ВАДЗІ́М ((Vadim) Ражэ) (сапр.Плямяннікаў Ражэ Вадзім; н. 26.1.1928, Парыж),
французскі сцэнарыст і кінарэжысёр. Па паходжанні рускі. Адзін з пачынальнікаў франц. «новай хвалі». Фільмы Вадзіма адкрыта эпатажныя сваім «вызваленым эратызмам» («І бог стварыў жанчыну», «Небяспечныя сувязі», «Барбарэла»). Адкрыў для кінематографа Б.Бардо, якая пазней выконвала гал. ролі ў шэрагу яго фільмаў, і многіх інш. кіназорак. Здымае фільмы ў ЗША («Верная жонка»). Аўтар аўтабіягр. кніг «Д’ябальскія мемуары» і «Тры мае жонкі. Бардо, Дэнёў, Фонда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),
дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Вячаслаў Іванавіч) (н. 2.7.1948, в. Ятвезь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Яго творы вызначаюцца выразнасцю малюнка, глыбокім псіхалагізмам персанажаў: цыкл трыптыхаў «Поры года» (1977), «Пад старой грушай», «Зімовы пейзаж» (абодва 1980), «Ахвяра», «Мёртвая вёска», «Багаты сусед», «Антрапагенны ландшафт», серыя «Дварнягі» (1990—96) і інш. Аформіў кнігі: «Беларускія народныя казкі» (1993), казкі братоў Грым «Чарадзейная хатка» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЦЛАЎ IV (Václav; 26.2.1361 — 16.8.1419),
чэшскі кароль з 1378, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1378—1400]. Сын Карла IV, з Люксембургскай дынастыі. У ходзе барацьбы з кааліцыяй чэш. феадалаў двойчы паланёны (1394, 1402). Каб спыніць сепаратызм і захаваць цэласнасць чэш. дзяржавы, стварыў у 1396 пастаянны каралеўскі савет з буйных феадалаў. У 1400 скінуты курфюрстамі з ням. прастола. У апошнія гады яго кіравання ў Чэхіі пачаўся Гусіцкі рэвалюцыйны рух. Пэўны час Вацлаў падтрымліваў рэфарматарскую дзейнасць Я.Гуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Вільгельм Эдуард) (24.10.1804, г. Вітэнберг, Германія — 23.6.1891),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1834) і Пецярбургскай (1853) АН. Скончыў ун-т у Гале (1826). У 1828—49 праф. ун-таў у Гале, Гётынгене, Лейпцыгу. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, акустыцы і малекулярнай фізіцы. Аўтар тэорыі элементарных магнітаў — магн. дыполяў (1854) і гіпотэзы аб дыскрэтнасці эл. зараду (1848). Разам з К.Ф.Гаўсам распрацаваў сістэму эл. і магн. адзінак. Яго імем названа адзінка магн. патоку — вебер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БІ-ШЭБЕ́ЛІ, Уабі-Шэбэле ў Эфіопіі, Уэбі-Шабеле ў Самалі, рака ва Усх. Афрыцы. Даўж. 2490 км, пл.бас. 200 тыс.км². Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне плато Самалі, перасякае яго; каля г. Магадыша паварочвае на ПдЗ і цячэ паралельна берагу Індыйскага ак.; за 40 км ад узбярэжжа губляецца ў балотах. Сярэдні расход вады каля 320 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вебі-Шэбелі гарады Беледуэйне, Булабардэ, Джоўхар. Парты Магадыша і Марка (Самалі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАКРЫ́Л,
лятальны апарат, у якога пад’ёмная сіла, неабходная для падтрымання яго ў палёце, ствараецца нясучым вінтом (вінтамі) і крылом, а цяга — паветр. вінтамі або рэактыўнымі рухавікамі. Узлёт, завісанне, пасадку і палёт на малых скарасцях В. ажыццяўляе як верталёт, а пасля дасягнення скорасці, пры якой становяцца эфектыўнымі аэрадынамічныя рулі, ляціць як самалёт (з выкарыстаннем пад’ёмнай сілы крыла). Канструктыўна больш складаныя і цяжкія, чым верталёты. Бываюць грамадзянскія і ваенныя. Выкарыстоўваюцца абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ ФОНД,
сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛЧА́НАЎ (Рангел) (н. 12.10.1928, Сафія),
балгарскі кінарэжысёр. Нар.арт. Балгарыі (1981). Скончыў Вышэйшы ін-ттэатр. мастацтва ў Сафіі (1952). Працаваў асістэнтам рэжысёра і акцёрам на Студыі маст. фільмаў (Сафія). З 1958 выступае як рэжысёр: «Першы ўрок» (1960), «Сонца і цень» (1962), «Інспектар і ноч» (1963), «Ваўчыца» (1965), «З каханнем і пяшчотай» (1978), «Апошнія жаданні» (1983). Яго фільмы вызначаюцца псіхал. глыбінёй, паэтычнасцю, іх пафас накіраваны на сцвярджэнне права чалавека на мір, шчасце, каханне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-АД’ЮТА́НТ,
1) воінскае званне (чын) у рас. арміі ў пач. 18 ст. — 1808. Уведзена Пятром I для асоб, якія былі старшымі ад’ютантамі пры цару (узначальвалі ваенна-паходную канцылярыю), пры генерал-фельдмаршале і яго памочніку (выконвалі абавязкі ад’ютанта і вялі справаводства пры штабе) і пры поўных генералах.
2) Ганаровае званне вышэйшых афіцэраў у свіце рас. імператара ў 1808—1917. Надавалася поўным генералам і генерал-лейтэнантам, часам інш.ваен. чынам за ваен. заслугі і дзярж. дзейнасць.