МЯРЭ́ЖКА,

ажурная вышыўка, для выканання якой з палатна выцягваюць неабходную колькасць нітак утку або асновы, а астатнія перавіваюць пэўным спосабам. У залежнасці ад узору, асаблівасцей тэхнікі выканання, колеру вылучаюць простыя і складаныя М., вузкія і шырокія, аднарадныя і шматрадныя, белыя і каляровыя. На Беларусі М. часта аздаблялі традыц. нар. адзенне.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАФІ́Т (ад грэч. neophytos той, хто нядаўна прыняў веравызнанне),

1) першапачаткова ў хрысціянстве: толькі што ахрышчаны паслядоўнік вучэння Хрыста; пасвячоны ў сан святара; манах, які прыняў пострыг. Н. наз. таксама таго, хто нядаўна прыняў якую-н. рэлігію.

2) Новы прыхільнік якога-н. вучэння або грамадскага руху; навічок у чым-небудзь.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕК (англ. neck літар. шыя),

слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАБІЁЗ (ад грэч. nekros мёртвы + ...біёз),

неабарачальныя фізіялагічныя або паталагічныя змены ў клетцы, што адбываюцца перад яе смерцю. Спалучаюцца з парушэннямі абмену рэчываў, якія прыводзяць да перараджэння клеткі (напр., Н. ліпоідны, Н. ліпоідны дыябетычны). Найб. характэрныя адзнакі Н.: зморшчванне ядра, яго распад і растварэнне, змена шчыльнасці цытаплазмы, аўтоліз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРО́З, нефратычны сіндром,

агульная назва захворванняў нырак з паталаг. зменамі пераважна нырачных канальцаў. Бывае першасны (рэдка, у дзяцей да 3—5 гадоў) і другасны — вынік хвароб (дыябету цукровага, нефрыту, нефрапатыі цяжарных і інш.) або ўскладненне інфекцый і інтаксікацый. Прыкметы: ацёкі, бялок у мачы, парушэнне бялкова-тлушчавага абмену. Лячэнне: тэрапеўт., дыета.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТА́НЦЫЯ электрычная,

электраўстаноўка або сукупнасць эл. устройстваў для пераўтварэння напружання (трансфарматарная падстанцыя) ці роду эл. току (пераўтваральная падстанцыя), а таксама для размеркавання эл. энергіі паміж спажыўцамі. З’яўляецца прамежкавым звяном у сістэме перадачы эл. энергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. На электрыфікаваных чыгунках, у метрапалітэнах, на трамвайных і тралейбусных лініях выкарыстоўваюцца цягавыя падстанцыі.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПУ́ШКІ,

у беларусаў пульхныя мучныя аладкі, спечаныя з дражджавога цеста або з замешанага на содзе і кіслым малацэ. Пяклі таксама з цеста, прыгатаванага з тоўчанай варанай бульбы і мукі. Пашыраны на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне. На Навагрудчыне, Тураўшчыне П. называюць булачкі, пернікі, коржыкі. Іх пякуць на вяселле, Дабравешчанне і інш. святы.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НТЫ,

маладыя, растучыя, неакасцянелыя рогі дарослых самцоў аленя плямістага і сібірскіх падвідаў аленя высакароднага (ізюбр, марал). Укрыты скурай з кароткім, мяккім, аксаміцістым воласам. Знімаюць з жывых або забітых жывёл, кансервуюць варкай і сушкай. Сыравіна для атрымання лек. сродку — пантакрыну. Для атрымання П. з канца 19 ст. пантавых аленяў гадуюць у няволі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАПАКУ́ТНІКІ ў хрысціянстве,

рэальна існуючыя або міфічныя асобы, прылічаныя царквой да святых за пакуты і смерць, прынятыя за веру. Культ П. склаўся ў перыяд ганення хрысціян у Рым. імперыі. П. станавіліся першымі святымі ў хрысц. пантэоне. У шэрагу выпадкаў з імі звязаны рэліг. легенды і паданні (гл. таксама Святыя Беларусі).

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ШКА,

металарэзны інструмент, якім наразаюць ці накатваюць вонкавую разьбу на балтах, шрубах або інш. дэталях машын. Да найб. пашыраных наразных П. адносяцца разразныя (круглыя, квадратныя, шасцігранныя), суцэльныя круглыя (леркі) і трубчастыя. Накатныя П. складаюцца з дзвюх прамавугольных прызмаў (ці двух ролікаў), профіль рабочай часткі якіх процілеглы профілю разьбы.

Круглая разразная плашка.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)