АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),

сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.​Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫАКСІДА́НТЫ, антыакісляльнікі,

прыродныя ці сінтэтычныя рэчывы, якія затрымліваюць акісляльныя працэсы ў арган. рэчывах. Механізм дзеяння найб. пашыраных антыаксідантаў (амінаў араматычных, фенолаў, нафтолаў, сульфідаў, фасфітаў) заснаваны на іх уласцівасці абрываць ланцуговую хімічную рэакцыю акіслення ў выніку ўзаемадзеяння з актыўнымі радыкаламі і прамежкавымі прадуктамі. Прадухіляюць, напр., старэнне палімераў, асмаленне паліва, прагарканне тлушчаў і інш. Некаторым антыаксідантам уласцівы сінергізм. Прыродныя антыаксіданты — вітаміны Е, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫДО́ТЫ (грэч. antidoton літар. які даецца супраць),

проціяддзе, лекавыя сродкі пры атручэнні ядамі, таксінамі, атрутнымі рэчывамі (АР); спецыфічныя прафілактычныя сродкі. Антыдоты дзейнічаюць па-рознаму: прадухіляюць паступленне АР, таксінаў, ядаў у кроў; абумоўліваюць дэтаксікацыю ядаў у арганізме; забяспечваюць папаўненне біягенных рэчываў, якія страчаны пры хранічных інтаксікацыях; спрыяюць вывядзенню ядаў ці таксінаў з арганізма. Раслінныя антыдоты надаюць устойлівасць раслінам да гербіцыдаў і павялічваюць выбіральнасць і эфектыўнасць апошніх.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛАДО́Р (Apollodōros) з Дамаска, старажытнарымскі архітэктар і інжынер пач. 2 ст. Пабудаваў грандыёзны ансамбль форума Траяна ў Рыме (111—114), будынкі бібліятэк і знакамітую калону Траяна, абвітую стужкай рэльефаў на тэму паходу Траяна ў Дакію. Апаладор прыпісваюць аркі Траяна ў гарадах Анкона (пасля 115) і Беневента. Сярод работ, якія не захаваліся, — мост цераз Дунай каля г. Дробета (цяпер у Румыніі), адэон, цырк і тэрмы Траяна ў Рыме.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́НЫ,

1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.

2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСО́ЧКІ,

народны музычны ўдарны інструмент класа ідыяфонаў; правобраз ксілафона. Лакальныя назвы цымбалкі, смалінкі. Складаецца з сасновых брусочкаў (10 і болей) аднолькавай таўшчыні, але рознай даўжыні, якія ўкладваюць паралельна на 2 пучках жытняй саломы, моцна перавязаных у некалькіх месцах. Ударамі маленькіх драўляных малаточкаў здабываюцца моцныя, але мяккія, прыемнага тэмбру гукі рознай вышыні. Брусочкі бытавалі ў раёнах Гомельскага Палесся і на Магілёўшчыне. Зараз не сустракаюцца.

І.​Дз.​Назіна.

Брусочкі.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУХАВЕ́ЦКІ (Іван Мартынавіч) (? — 27.6.1668),

гетман Левабярэжнай Украіны ў 1663—68. Абраны на Чорнай радзе 1663 у Нежыне. У 1665 падпісаў т.зв. «Маскоўскія артыкулы», якія пацвярджалі правы і прывілеі казацкай старшыны і ўмацоўвалі пазіцыі рус. ўрада на Украіне. Незадаволенасць палітыкай Брухавецкага асабліва ўзмацнілася пасля Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Правабярэжная Украіна заставалася за Польшчай. Намагаўся перадаць Украіну пад уладу Турцыі. Забіты паўстаўшымі супраць яго казакамі.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛЕЧНЫ МОСТ,

мост з пралётнымі збудаваннямі, асноўнымі нясучымі канструкцыямі якіх з’яўляюцца суцэльныя бэлькі або бэлечныя фермы. Адрозніваюць бэлечны мост з простымі бэлечнымі пралётнымі збудаваннямі, што апіраюцца на 2 апоры, і неразразныя, якія апіраюцца на 3 апоры і болей. Пралётныя збудаванні робяць са сталі, алюмінію, жалезабетону, дрэва. На бэлечным мосце з бэлькамі суцэльнага профілю пралётныя збудаванні робяць звычайна з яздой па версе, з бэлечнымі фермамі — пераважна па нізе.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́НТЫ (ад лац. vagantes вандроўныя),

вандроўныя студэнты, шкаляры, ніжэйшыя клірыкі ў Зах. Еўропе 11—13 ст., якія складалі на лац. мове і выконвалі сатыр. вершы, застольныя, студэнцкія і любоўныя песні, пародыі, высмейвалі феадалаў, вышэйшае духавенства і заможных гараджан. Наз. таксама галіярдамі. Найб. росквіту творчасць вагантаў, пераважна песенная, дасягнула ў 12—13 ст. Праследаваліся афіц. царквой. З 14 ст. страцілі сваё значэнне.

Літ.:

Поэзия вагантов. М., 1975.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)