ВЯРЫ́ГА (Аляксандр Андрэевіч) (5.12.1837, каля Віцебска — 26.3.1905),
расійскі хімік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). З 1861 у Міхайлаўскай артыл. акадэміі, з 1862 у Цюбінгенскім і Цюрыхскім ун-тах. З 1865 у Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1871 праф.), адначасова ў 1880 арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па даследаванні харч. прадуктаў і кіраваў ёй да 1896. Навук.працы па хіміі араматычных азазлучэнняў. Атрымаў бензідзін (1864), азабензол і яго гамолагі (1865), азаталуал і інш. Даследаваў рачныя і артэзіянскія воды Пд Расіі, гаючыя крыніцы і гразі.
Літ.:
Волков В.А. Вонский Е.В., Кузнецов Г.Н. Выдающиеся химики мира. М., 1991. С. 92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РСКІ (Рыгор Арсенавіч) (н. 26.10.1932, в. Садоўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-рмед.н. (1980), праф. (1983). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед.ін-т (1956). З 1972 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук.працы па ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, атэрасклерозе, рэўматызме, хваробах крыві, парушэннях сардэчнага рытму, антыкаагулянтнай тэрапіі, ультрагукавой дыягностыцы і метадзе дэфібрыляцыі.
Тв.:
Справочник по клинической электрокардиографии. Мн., 1985 (разам з Л.Г.Баранавым, У.Р.Лісюціным);
Справочник участкового терапевта. Мн., 1986 (у сааўт.);
Справочник по дифференциальной диагностике внутренних болезней. Мн., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЕРЛА́НТ, Хаберлант (Haberlandt) Готліб Іаган Фрыдрых (28.11.1854, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя — 30.1.1945), нямецкі батанік і фізіёлаг раслін; адзін з заснавальнікаў фізіял. кірунку ў анатоміі раслін. Чл.-кар. Берлінскай, Венскай, Мюнхенскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Замежны чл.-кар.АНСССР (1924). Скончыў Венскі ун-т (1876). З 1877 працаваў у ім, з 1880 праф. ун-та ў г. Грац, у 1909—23 у Берлінскім ун-це. Распрацаваў класіфікацыю расл. тканак, заснаваную на іх функцыях. Адкрыў т.зв. ранавыя гармоны — прадукты распаду клетак, якія стымулююць клетачнае дзяленне. Вывучаў трапізмы і выявы раздражняльнасці ў раслін. Аўтар працы «Фізіялагічная анатомія раслін» (1884).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЧЭ́ЎСКІ (Георгій Нарбертавіч) (23.2.1860, Масква — 5.4.1907),
рускі мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, заснавальнік навук. школы бактэрыёлагаў і Рас. бактэрыялагічнага т-ва. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). У 1889—91 працаваў у І.І.Мечнікава, Р.Коха, П.П.Э.Ру, П.Эрліха. У 1891 заснаваў бактэрыял. лабараторыю ў Маскоўскім ун-це, з 1895 — Бактэрыялагічны ін-т (узначальваў да 1907). Навук.працы па этыялогіі і лячэнні дыфтэрыі, шкарлятыны, зваротнага тыфу, чумы. Разам з Н.Ф.Філатавым упершыню ў Расіі ўвёў у практыку сываратачнае лячэнне дыфтэрыі (1894), арганізаваў таксама вытв-сць лекавых сываратак. Яго імем названы Бактэрыял.ін-т Маскоўскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁРКІН (Барыс Рыгоравіч) (4.3.1871, г. Полацк — 12.7.1945),
сав. вучоны ў галіне тэорыі пругкасці. Акад.АНСССР (1935, чл.-кар. 1928). Інж.-ген.лейтэнант. Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1899). З 1909 на пед. рабоце, з 1920 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Асн.навук.працы па буд. механіцы і тэорыі пругкасці. Распрацаваў метады інтэгравання ўраўненняў тэорыі пругкасці, прапанаваў форму рашэння ўраўненняў пругкай раўнавагі. Адзін са стваральнікаў тэорыі выгіну пласцінак. З удзелам Галёркіна праектаваліся і будаваліся Волхаўская ГЭС, Днепрагэс, некат. цеплаэлектрастанцыі. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ (Іван Кірылавіч) (н. 11.8.1935, в. Палянка Бранскай вобл., Расія),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1982), праф. (1983). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1965). Быў на камсамольскай і парт. рабоце, выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1992 праф.Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. планавання, сацыялогіі асобы, працы і права. Аўтар навуч. дапаможніка «Сацыялогія; Сацыялогія права як галіновая сацыялагічная тэорыя» (1992, разам з В.А.Уладзіміравым).
Тв.:
Роль труда и искусства в формировании духовного облика строителя коммунизма. Мн., 1971;
Человеческий фактор в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБІ́НСКІ (сапр.Пяскоў) Яўген Еўсцігнеевіч
(12.3.1834, г. Кастрама, Расія — 20.1.1912),
гісторык рус.правасл. царквы. Д-р багаслоўя (1880), праф. (1881), акад. Пецярбургскай АН (1903; чл.-кар. 1882). Скончыў Кастрамскую семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію (1858), дзе з 1861 выкладаў гісторыю рус. царквы. У гал.працы «Гісторыя рускай царквы» (т. 1—2, 1880—1900; ахоплівае перыяд з 10 да сярэдзіны 16 ст.) змешчаны вял. фактычны матэрыял, у т. л. па гісторыі правасл. царквы ў ВКЛ. Быў лібералам-заходнікам, падзяляў гісторыю рус. царквы на перыяд «пісьменнасці» (дапятроўскі) і «асветы» (пасляпятроўскі), абверг верагоднасць шэрагу царк. легенд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ЗА (Іларыён Рыгоравіч) (7.4.1899, в. Даргейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1977),
савецкі заолаг і паразітолаг. Акад.АН Казахстана (1946). Д-рбіял.н., праф. (1943). Скончыў Ленінградскі вет.ін-т (1925). З 1937 у Ін-це заалогіі АН Казахстана (у 1951 — 67 дырэктар), у 1946—51 акадэмік-сакратар Аддзялення біял. навук АН Казахстана. Навук.працы па вывучэнні фауны і экалогіі кляшчоў — пераносчыкаў узбуджальнікаў кровапаразітарных хвароб жывёл і чалавека, распрацоўцы біял. метаду барацьбы з імі. Выявіў прыродныя асяродкі лептаспірозаў і бруцэлёзу, прыродную ачаговасць таксаплазмозу, даказаў магчымасць перадачы ўзбуджальніка бруцэлёзу праз іксодавых кляшчоў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЖА́ (Віталій Лявонцьевіч) (н. 1.1.1939, г. Палтава, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-ртэхн.н. (1992). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў Кіеўскі тэхнал.ін-тхарч. прам-сці (1962). З 1964 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі; адначасова з 1994 праф.Бел.політэхн. акадэміі. Навук.працы па цепламасапераносе ў мнагафазных сістэмах і цеплаабмене ў дысперсных асяроддзях, па ўласцівасцях псеўдазвадкаваных пластоў і праблемах энергазберажэння.
Тв.:
Фильтрация двухфазных однокомпонентных потоков в дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з Г.І.Жураўскім);
Тепломассоперенос в многофазных системах. Мн, 1990 (разам з Г.І.Жураўскім, Э.М.Сімкіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС ((Gonźalez Marquez) Феліпе) (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),
палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл.Ісп.сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).
Літ.:
Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.