адзін з асн.класаў сацыяльных сучаснага грамадства, які заняты непасрэдна прадукцыйнай працай, працуе па найму на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці і атрымлівае асн. даход ад выкарыстання ўласнай рабочай сілы. У Еўропе пачаў фарміравацца ў канцы 15 — пач. 16 ст. У Англіі гэты працэс быў звязаны з т. зв. першапачатковым накапленнем капіталу — абеззямельваннем сялян, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы, што стала асновай для развіцця мануфактуры, а пасля і буйной машыннай вытв-сці. У сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі налічвалася 4,1 млн.прамысл. рабочых, у Францыі — 2,5 млн., у ЗША — 1,4 млн. У пач. 20 ст. колькасць Р.к. ва ўсім свеце дасягнула 70 млн., у пач. 21 ст. — больш за 700 млн.чал. У СССР і інш. былых сацыяліст. краінах Р.к. быў абвешчаны гегемонам — кіруючай сілай грамадства (дыктатура пралетарыяту). У 20 ст. пад уплывам радыкальных сац.-паліт. абставін і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў Р.к. высокаразвітых краін адбыліся значныя змены. Высокакваліфікаваныя рабочыя па характары працы і сваім сац. статусе наблізіліся да інтэлігенцыі. Многія рабочыя атрымліваюць высокую заработную плату, з’яўляюцца ўладальнікамі акцый прадпрыемстваў. Калектыўныя дагаворы строга рэгламентуюць узаемаадносіны паміж наймальнікамі і рабочымі, гарантуюць апошнім прававую і сац. бяспеку. Паводле ацэнкі некаторых зах. даследчыкаў у постіндустрыяльным грамадстве Р.к. страчвае ролю асн.прадукц. сілы грамадства і гал. сілы гіст. працэсу. Сучасныя рабочыя складаюць большасць занятых у гандлі, сферы паслуг, многія з іх тэхн. спецыялісты, частка работнікаў бюро, кантор і інш.
На Беларусі Р.к. пачаў фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адмены прыгоннага права. У 1913 рабочыя прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці Беларусі складалі 57 тыс.чал. Фабрычна-заводскімі цэнтрамі былі Віцебск, Гродна, Мінск. Сацыяльна новы Р.к. у БССР сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў працэсе індустрыялізацыі краіны. У 1922 ён складаў 98 тыс., у 1940—724 тыс., у 1990—2900 тыс.чал. Р.к. станавіўся ўсё больш адукаваным і свядомым, адыгрываў важную ролю ў эканам. і паліт. жыцці дзяржавы. У 2000 на Беларусі 4,5 млн.чал. занятага насельніцтва (44,6% ад агульнай колькасці насельніцтва), пераважную большасць якога складаюць рабочыя прам-сці, лясной гаспадаркі, буд-ва і інш. галін нар. гаспадаркі.
Літ.:
Марченко И.Е. Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гг.Мн., 1969;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;
Рабочий класс и мировое развитие: Этапы борьбы. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСО́ТА (Lesotho),
Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км². Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч.прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),
Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр.прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕ́ЗІЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (франц. Polynēsie Française),
уладанне Францыі ў цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 3660 км². Нас. 242,1 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — таіцянская і французская. Адм. ц., найб. горад і порт — Папеэтэ на в-ве Таіці ў групе а-воў Таварыства. Адміністрацыйна падзяляецца на 5 астраўных груп: Маркізскія а-вы, архіпелагі Туамоту і Тубуаі, Падветраныя і Наветраныя а-вы з групы а-воў Таварыства; уключае таксама ненаселены в-аў Кліпертан ва ўсх. частцы Ціхага ак.Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. У складзе П.Ф. 215 астравоў і атолаў вулканічнага (35 астравоў) або каралавага (180 атолаў) паходжання. Вулканічнымі з’яўляецца большасць а-воў Таварыства, Тубуаі, Маркізскія; каралавыя атолы ўтвараюць архіпелаг Туамоту. Горы на вулканічных астравах дасягаюць 2241 м (г. Арахена на в-ве Таіці), каралавыя астравы ўздымаюцца над узр. м. на некалькі метраў. З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Макатэа), руды кобальту. Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на падветраных схілах да 3000—4000 мм на наветраных. Бываюць моцныя ўраганы. Рэкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах. Пад лесам і хмызнякамі 31% тэрыторыі. На наветраных схілах вечназялёныя субэкватарыяльныя і трапічныя лясы, падветраныя схілы ўкрыты травяністай расліннасцю. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў. У фауне адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, шмат птушак. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Біясферны рэзерват Атол-Таяра (а-вы Туамоту).
