комплекс вузлоў ці асобны агрэгат, які размешчаны ў пярэдняй частцы аўтамабіля ці інш.трансп. сродкаў; успрымае праз падвеску (рысоры, спружыны і інш.) верт. нагрузку ад кузава (рамы) і перадае яе на колы, а акружную і бакавую нагрузкі ад іх на кузаў. Пры залежнай падвесцы колаў П.м. выконваецца ў выглядзе бэлькі і 2 шарнірна звязаных з ёю паваротных цапфаў. Пры незалежнай падвесцы асновай П.м. служыць нясучая папярэчына, да якой шарнірна мацуюцца верхні і ніжні хістальныя рычагі. У аўтамабіляў павышанай праходнасці разам з заднім мостам з’яўляецца вядучым (перадае вярчальны момант да кіравальных колаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́ТКА (ад ням. Rabatte градка),
кветнік у выглядзе паласы шырынёю 0,5—3 м, акаймаванай дэкар. раслінамі. Выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах пры азеляненні (асабліва партэрным) населеных месцаў. Звычайна Р. размяшчаюць уздоўж дарог, фасадаў будынкаў і інш. або робяць ч. больш складанага кветніка. Пры вял. працягласці яе падзяляюць праходамі на часткі даўж. па 20—25 м. Ствараецца Р. з аднаго ці некалькіх відаў раслін адначасовага тэрміну цвіцення, пасаджаных радамі ці малюнкам. Бываюць адна- і шматколерныя, створаныя ў некалькі ярусаў, адна- і 2-баковыя. Р. пашыраны ў афармленні плошчаў, вуліц, паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ БАРАЦЬБА́,
комплекс мерапрыемстваў па выяўленні і падаўленні радыёэлектронных сродкаў і сістэм праціўніка; спецыфічная форма барацьбы, у якой выкарыстоўваецца зброя з неабмежаваным боекамплектам, здольная дзейнічаць практычна імгненна, на вялікую адлегласць і з апярэджаннем. Задача Р.б.: дэзарганізацыя кіравання войскамі праціўніка, зніжэнне эфектыўнасці вядзення ім разведкі і прымянення баявой тэхнікі (зброі), радыёэлектронная абарона і інш. Мерапрыемствы Р.б. праводзяцца ва ўзаемадзеянні з рознымі родамі войск і спец. войск. З канца 20 ст. тэрмін «Р.б.» ўсё больш трансфармуецца ў паняцце «інфармацыйная вайна» — комплекс дзеянняў па выкарыстанні, скажэнні і разбурэнні інфармацыі праціўніка, парушэнні яе функцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́МНІЕЦЭ (Rūmniece) Берта Фрыцаўна (21.10.1865, г. Айзкраўкле, Латвія — 8.3.1953),
латышская актрыса; адна з заснавальнікаў нац. сцэнічнага мастацтва. Нар.арт. Латвіі (1945). З 1883 выступала ў Рыжскім лат. т-ры, з 1919 у Латв. т-ры драмы. Выконвала пераважна ролі простых жанчын. Яе майстэрства вылучалася прастатой, праўдзівасцю, шчырасцю. Сярод роляў: Ажа, Індраніха, маці Яна («Блудны сын», «Індраны», «Злы дух» Р.Блаўмана), Ведзьма, Тушэ («Агонь і ноч», «Ветрык, вей!» Я.Райніса), маці Крусы («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса), Глумава («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.Талстога) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1948.
бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).
Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕТС (Ricketts) Хаўвард Тэйлар (9.2.1871, г. Фіндлі, штат Агайо, ЗША — 3.5.1910),
амерыканскі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў ун-т у г. Лінкальн (1894) і мед. каледж Паўн.-зах. ун-та ў г. Чыкага. З 1902 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па пытаннях інфекц. хвароб. Апісаў плямістую ліхаманку Скалістых гор, выявіў яе ўзбуджальніка, эксперыментальна даказаў, што хваробу перадаюць кляшчы пэўных відаў. Высветліў, што брушны тыф перадаецца праз адзежную вош (узбуджальнік жыве і ў крыві ахвяры, і ў целе вошы). Яго імем названа група ўнутрыклетачных мікраарганізмаў (гл.Рыкетсіі). Калі вывучаў сыпны Тыф у Мексіцы, заразіўся і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЧ (Rich) Вера (н. 24.4.1936, Лондан),
англійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Оксфардскі ун-т (1958). З бел. мовы перакладае з 1960-х г. Пераклала зб. «Як вада, як агонь: Анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. да сённяшняга дня» (1971), дзе апубл. творы 41 бел. аўтара. Пераклады паасобных твораў М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна ў кн. «Снуецца зданяў рой» (1982). Пераклала паэму «Тарас на Парнасе», усе санеты Я.Купалы. Яе пераклады адметныя дакладнай перадачай зместу і формы арыгінала. Аўтар многіх артыкулаў пра бел. л-ру. Перакладае таксама са стараангл., старанарвежскай, польскай, рус., укр. моў.