СЛУ́ЦКАЯ Вера Кліменцьеўна (сапр. Берта Браніславаўна; 17.9.1874, Мінск — 12.11.1917),

удзельніца рэв. руху на Беларусі. З 1901 чл. Бунда, з 1902 чл. РСДРП(б). У 1898 зняволена, потым жыла ў Мінску пад наглядам паліцыі, у 1901 за рэв. агітацыю выслана ў мяст. Мір, у рэвалюцыю 1905—07 у Мінску. З 1909 у эміграцыі. З 1913 на парт. рабоце ў Пецярбургу. У 1917 чл. Петраградскага гар. к-та, сакратар Васільевостраўскага райкома РСДРП(б), чл. жаночага бюро ЦК РСДРП(б), чл. выканкома Петраградскага Савета. Загінула каля Царскага Сяла ў час наступлення войск Керанскага—Краснова на Петраград. Яе імем названа вуліца ў Мінску.

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША Знаходзіцца пераважна ў Смаленскай вобл. Расіі, займае невялікую тэр. у Дубровенскім і Аршанскім р-нах Віцебскай вобл. Беларусі. Працягваецца ад г. Орша на правым беразе р. Дняпро да вярхоўяў рэк Вора і Масква на У. Выш. да 319 м (на ПдЗ ад г. Вязьма). Яе аснова на крайнім З складзена гал. ч. з даламітаў і вапнякоў дэвону, на У ад г. Смаленск — вапнякоў, глін, мергеляў карбону. Пераважае марэнна-эразійны рэльеф; на ПнЗ раён узгорыста-градавага рэльефу. Пакрыта шыракаліста-яловымі і ялова-шыракалістымі лясамі. Глёбы сугліністыя, пераважна дзярнова-сярэднепадзолістыя. Значныя плошчы пад ворывам і лугамі.

т. 15, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́Ф’Я ВІ́ТАЎТАЎНА (каля 1371—5.7.1453),

вялікая княгіня маскоўская. Дачка вял. кн. ВКЛ Вітаўта і яго 2-й жонкі смаленскай князёўны Ганны Святаслаўны, жонка (з 1391) маскоўскага вял. кн. Васіля I [1398—1425], Маці Васіля II [1425—62]. Дзякуючы яе шлюбу паміж ВКЛ і Масквой усталяваліся працяглыя мірныя адносіны. У гады малалецтва Васіля II (н. 1415) і пазней энергічная і смелая С.В. фактычна ўзначальвала маскоўскі ўрад, вяла ўзбр. барацьбу з прэтэндэнтамі на трон Юрыем Дзмітрыевічам (братам Васіля I), яго сынамі Дзмітрыем Шамякам і Васілём Касавокім. Двойчы (1433, 1446) зняволена паліт. праціўнікамі. Удзельнічала ў абароне Масквы ад татар (1451). Перад смерцю прыняла манаства.

т. 15, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПА́ДЧЫННАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія ўстанаўліваюць парадак пераходу правоў і абавязкаў памерлай асобы па праве атрымання спадчыны; частка цывільнага права. Вызначае падставы атрымання ў спадчыну (паводле закону і завяшчання): час і месца адкрыцця спадчыны; што пераходзіць па спадчыне; хто можа быць спадчыннікам; пераход права на прыняцце спадчыны і адмовы ад яе; прад’яўленне прэтэнзій крэдытораў спадчынадаўцы; ахова і раздзел спадчыннай маёмасці; парадак прыняцця спадчыны; выдача пасведчання аб праве на спадчыну і інш. С.п. забяспечвае бесперашкодны пераход права ўласнасці і інш. маёмасных правоў памерлага да яго спадчыннікаў. Нормы С.п. Рэспублікі Беларусь змешчаны ў цывільным кодэксе.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЯСІ́ЎЦАВА Вольга Аляксандраўна (18.7.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 16.9.1991),

артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1913). У 1913—23 у Марыінскім т-ры, удзельнічала ў спектаклях Рус. балета Дзягілева за мяжой (1916, 1921, 1927). З 1924 выступала ў т-ры «Гранд-апера» ў Парыжы, у 1932—37 гастраліравала з трупамі М.​Фокіна, В.​Дандрэ (б. трупа Г.​Паўлавай). З 1939 у ЗША. Балерына лірыка-рамант. і трагедыйнага плана. Яе танец вылучаўся дакладнасцю графічных поз, дасканаласцю. Сярод партый: Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Нікія («Баядэрка» Л.​Мінкуса).

