ФО́ЛЬКСШТУРМ (Volkssturm),

апалчэнне ў фаш. Германіі ў канцы 2-й сусв. вайны; апошні ваен. рэзерв нацыстаў. Утвораны ў выніку татальнай мабілізацыі мужчын ад 16 да 60 гадоў паводле ўказа А.​Гітлера ад 25.9.1944. Арганізоўваўся нацысцкай партыяй, кіраўніцтва і навучанне апекавалася рэйхсфюрэрам СС Г.Гімлерам. Асн. арганізац. адзінка — батальёны 2—4-ротнага складу, узброеныя пераважна стралк. зброяй. Мабілізаваныя ў Ф. юрыдычна прыраўноўваліся да вайскоўцаў вермахта. Удзельнічаў у баях у Сілезіі (40 батальёнаў) у снеж. 1944 — студз. 1945, у Венгрыі і на аўстр. мяжы (30 батальёнаў) у снеж. 1944 — сак. 1945, на Одэры, Нейсе і ў раёне Берліна (да 50 батальёнаў). Выкарыстоўваўся і для папаўнення кадравых вайск. часцей.

т. 16, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЗА ГЛЕ́БАВАЯ,

машына для рыхлення і перамешвання глебы на глыбіню яе апрацоўкі (гл. Фрэзераванне глебы). Бываюць для суцэльнай апрацоўкі (балотныя, лясныя, палявыя), міжрадковай апрацоўкі (прапашныя, садовыя) і спецыяльныя.

Балотныя Ф.г. маюць спец. фрэзерны барабан для апрацоўкі асушаных зямель з купінамі і дзярнінай; лясныя выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі глебы пад лясныя культуры; да спец. Ф.г. адносяць фрэзерныя каналаачышчальнікі. Рабочы орган Ф.г. — вярчальны барабан з прамымі або выгнутымі нажамі (зубамі), замацаванымі па акружнасці дыскаў; прывод — ад вала адбору магутнасці трактара. Глыбіня апрацоўкі да 25 см, прадукцыйнасць да 2 га/гадз.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема работы фрэзы глебавай: 1 — вал; 2 — нож; 3 — дыск.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛДЗЕ́І,

семіцкія плямёны, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. рассяліліся на ўскраінах Вавілоніі (на паўн.-зах. беразе Персідскага заліва). Мяркуюць, што Х. арамейскага паходжання. Моўная прыналежнасць спрэчная, паколькі знаць Х. хутка вавіланізавалася. У саюзе з Эламам Х. з 9 ст. да н.э. вялі барацьбу з Асірыяй за валоданне Вавілонам, у выніку якой халдзейскія князі шмат разоў займалі вавілонскі прастол, але выганяліся потым асірыйцамі. У 626—538 да н.э. ў Вавілоне правіла халдзейская дынастыя (Набапаласар, Навухаданосар II і інш.), якая стварыла магутнае Новававілонскае царства. Пазней Х. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам. У Стараж. Грэцыі і Рыме Х. называлі жрацоў і варажбітоў вавілонскага паходжання.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМ’ЯРЫ́ЦКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава, якая існавала ў 2 ст. да н.э. — 6 ст. н.э. Узнікла ў канцы 2 ст. да н.э. на ПдЗ Аравіі. У пач. 1 ст. да н.э. хім’ярыты захапілі ўсе пункты марскога гандлю на паўд.-зах. узбярэжжы Паўд. Аравіі, частку ўзбярэжжа Усх. Афрыкі і ч. тэр. Сабейскага царства (Сабы). У канцы 2 ст. н.э. аб’яднаныя сілы Аксумскага царства, Хадрамаўта і Сабы разбілі армію Х.ц. і зрабілі яго залежным ад Сабы. У пач. 4 ст. ўся Паўд. Аравія зноў трапіла пад уладу Х.ц. У пач. 6 ст. тэр. хім’ярытаў заваявалі эфіопы, у 2-й пал. 6 ст. — Сасаніды.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЦІНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, каля в. Хоціна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,22 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 410 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 0,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з З на У. Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя, на Пн зліваюцца са схіламі. На Пд і У забалочаная і парослая хмызняком пойма шыр. да 350 м. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м. Упадаюць 2 канавы.

