ПАРЫ́Ж (Paris),

горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс. ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн. чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал. трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый.

Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн. ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс. чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла ​1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл. Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн. чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.

Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст. гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.​Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.​А.​Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.​Персье, П.​Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.​Н.​Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр. Гал. арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.​Дэмезон, Ж.​Д.​Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.​Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.​Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.​Ж.​Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.​Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал. гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.​Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.​Леско, скульпт. Ж.​Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.​Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш.), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.​Мансар, Лемерсье, П.​Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.​Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.​Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.​Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.​Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.​Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.​Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.​Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.​Бурдэля, размалёўкі М.​Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.​Броер, Зерфюс і інш., інж. П.​Л.​Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.​Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.​Пампіду (1977, арх. Р.​Піяно, Р.​Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.​Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.​Б.​Лепер, Ж.​Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.​Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.​Радэн), маршалу М.​Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.​Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.​Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).

У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац. політэхн. ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л. Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац. б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.​Пікасо, А.​Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л. «Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).

Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.​Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.​Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел. рэліг. час. «Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.​Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.

Літ.:

Париж.: Пер. с фр. М., 1976;

Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;

Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;

Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.

Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Парыжы).

Набярэжная Сены ў Парыжы.
Да арт. Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.
Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.
Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.
Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal), Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa),

дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс. км². Нас. 9918 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).

Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб. выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн. ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э. тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым. прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст. н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл. Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыі партуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз. Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.​Б.​Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст. сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац. нар. дзеянне).

У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г. нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.​Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.​Сампаю.

П. — чл. НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл. Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш. Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд. дол., па 14,6 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс. т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс. т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сць асн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн. т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс. т, вываз драўніны — 9,8 млн. м³, паперы і кардону — 0,9 млн. т, цэменту — 7,8 млн. т, баваўняных тканін — 190 млн. м², цукру — 0,4 млн. т, алею — 360 тыс. т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн. га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн. га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн. га. Арашаецца 630 тыс. га (1997). Асн. таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс. т), пшаніцу (каля 400 тыс. т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс. т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд. дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс. км чыгункі, 0,8 тыс. км унутр. водных шляхоў, 0,7 тыс. км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс. т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд. дол., імпарт — 34,9 млрд. дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс. чал.), у т. л. каля 21 тыс. чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс. чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс. чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс. чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.

Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст. самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.​Гарсія ды Гальяды, П.​Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.​Моша, А.​Нуніш, каралі П.​Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.​Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.​Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.​Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.​Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.​Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.​Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.​Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.​Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.​Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.​Ж.​Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.​А.​Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.​Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.​Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.​Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.​Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.​Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.​М.​Эса ды Кейруш, С.​Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.​Тэйшэйры ды Кейруша і А.​Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.​Нобры, Э. ды Каштру, Р.​Г.​Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.​Л.​Віейра, драматург Ж.​Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.​Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.​Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.​Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.​Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.​А.​Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.​Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.​Каргэша («Лалаш»), Л.​Ф.​Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.​Кардозу Пірыша («Дафін»), У.​Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.​Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.​Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент. зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.​Жоржы, І.​Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.​Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.​Гансалвіша, А.​Азор’ю, Э.​Элдэра, А.​Ф.​Алешандры, прозе Ж.​Р.​Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.​Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.​Баршчэўскі, Я.​Лапатка, А.​Марціновіч, С.​Мурашка.

Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.​Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.​Ж.​Песоа і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. — Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.​Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.​Удартэ, Н.​Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.​Гансалвіш; творы В.​Фернандыша, Г.​Ваша, Г.​Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх. традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.​Машаду ды Каштру, А.​Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.​Віейра Эшкуру, Ф.​Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.​Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.​А.​Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.​Саарыж душ Рэйша, А.​Тэйшэйры Лопеша, Ф.​Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.​А.​Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.​Бардалу Піньейру, мастакі М.​Агушту, Э.​Малта, А.​Манта, Э.​Медына, К.​Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.​Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.​Э.​Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.​Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.​Рыбейру, графікі М.​Жыл, А.​Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).

Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб. стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар. муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз. т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.​Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.​Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.​Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.​Мендыш, Д.​Лобу, М.​Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.​Каэлью да Кошта, арганіст Ф.​Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.​Перэс, М.​А.​Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.​К.​Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац. сімф. і камерна-інстр. творы Ж.​Д.​Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.​Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), О. да Сілва, Л.​М.​Фрэйташ Бранку, К.​Карнейру, у нац. стылі працавалі І.​Круш і Ф.​Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.​Брага Сантуш, А.​Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.​Пірыш, Ж.​Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.​Мендыш, Ж.​Секейра Кошта, А.​Марэа, С.​Кастнер, скрыпач А.​Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-ва партуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-ва хар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.

Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац. т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.​Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес. парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст. рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.​Б.​Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац. т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.​Абраншыс, Э.​Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.​Роза, А.​Ферэйра да Сілва, Ф.​Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.​Карэі, Л.​С.​Мантэйру, Л.​Ф.​Рэбелу, А.​А.​Рэдола, Б.​Сантарэну, К.​Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.​Баштуш, Э.​Брага, А. да Кунья, Р.​Мантэйру, М.​Матуш, Р.​Паўлу, А.​Рэй-Каласу, Л.​Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац. нар. т-р (з 1957), «Маст. т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес. тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.

Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.​Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.​Лаге і Ж.​Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.​Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.​Роша, А.​Рамуш, Ф.​Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.​Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.​Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.​Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.​Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.​Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.​П.​Вашканселуш).

Літ.:

Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;

Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;

Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Партугаліі.
Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.
Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.
Да арт. Партугалія. Раўніна Алентэжу.
Да арт. Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.
Да арт. Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.​А.​Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.
Да арт. Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.
Да арт. Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.
Да арт. Партугалія. Н.​Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),

дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м. Пл. 803,9 тыс. км². Нас. 138,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г. Ісламабад, найб. гарады, гал. эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).

Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.

Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс. м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.

У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.

Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн. чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн. чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн. чал., паўд. ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн. чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал. на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км² Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч. Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст. н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч. Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.

15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.​А.​Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.​Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.​М.​Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.​Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.​Н.​Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.​Мушараф. П. — чл. ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.

У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.

Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд. дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн. га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн. га, пад пашай — каля 40 млн. га. Арашаецца 17,1 млн. га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн. т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс. т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд. т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд. кВт гадз (1997).

Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст. прам-сць найб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч. прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс. км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс. км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс. км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд. дол., імпарт — 10,1 млрд. дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал. гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд. дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн. дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс. чал., у т. л. 185 тыс. чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс. чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс. чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс. чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс. чал., у т. л. 1,2 тыс. чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс. чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.

Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах.-еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.​Ф.​Фаіз, А.​Н.​Касмі (выступае і як празаік), Э.​Даніш, Ш.​Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.​М.​Рашыд, празаікі-рэалісты С.​Х.​Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.​Інтызар, С.​Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.​Х.​Балуча, Дж.​Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.​Р.​Захейлі, С.​Самандар, А.​Х.​Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.​Абдулкарыма, К.​Маманда, В.​М.​Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.​Ніязі, А.​Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.​Насір, у жанры апавядання — Б.​Рыкі, Г.​М.​Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц. арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж. інд. размалёўкі (А.​Бакш, А.​Р.​Чугтаі, Ф.​Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.​Агха, Ш.​Алі, Гулгі, А.​Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.

Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Пакістана.
У гарах на Пн Пакістана.
Сталіца Пакістана г. Ісламабад.
Да арт. Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.
Да арт. Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэлігія і царква

Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.

Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).

Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.

Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.

Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).

Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.

Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст. бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.

У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял. кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр. ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр. ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.

У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).

У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр. ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.

У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.

З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс. чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.

У канцы 14 ст. на тэр. ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).

З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.

Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс. чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля ​4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і ​1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.

З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.

Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр. БССР рэзка пагоршыліся.

8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр. БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.

У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.

Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.​Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр. Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.

У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел. царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.​Казлоўскага, А.​Адамовіча, Н.​Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.

У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.

Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.

Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).

У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.

Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).

У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.

Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.​С.​Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.

З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМ СССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦК КПСС М.​С.​Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.​С.​Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац. АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.

Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.​Свёнтак.

З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел. нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац. АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.

Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш. рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.​В.​Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.

Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.​Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр. зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.​Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.

З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.

У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.

На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.

На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.

У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.

Літ.:

Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;

Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;

Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;

Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;

История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;

Грыгаровіч II. Беларуская іерархія. Мн., 1992;

Короткая Т.Н., Прокошина Е.С., Чудникова А.А. Старообрядничество в Белоруссии. Мн., 1992;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: Мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;

Зноско К. Исторический очерк церковной унии, ее происхождение и характер. М., 1993;

Макарий (Булгаков). История русской церкви. Кн. 2. М., 1995;

Основные закономерности в религиозном сознании населения Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 1995;

Поспеловский Д.В. Русская Православная Церковь в XX в. М., 1995;

Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мн., 1995;

Туронак Ю. Фарміраванне сеткі рымска-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387—1781 гг. // Наша вера. 1995. №1;

З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (Да 400-годдзя Брэсц. уніі). Мн., 1996;

Марозава С.В. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839 гг.). Гродна, 1996;

Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: філас.-гіст. аналіз. Мн., 1998;

Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;

Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;

Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст. Мн., 1999;

Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;

Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;

Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.

А.​У.​Верашчагіна, А.​В.​Гурко.

Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.​Сташчанюка па матэрыялах Э.​Ляўкова.
Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.
Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.
Тытульны ліст «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1519.
Жыровіцкі абраз Маці Божай.
Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.
Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.
Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.
Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.​Радзівіл (Чорны).
Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.
Сінагога ў Слоніме. 17 ст.
Мячэць у Іўі.
Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.​Лазінскі.
Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.
Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.
Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.
Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.
Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.
Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.

т. 18, кн. 2, с. 699

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya), Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya),

дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУ з Самалі, на Пн з Эфіопіяй і Суданам, на З з Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗ з Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак. Пл. 582,6 тыс. км². Нас. 28,8 млн. чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г. Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).

Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца з ПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс. км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.

Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс. чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц. традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл. Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст. З канца 15 ст. Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб. феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт. Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.

У 1922 створана першая паліт. арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт. арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр. дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв. дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.​Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.​Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл. ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.

Асн. партыі: Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.

Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд. дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс. га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс. га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс. т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч. культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс. т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс. т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (з воз. Магады, каля 200 тыс. т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр. з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс. км, у т. л. 8,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс. км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд. дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.

Літ.:

Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;

Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;

Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.

