МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «Мазырсельмаш». Створаны ў 1928 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як арцель «Молат». У Вял.Айч. вайну абсталяванне часткова эвакуіравана, астатняе знішчана. У 1944 арцель адноўлена, у 1956 перайменавана ў ліцейна-механічны з-д. З 1974 з-д машынабудавання для птушкагадоўчых комплексаў і ферм «Мазырптушкамаш». У 1980—90 прадпрыемства поўнасцю рэканструявана. З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): катлы быт. для ацяплення жылых дамоў, вадагрэйныя калонкі, цеплагенератары для паветр. ацяплення і вентыляцыі с.-г. і інш. аб’ектаў, воданагравальныя ўстаноўкі для вадзянога ацяплення будынкаў і для атрымання гарачай вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,
навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад больш стараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДО́ЎСКАЯ МУСЦЬЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мусцье (каля 70—60 тыс.г. назад) у сярэднім цячэнні Днястра. Назва ад стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл. Украіны. Аснова гаспадаркі — паляванне на маманта і шарсцістага насарога. На помніках М.м.к. ўпершыню выяўлены рэшткі мусцьерскіх жытлаў — авальныя выкладкі спецыяльна падабраных вял. касцей мамантаў. У адным з жытлаў знойдзены сляды 15 вогнішчаў. Для М.м.к. характэрны крамянёвыя прылады, вырабленыя на пласцінах і пласцінкавых адшчэпах: скрэблы, скрэблы-нажы, вастрыі інш., апрацаваныя неглыбокай краявой рэтушшу. Пануе левалуазская тэхніка расшчаплення крэменю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІН (Мікалай Іванавіч) (20.3.1893, пас. Сафіеўка Бранскай вобл., Расія — 26.2.1977),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Нароўлі, Рэчыцы, Гомелі. У 1941 сакратар Палескага абкома КП(б)Б, з ліст. 1941 на парт. рабоце ў Алтайскім краі. Са жн. 1943 да лют. 1944 у тыле ворага, сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—60 на парт. рабоце. Чл.ЦККПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1951—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГАЛО́ІДНАЯ РА́СА,
адна з асн. або вял. рас чалавецтва, у якую ўваходзяць паўн.-азіяцкая, арктычная, паўд.-азіяцкая, далёкаўсходняя і амерыканская малыя расы (апошнюю некат. даследчыкі вылучаюць у самаст. расу). У прадстаўнікоў М.р. скура ад цёмнага да светлага колеру з жаўтаватым адценнем, цёмныя або карыя вочы, цвёрдыя прамыя цёмныя валасы, слаба развітое валасяное покрыва на твары і целе, шырокі і плоскі твар, прыкметна выступаюць скулы і слаба — нос, ёсць асобная складка верхняга павека — эпікантус. М.р. пашырана ў Кітаі, Індакітаі, Інданезіі, М’янме, Японіі, Карэі, Манголіі, Сібіры, Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ ТКА́НКА,
комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),
сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял. пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.
Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРУ́К (Уладзімір Сцяпанавіч) (16.2.1900, в. Бушмічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.11.1991),
генерал-лейтэнант артылерыі (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў: камандзір узвода, нач. артылерыі дывізіі. У Вял.Айч. вайну на Карэльскім, Бранскім, 2-м Прыбалт. і 3-м Укр. франтах: камандуючы артылерыяй арміі, нам. камандуючага артылерыяй фронту, камандзір артыл. корпуса. Ўдзельнік баёў у Карэліі, Курскай бітвы, Дзвінскай, Рыжскай, Балатонскай, Венгерскай аперацый. Да 1956 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕНКА (Яўген Макаравіч) (17.9.1905, в. Вудага Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.1961),
Герой Сав. Саюза (1939), ген.-лейт. авіяцыі (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1928), Барысаглебскую ваен. авіяшколу лётчыкаў-знішчальнікаў (1930), Курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1952). У 1935—41 камандзір авіязвяна, атрада, эскадрыллі, дывізіі, камандуючы ВПС акругі. Вызначыўся пры выкананні спец. ўрадавага задання. У Вял.Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Зах., Паўд.-Зах., 3-м Бел. франтах; камандуючы ВПС арміі, фронту, нам. камандуючага паветр. арміяй. Да 1955 на адказных пасадах у ВПС.