т. 15, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАФО́ІД,

група радкоў вершаванага твора з вольнай рыфмоўкай або без яе, завершаных па інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. С. ў большай ступені, чым строфы, валодаюць унутранай сэнсавай цэльнасцю і завершанасцю, бо характар С. вызначае не колькасць радкоў або парадак рыфмаў (як у строфах), а логіку разгортвання вобразна-паэт. думкі:

О, як лёгка ісці,
Адчуваючы матчыны рукі,
Адчуваючы крылы юнацтва,
Адчуваючы плечы каханай!
І як цяжка цягнуцца,
У далонях трымаючы толькі
Кульбаку ўспамінаў.
(М.​Танк. «...О, як лёгка ісці»)

Найб. часта С. сустракаюцца ў пазаметрычных вершах (дольнік, тактавік, Свабодны верш).

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ЛЬБІШЧА,

спецыяльна абсталяваны ўчастак для правядзення стрэльбаў са стралковай зброі, гранатамётаў і інш. Падзяляюцца на вайсковыя і спартыўныя. Тэрыторыя вайсковага С. ўключае рубяжы адкрыцця і спынення агню, мішэннае поле, тылавы раён, пункты кіравання, выдачы боепрыпасаў і інш. На С. можа быць цір для праверкі зброі, прывядзення яе да нармальнага бою і інш. Спартыўнае С. — спец. збудаванне адкрытага тыпу для стральбы з вінтовак і пісталетаў. Складаецца з некалькіх ціраў, дзе вызначаны лініі агню (месца, з якога вядуць стральбу) і лініі мішэняў, абсталяванай бліндажамі, пад’ёмнымі ўстаноўкамі, механізмамі для кіравання і інш.

С.​А.​Фамін, І.​А.​Шор.

т. 15, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́РДЗА-БУЛА́НДРА (Sturdza-Bulandra) Лючыя (25.8.1873, Бухарэст — 19.9.1961),

румынская актрыса, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Румыніі (1951). Дэбютавала ў 1898 на сцэне Нац. т-ра ў Бухарэсце. У 1914—41 арганізатар (сумесна з Т.​Буландрам), актрыса, рэжысёр і дырэктар трупы, якая ў далейшым стала значным т-рам. З 1941 у Муніцыпальным т-ры Бухарэста (з 1961 т-р яе імя). У 1930—61 праф. Бухарэсцкай кансерваторыі. Сярод роляў: Дынеску («Зруйнаваная цытадэль» Х.​Лавінеску), лэдзі Чылтэрн («Ідэальны муж» О.​Уайльда), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Васа Жалязнова («Васа Жалязнова» М.​Горкага) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1952.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКУЛЕ́НТЫ (ад лац. succulentus сакавіты),

шматгадовыя расліны з сакавітым, мясістым лісцем (агавы, алоэ) або сцёбламі (кактусавыя, некат. малачаі); тып ксерафітаў. Пашыраны ў пустынях Цэнтр., Паўн., Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пераносяць высокія т-ры паветра, але не вытрымліваюць абязводжвання. На Беларусі С. пераважна з сям. таўсцянкавых (напр., расходнік, скочкі). У працэсе эвалюцыі ў С. выпрацавалася здольнасць назапашваць ваду ў лісці або сцёблах з моцна развітой ваданоснай парэнхімаю. Некат. кактусы канцэнтруюць у сцёблах 1—3 т вады, а спец. прыстасаванні (тоўсты кутынізаваны эпідэрміс, валаскі, невял. колькасць вусцейкаў і інш.) дазваляюць эканомна расходаваць яе. Святлолюбівыя расліны.

т. 15, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЬФАНІ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, n-амінабензолсульфакіслата,

араматычная сульфакіслата.

Бясколерныя крышталі, маларастваральныя ў вадзе. С.к. існуе ў выглядзе біпалярнага іона (унутр. соль), таму не ўтварае солей з мінер. к-тамі, аднак сульфагрупа можа быць нейтралізавана шчолачамі з утварэннем добра растваральных у вадзе солей (напр., натрыевая соль H2N—C6H4—SO3Na). Атрымліваюць сульфіраваннем аніліну канцэнтраванай сернай к-той пры 180 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, як рэагент у аналіт. хіміі і для вызначэння білірубіну ў крыві, амід С.к. (H2N—C6H4—SO2NH2 — белы стрэптацыд) і яго вытворныя (сульфаніламіды) у медыцыне.

Структурная формула сульфанілавай кіслаты (a) і яе біпалярнага іона (б).

т. 15, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)