В.​А.​Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кеніі.
Да арт. Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.
Да арт. Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБНЫЯ ЎСТАНОВЫ

Клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры, цэнтры (дамы) нар. творчасці (нар. мастацтва, фальклору), рамёстваў, нац. культур і інш. ствараюцца з мэтай ажыццяўлення асв., выхаваўчых і забаўляльных функцый праз стварэнне спрыяльных умоў для заняткаў нар. і маст. творчасцю, задавальнення пазнавальных патрэб, самаадукацыі, духоўнага і фіз. развіцця, міжасобасных адносін і адпачынку. Дзярж. клубныя ўстановы даступныя для наведвання іх рознымі групамі насельніцтва. Іх дзейнасць грунтуецца на добраахвотнасці, прызнанні ў якасці асновы іх функцыянавання грамадскай ініцыятывы і самадзейнасці, на спалучэнні індывід. і групавой работы, кіравання і самакіравання. Віды клубных устаноў, іх прававое становішча і парадак дзейнасці вызначаюцца Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь.

У 1913 на Беларусі было 237 клубаў і нар. дамоў. Ствараліся яны органамі самакіравання, земствамі, грамадскімі і каап. арганізацыямі і былі пераважна месцам правядзення вольнага часу. Шырокае развіццё клубныя ўстановы як новыя культ. і грамадска-паліт. цэнтры атрымалі ў гады сав. улады. З 1918 яны сталі самай распаўсюджанай формай арганізацыі нац. культ.-асветнай работы. Пры іх працавалі літ., муз., драм., харавыя і інш. творчыя гурткі, праводзіліся лекцыі, ствараліся курсы ліквідацыі непісьменнасці. Але асноўнай была выхаваўчая дзейнасць (палітасветгурткі, мітынгі, даклады на паліт. тэмы, вечары пытанняў і адказаў «па бягучаму моманту» і інш.). Паўсюдна ствараліся рабочыя, парт., паліт. клубы. У ліку першых у 1918 створаны культ.-асветны клуб «Беларуская хатка» ў Петраградзе (яго называлі таксама Бел. Пралеткультам і Бел. нар. домам). Ён арганізаваны Бел. аддзелам Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці і ставіў за мэту падрыхтоўку кадраў культработнікаў, урачоў, аграномаў, будаўнікоў, лесаводаў, якія стаялі на платформе сав. улады, па адраджэнні эканам., гасп. і культ.-прававога жыцця на Беларусі. У 1920 у Петраградзе адкрыты Бел. дом асветы, пры якім працавалі драм. і фотакінагурткі, масавая, кааператыўная, бібліятэчная і юнацкая камісіі, мелася канцэртная зала на 400 месцаў.

У 1920-я г. ў БССР паўсюдна арганізоўваліся нар. дамы, клубы, хаты-чытальні, якія спрыялі развіццю бел. культуры і асветы, вывучэнню гісторыі роднага краю. Пры іх дзейнічалі шматлікія гурткі — бел. культуры, гісторыі, этнаграфіі, мовы, пункты па ліквідацыі непісьменнасці, бібліятэкі, паліткурсы і інш. Дзейнічалі таксама яўр., рус., польскія, латышскія нар. дамы, хаты-чытальні, клубы і да т.п. Напр., у Мінску адкрыта першая на Беларусі татарская хата-чытальня, пры якой працавалі 2 гурткі, бібліятэка; дзейнічалі яўр. драм. студыя і яўр. дзярж. хор; пачалі сваю дзейнасць «Ансамбль рускай драмы БССР» у Бабруйску (у 1932 пераўтвораны ў Дзярж. рус. драм. тэатр) і польскі дзярж. вандроўны тэатр з асн. базай знаходжання ў Мінску; дзейнічалі оперныя і драм. рускамоўныя трупы, некалькі студый на мовах нац. меншасцей.

У 1925 у БССР дзейнічала больш за 300 клубаў і раённых дамоў культуры, 587 хат-чытальняў (на кожны сельскі Савет у сярэднім прыпадала адна хата-чытальня). У 1927 колькасць клубаў павялічылася да 727, Пры многіх з іх працавалі культ.-асветныя, с -г і абаронныя гурткі, маст. самадзейнасць. У 1937 у БССР працавалі 1930 гурткоў маст. самадзейнасці, у т. л. 1053 драматычныя, 33 струнныя і духавыя, 376 харавых; яны аб’ядноўвалі 27 960 чал. Для аказання метадычнай дапамогі гурткам маст. самадзейнасці ў 1937 створаны рэсп. Дом нар. творчасці. Калі ў 1922 (у межах БССР да 17.9.1939) дзейнічала 314 клубных устаноў, то ў 1940 іх колькасць дасягнула 3919.

У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. па ініцыятыве Т-ва бел. школы ствараліся гурткі, бібліятэкі-чытальні, нар. дамы, вялася маст. самадзейнасць. У 1928 дзейнічала 430 такіх гурткоў, якія аб’ядноўвалі 14—15 тыс. чал. У 1933 з’явіліся гурткі і 33 бібліятэкі-чытальні, арганізаваныя Т-вам бел. асветы, якое ставіла задачу пашырэння школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове. Пасля ўз’яднання з БССР тут адкрываліся новыя клубы, хаты-чытальні і бібліятэкі. На прадпрыемствах, у гарадах і вёсках узніклі шматлікія драм. і муз. гурткі, хары, аркестры; у абл. і раённых цэнтрах праводзіліся агляды і алімпіяды маст. самадзейнасці.

Пасля Вял. Айч. вайны сетка культ.-асв. устаноў аднаўлялася як за кошт дзяржавы, так і з дапамогай сродкаў насельніцтва. У 1948 на Беларусі налічвалася 168 раённых дамоў культуры, 389 калгасных клубаў, 171 сельскі дом культуры, 2478 хат-чытальняў (многія з іх не мелі сваіх памяшканняў і размяшчаліся ў прыватных будынках, пры сельскіх Саветах). У сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі дзейнічала больш за 3,5 тыс. калектываў маст. самадзейнасці, якія ахоплівалі 80 тыс. чалавек. З 1945 рэгулярна праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З 1950 па 1980 колькасць устаноў клубнага тыпу павялічылася з 4473 да 6311, у т. л. ў гарадах — з 313 да 855, у сельскай мясцовасці — з 4160 да 5455. У 1990 у Беларусі функцыянавала 6030 устаноў клубнага тыпу, у т. л. 883 у гарадах і 5147 — у сельскай мясцовасці. З іх 5030 (83,4%) клубных устаноў уваходзілі ў сістэму Мін-ва культуры, 773 (12,8%) — былі ў падпарадкаванні прафс. арг-цый, 139 (2,3%) — с.-г. арг-цый і 88 (1,5%) — арг-цый інш. органаў кіравання. У 2003 у параўнанні з 1990 колькасць устаноў клубнага тыпу скарацілася на 29,8% і склала 4234 (гл. табл. 1). Большая іх частка (86,2%) знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Гэта ў асноўным клубы, сельскія дамы культуры, цэнтралізаваныя клубныя сістэмы, якія займаюць трывалае месца ў сваім тэр. асяродку, маюць пэўны арганізац.-творчы патэнцыял і разнастайны набор культ. паслуг для насельніцтва. Найбольшую дынаміку працэс скарачэння ўстаноў клубнага тыпу набыў у Магілёўскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях. Большасць ліквідаваных структур (1659) складаюць клубы, што мелі ніжэйшую за 4-ю групу па аплаце працы работнікаў культуры. Сродкі, сэканомленыя на ўтрыманні нерэнтабельных клубаў, дзейнасць якіх не адпавядала патрабаванням часу па розных крытэрыях, выкарыстоўваюцца на падтрымку больш стабільных устаноў культуры.

Гал. кірунак і змест работы клубных устаноў — зберажэнне і развіццё традыцый нар. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш. Ідзе актыўны пошук новых мадэлей сучаснага клуба, тыпаў мона- і шматпрофільных устаноў культуры і вольнага часу, а таксама новых падыходаў да арганізацыі іх дзейнасці. Амаль паўсюдна ствараюцца цэнтры нар. творчасці, фальклору і нац. культуры; павялічваецца колькасць дамоў рамёстваў і традыц. відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цэнтраў культуры і вольнага часу. Толькі ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь у 2003 дзейнічала 28 789 клубных аб’яднанняў, больш за 75% з якіх дзейнічаюць у сельскай мясцовасці і палавіна з іх прызначана для дзяцей. Агульная колькасць удзельнікаў клубных аб’яднанняў дасягнула 380 тыс. чал., у т. л. 180 тыс. дзяцей (гл. табл. 2). У практыку работы клубных устаноў увайшлі мерапрыемствы, звязаныя з наладжваннем розных свят і абрадаў (агульнадзярж., прац., урачыстая рэгістрацыя шлюбу, праводзіны на пенсію і інш.), у праграмы якіх уваходзяць выкананне бел. нар. і шлюбных песень, нар. музыкі, выступленні фальклорна-этнагр. калектываў. Адраджаюцца такія абрады, як праводзіны зімы (Масленіца), Купалле, Дажынкі, з’явіліся новыя фальклорна-этнагр. святы, прысвечаныя нар. песеннай і танцавальнай творчасці, рамёствам. Праводзяцца прафес. святы, ушанаванне прац. дынастый, ветэранаў вайны і працы.

