агульная назва шэрагу археал. культур паводле характэрнай прыкметы — могільнікаў без насыпаў, што ўтрымлівалі рэшткі крэмацыі, звычайна пахаваныя ў гліняных пасудзінах на дне магілы. Узніклі ў раннім бронзавым веку і існавалі больш за 1700 гадоў. Былі пашыраны па ўсёй Еўропе. У раннім жал. веку ў могільніках трапляюцца таксама пахаванні ў ямках без урнаў і трупапалажэнні. У 15—4 ст. да н.э. ад Балтыйскага ўзбярэжжа да р. Дунай і ад р. Шпрэ да Валыні была пашырана самая стараж. з П.п.у.к. — лужыцкая культура. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў далінах рэк Дунай і Рэйн у паўн.-зах. частцы Швейцарыі і Усх. Францыі ўзніклі паўд.-германская і парэйнская П.п.у.к. У пач.жал. веку носьбіты гэтых культур праніклі далей на тэр. Францыі, у 8 ст. да н.э. — на Пірэнейскі п-аў (Каталонія, Кастылія), у 9—8 ст. да н.э. з’явіліся ў Брытаніі. Пашырэнне палёў пахаванняў не звязана з экспансіяй аднаго народа ці генетычнымі сувязямі плямён. Лічаць, што гэты абрад быў успрыняты этнічна разнастайнымі групамі насельніцтва Еўропы. На Беларусі да П.п.у.к. належыць зарубінецкая культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАКу матэматыцы,
лікавая характарыстыка матэм. аб’ектаў.
П. алгебраічнай крывой — найб. ступень членаў мнагаскладу, які апісвае дадзеную крывую. Напр., эліпс x2/a2 + y2/b2 = 1 — крывая 2-га парадку. П. бясконца малой велічыніa адносна бясконца малой велічыні b — лік n, пры якім існуе канечны ліміт Lim(a/bn), адрозны ад 0. Аналагічна вызначаецца П. бясконца вялікіх велічынь. П. вытворнай — лік дыферэнцаванняў функцыі для атрымання зададзенай вытворнай (гл.Дыферэнцыяльнае злічэнне). Аналагічна вызначаецца П. дыферэнцыяла. П. дыферэнцыяльнага ўраўнення — найвышэйшы П. вытворнай, якая ўваходзіць у дадзенае ўраўненне. П. набліжэння — П. хібнасці набліжэння пераменнай велічыні адносна інш. пераменнай, паводзіны якой лічацца вядомымі.
Калі пры вылічэннях (даследаваннях) у матэм. выразах адкідваюцца ўсе ступені якой-н. велічыні, пачынаючы з n + 1, то г. зн., што вылічэнні (даследаванні) вядуцца з дакладнасцю да велічынь n-га П. Напр., пры даследаваннях ваганняў струны адкідваюць велічыні, якія маюць 2 і больш высокія ступені выгіну (лінеарызацыя задачы). Пры запісе вынікаў вымярэння фіз. велічынь лічаць, што велічыня мае П. 10n, калі яе значэнне змяшчаецца ў межах ад 0,5∙10n да 5∙10n.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,
частка энергіі мех. сістэмы, залежная ад узаемнага размяшчэння матэрыяльных пунктаў (часціц) сістэмы і іх становішча ў знешнім сілавым полі (гл.Поле фізічнае).
П.э. сістэмы ў вызначаным стане роўная рабоце, якую выконваюць сілы, што дзейнічаюць на яе, пры перамяшчэнні сістэмы з гэтага стану ў той, дзе П.э. ўмоўна прынята роўнай нулю. З гэтага вызначэння вынікае, што тэрмін «П.э.» выкарыстоўваецца толькі для кансерватыўных сістэм, а сама П.э. вызначаецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай (дакладнае значэнне мае змена П.э.). Напр., для часціц з масамі m1 i m2, якія знаходзяцца на адлегласці r і ўзаемадзейнічаюць паводле сусветнага прыцягнення закону, П.э.
