага і кантавага шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ўскладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы. Запісваліся Р.с. знаменнай і дзямественнай натацыямі (гл.Нотнае пісьм). Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асн. тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар’ю.
Р.с. падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., у Расіі — у сярэдзіне 17 ст.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Бражников М.В. Многоголосие знаменных партитур // Проблемы истории и теории древнерусской музыки. Л., 1979;
Смоленский С.В. 0 ближайших практических задачах и научных разысканиях в области русской церковнопевческой археологии. СПб., 1904;
Яго ж. Об указаниях отгенков исполнения и об указаниях музыкально-певческих форм церковных песнопений в крюковом письме. Киев, 1909;
Успенский Н. Древнерусское певческое искусство. 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Образцы древнерусского певческого искусства. 2 изд. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр.Мінскайгуб. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскайвобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскайвобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.