У краіне дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, якія перадаюць дзецям і дарослым веды, навыкі, майстэрства па розных відах нар. бел. рамёстваў. Пры іх працуюць гурткі і студыі па авалоданні навыкамі ручной працы і асновамі рамесніцкай справы. Напр., у Глыбоцкім доме рамёстваў (з 1990) працуюць гурткі: ткацтва на кроснах і вязання на прутках, жывапісу і размалёўкі на палатне, разьбы і размалёўкі па дрэве, дробнай глінянай пластыкі, аплікацыі саломкай, пляцення з саломкі і лазы, ганчарства і інш. Падобныя дамы рамёстваў арганізаваны ў Калінкавічах, Лагойску, Браславе, Гарадку, Лепелі, Шуміліне і інш. У 2002 на Беларусі дзейнічаў 61 дом рамёстваў, з іх 21 у вёсцы. У параўнанні з 1997 сетка такіх устаноў павялічылася амаль удвая. Працягваецца традыцыя правядзення абласных свят рамёстваў, якія з’яўляюцца эфектыўнымі формамі папулярызацыі дасягненняў нар. мастацтва, промыслаў і рамёстваў. Напр., у 2002 у Мінскай вобл. адбыліся 3 такія святы: 2-е абл. свята «Матчыны кросны» ў г. Старыя Дарогі (19 ткачых з 16 раёнаў); 3-е абл. свята-конкурс «Лазовыя карункі» ў Вілейцы (32 майстры з 20 раёнаў); 4-е абл. свята-конкурс «Гліняны звон» у Радашковічах (больш за 40 майстроў з 13 раёнаў). У Брэсцкай вобл. ў рамках Дажынак адбыліся абл. святы бандарства «Дубовая клёпка» і ганчарства «Гліняцы званочак» (абодва ў г. Іванава). Расшыраецца сетка дамоў (цэнтраў) фальклору, нар. творчасці, нац. культуры. У 2002 такіх устаноў было 46, з іх 37 у вёсцы. У іх вядзецца работа па зборы і фіксацыі ўзораў традыц. мастацтва, выкарыстанні мясц. фальклорнай традыцыі ў рабоце калектываў аматарскай творчасці, ствараюцца аўтэнтычныя нар. гурты, праводзяцца фестывалі нар. мастацтва, конкурсы танцавальных пар, тэатралізаваныя пастаноўкі мясц. нар. прозы і інш. У 1994 створаны Рэсп. цэнтр нац. культур, які аб’яднаў 12 рэсп. і мясц. нац. культ. аб’яднанняў. У 1996 гэты цэнтр правёў у Гродне 1-ы Рэсп. фестываль нац. культур, у якім прынялі ўдзел больш за 600 прадстаўнікоў нац. аб’яднанняў Беларусі, у т. л. т-ва рус. культуры, бел. асацыяцыя ўкраінцаў «Ватра», саюз палякаў на Беларусі, бел. аб’яднанне татараў-мусульман «Аль-Кітаб», арм. культ.-асв. т-ва «Аястан», бел. т-ва немцаў «Адраджэнне» і інш. Адбыліся фестывалі польскай песні ў Лідзе і Слоніме, укр. песні ў Мінску, шэраг конкурсаў маст. самадзейнасці, нац. кухні і г.д. З 1995 у Беларусі дзейнічае Цэнтр укр. культуры «Січ», які арганізуе штогадовыя рэсп. фестывалі ўкр. ансамбляў, канцэрты, вечары і інш. мерапрыемствы, прысвечаныя выдатным гіст. падзеям, дзеячам культуры Украіны. Як цэнтры польскай культуры працуюць 16 дамоў палякаў, арганізавана больш за 500 самадз. маст. калектываў. У 22 гарадах функцыянуюць клубы яўр. культуры, у т. л. жаночы яўр. клуб «Шашана» ў Мінску, клуб цікавых сустрэч пры Мінскім гар. аб’яднанні яўр. культуры імя І.​Харыка, клуб «Сохнут» пры Віцебскай яўр. абшчыне і інш.

Адным з гал. паказчыкаў патэнцыяльных магчымасцей клубных устаноў у культ.-творчай і канцэртна-відовішчнай дзейнасці з’яўляецца развіццё самадз. маст. творчасці. У 2003 ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь праведзена каля 70 тыс. канцэртаў, спектакляў самадзейных калектываў, 27 930 тэатралізаваных свят, абрадаў і прадстаўленняў, арганізавана 20 609 выставак твораў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (гл. табл. 2). У 2002 у краіне працавала 18 895 гурткоў маст. самадзейнасці, у т. л. харавых і вакальных 8281, харэаграфічных 2540, тэатр.-драм. 3584, інструментальных 1061. Агульная колькасць удзельнікаў гурткоў маст. самадзейнасці складала 200,6 тыс. чал., што на 10,7% больш, чым у 1995. Найб. дынамічна самадз. творчасць развіваецца ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. У апошнія гады ў структуры клубнай самадзейнасці павялічваецца ўдзельная вага дзіцячай самадзейнасці. Каля 14 тысяч разнапрофільных клубных фарміраванняў для дзяцей і падлеткаў аб’ядноўваюць каля 180 тыс. (гл. табл. 2). З 3584 драм. калектываў 2123 дзіцячыя. У дамах і палацах культуры пашыраецца выкананне духоўных песнапенняў, якое раней існавала толькі ў сценах цэркваў. Дзіцячыя хары гэтых устаноў удзельнічаюць у фестывалях правасл. песнапенняў, якія штогод праводзяцца ў Мінску. Пэўныя змены адбываюцца і ў жанрава-відавой структуры клубнай самадзейнасці. У яе асн. традыц. жанрах (харавыя, тэатр., танцавальныя калектывы) з канца 1990-х г. набылі вял. пашырэнне і папулярнасць камерныя ансамблевыя формы самадз. творчасці з пераважным выкарыстаннем нац. рэпертуару. Склаліся нетрадыц. для самадзейнасці фальклорныя гурты несцэнічнай (ці не толькі сцэнічнай) арыентацыі, шматлікія вакальна-інстр. ансамблі, рок-групы, тэатры-студыі і інш. Некалі заідэалагізаваныя агітбрыгады паступова трансфармуюцца ў маладзёжныя тэатры мініяцюр і інш. Самым распаўсюджаным становіцца вакальна-харавы жанр самадзейнай творчасці, які налічвае больш за 8 тыс. калектываў, з іх 482 маюць найменні ўзорных, народных.

Званне «Заслужаны аматарскі калектыў» маюць: нар. ансамбль танца «Радасць» Брэсцкага гар. дома культуры, нар. вакальна-харэаграфічны ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, нар. ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, нар. фальклорны гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на і інш. У 2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася больш 1028 інстр. калектываў, у т. л. 334 дзіцячыя. Папулярныя разнастайныя формы інстр. жанру — духавыя аркестры, брас-шоу-ансамблі, аркестры нар. інструментаў і ансамблі нар. музыкі, эстрадныя і эстрадна-сімфанічныя аркестры, ансамблі старадаўняй музыкі, інстр. ансамблі самага рознага спалучэння, рок-групы, якія звяртаюцца да нар.-інстр. музыкі. Пры палацах і дамах культуры, сельскіх клубах, цэнтрах культуры і арганізацыі вольнага часу існуюць шматлікія танцавальныя калектывы. У 2003 ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася 2496 харэаграфічных калектываў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 33 тыс. чал. З іх 101 калектыў мае найменні народны і ўзорны. Сярод іх ансамблі «Радасць» з Брэста, «Палессе» з Пінска, «Камарыкі» з Віцебска, «Сябры» з Гродна, «Крэсавы забавы» з Ліды і інш. Арганізуюцца іх рэгіянальныя агляды-конкурсы — «Залатая пчолка» (Клімавічы), абл. фестываль нар. танца імя І.​А.​Серыкава (Гарадок), фестываль дзіцячых харэаграфічных калектываў «Карагод сяброў» (Мінская вобл.); міжнар. фэсты «Сожскі карагод» (Гомель) і інш.

Лепшыя калектывы знаёмяць з непаўторнай муз.-пластычнай культурай беларусаў і гледачоў замежных краін (Францыя, Германія, Польшча, Галандыя, Аўстрыя і інш.). У структуры тэатр. самадзейнасці каля 200 драм. тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш., якія маюць найменні народных і ўзорных. Спрыяльнай глебай для перспектыўнага развіцця тэатр. аматарства з’яўляюцца амаль 3,5 тыс. тэатр.-драм. гурткоў, пераважная большасць якіх працуе ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, дзе няма тэатр. устаноў. Самадз. творчасць фарміруе новыя мадэлі сацыякульт. дзейнасці і становіцца сац. і культ. базай для разнастайнага творчага быцця ў аматарскай маст. і сац. творчасці. На фоне шэрагу дэструктыўных з’яў (захапленне кіч-серыйнай культ. прадукцыяй, дэсацыялізацыя моладзі, страта імунітэту да псеўдакультуры) нар. творчасць як поліфункцыянальны, дынамічны феномен выступае адным з гал. механізмаў эстэт. выхавання насельніцтва.

Літ.:

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. М., 1996;

Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX стагоддзі: Зб. навук. арт. Мн., 1997;

Смолік А.І. Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме. Мн., 1999;

Беларуская культура сёння: Гадавы агляд (2002). Мн., 2003;

Парашкоў С.А. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Магілёў, 2003;

Скараходаў У.П. Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі. Мн., 2003.

С.​Ф.​Дубянецкі, Э.​С.​Дубянецкі.


Табліца 1
Установы клубнага тыпу Беларусі паводле падпарадкаванасці
1980 1990 1995 2000 2003
Усяго ўстаноў клубнага тыпу, 6311 6030 4858 4654 4234
 у т. л.:
  у сельскай
мясцовасці
5456 5147 4205 4043 3653
  у гарадскіх
паселішчах
855 883 653 611 581
Установы клубнага тыпу Міністэрства культуры 5161 5030 4399 4270 3917
Установы клубнага тыпу прафсаюзных арганізацый 737 773 268 153 90
Установы клубнага тыпу сельскагаспадарчых арганізацый 325 139 29 22 12
Установы клубнага тыпу арганізацый іншых органаў кіравання 88 88 162 209 213

Табліца 2
Дзейнасць устаноў клубнага тыпу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2003
Усяго У тым ліку
у гарадскіх
паселішчах
у сельскай
мясцовасці
Колькасць клубных аб’яднанняў 28 789 7288 21 501
у т. л. для дзяцей 14 446 2963 11 483
Колькасць удзельнікаў у іх, тыс. 379,6 156,4 223,2
з іх дзяцей 180,4 60,1 120,3
Колькасць канцэртаў, спектакляў самадзейных калектываў 69 812 20 068 49 744
Колькасць тэатралізаваных свят, абрадаў, прадстаўленняў 27 930 6902 21 028
Колькасць выставак твораў народнай творчасці
і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
20 609 3430 17 179
Колькасць іншых мерапрыемстваў 46 8492 66 697 401 795
Дом культуры ў Слоніме.
Фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ «Неруш».
Лучнікоўскі фальклорны ансамбль песні і танца «Слуцкія паясы».

т. 18, кн. 2, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.​Ладыгіна, Я.​Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа (арх. А.​Максімаў, Т.​Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.​Данілаў), пед. (арх. У.​Зубкоў, З.​Конаш), вет. (арх. А.​Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.​Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.​Кірылаў, А.​Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.​Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.​М.​Машэраву, В.​З.​Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.​Я.​Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.​Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.​Гарбавец, І.​Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.​Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.​Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.​Гумена, Я.​Красоўская, І.​Сталярова, У.​Вітко, В.​Лук’янава, М.​Міхайлава, А.​Ільінова, В.​Ральцэвіча, Л.​Анцімонава, В.​Някрасава, В.​Ціханенкі, П.​Явіча, А.​Салаўёва, А.​Скавародка, А.​Толкача, А.​Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.​Рэпін. Малюнкі», твораў М.​Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.​Шутава, Толкача, А.​Мемуса, А.​Каржанеўскага, У.​Кухарава, А.​Кавалёва, Гумена, У.​Вольнава, Т.​Беразоўскай, А.​Някрасава, А.​Кастагрыза, А.​Ізаіткі, І.​Сталярова, У.​Напрэенкі, М.​Дудзіна, М.​Ляўковіча, Л.​Мядзведскага, А.​Карпана, А.​Слепава, І.​Шкуратава, В.​Ляховіч, А.​Ільінова, М.​Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.​Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.​Шагала, прыватная галерэя А.​Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.​Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.​Л.​Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.​Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.​Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.​Стукаліч, пісьменнік А.​Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.​Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.​Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.​Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.​Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.​М.​Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.​Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.​Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.​Іваноў-Казельскі, У.​Давыдаў, М.​Дальскі, К.​Гарын, В.​Далматаў, П.​Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.​Папова-Волхаўскага, Е.​Кавалеўскага, К.​Вітарскага, А.​Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.​Аўэр, І.​Гофман, С.​Кусявіцкі, С.​Рахманінаў і Т.​Туа, Р.​Піньё, П.​Сарасатэ, Л.​Собінаў, Я.​Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.​Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.​Гуно і «Русалка» А.​Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.​І.​Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.​І.​Ліс (асвета), Т.​І.​Чарняўская (архітэктура), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё), В.​П.​Пракапцова (муз. жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, М.​Л.​Цыбульскі (маст. жыццё).

