прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы марганцу, які прысутнічае ў рудах у выглядзе аксідных злучэнняў, карбанатаў, сілікатаў. Гал. мінералы: браўніт (62,5%), гаўсманіт (60%), манганіт (62,5%), піралюзіт (63,2%), псіламелан (45—60%) і інш. Генетычна радовішчы М.р. падзяляюцца на асадкавыя, вулканагенныя, метамарфізаваныя і кор выветрывання. Сярэдняя колькасць марганцу ў М.р.: у асадкавых радовішчах 23,4—52% (аксідныя псіламелан-піралюзітавыя і манганітавыя руды) і 11,4—25,2% (карбанатныя радахразітныя і мангана-кальцытавыя); у радовішчах кары выветрывання 40,4—57,3% (астаткавыя). Асн. запасы М.р. на Украіне, у Грузіі, Казахстане, Паўд.Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі, Габоне, Бразіліі, Індыі, Гане, таксама на дне Ціхага, Індыйскага і Атлантычнага акіянаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎСКАЯ СТА́ЧКА 1885,
забастоўка рабочых на прадзільнай ф-цы Ц.Марозава ў мяст. Нікольскае (цяпер у межах г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл., Расія) 19—29.1.1885. Выклікана зніжэннем зарплаты і вял. штрафамі (да 50 % заробку). Удзельнічала каля 8 тыс.чал. Стачка задушана ўзбр. сілай.
Больш за 600 чал. арыштавана. Следства выявіла карціну злоўжыванняў фабрыканта. У маі 1886 суд прысяжных у г. Уладзімір апраўдаў 33 удзельнікаў стачкі, у т. л. кіраўнікоў. М.с. паўплывала на выданне ўрадам 15.6.1886 закона аб штрафах, які абмяжоўваў іх памер і накіроўваў штрафныя сумы на агульныя патрэбы саміх рабочых, змяшчаў і інш. ўступкі рабочым.
Літ.:
Пробуждение: К 100-летию Морозовской стачки. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТО́НАЎ ЦЫКЛ,
19-гадовы каляндарны цыкл (6940 сут), які служыць для ўзгаднення працягласці сінадычнага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечных календарах.
Прапанаваны ў 433 да н.э. афінскім вучоным Метанам і лёг у аснову стараж.-грэч. календара. М.ц. звязаны з набліжанай (з дакладнасцю да некалькіх гадзін) роўнасцю: 19 трапічных гадоў = 235 сінадычным месяцам. Хібнасць у зруху фаз Месяца складае 1 сут за 219 гадоў. М.ц. складаецца з 12 гадоў па 12 месяцаў і 7 гадоў па 13 месяцаў (з устаўным месяцам). 125 месяцаў «поўныя» — па 30 сут, а астатнія 110 «пустыя» — па 29 сут. М.ц. выкарыстоўваецца ў яўр. і інш. календарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ (International Civil Aviation Organization; ІКАО),
спецыялізаваная ўстанова AAH, якая займаецца арганізацыяй і каардынацыяй міжнар. супрацоўніцтва дзяржаў па ўсіх аспектах дзейнасці грамадзянскай авіяцыі. Створана паводле Канвенцыі аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі 1944, пачала дзейнічаць з 1947. На 1.1.1997 членамі ІКАО з’яўляліся 183 дзяржавы (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1993). Мэты ІКАО: распрацоўка прынцыпаў і метадаў міжнар. аэранавігацыі, садзейнічанне планаванню і развіццю міжнар. паветранага транспарту, удасканаленне лётна-тэхн. правіл, забеспячэнне бяспекі палётаў. Сакратарыят ІКАО на чале з гал. сакратаром з’яўляецца пастаянным органам, які забяспечвае работу вышэйшага органа — Асамблеі і яе Савета. Месцазнаходжанне штаб-кватэры ІКАО — г. Манрэаль (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАМО́ТА,