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, разам з еўрапейска-палінезійскімі метысамі складаюць 78%; падзяляюцца на блізкія народы: таіцяне (больш за 50% насельніцтва краіны), туамоту, тубуайцы, маркізцы, мангарэва. Жывуць таксама кітайцы (12%) і французы (10%). Вернікі пераважна пратэстанты (54%) і католікі (30%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. 66,7 чал. на 1 км. Каля 67% насельніцтва жыве на в-ве Таіці (пл. 1042 км²), дзе на ўзбярэжжы шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%.
У найб. горадзе Папеэтэ каля 30 тыс.ж. (1999). У прам-сці занята 19% працаздольных, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 13%, у абслуговых галінах — 68%.
Гісторыя. Заселена палінезійцамі ў канцы 1-га тыс. да н.э. — 1-м тыс.н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў найб. ўзроўню цывілізацыі дасягнулі жыхары а-воў Таварыства, дзе ўзнік шэраг дзярж. утварэнняў. У 1595 ісп. мараплавец А.Менданья дэ Нейра адкрыў Маркізскія а-вы, у 1722 галандзец Я.Рогевен — некаторыя з а-воў Таварыства, у 1767 брытанец С.Уоліс — в-аў Таіці, у 1777 капітан Дж.Кук — а-вы Тубуаі. Да пач. 19 ст. таіцянскія правадыры з роду Памарэ стварылі дзяржаву, якая ўключала а-вы Таварыства, Тубуаі і ч. а-воў Туамогу. З пач. 19 ст. тут з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1842 астравы абвешчаны франц. пратэктаратамі, якія ў 1885 аб’яднаны ў адзіную калонію «Франц. ўладанні ў Акіяніі» (з 1958 — П.Ф.). З 1946 — заморская тэр. Францыі. У 1957 створана тэр. асамблея П.Ф. З 1960-х г. месца правядзення франц.ядз. выпрабаванняў (у 1966 першы выбух на атоле Муруроа). У 1977 атрымала ўнутр. самакіраванне, з 1996 мае статус аўт.тэр. Францыі.
Гаспадарка. П.Ф. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 10 800 дол. за год. 18% яго ствараецца ў прам-сці, 4% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 78% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча фасфарытаў на в-ве Макатэа. 57% электраэнергіі даюць ЦЭС на імпартным паліве, 43% — ГЭС. У 1997 атрымана 350 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. З прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць мылаварныя ф-кі і алейныя з-ды (перапрацоўка какосавых арэхаў). Ёсць піваварныя з-ды, прадпрыемствы па вытв-сці мукі, фруктовых сокаў, воцату, перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Пашыў адзення, апрацоўка перламутравых ракавін, разьба па дрэве, ювелірная справа, выраб сувеніраў. Ёсць мех. майстэрні, прадпрыемствы па буд-ве і рамонце невял. суднаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3,6 тыс.га, пад плантацыямі какосавых пальмаў і інш. дрэў каля 18 тыс.га, пад пашай каля 18 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — какосавая пальма і ваніль. Вырошчваюць таксама каву, цукр. трыснёг, цытрусавыя, бананы, ананасы, гранаты, манга, папайю, авакада, хлебнае дрэва, кукурузу, арахіс, тара, ямс, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць мясную буйн. раг. жывёлу, коней, свіней, птушку. Прамысловае рыбалоўства. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц (у лагунах атолаў), апрацоўка жэмчугу і перламутру. Транспарт пераважна марскі. У краіне 792 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Таіці. Міжнар. турызм (штогод астравы наведваюць больш за 150 тыс. замежных турыстаў). Значную ролю адыгрывае абслугоўванне палігонаў для выпрабавання атамнай зброі (атол Муруроа) і інш. ваенных баз. У 1996 экспарт склаў 212 млн.дол., імпарт — 860 млн.дол. У экспарце пераважае жэмчуг (больш за 50% ад кошту), прадукты перапрацоўкі какосавых арэхаў, перламутр, ваніль, рыба і рыбапрадукты, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя (52% экспарту, 32% імпарту), ЗША, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі (каля 400 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч.прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч.прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ВІ́НСЕНТ І ГРЭНАДЗІ́НЫ (Saint Vincent and the Grenadines),
дзяржава ў Вест-Індыі, на в-ве Сент-Вінсент і паўн.ч. а-воў Грэнадзіны ў групе Малых Антыльскіх астравоў. Пл. 389 км². Нас. 115,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Кінгстаўн. У адм. адносінах падзелена на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 кастр.).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — аднапалатная Палата сходу з 15 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і 6 сенатараў, прызначаных ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада — урад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці).