Герб Віцебска 1597.
Да арт. Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.
Да арт. Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.​Пешкі. 1-я пал. 19 ст.
Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.
Да арт. Віцебск. Гасцініца «Віцебск».
Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.
Да арт. Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НЦЫЯ (France), Французская Рэспубліка (République Française),

дзяржава ў Зах. Еўропе. Мяжуе на ПнУ з Бельгіяй і Люксембургам, на У з Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака, на ПдЗ з Іспаніяй і Андорай. На Пн абмываецца пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш, на З — Біскайскім залівам Атлантычнага ак., на Пд — Міжземным морам. Да Ф. адносяцца в-аў Корсіка, невял. астравы ў Міжземным м. і Біскайскім заліве. Пл. 551 тыс. км². Нас. 60,2 млн. чал. (2002). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Парыж. Краіна падзяляецца на 22 раёны (правінцыі) і 96 дэпартаментаў. У складзе Ф. 4 заморскія дэпартаменты (Гвадэлупа, Гвіяна Французская, Марцініка, Рэюньён), 4 заморскія тэр. (Новая Каледонія, Палінезія Французская, Уоліс і Футуна астравы, Франц. паўднёва-антарктычная тэр.) і 2 тэр. адзінкі (Сен-П’ер і Мікелон, Маёта). Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1958 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 7 гадоў усеагульным і прамым галасаваннем большасцю галасоў паводле мажарытарнай сістэмы. Ён назначае прэм’ер-міністра і членаў урада, старшынствуе ў Савеце міністраў, кіруе узбр. сіламі. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент. Ён складаецца з Нац. сходу (577 дэпутатаў, з іх 555 ад метраполіі, 22 ад заморскіх дэпартаментаў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах паводле мажарытарнай сістэмы, і Сената (321 сенатар з тэрмінам паўнамоцтваў 9 гадоў), які выбіраецца на аснове ўскоснага галасавання (калегія выбаршчыкаў складаецца з дэпутатаў Нац. сходу, абласных, генеральных і муніцыпальных саветнікаў). Кожныя 3 гады склад Сената абнаўляецца на ​1/3. Урад адказны перад парламентам.

Прырода. Берагавая лінія парэзана слаба, толькі на ПнЗ выдаюцца п-авы Брэтань і Катантэн. У рэльефе пераважаюць плоскія і ўзгорыстыя раўніны (каля ​2/3 тэр.). На Пн і ПнЗ размешчана Паўн.-Французская нізіна, на ПдЗ, у бас. р. Гарона, Гаронская (Аквітанская) нізіна, на Пд, уздоўж Ліёнскага зал., раўніна Лангедока. Вузкія палосы раўнін цягнуцца па берагах Роны, Соны, Рэйна. Цэнтр. і паўд. ч. займае Цэнтр. Французскі масіў (выш. да 1886 м, Пюі-дэ-Сансі). Уздоўж мяжы з Германіяй горы Вагезы (выш. да 1423 м) і адгор’і Ардэн, уздоўж мяжы са Швейцарыяй горы Юра (выш. да 1718 м), на ПдУ Зах. Альпы з найвышэйшым пунктам краіны — г. Манблан (4807 м), на ПдЗ паўн. стромкія схілы Пірэнеяў. Рэльеф в-ва Корсіка гарысты (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто). Карысныя выкапні: жал. руда, баксіты, калійная і каменная солі, каменны вугаль, уранавыя руды, невял. запасы прыроднага газу і нафты. Клімат на З марскі, на большай ч. тэр. пераходны ад марскога да кантынентальнага, на ўзбярэжжы Міжземнага м. і на Корсіцы субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. на З і ПдЗ 5—7 °C, на раўнінах і нізкагор’ях 1—3 °C, на Пд 8-10 °C, ліп. адпаведна 16—20 °C, 18—22 °C і 23—24 °C. Ападкаў на З 800-1200 мм, на зах. схілах гор да 2000 мм, на раўнінах 600—800 мм за год.

Рачная сетка густая. Гал. рэкі Луара, Рона, Гарона, Сена, Рэйн (на мяжы з Германіяй) злучаны суднаходнымі каналамі. Горныя рэкі маюць вял. запасы гідраэнергіі (8,9 млн. кВт). Глебы пераважна бурыя лясныя, на Пд карычневыя глебы субтропікаў, у гарах горныя лясныя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам і хмызнякамі каля 27% тэрыторыі. Пераважаюць шыракалістыя лясы з дубу, буку, грабу, каштану. У гарах хвойныя лясы з піхты, елкі, хвоі, лістоўніцы. На Пд хмызняковыя зараснікі маквісу і гарыгі і лясы з вечназялёных дубоў (коркавы, каменны, пушысты), сунічнага дрэва, крушыны вечназялёнай і інш. На З штучныя лясныя насаджэнні з прыморскай хвоі. У складзе жывёльнага свету ў горных раёнах дзікі лясны кот, ліс, барсук, казуля, дзік, серна, горны казёл; з птушак — курапаткі, рабчыкі, бакасы, на Пд — фламінга; шмат паўзуноў і насякомых. У рэках шчупак, акунь, судак, фарэль і інш. Нац. паркі: Экрэн, Севены, Вануаз і інш., шматлікія рэзерваты і заказнікі.

Насельніцтва. Каля 90% — французы. Жывуць таксама эльзасцы, брэтонцы, фламандцы, карсіканцы, каталонцы, баскі; больш за 5 млн. эмігрантаў — алжырцы і выхадцы з інш. б. калоній, іспанцы, туркі, італьянцы і інш. Каля 90% вернікаў католікі; пратэстантаў 2%, іудзеяў 1%, мусульман 1%. Сярэдняя шчыльн. 107,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх. ч. краіны і даліна р. Рона. Гар. насельніцтва 75%. Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Парыж (з прыгарадамі 10 150), Марсель (801), Ліён (415), Тулуза (359), Ніца (342), Страсбур (252), Нант (245), Бардо (201). У прам-сці занята 26% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у сферы паслуг — 69%.

Гаспадарка. Ф. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна, якая займае 5-е месца ў свеце па ўзроўні эканам. развіцця. Удзельная вага краіны ў сусв. валавым унутр. прадукце (ВУП) у 2000 склала 3,4%. Эканоміка Ф. спалучае рыначныя падыходы са значным уплывам агульнанац. планавання, наяўнасцю буйнога дзярж. сектара (24% занятых). Дзяржава захоўвае вял. ўплыў ва ўсіх галінах гаспадаркі, валодае большай ч. чыгунак, энергасістэм, з-даў чорнай металургіі, часткі прадпрыемстваў машынабудавання, ваен. комплексу, марскіх партоў, сувязі, тытунёвай прам-сці і інш. У эканоміцы дамінуюць буйныя карпарацыі: «Пежо», «Рэно», «Сітраэн» (аўтамаб.), «Томсан» (электроніка), «Аэрапасьяль» (самалёта- і ракетабудаванне), «Эль Аквітан» (здабыча і перапрацоўка нафты) і інш., ВУП у 1999 склаў 23,9 тыс. дол. на 1 чал. У структуры ВУП на долю прам-сці прыпадае 26,1%, сельскай гаспадаркі — 3,3%, сферы паслуг — 70,6%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займаюць паліўна-энергет. комплекс, машынабудаванне і хім. прам-сць. Ф. слаба забяспечана паліўнымі рэсурсамі — каля 50% паліва імпартуецца. Вял. значэнне надаецца атамнай энергетыцы, якая выкарыстоўвае ўласную сыравіну; 50 атамных энергаблокаў. Найб. ў Зах. Еўропе з-д па абагачэнні урану ў г. Трыкастэн. Здабыча урану 317 т (2000). Вытв-сць электраэнергіі 508 млрд. кВт∙гадз (2000), у т. л. 76,2% на АЭС, 12,5% на ГЭС. 10,8% на ЦЭЦ. Выкарыстоўваюцца нетрадыц. віды энергіі — прыліўныя і сонечныя электрастанцыі. Здабыча (млн. т, 1999): нафты 1,9, каменнага вугалю 5, бурага вугалю 5,4; прыроднага газу 7,7 млрд. м³.

Развіты металургічны комплекс. З-ды па выплаўцы чорных металаў у Латарынгіі і прыморскіх гарадах Дзюнкерк, Фос, ферасплаваў і алюмінію — у горных раёнах, каля ГЭС. На імпартуемай сыравіне працуюць з-ды па вытв-сці свінцу і цынку (Нуаель-Гадо, Ліён). Вытв-сць чыгуну 13,9 млн. т, сталі 20,1 млн. т, алюмінію 669 тыс. т. На долю машынабудавання прыпадае каля 40% занятых і 40% кошту прамысл. прадукцыі. Ф. адна з вядучых краін свету па вытв-сці і экспарце машын і абсталявання. Гал. галіны спецыялізацыі: вытв-сць авіяц. і касм. тэхнікі, аўтамабіляў (каля 3 млн. шт. штогод, у т. л. 1,5 млн. шт. на экспарт), скарасных цягнікоў, суднаў. абсталявання для атамных электрастанцый, зброі, станкоў, ЭВМ, электрапрылад, быт. тэхнікі і інш. Асн. цэнтры: ракетна-касм. прам-сці — Тулуза; авіяц. — Парыж, Марсель, Тулуза, Бардо, Нант; аўтамаб. — Парыж, Ліён, Манбельяр; суднабуд. — Сен-Назер, Ла-Сен, Дзюнкерк, Марсель, Гаўр; ваен. — Сент-Эцьен, Парыж; электроннай і радыётэхн. — Парыж, Ліён, Ле-Крэзо. Тулуза, Грэнобль і інш. Ф. — адна з найб. у свеце краін па вытв-сці хім. і нафтахім. прадукцыі. Буйныя нафтаперапр. з-ды ў гарадах Марсель, Гаўр, Руан, Бардо, Ліён, Страсбур, Дзюнкерк. Вытв-сць (млн. т, 1999): азотных угнаенняў — 2,5 (Латарынгія, Марсель), калійных — 1,33 (Эльзас), фосфарных — 1, сернай к-ты — 2,2, фарбавальнікаў, гумава-тэхн. вырабаў, шын. Ф. вядома ў свеце сваёй тонкай хіміяй — фармацэўтыкай і парфумерыяй (Парыж, Грас). Традыцыйна развіта тэкст. прам-сць: шарсцяная, ільняная, джутавая (Рубэ, Туркуэн, Арманцьер, Ліль, Антэ, Страсбур і інш.), баваўняная (Мюлуз, Эпіналь), шаўковая (Ліён, Безансон), трыкат. (Парыж, Труа, Рубэ). Вытв-сць абутку каля 109 млн. пар штогод (Парыж, Лімож). Ф. — гал. заканадаўца мод у свеце; гал. цэнтр швейнай і галантарэйнай прам-сці — Парыж. З галін харч. прам-сці вылучаюцца вытв-сць алею (1,1 млн. т), цукру (4,3 млн. т), кухоннай солі (4,1 млн. т), Макароны (285 тыс. т), маргарыну (136 тыс. т), мясной, малочнай прадукцыі (Каля 400 гатункаў сыру), віна, каньяку, шампанскага, лікёраў. Па аб’ёме экспарту харч. прадукцыі Ф. займае 2-е месца ў свеце (пасля ЗША). Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (19,5 млн. т).

