агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер. солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.
Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНКА (Tricholoma flavovirens),
шапкавы базідыяльны грыб роду радоўка сям. радоўкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце вял. групамі ў сухіх хваёвых лясах на пясчанай глебе. Пладаносіць у вер.—кастр. (лістападзе).
Шапка дыям. 3—10 см, пукатая, потым плоская, ліпкая, валакністая, жаўтавата-зялёная, у цэнтры бураватая, па краі звычайна растрэскваецца. Мякаць шчыльная, жаўтаватая, з прыемным смакам і мучным пахам. Гіменафор прырослы. Пласцінкі шырокія, выемчатыя, жаўтавата-зялёныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, падоўжана-валакністая, дробналускаватая, аднаго колеру з шапкай. Ядомая (спажываецца свежая, марынаваная, салёная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),
сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на ЗПаўн. Амерыкі і Аўстраліі.
Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),
аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз.алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МАНДРА,
возера на ПдЗ Кольскага п-ва, у Мурманскай вобл. Расіі. На выш. 126,7 м. Пл. 876 км². Глыб. да 67 м. Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Усх. бераг слаба расчлянёны, зах. мае шмат заліваў (губ). На І. больш за 140 астравоў. Складаецца з 3 частак: паўн. — Вялікая І., цэнтр. — Іокастраўская І., зах. — Бабінская І. Упадае каля 20 рэк, выцякае р. Ніва. Воды І. вылучаюцца вял. празрыстасцю (да 11 м). Рыбалоўства. Пасля стварэння ў 1936 ГЭС на р. Ніва І. стала вадасховішчам. На паўн.-зах. беразе І. ў Монча-губе г. Манчагорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІНАКІСЛО́ТЫ,
арганічныя кіслоты, якія маюць імінагрупу (NH). Уваходзяць у склад многіх жывёльных, раслінных і мікробных бялкоў. Абмен І. у арганізме звязаны з абменам амінакіслот, з якіх І. ўтвараюцца ў выніку адшчаплення вадароду. Біялагічна найважнейшыя гетэрацыклічныя І. — пралін і аксіпралін. Бялкі, у якіх ёсць вял. колькасць праліну (праламіны і гліядзіны), не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў спірце. Аксіпралін утвараецца з праліну; найб. яго ў калагене. Пры прыроджаным парушэнні актыўнасці ферментаў (пралінаксідазы і аксіпралінаксідазы) у сываратцы крыві і ў мачы павышаецца колькасць праліну і аксіпраліну, бываюць парушэнні функцый выдзяляльнай сістэмы і разумовая адсталасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ЛЬДЫЯ (Yoldia),
род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. нукуланід. Каля 20 відаў. Пашыраны на шэльфавых мулавых грунтах (на глыб. да 200 м) халодных і ўмераных мораў Паўн. паўшар’я і на вял. акіянскіх глыбінях. У далёкаўсх. морах 8 відаў, у паўн. морах 1 від — І. паўночная (Y. hyperborea).
Ракавіна даўж. 1—6 см, падоўжана-авальная. гладкая, ад светла-аліўкавага да карычневага колеру. Нага развітая, ротавыя лопасці з доўгімі прыдаткамі. Дэтрытафагі. Корм для бентасаедных рыб. Ад І. названа Іольдыевае мора.
Іольдыя паўночная: 1 — від збоку; 2 — від з брушнога боку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖЭ́ЙКА (Павел Віктаравіч) (28.12.1911, в. Сапажкі Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 19.1.1987),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1933), Арэнбургскую школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1935). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах: ваенком авіяэскадрыллі, палка, камандзір авіяэскадрыллі, нам. камандзіра палка. Маёр М. вызначыўся ў баях за Карпаты на тэр. Венгрыі, Чэхаславакіі: зрабіў 112 вылетаў на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЖАЧО́К,
аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл.гл. да арт.Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см2), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.