Прырода. А-вы Сент-Вінсент (пл. 344 км²) і Грэнадзіны (32 дробныя а-вы) вулканічнага паходжання. На в-ве Сент-Вінсент ланцуг старых вулканаў, найвышэйшы пункт — дзеючы вулкан Суфрыер (1234 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэдняя т-ра 26 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 1500 мм на Пд і З да 3700 мм на ўсх. схілах гор. Сухі сезон у снеж.—маі. Частыя ўраганы. Пад лесам і хмызнякамі 36% тэрыторыі. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна птушкамі. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Ёсць некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ сентвінсентцы. Аснову этнасу складаюць нашчадкі неграў-рабоў, якія часткова змяшаліся з французамі і англічанамі; называюць сябе крэоламі. Жывуць таксама выхадцы з Вялікабрытаніі, невял. групы партугальцаў, індыйцаў і чорных карыбаў. Вернікі — англікане і метадысты, ёсць адвентысты, баптысты, католікі і інш. Сярэднегадавы прырост 0,57% (1999). Сярэдняя шчыльн. 296 чал. на 1 км². У гарадах жыве 54% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 26% насельніцтва, у прам-сці — 17%, у абслуговых галінах — 57%.
Гісторыя. Першапачатковыя насельнікі астравоў — індзейцы, аравакі і карыбы. В-аў Сент-Вінсент адкрыты Х.Калумбам у 1498. У 17—18 ст. за валоданне астравамі змагаліся Францыя і Вялікабрытанія, замацаваны за апошняй у 1783. Большая ч. індзейскага насельніцтва знішчана, рэшткі яго змяшаліся з неграмі-рабамі, якіх прывозілі для працы на плантацыях. У 1958—62 у складзе Вест-Індскай Федэрацыі, з 1969 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 27.10.1979 абвешчана незалежнай дзяржавай у складзе Садружнасці. Дзейнічаюць паліт. партыі: Новая дэмакр. партыя, Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. С.-В. і Г. — чл.ААН (з 1980).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. У структуры валавога ўнутр. прадукту (289 млн.дол., 2,4 тыс. долараў на 1 чал., 1998) сельская гаспадарка складае 10,6%, гандаль і паслугі (укл. турызм) — 71,9%, прам-сць — 17,5%. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 120 тыс. турыстаў (пераважна з ЗША, Канады і Зах. Еўропы). У 1999 даход ад турызму склаў 77 млн. долараў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 3,9 тыс.га. Асн. экспартныя культуры: бананы (збор каля 80 тыс.т штогод), какосавыя арэхі (20 тыс.т), манга, мускатны арэх, арарут (крухмалазмяшчальны караняплод). Вырошчваюць батат, маніёк, ямс, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну, каву, какаву. Гадуюць птушак (200 тыс. галоў, 1997), буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць спецыялізуецца на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай мукі з араруту (150 т штогод), адзення, мэблі, цэменту, рому, піва, тытуню, спарт. інвентару, перапрацоўцы копры, зборцы электраапаратуры. Вытв-сць электраэнергіі 64 млн.кВт∙гадз (1998). Даўж. аўтадарог 1040 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 320 км. На астравах 5 тыс.пасаж. і 3,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Пад флагам дзяржавы з прычыны льготных падаткаў плаваюць 814 суднаў (агульная грузападымальнасць 7,7 млн. рэгістравых т) з 20 краін. 6 аэрапортаў (гал. — Эрнас-Вейя каля Кінгстаўна). У 1997 экспарт склаў 47,3 млн.дол., імпарт — 158 млн.дол. Экспартуюць бананы (37%), муку з араруту, копру, агародніну, тытунь і інш.; імпартуюць харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: краіны Карыбскага бас. (49% экспарту і 28% імпарту), ЗША (10% і 36%), Вялікабрытанія (16% і 13%). Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (47,5 млн.дол. 1995). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis),
Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis), дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх.ч. Карыбскага м.Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.
Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.
Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч.брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл.ААН (з 1983).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс.дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн.дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс.га, пашай — 0,8 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля 1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн.кВт∙гадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн.дол., імпарт — 129,6 млн.дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр.прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.