Па аб’ёме вытв-сці прадукцыі сельскай гаспадаркі Ф. належыць 3-е месца ў свеце і 1-е месца ў Еўропе. Каля ​1/3 с.-г. прадукцыі экспартуецца. Асн. частку прадукцыі вырабляюць буйныя гаспадаркі (пл. 40—100 га). Ворных зямель 18,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі 9,8 млн. га. Гал. збожжавую культуру — пшаніцу (53,3% пл.) — вырошчваюць пераважна ў межах Паўн.-Французскай і Гаронскай нізін; кукурузу (18%) — на Пд краіны, ячмень (16,5%) і авёс — у цэнтр. раёнах, рыс — у даліне р. Рона. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі, сланечнік, рапс, лён, хмель, тытунь. Бульбаводства ў межах Паўн.-Французскай нізіны, агародніцтва — у далінах Роны, Луары, Гароны, кветкаводства — у раёне Ніцы. Вінаградарства (раёны Лангедока, Бардо, Шампань, Эльзаса, даліна Луары). Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, цытрусавыя). Збор (млн. т, 1999): збожжа — 71,1, у т. л. пшаніцы — 39,9; цукр. буракоў — 31,4, сланечніку — 2,2, рапсу — 3,5, бульбы — 6,2, агародніны — 7,8, вінаграду — 7, яблыкаў — 2,2. Пад пашай і сенажацямі 10,8 млн. га. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлу (20,4), свіней (15,4), авечак і коз (11,4). Вытв-сць малака 24,5 млн. т, мяса ў забойнай вазе 6,6. Птушкагадоўля. Развіта марское рыбалоўства і развядзенне вустрыц. Улоў рыбы 830 тыс. т (1999). Гал. рыбалавецкія парты: Булонь, Лар’ян, Ла-Рашэль.

Ф. мае самую буйную ў Еўропе чыг. сетку. Даўж. чыгунак 31,9 тыс. км, у т. л. 14,2 тыс. км электрыфікавана, ёсць скарасныя магістралі. Даўж. аўтадарог 893,3 тыс. км, у т. л. 10,3 тыс. км скарасных. Даўж. водных шляхоў 14,9 тыс. км, газаправодаў 24,7 тыс. км, нафтаправодаў 4,5 тыс. км, прадуктаправодаў 3 тыс. км. 267 аэрапортаў. Грузаабарот 54,5 млрд. ткм (1999), на долю чыг. транспарту прыпадае 10%, аўтамаб. — 23,9%, трубаправоднага — 4,4, рачнога — 1,2%, паветранага — 0,9, марскога — 59,6%. Гал. марскія парты: Марсель, Тулон, Гаўр, Дзюнкерк, Руан, Кале, Бардо. Ф. належыць 5,1% сусв. гандл. абароту. Экспарт (300,2 млрд. дол., 1999) машын і трансп. абсталявання, авіятэхнікі і ўзбраення, хім., с.-г. прадукцыі, тэкстылю, адзення, парфумерыі. Імпарт (289 млрд. дол., 1999) нафты, прыроднага газу, сыравіны, машын і інш. Асн. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, Італія, Бельгія. Люксембург, ЗША, Іспанія. Гандл. тавараабарот Ф. і Беларусі ў 2001 склаў 127,5 млн. долараў. Ф. набывае на Беларусі лесаматэрыялы, халадзільнікі і маразільнікі, вырабы з пластмасы, мэблю. Беларусь атрымлівае з Ф. лекі, машыны і абсталяванне, інсектыцыды і гербіцыды, тканіны, абсталяванне для сувязі, парфумерыю. Ф. — краіна развітой турыстычнай індустрыі. Курортныя зоны: Блакітны бераг (Ніца, Кан, Сен-Трапез), бераг Паўн. м., на ПдЗ Атлантычнага ўзбярэжжа, Праванс, Альпы. Даход ад турызму ў 1999 склаў 31,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — еўра.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (273,7 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) каля 95 тыс. чал. (2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск; ВПС і ВМС. У сухап. войсках 150 тыс. чал., 809 танкаў, каля 1,5 тыс. баявых развед. машын. 600 баявых машын пяхоты, 3,9 тыс. бронетранспарцёраў, 794 гарматы палявой артылерыі, 363 мінамёты, больш за 2 тыс. процітанк. кіроўных ракет, 124 зенітныя ракетныя комплексы, 410 верталётаў, у т. л. 262 баявыя, і інш. У ВПС 63 тыс. чал., 473 баявыя самалёты, 60 зенітных ракетных батарэй і інш. У ВМС 45,6 тыс. чал., у т. л. 3,5 тыс. чал. у марской авіяцыі і 1,7 тыс. чал. у марской пяхоце, 10 атамных падводных лодак, у т. л. 4 з балістычнымі ракетамі, 13 эсмінцаў, 20 фрэгатаў, 16 мінна-тралавых караблёў, 18 дэсантных караблёў, 37 патрульных катэраў, 126 самалётаў, 110 верталётаў і інш.

Гісторыя. Чалавек пачаў засяляць тэр. Ф. ў раннім палеаліце. Прыкладна з 1600 да н.э. больш за тысячу гадоў адбывалася яе каланізацыя індаеўрап. плямёнамі кельтаў. Рымляне наз. іх галамі, адсюль стараж. назва Ф. — Галія. У ант. перыяд на ПдУ Ф. жылі лігуры, якіх асімілявалі галы. У 7—6 ст. да н.э. тут засноўвалі свае калоніі фінікійцы і грэкі. На Пд жылі пераважна іберы. Найважн. ролю ў этнагенезе франц. народа адыгралі галы. У 2—сярэдзіне 1 ст. да н.э. Галію заваявалі рымляне, якія панавалі тут каля 500 гадоў. За гэты час галы моцна раманізаваны. У 2 ст. н.э. ў гарадах Паўд. Галіі з’явіліся першыя хрысц. абшчыны, якія пачалі (асабліва з 4 ст.) выцясняць язычніцкія культы. У сярэдзіне 3 ст. на ПнУ Галіі з’явіліся герм. плямёны франкаў, ад якіх і паходзіць назва «Ф.». Пасля падзення Зах. Рым. імперыі (476) кароль салічаскіх (прыморскіх) франкаў Хлодвіг I [481—511) з роду Меравінгаў да 508 заваяваў б.ч. Галіі і стварыў Франкскую дзяржаву, межы якой пашырылі яго пераемнікі. У 496 Хлодвіг і 3 тыс. яго дружыннікаў прынялі хрысціянства зах. абраду (пазней аформілася ў каталіцтва). Франкская дзяржава лічыцца непасрэднай папярэдніцай дзяржавы Ф. Найвыш. росквіту яна дасягнула пры Карле Вялікім [768—814, з 800 імператар] з дынастыі Каралінгаў. Створаная ім імперыя займала б.ч. Зах. Еўропы. У працэсе яе распаду, аформленага Вердэнскім дагаворам 843, вылучылася Зах.-Франкскае каралеўства, якое фактычна паклала пачатак існаванню сучаснай дзяржавы Ф. (тэрмін «Ф.» вядомы з 6 ст.). Неўзабаве тэр. Франц. каралеўства павялічылася за кошт зямель Сярэдняфранкскага каралеўства. У 10—13 ст. феадалізм канчаткова перамог папярэднія сац.-эканам. структуры і дасягнуў росквіту. У гэты час каралеўства фактычна складалася з амаль самаст. феад. княстваў, герцагстваў і графстваў. Гэта замаруджвала, але не спыняла прагрэс сельскай гаспадаркі, рост гарадоў, гандлю. У 13 ст. пачалося вызваленне сялян ад асабістай залежнасці. У 1302 склікана першае саслоўнае прадстаўніцтва — Генеральныя штаты.

У 14 ст. ў Ф. насталі цяжкія часы: Стогадовая вайна 1337—1453; эпідэмія чумы, якая знішчыла трэць насельніцтва; нар. паўстанні (Парыжскае паўстанне 1357—58, Жакерыя 1358 і інш.); феад. анархія; паліт. крызісы. Аднак працавітасць народа, умацаванне капіталіст. вытв-сці і цэнтр. улады выратавалі краіну ад разбурэння. Асновы абсалютызму ў Ф. заклаў кароль Людовік XI [1461—83] з дынастыі Валуа, у 16 ст. яго фарміраванне ў асн. завяршылася. Абсалютызм умацаваўся пасля рэлігійных войнаў 1562—98 і дасягнуў свайго апагею пры Людовіку XIV [1643—1715] з дынастыі Бурбонаў. Важную ролю ў вызначэнні дзярж. палітыкі ў гэты час адыгралі першыя міністры кардыналы А.Ж.Рышэльё і Дж.Мазарыні. У 15—17 ст. Ф. вяла напружаную ваен. і дыпламат. барацьбу з аўстр. і ісп. Габсбургамі за ўмацаванне свайго ўплыву і заваяванне новых тэрыторый у Зах. Еўропе. Найбуйнейшымі ваен. канфліктамі таго часу з удзелам Ф. былі італьянскія войны 1494—1559 і Трыццацігадовая вайна 1618—48. У іх выніку Ф. авалодала латарынгскімі біскупствамі Мец, Туль, Вердэн і Эльзас (без г. Страсбур). У 2-й пал. 17 ст. Ф. пачала барацьбу за ўсталяванне сваёй гегемоніі ў Зах. Еўропе. Аднак вынікам шматлікіх войнаў з Нідэрландамі і Габсбургамі стала далучэнне толькі шэрагу невял. тэрыторый і г. Страсбур. Зацяжная і няўдалая для Ф. вайна за іспанскую спадчыну (1701—14) знясіліла яе дзярж. фінансы. У час праўлення Людовіка XV [1715—74] прэстыж абсалютызму моцна падарваны няўдалым для Ф. зыходам вайны за польскую спадчыну (1733—35) і Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой былі страчаны паўн.-амер. і значная ч. інд. калоній.