, дзе G — гравітацыйная пастаянная (U(r) = 0 пры r→∞). Для цела з масай m, паднятага на вышыню h (h < R, R — радыус Зямлі), U(h) = mgh, дзе g — паскарэнне свабоднага падзення (U(h) = 0 пры h = 0). Пры адсутнасці дысіпацыі энергіі сума кінетычнай энергіі і П.э. (поўная мех. энергія сістэмы) застаецца пастаяннай (гл.Энергіі захавання закон). Адзінка П.э. ў СІ — джоуль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ЛА́ЗЕР,
лазер з паўправадніковым крышталём у якасці рабочага рэчыва. Асаблівасці — высокая эфектыўнасць пераўтварэння эл. энергіі ў энергію кагерэнтнага выпрамянення, малая інерцыйнасць, магчымасць перастройкі даўжыні хвалі выпрамянення і інш.
У П.л. ўзбуджаюцца і выпрамяняюць (калектыўна) атамы крышт. рашоткі, што вызначае малыя памеры і кампактнасць прылады. У адрозненне ад лазераў інш. тыпаў у П.л. выкарыстоўваюцца выпрамяняльныя квантавыя пераходы паміж дазволенымі энергет. зонамі крышталёў (гл.Зонная тэорыя, Цвёрдае цела): пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак вызваляецца энергія, якая выпрамяняецца ў выглядзе квантаў святла (люмінесцэнцыя) ці перадаецца ўсяму крышталю, як цеплавая энергія. У некаторых паўправадніках, напр. у арсенідзе галію, доля выпрамененай энергіі набліжаецца да 100%. Важнейшы спосаб пампоўкі ў П.л. — інжэкцыя праз p-n-пераход ці гетэрапераход (інжэкцыйны П.л.), што дазваляе непасрэдна пераўтвараць эл. энергію ў кагерэнтнае выпрамяненне. Інш. спосабы пампоўкі: эл. прабой (стрымерны П.л.), бамбардзіроўка электронамі (П.л. з электроннай пампоўкай) і аптычная пампоўка. П.л. выкарыстоўваюцца ў аптычнай сувязі і лакацыі, спец. аўтаматыцы, оптаэлектроніцы, тэхніцы спец. асвятлення (напр., скарасной фатаграфіі), для вызначэння забруджванняў і дамешкаў у розных асяроддзях, для лазернага праекцыйнага тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар.паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА (ням. Plombe ад лац. plumbum свінец),
кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл.Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр. Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.
Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМА́ТЫКА [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
1) адзін з раздзелаў семіётыкі, які вывучае адносіны паміж знакавымі сістэмамі і іх карыстальнікамі. Асн. ідэі П. сфармулявалі амер. філосафы Ч.Пірс і Ч.Морыс (прапанаваў тэрмін «П.» ў канцы 1930-х г.). Улічвае ўласцівасці і магчымасці чалавечага інтэлекту і чалавечых зносін, імкнецца іх змадэляваць з мэтай вырашэння міждысцыплінарнай праблемы стварэння т.зв. штучнага інтэлекту.
2) Галіна даследаванняў у мовазнаўстве; вывучэнне мовы як універсальнай знакавай сістэмы, што выкарыстоўваецца чалавекам. Уключае комплекс праблем: узаемадзеянне ў працэсе камунікавання адрасанта (таго, хто гаворыць), адрасата і сітуацыі зносін; правілы і мэты размовы, ускосныя сэнсы выказванняў, экспрэсіўныя сродкі маўлення, адносіны суразмоўцаў да прадметаў рэчаіснасці, прэсупазіцыі тых, хто гаворыць (аб’ём і разнастайнасць іх ведаў, што адбіваецца на маўленчым кантакце); прынцыпы і магчымасці інтэрпрэтацыі выказанага; форма, стыль, жанр, логіка маўлення, яго рытарычныя характарыстыкі. Узаемазвязана з праблематыкай розных гуманітарных навук і іх раздзеламі (стылістыка, рыторыка, псіхалінгвістыка, этналінгвістыка, тыпалогія маўлення, тэорыя камунікацыі, тэорыя дыскурсу і інш.).
Літ.:
Арутюнова Н.Д., Падучева Е.В. Истоки, проблемы и категории прагматики // Новое в зарубежной лингвистике. М., 1985. Вып. 16.