ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-йпал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.Т.Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажам, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.
Літ.:
Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст.Мн., 1925;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.
В.Ф.Шматаў.
В.М.Вашчанка. Ілюстрацыя да «Кнігі жыцій святых». Ксілаграфія. 1702.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНГЕ́РКА (Węgierko) Аляксандр (17.7.1893, Варшава — 1941),
польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-йсусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвае» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм.т-р у Беластоку (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак амер.паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-йсусв. вайны, склалася вакол К-таэканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.К.Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. прадказанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЗІН Уладзімір Расціслававіч (18.1.1877, Масква — 28.5.1965),
рускі акцёр і рэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1947). Творчую дзейнасць пачаў у 1898 у правінцыяльных т-рах, у 1904—05 акцёр Тэатра В.Камісаржэўскай (Пецярбург), потым Маскоўскага т-ра Корша. Сярод роляў: Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). З 1913 працуе ў кіно. Атрымаў вядомасць як рэжысёр і сцэнарыст фільмаў-экранізацый «Ганна Карэніна» і «Крэйцэрава саната» (абодва 1914), «Вайна і мір» (1915, разам з Я.Пратазанавым; усе паводле Талстога), «Дваранскае гняздо» і «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (абодва 1915) і інш. У 1919 заснаваў і быў кіраўніком 1-й Дзяржкінашколы (цяпер Усерасійскі дзярж.ін-т кінематаграфіі). Паставіў фільмы: «Дзевяноста шэсць» (1919), «Паэт і цар» (1927), «Кастусь Каліноўскі» (1928) і інш. Зняўся ў фільмах «Сустрэчны» (1932), «Іудушка Галаўлёў» (1934) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧАКО́Ў Мікалай Міхайлавіч (19.8.1898, С.-Пецярбург — 28.8.1958),
рускі рэжысёр і педагог, тэатразнаўца. Засл. дз. маст. Расіі (1943). Д-р мастацтвазнаўства (1948). Творчую дзейнасць пачаў у 1922 у 3-й Студыі МХТ, вучань Я.Б.Вахтангава. З 1924 (з перапынкамі) рэжысёр МХАТа. Сярод спектакляў: «Квадратура круга» В.Катаева (1928), «Мальер» М.Булгакава (1936), «Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана (1940), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, разам з І.М.Раеўскім) і інш. Адначасова маст. кіраўнік маскоўскіх т-ра Сатыры (1933—41 і 1943—48) і т-ра драмы (1941—43), дзе паставіў спектаклі: «Час, наперад!» Катаева (1947), «Рускія людзі» К.Сіманава і «Фронт» А.Карнейчука (абодва 1942). Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.
Тв.:
Беседы о режиссуре. М.; Л., 1941;
Режиссерские уроки К.С.Станиславского. Беседы и записи репетиций. 3 изд. М., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ТЫ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).
Вядомы з 1-йпал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.
2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЯКСІЛА́ТНЫ ЦЫКЛ,
цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАРАЎ Леанід Аляксандравіч (22.2.1897, в. Бутыркі Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1955),
савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Правадз.чл. Акадэміі артыл. навук (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), Акадэмію Генштаба (1938). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце: нач. артылерыі Зах. напрамку і Рэзервовага фронту, каманд. 5-й арміяй у Маскоўскай бітве, з чэрв. 1942 каманд. Ленінградскім фронтам, з кастр. 1944 адначасова каардынаваў дзеянні Ленінградскага, 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў, у студз.—сак. 1945 адначасова каманд. 2-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі, гал. інспектар сухап. войск. У 1948—52 каманд., у 1954—55 галоўнакаманд. Войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Аўтар зб. артыкулаў «У баях за горад Леніна» (1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯў Вялікую Айчынную вайну.
Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.Я.Уткін (загінуў), камісар С.Р.Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл.Гомеля абарона 1941). 19 жн.ням.-фаш. войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМІ́СТР (польск. bürmistrz ад ням. Bürgermeister),
выбарная асоба ў магістрат — адм. і судовы орган гар. самакіравання ў гарадах Беларусі, якія мелі магдэбургскае права ў 14—18 ст.Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12—20 чал.) выбіралі на пасаду бурмістра гараджан з заможных гар. вярхоў (мяшчан). У 16 — 1-йпал. 17 ст. пабольшала роля сходу гараджан у працэдуры выбараў гар. рады і яе галавы. Сход прапаноўваў некалькі кандыдатур, з якіх войт зацвярджаў аднаго, часцей 2 бурмістры тэрмінам на 1 год. Пасля сканчэння паўнамоцтваў бурмістр рабіў справаздачу перад радай. З цягам часу ўстанавіўся прынцып справаздачы бурмістра на агульным сходзе гараджан. У абавязак бурмістра ўваходзіла загадванне гар. скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда. У канцы 18 ст. царскі ўрад скасаваў на Беларусі магдэбургскае права, а бурмістр замяніў прызначаемы ўладай гарадскі галава.