З 16 ст. эканоміка Ф. развівалася на капіталіст. аснове і, нягледзячы на часовыя спады, да 2-й пал. 18 ст. дасягнула значных поспехаў. Феад. лад паступова слабеў, а пазіцыі буржуазіі ўзмацняліся. Інтарэсы розных пластоў буржуазіі адлюстроўвалі буйныя пісьменнікі, філосафы і палітолагі — прадстаўнікі найб. моцнай у Еўропе ідэйнай плыні — франц. Асветніцтва: Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо і інш. Аб’яднаныя думкай пра недасканаласць франц. грамадства, яны прапаноўвалі палепшыць яго арганізацыю шляхам пераважна мірных, але рэв. па сваёй сутнасці рэформ. Асветнікі адстойвалі свабоду прадпрымальніцтва і патрабавалі паліт. роўнасці трэцяга саслоўя з дваранамі і духавенствам. Абвешчаныя імі заклікі свабоды, роўнасці і братэрства ўзяты на ўзбраенне дзеячамі Французскай рэвалюцыі 1789—99. У час рэвалюцыі здзейснены шэраг глыбокіх пераўтварэнняў у эканам. і паліт. сферах: звяржэнне манархіі, абвяшчэнне Першай рэспублікі (1792—1804) і ўсталяванне панавання буржуазіі ў эканоміцы і палітыцы. У выніку дзярж. перавароту васемнаццатага брумера (ліст. 1799) 1-м консулам, а фактычна дыктатарам Ф. стаў ген. Напалеон Банапарт (гл. Напалеон I). У 1804 ён абвешчаны імператарам. У час Напалеонаўскіх войнаў 1799—1815 Франц. імперыя падпарадкавала і паставіла ў залежнасць ад сябе амаль усю Еўропу, але ў 1813—15 была пераможана арміямі краін антыфранц. кааліцыі і спыніла існаванне (гл. Венскі кангрэс 1814—15). Ф. ўступіла ў перыяд Рэстаўрацыі 1814—15, 1815—30, калі ўлада зноў належала каралям з дынастыі Бурбонаў — Людовіку XVIII [1814—15, 1815—24] і Карлу X [1824—30], Гэта быў рэжым канстытуцыйнай манархіі з моцна абмежаваным выбарчым правам. Заканад. ўлада належала Палаце дэпутатаў. Спробы Карла X адрадзіць у Ф. дарэв. феадальна-абсалютысцкія парадкі прывялі да Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 і ўстанаўлення ў Ф. ліпеньскай манархіі на чале з прадстаўніком Арлеанскага дома (малодшая галіна Бурбонаў, род нашчадкаў брата Людовіка XIV герцага Філіпа Арлеанскага) каралём Луі Філіпам [1830—48], Пры ім рэальная ўлада належала вузкай праслойцы фін. арыстакратыі, абвешчаныя дэмакр. свабоды ўвесь час парушаліся. Гэта выклікала пратэсты ўсіх інш. пластоў грамадства, у т. л. прамысл. буржуазіі. Палітыку ўрада крытыкавалі розныя паліт. сілы — банапартысты і легітымісты (прыхільнікі Бурбонаў), бурж. лібералы і дробнабурж. дэмакраты, сацыялісты і камуністы. Нават сярод арлеаністаў былі прыхільнікі пашырэння выбарчага права. У гэты перыяд адбыліся рабочыя Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, ўзбр. паўстанні 1832 і 1839 у Парыжы з мэтай аднаўлення рэспублікі.

Агульная незадаволенасць прывяла да рэвалюцыі 1848 у Францыі, у выніку якой Луі Філіп скінуты і ўсталявана Другая рэспубліка. У адпаведнасці з канстытуцыяй 1848 прэзідэнтам Ф. 10.12.1848 выбраны пляменнік Напалеона I манархіст Луі Напалеон Банапарт. 2.12.1851 ён здзейсніў дзярж. пераварот, распусціўшы Заканад. сход, а 2.12.1852, паводле вынікаў інсцэніраванага ім плебісцыту, абвешчаны імператарам пад імем Напалеона III [1852—70]; Ф. ўступіла ў перыяд другой імперыі. Паводле канстытуцыі 1852 заканад. ўлада належала Заканад. корпусу, захоўвалася абвешчанае рэвалюцыяй 1848 усеагульнае выбарчае права, але фактычна ўся рэальная ўлада належала імператару. Пры Напалеоне III Ф. ўдзельнічала ў Крымскай вайне 1853—56 супраць Расіі, у аўстра-італа-французскай вайне 1859 на баку Сардзінскага каралеўства, за што атрымала ад яго Савою і Ніцу, у Мексіканскай экспедыцыі 1861—67, у англа-франка-кітайскай вайне 1856—60, пашырала свае калан. ўладанні ў Афрыцы і Азіі. Буйное паражэнне пацярпела Ф. ў франка-прускай вайне 1870—71; Напалеон III трапіў у палон і ў выніку Вераснёўскай рэвалюцыі 1870 быў скінуты. У Ф. ўсталявалася Трэцяя рэспубліка (1870—1940). Бедствы вайны і непапулярная палітыка ўрада выклікалі ў Парыжы новую рэвалюцыю (гл. Парыжская камуна 1871). Паводле Франкфурцкага міру 1871 Ф. вымушана была аддаць Герм. імперыі Эльзас і ч. Латарынгіі, абавязалася выплаціць 5 млрд. франкаў кантрыбуцыі. У 1875 прынята канстытуцыя, якая аформіла бурж.-дэмакр. парламенцкі дзярж. лад.

У 1860-я г. ў Ф. адбыўся прамысловы пераварот і ўзніклі новыя галіны прам-сці (найперш машынабудаванне). Яна заставалася адной з найб. эканамічна развітых краін свету, па паказчыках прамысл. вытв-сці займала 4-е (пасля ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі) месца ў свеце. Прычынамі яе адноснага адставання былі страты ў выніку франка-прускай вайны, ліхвярскі характар франц. капіталізму, вял. колькасць малаэфектыўных дробных прадпрыемстваў і дробных сял. гаспадарак. У паліт. жыцці краіны ўдзельнічала вял. колькасць паліт. партый, што прадвызначала кааліцыйны характар урадаў і іх частую змену. Важным фактарам унутр. палітыкі стаў рабочы і сацыяліст. рух, уплыў на які аказвалі прыхільнікі рэв. марксізму, рэфармізму, анарха-сіндыкалізму, ідэй Д.А.Бланкі і інш. У 1879—80 створана марксісцкая Рабочая партыя (1880—1901). Важнымі падзеямі грамадска-паліт. жыцця 1880—90-х г. былі скандал вакол будаўніцтва Панамскага канала (гл. «Панама») і т.зв. «Справа Дрэйфуса» 1894—99 (ілжывае абвінавачанне афіцэра Ген. штаба яўрэя А.​Дрэйфуса ў шпіянажы на карысць Германіі), якія раскалолі франц. грамадства. У 1905 у выніку аб’яднання розных сацыяліст. партый і груп утварылася Франц. секцыя Рабочага Інтэрнацыянала (СФІО; Section Française de L’Internationale Ouvrière). Да пач. 20 ст. ў асн. завершана стварэнне франц. калан. імперыі, якая па сваіх памерах (10 млн. км², 50 млн. жыхароў) была 2-й у свеце пасля брытанскай. Гал. знешнепаліт. задачай Ф. канца 19-пач. 20 ст. было вяртанне страчаных у выніку франка-прускай вайны Эльзаса і Латарынгіі. Абвастрэнне франка-герм. супярэчнасцей у пач. 20 ст. падштурхнула Ф. да збліжэння з Вялікабрытаніяй, вынікам чаго стала стварэнне ў 1904—07 Антанты.

1.8.1914 Ф. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну, яе тэр. была гал. арэнай ваен. дзеянняў на Зах. фронце. У выніку загінула 1,3 млн. чал., эканам. страты склалі 134 млрд. залатых франкаў. Аднак перамога ў вайне дазволіла Ф. вярнуць эканам. развітыя Эльзас і Латарынгію, атрымаць ад Германіі 8 млрд. залатых марак рэпарацый і 15 гадоў карыстацца вугальнымі шахтамі Саара. Гэта садзейнічала яе эканам. ўздыму ў 1924—30 і ператварэнню ў індустр.-агр. краіну. У 1919—20 адбыліся масавыя нар. выступленні, выкліканыя цяжкасцямі першых пасляваен. гадоў. У снеж. 1920 на базе радыкальнага крыла СФІО створана Франц. камуніст. партыя (ФКП). У 1920 паліт. сітуацыя стабілізавалася, але адсутнасць у шматлікіх паліт. партый выразных праграм і частая змена імі сваіх пазіцый абумовілі нетрываласць ствараемых імі ўрадавых кааліцый (у 1920—30 змянілася 20 урадаў). У 1920-я г. ў паліт. жыцці Ф. дамінавалі 2 групоўкі правых партый: Дэмакр. альянс і Рэсп. федэрацыя. Яны ў кааліцыі з левацэнтрысцкай партыяй радыкал-сацыялістаў кіравалі краінай у 1919—24 (Нац. блок) і 1926—29 (урад «нац. яднання»), у 1924—26 — Левы блок (СФІО і радыкал-сацыялісты), які хутка распаўся. У 1930 Ф. ахапіў не вельмі глыбокі, але зацяжны эканам. крызіс (у 1932—38 аб’ём вытв-сці і знешняга гандлю быў ніжэй за даваен. ўзровень, а дзяржбюджэт — дэфіцытны). Крызіс узмацніў паліт. нестабільнасць (у 1930—33 змянілася 12 урадаў). Гэта скарысталі арг-цыі фаш. тыпу, якія ў лют. 1934 зрабілі няўдалую спробу разагнаць парламент. Пагроза дыктатуры садзейнічала аб’яднанню левых і дэмакр. арг-цый, якія стварылі ў 1935 кааліцыю Народны фронт (СФІО, радыкал-сацыялісты, камуністы і інш.), які кіраваў краінай у 1936—38. Міжнар. пазіцыі Ф., што ўмацаваліся ў першыя пасляваен. гады, у 1920-я г. аслабелі, асабліва пасля Лакарнскай канферэнцыі 1925. У 1930-я г. цэнтр. месца ў знешняй палітыцы Ф. заняло пытанне прадухілення новай герм. агрэсіі. Ф. ўдзельнічала ў распрацоўцы Келага—Брыяна пакта 1928, у 1934 змагалася за заключэнне «Усходняга пакта», у 1935 заключыла дагавор аб узаемадапамозе з СССР. Яна адначасова прытрымлівалася курсу на «супакаенне» краін-агрэсараў і ўмацоўвала мяжу з Германіяй.

