раздзел матэматыкі, які вывучае аб’екты на аснове геаметрычнага падыходу. Асн. паняцце графаў тэорыі — граф: мноства пунктаў (вяршынь) і мноства сувязей (рэбраў, дуг), што злучаюць некаторыя (або ўсе) пары вяршынь. Напр., сетка чыгунак, аўтамаб. (абоінш.) дарог з пазначэннем на дугах адлегласцей паміж населенымі пунктамі або іх прапускных здольнасцей. Выкарыстоўваецца ў тэорыі перадачы інфармацыі, тэорыі трансп. сетак, камп’ютэрнай графіцы, аўтаматызацыі праектавання і інш.
Першыя задачы графаў тэорыі былі звязаны з рашэннем галаваломак і матэм. забаўляльных задач (напр., задачы аб Кёнігсбергскіх мастах, аб расстаноўцы ферзей на шахматнай дошцы, аб перавозках, кругасветным падарожжы, задача 4 фарбаў і інш.). Адным з першых вынікаў у графаў тэорыі быў крытэрый існавання абходу графа без паўтораў рэбраў (Л.Эйлер, 1736). У 19 ст. з’явіліся работы, у якіх пры рашэнні практычных задач атрыманы важныя вынікі ў графаў тэорыі (задачы пабудавання эл. ланцугоў, падліку хім. рэчываў з рознымі тыпамі малекулярных злучэнняў і інш.). У 20 ст. задачы, звязаныя з графамі, з’явіліся ў тапалогіі, алгебры, тэорыі лікаў, тэорыі імавернасці і інш.Найб. развіццё графаў тэорыя атрымала з 1950-х г. у сувязі са станаўленнем кібернетыкі і развіццём выліч. тэхнікі.
На Беларусі даследаванні па графаў тэорыі вядуцца ў БДУ (уплыў розных параметраў на ўласцівасці графаў), Ін-це матэматыкі (розныя прадстаўленні графаў, алгарытмічныя аспекты графаў тэорыі), Ін-це тэхн. кібернетыкі (графы ў задачах аптымальнага ўпарадкавання) Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.
Літ.:
Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;
Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),
выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.
Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр.прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),
1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).
2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).
3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).
Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.
П.С.Габец.
Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),
1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл.Камісарскі суд).
2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.
3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).
4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦКВКП(б).
5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц.ваен. кіравання.
6) У некат. краінах службовая асоба з адм.або паліцэйскімі функцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІЗА́ЦЫЯ,
пакрыццё паверхні пераважна неметалічных вырабаў слоем метал. рэчыва з мэтай надання вырабам новых уласцівасцей (электра- або цеплаправоднасці, адбівальнай здольнасці, цвёрдасці, хім. і тэрмічнай трываласці і інш.).
М. без цеплавога ўздзеяння на паверхню вырабу ажыццяўляецца вакуумным (электрадугавым, магнетронным, катодным) і хім. (электрахім.) асаджэннем. Счапленне метал. слоя з асноваю адбываецца за кошт сіл адгезіі. Для паляпшэння счаплення робяць хім.або тэрмічную актывацыю паверхні, наступную тэрмічную апрацоўку. Такая М. выкарыстоўваецца для паляпшэння дэкар. уласцівасцей, нанясення слаёў металу ў электроннай і аптычнай прам-сці, для атрымання ахоўных пакрыццяў на тканінах, паперы, пластыку і інш. М. з цеплавым уздзеяннем на паверхню вырабу робіцца напыленнем (расплаўленыя электрадугой, плазмавым патокам або полымем часціцы металу пераносяцца газам), дыфузіяйметал. рэчыва з вонкавага асяроддзя пры высокай т-ры (гл.Дыфузійныя пакрыцці). Такая М. выкарыстоўваецца для аховы вырабаў ад разбуральных мех., цеплавых і хім. уздзеянняў, для паляпшэння счаплення кампанентаў у кампазіцыйных матэрыялах. Для М. выкарыстоўваюць чыстыя металы (жалеза, медзь, алюміній, нікель і інш.), сплавы (бронза, сталь і г.д.), злучэнні (аксіды, карбіды, барыды, нітрыды і да т.п.). Таўшчыня металізаванага слоя — ад некалькіх атамных дыяметраў да некалькіх міліметраў.
Літ.:
Хасуй А. Техника напыления: Пер. с яп.М., 1975;
Ротрекл Б., Дитрих З., Тамхина И. Нанесение металлических покрытий на пластмассы: Пер. с чеш. Л., 1968;
Поляк М.С. Технология упрочения. Т. 1. М., 1995;
Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),
рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст.абоідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.Бруна, Б.Спіноза, І.Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл.Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.Шэлінг і Г.Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЦЫ,
зрубная (радзей дашчаная) прыбудова да хаты з боку ўваходу або памяшканне, якое злучае хату з інш. жылой ці гасп. пабудовай. Уваход у С. часта вылучаецца ганкам або верандай. С. больш надзейна захоўваюць цяпло ў жылых памяшканнях. Вядомы ў нар. жыллі многіх краін свету. Узніклі ў старажытнасці з развіццём шматкамерных жылых дамоў.
У бел.нар. 2-камерным жыллі С. — зрубная (у выглядзе трысцена), радзей каркасная (з дошак, дыляў, плятня) прыбудова да жылога зруба; у 3-камерным жыллі С. злучалі 2 жылыя памяшканні або жылое памяшканне з клеццю ці істопкай. У сял. жыллі да пач. 20 ст. С. нярэдка не мелі столі і драўлянага памоста, служылі дапаможным памяшканнем, дзе знаходзіліся рознае начынне і прылады працы. Часам С. выкарыстоўвалі як рамесную майстэрню. У С. звычайна адгароджвалася камора, у бедных сялян — закут для жывёлы. У цэнтры і на Пд Беларусі пад С. рабілі скляпы. Летам у С. спалі. У жыллі шляхты з 16 ст. С. нярэдка абаграваліся камінам. У багатых сядзібах С. былі падобныя да прыхожай, у іх стаялі сталы, лавы і інш. мэбля. Ператварэнню С. у параднае памяшканне садзейнічаў іх падзел на 2 часткі: парадныя С., якія былі злучаны з жылымі пакоямі, і гасп., што злучалі жылую і гасп. часткі дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,
пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт.Аўтарскае права).