ПЛЯХО́ЎКА, Гляхоўка,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Іса (бас. р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 110 км². Пачынаецца на ПдУ каля в. Дукрава, цячэ на паўд.-зах. ускраіне Навагрудскага ўзв., упадае ў Ісу на ПдУ ад в. Дзераўная. Рэчышча каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ХА́РКАРТ (Port Harcourt),

горад на Пд Нігерыі. Адм. ц. штата Рыверс. Каля 400 тыс. ж. (2000). Другі, пасля Лагаса, па грузаабароце марскі порт на беразе Гвінейскага зал. Вузел аўтадарог, пач. пункт чыгункі на Пн краіны. Аэрапорт. Прам-сць: харч. (пальмавы алей, мука), нафтаперапр., нафтахім., тытунёвая, цэментная. Цэнтр нафтаздабыўной прам-сці.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ТА (Prato),

горад у Цэнтр. Італіі, у правінцыі Фларэнцыя, у вобл. Таскана. Каля 180 тыс. ж. (2000). У эканам. адносінах цесна звязаны з г. Фларэнцыя. Цэнтр тэкст. прам-сці (з 13 ст., шарсцяныя тканіны, дыванаткацтва). Развіты тэкст. машынабудаванне, хім., гарбарная, швейная, харч. прам-сць. Маст. галерэя. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБА́ЛТЫКА,

назва тэрыторыі ва Усх. Еўропе, якая прымыкае з У да Балтыйскага мора. Уключае дзяржавы Эстонію, Латвію, Літву і Калінінградскую вобласць Рас. Федэрацыі. Агульная пл. 189,1 тыс. км². Нас. каля 8,4 млн. чал. (2001). З пач. 1990-х г. у друку ў дачыненні да краін П. часам ужываецца тэрмін «краіны Балтыі».

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІНДЖА́НТРАП (ад лац. prae перад + зінджантрап),

выкапнёвы прымат, рэшткі якога (маленькі раструшчаны чэрап) разам з груба абабітымі галечнымі прыладамі знойдзены англ. археолагам Л.С.Б.Лікі ў цясніне Олдувай у 1960. Частка даследчыкаў лічыць П. найстаражытнейшым чалавекам пад назвай Homo habilis (чалавек умелы) і адносіць яго да аўстралапітэкаў. Існаваў каля 2 млн. г. назад.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Ю́РА (Piura),

горад на ПнЗ Перу, на р. П’юра. Адм. ц. дэпартамента П’юра. Засн. ў 1532 Ф.​Пісара. Каля 400 тыс. ж. (2000). Знаходзіцца на Панамер. шашы, чыгункай і аўтадарогамі злучаны з партамі на ўзбярэжжы Ціхага ак. Аэрапорт. Гандл. цэнтр. раёна баваўнаводства. Прам-сць: бавоўнаачышчальная, харчасмакавая, тэкст., хімічная. Ун-т.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ЯНЕ (Päijänne),

возера на Пд Фінляндыі. Пл. 1065 км², даўж. каля 140 км, шыр. да 28 км, глыб. 93 м. Знаходзіцца ў ледавіковай катлавіне на выш. 78 м. Берагі моцна парэзаныя, шмат астравоў. Сцёк у Фінскі заліў Балт. м. Замярзае са снежня па красавік. Суднаходства, лесасплаў. На П. — гарады Лахты, Ювяскюля.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎЦЫ,

вёска ў Крэўскім с/с Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск-Ашмяны. Цэнтр калгаса. За 26 км ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 226 км ад Гродна. 426 ж., 149 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́ЎКА, Ломаўка,

рака ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нараў (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 23 км. Вадазбор раўнінны (пл. 138 км²). Пачынаецца каля паўн. ускраіны в. Бойкавічы, вусце за 1 км на З ад в. Рудня. Каналізавана 7 км рэчышча ад вытоку. У верхнім цячэнні называецца Ломаўка.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:

Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.​Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)