т. 17, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРУХА́,

рака ў Добрушскім і Гомельскім р-нах, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 57 км. Пл. вадазбору 525 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад пас. Альховае Добрушскага р-на, вусце за 4 км на З ад в. Церуха Гомельскага р-на. Цячэ па ўсх. ускраіне Гомельскага Палесся. Даліна пераважна выразная. Пойма двухбаковая (шыр. да 2 м), часткова асушаная. Рэчышча на вял. працягу каналізаванае (шыр. да 10 м). Берагі стромкія, выш. да 3 м. Замярзае ў канцы 2-й дэкады снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Прымае сцёк меліярац. каналаў. Некалькі шлюзаў рэгулююць яе водны рэжым. Уздоўж ракі зона адпачынку Церуха.

Рака Церуха.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПА́ГА (ад італьян. spada),

колючая, радзей колюча-сякучая халодная зброя. Складаецца з прамога доўгага (да 1 м і больш) адно або 2-лязовага плоскага з долямі або гранёнага клінка і рукаяткі (эфеса з гардай і дужкай рознай формы). У Зах. Еўропе мела шырокае распаўсюджанне з 16 ст.; была адметнай зброяй дваран, знаходзілася на ўзбраенні пяхоты да 18 ст. і конніцы да 19 ст. (з 18 ст. паступова выцяснялася палашом і шашкай). Захавалася як ганаровая зброя, з 20 ст. як спарт. (выкарыстоўваецца ў фехтаванні, а таксама ў некат. краінах як ганаровая або парадная зброя.

Шпага з брыльянтавай агранкай. 2-я пал. 18 ст.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАБ-АФІЦЭ́РЫ назва групы старшых афіцэраў у арміях шэрагу Краін. У рас. арміі катэгорыя Ш.-а. ўведзена ў пач. 18 ст. і паводле Табеля аб рангах 1722 да іх належалі афіцэры ад маёра да палкоўніка (на флоце — ад капітан-лейтэнанта да капітана 1-га рангу). Як правіла, з Ш.-а. складаўся штаб (адсюль назва). У адрозненне ад обер-афіцэраў (групы малодшых афіцэраў) Ш.-а. насілі эпалеты з махрамі і пагоны з дзвюма падоўжнымі палосамі (прасветамі). Паводле Табеля аб рангах 1884 у 8-ы клас (групу Ш.-а.) пераведзены капітан, ротмістр, есаул; пры гэтым яны лічыліся обер-афіцэрамі, але атрымалі права на тытулаванне Ш-а.