1-я дынастыя сёгунаў — правіцеляў Японіі ў 12—14 ст. Заснавана Ёрытома М., які перамог у 1185 князёў на чале з Тайра Кіёморы і ў 1192 прыняў тытул сёгуна (вярх. военачальніка). Усталяванне ўлады М. азначала ўзвышэнне новай ваен. арыстакратыі над старой на чале з імператарам, б.ч. зямель якой Ёрытома размеркаваў паміж сваімі прыхільнікамі. Быў створаны сёгунскі ўрад — бакуфу. Але ўлада імператараў намінальна захоўвалася, і сёгуны фармальна дзейнічалі ад іх імя. З пач. 12 ст. рэальная ўлада апынулася ў руках роднаснага М. клана Ходзё, прадстаўнікі якога кіравалі краінай ў якасці рэгентаў (сікэнаў). У 1333 Ніта Ёсісада скінуў апошняга сёгуна М., і да ўлады прыйшла дынастыя сёгунаў Асікага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАГРА́ФІЯ (ад позналац. minera руда + ...графія),
раздзел мінералогіі, які вывучае руды і рудныя мінералы мікраскапічным даследаваннем іх паліраваных паверхняў (аншліфаў) у адбітым святле. Задачай М. з’яўляецца вывучэнне марфалагічных асаблівасцей руд (будовы рудных мас і асобных крышт. зярнят), іх рэчыўнага саставу, узроставых суадносін мінер. агрэгатаў, паслядоўнасці ўтварэння асобных мінералаў, з’яў метамарфізму ў рудах. Выкарыстоўваюцца метады: фіз. (вывучэнне адбівальнай здольнасці мінералу, дысперсіі паглынання і праламлення святла, з’явы палярызацыі, вымярэнне мікрацвёрдасці, магнітнасці і інш.) і хім. (кропельны мікрахім., лазерны спектраграфічны, мікрарэнтгенаспектральны і інш.). М. ў комплексе з інш.геал. даследаваннямі дапамагае высветліць гісторыю працэсаў рудаўтварэння і выявіць заканамернасці ў фарміраванні радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ РА́ТУШНЫ ТЭА́ТР,
назва гар.т-ра, які дзейнічаў у 1847—51 у памяшканні Мінскай ратушы. У ім выступалі пастаянныя гар. антрэпрызы Я.Хелмікоўскага, В.Вяржбіцкага, В.Драздоўскага, ставілі драм. і муз. спектаклі на рус., польск. і ўкр. мовах. Фае, зала і ложы т-ра былі размаляваны гар. дэкаратарам Я.Кураткевічам. Былі пастаўлены п’есы І.Катлярэўскага («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік»), Р.Квіткі-Аснаўяненкі («Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы»), П.Грыгор’ева («Дачка рускага акцёра»), П.Каратыгіна («Школьны настаўнік»), М.Някрасава («Шыла ў мяшку не ўтоіш...»), М.Гогаля («Рэвізор», упершыню на Беларусі), М.Загоскіна («Высакародны тэатр»), Дз.Ленскага («Леў Гурыч Сінічкін»), У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́Й (Mihai; н. 25.10.1921, г. Сіная, Румынія),
апошні кароль Румыніі [1927—30 (правіў Рэгенцкі савет), 1940—47]. З дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў. Сын Караля II [1930—40]. У 1930—40 кронпрынц, вял. ваявода. У 1940—44 знаходзіўся ў апазіцыі да дыктатуры маршала І.Антанеску, які фактычна пазбавіў М. ўлады. Пад уплывам паражэнняў Румыніі ў вайне супраць СССР у жн. 1944 пайшоў на пагадненне з Камуніст. партыяй і санкцыяніраваў арышт (23 жн.) Антанеску, 24 жн. абвясціў пра далучэнне Румыніі да антыгітлераўскай кааліцыі. Узнаг.сав. ордэнам Перамогі. У далейшым процідзейнічаў прыходу да ўлады ў краіне блока камуністаў з інш. левымі паліт. арг-цыямі, але пад іх націскам 30 12.1947 адрокся ад прастола і эмігрыраваў.