3.9.1939 Ф. ўступіла ў 2-ю сусв. вайну, якая склалася для яе няўдала (гл. Французская кампанія 1940). 22.6.1940 Ф. падпісала з Германіяй Камп’енскае перамір’е, паводле ўмоў якога Германія акупіравала паўн. і зах. часткі краіны, а на Пд Ф. (таксама акупіраваны ў ліст. 1942) была створана марыянетачная дзяржава са сталіцай у г. Вішы на чале з маршалам А.Ф.Петэнам. У Ф. разгарнуўся рух Супраціўлення, удзельнікі якога ў маі 1943 стварылі Нац. савет Супраціўлення ў складзе 16 партый. Па-за межамі краіны дзейнічала створаная 18.6.1940 арг-цыя «Свабодная Францыя» на чале з ген. Ш. дэ Голем (з чэрв. 1942 — «Змагарная Францыя»), 3.6.1943 усе плыні Супраціўлення сфарміравалі Французскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ФКНВ), дзе кіруючую ролю адыгрываў дэ Голь. 6.6.1944 на Пн Ф. высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944), якія разам з атрадамі Супраціўлення (гл. Парыжскае паўстанне 1944) да канца 1944 вызвалілі краіну. Улада перайшла да Часовага ўрада на чале з дэ Голем, а пасля выбараў ва Устаноўчы сход (кастр. 1945) краіну ўзначаліла трохпартыйная кааліцыя ў складзе ФКП, СФІО і хрысц.-дэмакр. партыі Нар.-рэсп. рух (МРП). Урад да студз. 1946 узначальваў дэ Голь. Пасля адстаўкі ён стварыў у 1947 сваю партыю Аб’яднанне франц. народа (РПФ), якая стала гал. правай партыяй і змагалася за ўстанаўленне ў краіне моцнай прэзідэнцкай улады. Прынятая 13.10.1946 новая канстытуцыя Ф. ўсталявала ў краіне парламенцкі рэжым і паклала пачатак Чацвёртай рэспубліцы, у часы якой франц. ўрады ўзмацнілі дзярж. рэгуляванне эканомікі і павялічвалі сац. выдаткі. Такая палітыка і дапамога паводле Маршала плана дазволілі ў 1948 дасягнуць даваен. ўзроўню вытв-сці, а ў 1957 — удвая пераўзысці яго. У знешняй палітыцы 4-я Рэспубліка арыентавалася на ЗША і актыўна змагалася за інтэграцыю зах.-еўрап. краін (з 1949 чл. НАТО, з 1948 — Зах. Саюза) з мэтай умацавання сваіх аслабелых пазіцый у Еўропе. Гэты перыяд вызначаўся паліт. нестабільнасцю.

У маі 1947 ФКП выведзена з урадавай кааліцыі за адмову прыняць план Маршала. У 1947—51 краінай кіравала кааліцыя «3-й сілы» (СФІО, МРП, радыкал-сацыялісты), у 1951—55 — правацэнтрысцкая кааліцыя (МРП, радыкал-сацыялісты, незалежныя рэспубліканцы), у 1956—58 — кааліцыя Рэсп. фронт (СФІО, Партыя радыкалаў і інш.). Усяго за гады 4-й Рэспублікі змяніўся 21 урадавы кабінет. Унутрыпаліт. нестабільнасць рэзка абвастрылася ў сувязі з алжырскай праблемай. З 1954 Ф. вяла зацяжную і беспаспяховую вайну з вызв. рухам у Алжыры, дзе пастаянна пражывала каля 1 млн. французаў. Чуткі пра намер улад даць Алжыру незалежнасць выклікалі 13.5.1958 мяцеж франц. пасяленцаў у Алжыры, якія патрабавалі стварыць урад «моцнай рукі» на чале з дэ Голем. 1.6.1958 дэ Голь стаў прэм’ер-міністрам і атрымаў права на перагляд канстытуцыі. Ён адразу распусціў парламент (канец 4-й Рэспублікі). 13.10.1958 прынята канстытуцыя Пятай рэспублікі, якая моцна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта і ўсталявала ў краіне прэзідэнцка-парламенцкі рэжым. Гэта дало Ф. неабходную паліт. стабільнасць. Прэзідэнтам краіны ў 1958—68 быў дэ Голь, а ў парламенце на працягу 1960-х г. дамінавала кааліцыя галісцкай партыі Саюз за новую рэспубліку і групы «незалежных рэспубліканцаў» на чале з В.Жыскар д’Эстэнам. Дэ Голь вярнуў Ф. статус вял. дзяржавы: у 1960 краіна ўвайшла ў «ядзерны клуб», у 1960-я г. стала паліт. лідэрам Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), у 1966 выйшла з ваен. арг-цыі НАТО і праводзіла незалежную знешнюю палітыку. Курс дэ Голя на ўзмацненне дзярж. рэгулявання дазволіў паскорыць эканам. развіццё і мадэрнізацыю. У 1950-60-я г. абсалютная большасць франц. калоній атрымала незалежнасць, але Ф. захавала з імі цесныя эканам. і паліт. сувязі (гл. Супольніцтва). У пач. 1970-х г. Ф. выйшла на 4-е месца ў капіталіст. свеце па эканам. развіцці і стала 2-м пасля ЗША экспарцёрам харчавання. Нягледзячы на дасягненні ў маі—чэрв. 1968 краіна была паралізавана хваляй студэнцкіх дэманстрацый, рабочых забастовак і выступленняў сялян, выкліканых палітыкай і аўтарытарна-тэхнакратычным стылем кіравання дэ Голя. У 1969 дэ Голь пайшоў у адстаўку. У 1969—74 прэзідэнтам быў Ж.Пампіду. У 1971 на базе СФІО утварылася Французская сацыялістычная партыя (ФСП).

У 1974—86 эканоміка Ф. перажывала крызіс: вытв-сць не развівалася, скарачаліся інвестыцыі, інфляцыя была адной з самых высокіх у Еўропе, беспрацоўе вырасла ў 8 разоў і ў 1985 дасягнула 9,1% актыўнага насельніцтва. Галісцкі рух у 1974 страціў пасаду прэзідэнта (ім стаў В.​Жыскар д’Эстэн), у 1976 — прэм’ер-міністра. Новы лідэр галістаў Ж.Шырак у снеж. 1976 рэарганізаваў рух і стварыў партыю Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі (АПР), якая разгарнула крытыку прэзідэнта. У адказ Жыскар д’Эстэн у 1978 стварыў Саюз за франц. дэмакратыю (СФД) — блок 3 правацэнтрысцкіх партый. Паміж АПР і СФД пачалася барацьба за ўладу. Левыя партыі ў 1972 стварылі кааліцыю Саюз левых сіл у складзе ФСП, ФКП і Руху левых радыкалаў. У 1978 гэтая кааліцыя распалася. Аднак на прэзідэнцкіх выбарах 1981 левыя партыі выставілі адзінага кандыдата — лідэра ФСП Ф.Мітэрана, які перамог і заставаўся прэзідэнтам да 1995. У 1981—82 кааліцыйны левы ўрад пашырыў дзяржрэгуляванне і павялічыў сац. выдаткі, але з 1983 ва ўмовах паглыблення эканам. крызісу праводзіў неаліберальныя мерапрыемствы («замарожванне» зарплаты і сац. выдаткаў, зніжэнне падаткаў на прыватны сектар). У 1984 камуністы выйшлі з урада. На парламенцкіх выбарах 1986 перамагла правая кааліцыя АПР—СФД. У 1986—87 урад Ж.​Шырака правёў радыкальныя неаліберальныя рэформы, якія спрыялі эканам. уздыму 1988—90. Незадаволенасць французаў радыкалізмам рэформ прывяла ў 1988 да перавыбрання Мітэрана і перамогі ФСП на датэрміновых парламенцкіх выбарах. Няздольнасць ФСП пераадолець крызіс 1990-94 стала прычынай перамогі правай кааліцыі на парламенцкіх выбарах 1993 і выбрання ў 1995 прэзідэнтам Ж.​Шырака.

У 1993—97 правыя ўрады працягвалі неаліберальныя рэформы і завяршылі структурную рэформу эканомікі, што паспрыяла эканам. ўздыму Ф. ў 1997—2000. Скарыстаўшы незадаволенасць насельніцтва аўтарытарна-тэхнакратычнымі метадамі рэфармавання, левая кааліцыя (ФСП, ФКП, левыя радыкалы, «зялёныя», Рух грамадзян) перамагла на парламенцкіх выбарах 1997. Яе ўрад на чале з Л.​Жаспэнам працягваў распачатыя правымі эканам. рэформы і імкнуўся адаптаваць грамадства да постіндустр. фазы. Скарыстаўшы недаацэнку левымі праблемы бяспекі, якая абвастрылася пасля знішчэння тэрарыстамі будынкаў сусв. гандл. цэнтра ў Нью-Йорку (11.9.2001), правыя партыі перамаглі на парламенцкіх выбарах 2002, прэзідэнтам зноў выбраны Ж.​Шырак. У знешняй палітыцы 1980—90-х г. Ф. засяродзіла ўвагу на пытаннях еўрап. інтэграцыі, імкнучыся захаваць лідзіруючае становішча ў Аб’яднанай Еўропе. З 1980-х г. яна не супраціўлялася росту паўнамоцтваў наднац. структур ЕЭС і расшырэнню Еўрапейскага Саюза. З мэтай паслабіць уплыў ЗША у НАТО у 1990 выступіла з ідэяй стварэння агульнаеўрап. узбр. сіл, у 1996 вярнулася ў ваен. арг-цыю НАТО. Пры гэтым яна ў 1980-90-я г. працягвала прагматычную знешнюю палітыку і займала асобую пазіцыю па шэрагу міжнар. праблем. У 1990-я г. Ф. актывізавала супрацоўніцтва з краінамі Азіі і Лацінскай Амерыкі, у якіх бачыла добры рынак збыту для сваіх тавараў. Ф. — чл. ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш. міжнар. паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі, Франц. сацыяліст. партыя, Саюз за франц. дэмакратыю, Ліберальная дэмакратыя (раней Рэсп. партыя), Дэмакр. сіла, Франц. камуніст. партыя, Радыкальная сацыяліст. партыя, «Зялёныя», Нац. фронт і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Франц. дэмакр. канфедэрацыя працы, Федэрацыя нац. адукацыі і інш.