т. 17, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮКАТА́Н (Yucatán),

паўвостраў у Цэнтр. Амерыцы, паміж Мексіканскім зал. і Карыбскім м., пераважна ў Мексіцы (штат Юкатан), паўд.-ўсх. ч. ў Гватэмале і Белізе. Пл. каля 180 тыс. км². Берагі на Пн і З нізкія, лагунныя; на У абрывістыя, з бухтамі, акаймаваныя каралавымі рыфамі. Б.ч. паверхні — нізінная раўніна, на ПдУ горы Мая (выш. да 1122 м). Развіты карст. Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Ападкаў на Пн да 500 мм, на Пд да 2000 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, рэдкалессі; у цэнтр. ч. і на Пд вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі агавы-хенекена, цытрусавых, бавоўніку, кукурузы. Парты: Кампечэ, Прагрэса (Мексіка). На Ю. шмат помнікаў культуры народа майя.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДЫНА́ЎСКІЯ ГО́РЫ, Скандынаўскае нагор’е. На Скандынаўскім п-ве, у Швецыі і Нарвегіі. Даўж. каля 1700 км, шыр. ад 200—300 км на Пн да 600 км на Пд, выш. да 2469 м (г. Гальхёпіген). Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Нарвежскага м., пакатымі ўступамі спускаюцца да Батнічнага зал., утвараючы пласкагор’е Норланд. Складзены з крышт. і метамарфічных парод, якія змяты ў складкі ў каледонскую эпоху; на У злучаюцца з Балт. шчытом. Пасля доўгай дэнудацыі горы перанеслі паўторнае падняцце ў кайназоі, якое ўтварыла сістэму блокаў, трэшчын і разломаў. Найб. амплітуды падняцці дасягнулі ў цэнтр. і зах. частках С.г., што вызначыла зрушанасць водападзельных хрыбтоў на З. і значную шыр. ўсх. схілаў. У чацвярцічны час С.г. траплялі пад покрыўнае зледзяненне, з чым звязана шырокае развіццё ледавіковых адкладаў і форм рэльефу. С.г. ўяўляюць сабой рад выцягнутых з ПнУ на ПдЗ горных плато, якія расчлянёны тэктанічнымі далінамі на асобныя масівы. Вяршынныя паверхні — фіельды, серыя паднятых на выш. больш за 2000 м пенепленаў. Найб. высокія пласкагор’і ў паўд. ч. С.г. — Ютунхеймен, Хардангервіда, Юстэдалсбрэ, Тэлемарк, Доўрэфіель. Над сярэднім узр. пласкагор’яў (ад 900 да 1700 м) узвышаюцца асобныя групы вяршынь і хрыбтоў з альпійскімі формамі рэльефу. У сярэдняй ч. С.г. прыкметна зніжаюцца. Іх перасякае Емтландская зона тэктанічных апусканняў — прадаўжэнне глыбока ўрэзанага ў сушу Тронхеймс-фіёрда. На Пн распасціраецца хр. Х’елен, перасечаны папярочнымі і падоўжнымі далінамі, над якімі ўздымаюцца завостраныя вяршыні з каравымі і даліннымі ледавікамі на схілах (г. Кебнекайсе, 2123 м). Крайняя Пн — пласкагор’е Фінмаркен (300—500 м) з асобнымі астанцовымі вяршынямі. На З С.г. амаль ушчыльную падыходзяць да ўзбярэжжа і моцна расчлянёныя. Вял. колькасць фіёрдаў: самы доўгі ў Еўропе — Согнефіёрд (даўж. 220 км, шыр. 5—6 км), Хардангер-фіёрд, Букн-фіёрд і інш. З боку мора фіёрдавае ўзбярэжжа акаймавана вузкай (30—60 км) паласой прыбярэжнай раўніны, утворанай у выніку маладых тэктанічных падняццяў (выш. да 40 м), дзе сканцэнтравана значная частка нас. пунктаў, гандл. і рыбалавецкіх партоў Нарвегіі. Карысныя выкапні: жал., медна-нікелевыя, сульфідныя, тытанавыя руды. Клімат умераны, пераважна акіянічны з халаднаватым летам, умерана халоднай зімой. Пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння сярэдняя т-ра студз. адносна высокая для гэтых шырот і зменьваецца ад 1 °C да -14 °C, сярэдняя т-ра ліп. ад 16 °C да 6 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000 мм, на ўсх. — 400—800 мм за год. Клімат фіельдаў характарызуецца нізкімі т-рамі зімовых і летніх месяцаў, што разам з вялізнай вільготнасцю вызначае развіццё сучаснага зледзянення. Снегавая лінія ляжыць на выш. 700—800 м на Пн, 1500—1700 м на Пд. На З яна ніжэйшая, чым на У. Агульная плошча зледзянення С.г. каля 5 тыс. км². Найб. ледавікі Юстэдалсбрэ, Фольгефані. Густая сетка мнагаводных, парожыстых рэк, шматлікія азёры тэктанічна-ледавіковага паходжання. С.г. ўкрыты горна-таежнымі лясамі (хвоя, елка), асабліва на ўсх. схілах. Лясы падымаюцца да выш. 300—500 м на Пн і 900—1100 м на Пд. Вышэй паласа бярозавага крывалесся. Фіельды бязлесныя, пераважае горна-тундравая хмызняковая і мохава-лішайнікавая расліннасць, якая месцамі чаргуецца з лугамі. Па рачных далінах — нізкастволыя бярэзнікі. На зах. схілах фармацыі верасоўнікаў і тарфянікаў. На Пд — мяшаныя і шыракалістыя лясы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)