МАГНЕ́ТА (франц. magéto ад грэч. magnetis магніт),

магнітаэлектрычны генератар пераменнага току. Стварае эл. разрады паміж электродамі свечак запальвання, ад якіх узгараецца рабочая сумесь у цыліндрах рухавіка ўнутр. згарання. Выкарыстоўваліся ў авіяц., трактарных, аўтамаб., матацыклетных і інш. рухавіках. З 1960-х г. заменены батарэйнымі і інш. сістэмамі запальвання.

Схема магнета: 1 — вярчальны магніт; 2 — магнітаправод; 3, 4 — другасная і першасная абмоткі трансфарматара; 5 — перарывальнік; 6 — кулачок; 7 — размеркавальнік; Ф — магнітны паток.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КЛЕР (ням. Makler ад нідэрл. makelaar),

1) асоба, якая прафесійна займаецца пасрэдніцтвам у сферы куплі і продажу тавараў, каштоўных папер, страхавання і інш. 2) Біржавы пасрэднік (дылер, джобер), які купляе і прадае за свой кошт (у адрозненне ад брокера, які заключае здзелкі для кліентаў і за іх кошт). Біржавы М. — работнік, служачы біржы, які ўваходзіць у склад яе персаналу; вядзе таргі ў секцыях, фіксуе і рэгіструе згоду брокераў на заключэнне здзелкі.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТ (ад лац. matta цыноўка, рагожа),

1) цыноўкі, пляцёнкі з саломы, чароту, рагозу і інш. Выкарыстоўваюцца для аховы ад холаду раслін у парніках (парніковыя М., напр., з жытняй саломы).

2) У спорце — матрацы, мяккі подсціл. Складаюцца з абалонкі, чахла (трывалая тканіна) і набіўкі (порыстая пластмаса, шарсцяныя ці баваўняныя ачоскі, футравыя адходы, конскі волас і інш.), бываюць прашытыя шпагатам. Выкарыстоўваюцца ў барацьбе, акрабатыцы, гімнастыцы і інш. для змякчэння ўдараў і прадухілення траўмаў.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЧЫЦЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 180 км ад Брэста. 414 ж., 162 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, 2 б-кі, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРЭ́НЬ (ад франц. migraine),

прыступападобны галаўны боль (звычайна адной паловы галавы) з моташнасцю і рвотай. Назіраецца пры парушэнні мазгавога кровазвароту ад рэзкай спазмы сасудаў і застою крыві. Часцей хварэюць жанчыны. Адрозніваюць М. сапраўдную і сімптаматычную. Прыкметы: галаўны боль звычайна ў лобна-скроневай вобласці, бывае пульсуючы, узмацняецца пры яркім святле, шуме, кашлі, халадзеюць канечнасці і інш. Пры М. развіваецца мігрэнозны статус (прыступы паўтараюцца адзін за адным з кароткімі інтэрваламі). Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЦЭФА́ЛІЯ (ад мікра... + грэч. kephalē галава),

малая велічыня чэрапа і галаўнога мозга пры адносна нармальных памерах іншых частак цела чалавека; загана развіцця. Суправаджаецца недаразвіццём і структурнымі парушэннямі будовы вял. паўшар’яў, разумовай недаразвітасцю (гл. Алігафрэнія), затрымкай псіхічнага развіцця, мышачнай гіпатаніяй і інш. Бывае М. першасная (спадчынная) і другасная (пашкоджанні галаўнога мозга, напр., родавая траўма, запаленне і інш.). М. адрозніваюць ад гіпаплазіі галаўнога мозга (змяншэнне масы мозга без структурных парушэнняў).

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯФІБРЫ́ЛЫ (ад мія... + фібрылы),

скарачальныя арганелы ў саркаплазме папярочна-паласатых мышачных валокнаў, сардэчнай мышцы і мышцаў з двайной касой счэрчанасцю; забяспечваюць мышачнае скарачэнне. Дыям. ад 0,5 да некалькіх мікрон. Асн. маса М. — міяфіламенты, або протафібрылы, двух тыпаў: тоўстыя міязінавыя (дыям. 10—15 нм) і тонкія актынавыя (дыям. 5—8 нм). Маюць у сабе таксама бялкі тропаміязін A і B, актыніны і інш. Гл. таксама Мышачнае скарачэнне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАВЕ́Ц,

пасёлак ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Да 1969 наз. Раманаўскія Хутары. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад Брэста, 3 км ад чыг. ст. Каменная. 1705 ж., 555 двароў (1999). Міжгаспрадпрыемства па вытв-сці насення траў. Сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік С.Я.Багданчуку.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІСІ́МКАВІЧЫ,

вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., на р. Покаць. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Чачэрск, 87 км ад Гомеля, 57 км чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 353 ж., 152 двары (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Абеліск у гонар Чачэрскага падп. райкома КП(б)Б і 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Комплекс археал. помнікаў Нісімкавічы.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,

вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Болецкае, на аўтадарозе Гарадок — в. Мяжа. Цэнтр саўгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Гарадок, 44 км ад Віцебска. 215 ж., 90 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Новы Болецк.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)