Ахова здароўя. Паводле ацэнкі Міжнар. арг-цыі аховы здароўя, Ф. мае лепшую ў свеце сістэму аховы здароўя. Высокая якасць мед. абслугоўвання, сац. страхаванне, суадносіны стану здароўя сярод розных слаёў насельніцтва адпавядаюць сусв. стандартам (напр., расходы на лек. сродкі на душу нас. — 1869 долараў у год, 2001). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 83 гады (2001). Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,3%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 343 чал. Дзіцячая смяротнасць — 4 на 1 тыс. нованароджаных (2001).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Ф. вызначаецца высокай цэнтралізаванасцю, падпарадкавана Мін-ву нац. адукацыі, вышэйшай школы, навукі і прафес. інтэграцыі. Уключае дашкольныя, агульнаадук. ўстановы і ВНУ. Існуюць дзярж. і прыватныя (пераважна рымска-каталіцкія) навуч. ўстановы. Абавязковае навучанне пачынаецца з 6-гадовага ўзросту і працягваецца 10 гадоў. Пач. адукацыя (да 11 гадоў) — 1-я ступень школьнай сістэмы; сярэдняя (да 15-гадоў) дае базавую адукацыю для набыцця прафесійнай, якая ажыццяўляецца ў ліцэях, агульнаадук. і тэхн. калежах. Далейшая сярэдняя адукацыя набываецца ў ліцэях; пасля заканчэння навучання ў іх (13 гады) выдаецца дыплом бакалаўра. Пасля заканчэння поўнай сярэдняй адукацыі навучэнцы маюць права паступлення ва ун-т без экзаменаў. Асн. тыпы ВНУ — ун-ты, універсітэцкія тэхнал. ін-ты, інж. школы, вышэйшыя пед. школы, універсітэцкія ін-ты па падрыхтоўцы выкладчыкаў (пераважна дзяржаўныя) і прыватныя прафес. школы. У сістэме ВНУ асн. роля належыць ун-там (у 2002 іх каля 90). Навучанне ва ун-це мае 3 узроўні: 1-ы двухгадовы (з выдачай дыплома аб атрыманні агульнай універсітэцкай адукацыі); 2-гі з паглыбленай агульнанавук. і прафес. падрыхтоўкай (з выдачай дыплома ліцэнцыята пасля 1-га года навучання, дыплома метрыз пасля 2-га года навучання, дыплома магістра пасля 3-га года навучання); 3-і з высокім узроўнем падрыхтоўкі кадраў у галіне навук. даследаванняў (пасля 1-га года навучання дыплом аб вышэйшай спец. адукацыі, пасля 2-га года навучання дыплом аб паглыбленай універсітэцкай адукацыі, які дазваляе прадоўжыць вучобу ў дактарантуры). Найб. ун-ты: Парыжскі універсітэт, Тулузкі (з 1229), Марсельскі (з 1409), Бардоскі (з 1441), Лільскі (з 1809) і інш. Найб. б-кі: Францыі Нацыянальная бібліятэка, Парыжскага ун-та, Ін-та Францыі, Вышэйшай нармальнай школы, Нац. цэнтра мастацтва і культуры Жоржа Пампіду і інш. Найб. музеі: Луўр, Нацыянальны музей сучаснага мастацтва, Клюні (сярэдневяковага мастацтва), Гімэ (культуры і мастацтва Усходу), араб. свету, афр. і акіянічнага мастацтва і інш. Н.-д. работу ў Ф. праводзяць Ін-т Францыі, Ін-т ядз. фізікі пры Ліёнскім ун-це, Ін-т фізікі Зямлі, Нац. ін-т біялогіі мора і Матэм. ін-т Анры Пуанкарэ пры Сарбоне, кафедры ун-таў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Ф. выдавалася больш за 3200 перыяд. выданняў, у т. л. 71 агульнанац., больш за 450 рэгіянальных і мясц. газет, каля 1300 часопісаў і 1400 навук. і прафес. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Монд», «Фігаро», «Libération» («Вызваленне», з 1973); сярод папулярных: «Aujourd’hui en France» («Сёння ў Францыі»), спарт. «L’Équipe» («Каманда»), эканам. «Les Echos» («Хроніка»). З рэгіянальных газет найб. тыражныя: «Ouest France» («Заходняя Францыя»), «Le Parisien» («Парыжанін»), «Sud-Ouest» («Паўднёвы Захад»), «Le Voix du Nord» («Голас Поўначы», усе з 1944). Вядучае інфарм. агенцтва — Франс Прэс, 3 агенцтвы фотаінфармацыі — Гама, Сігма, Сіпа. Радыёвяшчанне з 1922. Працуюць грамадскае «Радыё Францыі» (мае 52 радыёстанцыі, у т. л. 5 агульнанац.), каля 1080 прыватных радыёстанцый, у т. л. 20 агульнанац. (самыя папулярныя РТЛ, Еўропа-1, Радыё Монтэ-Карла; з муз. — НРЖ, Еўропа, Фан-радыё, Настальжы). З 1975 перадачы вядзе Міжнар. франц. радыё (кругласутачныя перадачы на 19 мовах). Тэлебачанне з 1936. 7 агульнанац. тэлеканалаў. Тэлеканалы «Франс-2», «Франс-3, «Франс-5» утвараюць холдзінг грамадскага тэлебачання «Тэлебачанне Францыі» (з 2000). Асацыяцыя тэлекампаній франка- і нямецкамоўных краін «Арт» кіруе каналам «Арт Франс». «Тэлебачанне Францыі» і «Арт Франс» уваходзяць у кансорцыум спадарожнікавага тэлебачання «ТВ-5» (з 1984). З 1982 развіваецца камерцыйнае тэлебачанне: «ТФ-1», «М6», «Канал Плюс». Каля 25 буйных рэгіянальных тэлевізійных каналаў; каля 180 тэлеканалаў прымаюцца са спадарожнікаў і праз кабельныя сеткі. У г. Ліён працуе Т-ва па выпуску еўрап. шматмоўнага канала навін «Еўраньюс». Міжнар. франц. тэлеканал (з 1989) распаўсюджвае ў замежных краінах (у т. л. і на Беларусі) праграмы франц. тэлеканалаў. Дзейнасць грамадскіх і камерцыйных радыёстанцый і тэлекампаній кантралюе незалежны Вышэйшы савет па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (рэліг. тэматыкі) датуюцца 2-й пал. 9 ст. («Кантылена пра св. Еўлалію» і інш.). У 10-11 ст. узніклі эпічныя паэмы, т. зв. жэсты (песні пра воінскія подзвігі), якія стваралі і выконвалі жанглёры (вандроўныя паэты-песняры). З 12 ст. яны аформіліся ў цыклы пра Карла Вялікага («Песня пра Раланда»), пра Гіёма Аранжскага («Каранаванне Людовіка»), пра феад. міжусобіцы («Рауль дэ Камбрэ», «Жырар Русільёнскі») і інш. Пашырыліся т. зв. вучоная паэзія і проза на лац. мове, узніклі літургічная драма, свецкая паэзія — лірыка вагантаў. У 2-й пал. 12 ст. пад уплывам правансальскай паэзіі трубадураў развівалася паэзія трувераў (Канон дэ Бэцюн, Тыбо Шампанскі і інш.). Узнікла куртуазная навела — «ле» («Бружмель» Марыі Французскай). На раннім этапе развіцця рыцарскага рамана (склаўся ў 12 ст.) паэты выкарыстоўвалі ант. псеўдагіст. паданні («Раман пра Трою», «Раман пра Аляксандра»), У 1160—90-я г. з’явіліся любоўна-авантурныя раманы: найб. вядомы апрацоўкі кельцкіх легенд пра каханне Трыстана і Ізольды, вершаваныя раманы «брэтонскага цыкла» паводле кельцкіх паданняў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала (раманы Крэцьена дэ Труа). У 13 ст. тэмы і матывы рыцарскай л-ры пераасэнсоўваліся паводле новых маральна-этычных уяўленняў (алегарычны «Раман пра Ружу», які паўплываў на наступную сярэдневяковую л-ру). Вядучае месца заняла гарадская л-ра. Папулярнасць набылі фабліо, «жывёльны эпас» («Раман пра Ліса»). У 14—15 ст. трансфармацыя сістэмы паэт. жанраў і пашырэнне тэматыкі спрыялі ўзнікненню т. зв. паэзіі фіксаваных форм (балада, рандо і інш.) і новай паэт. школы з уяўленнем пра паэзію як пра «другую рыторыку» (Э.​Дэшан, Гільём дэ Машо, Крысціна Пізанская і інш.). У канцы 15 — сярэдзіне 16 ст. сфарміравалася школа «вялікіх рыторыкаў». Дасягнула росквіту творчасць паэта-лірыка Ф.Віёна, які быў звязаны са школай Гільёма дэ Машо, але наследаваў традыцыям вагантаў і фабліо. Яго індывідуалістычная паэзія бунтавала супраць сярэдневяковай рэгламентаванасці сродкамі пародыі і іранічнай стылізацыі. Позняе сярэдневякоўе — час росквіту тэатр. жанраў. У 13 ст. зарадзіліся міраклі, у 14 ст. — містэрыі, у пач. 15 ст. — маралітэ, камед. т-ры — саты і фарсы. У канцы 15 ст. пашырылася цікавасць да гуманіт. навук, засвойваліся ант. спадчына і італьян. рэнесансавая культура. Лірыка 1-й пал. 16 ст. развівалася пад уплывам Ф.​Петраркі (паэты ліёнскай школы). Спалучэнне італьян. паэт. культуры з нац. традыцыямі ў творчасці К.​Маро. Развівалася навелістыка (творчасць Маргарыты Наварскай). Выдатны прадстаўнік ранняга Адраджэння — Ф.Рабле. У яго рамане «Гарганцюа і Пантагруэль» шырокая панарама тагачаснай рэчаіснасці спалучалася з ідэаламі рэнесансавага гуманізму. У сярэдзіне 16 ст. паэты «Плеяды» (Ж.Дзю Беле, П.Рансар і інш.) спрабавалі рэфармаваць франц. паэзію і драму, узбагацілі л-ру новымі жанрамі (элегія, ода, буколіка, эпічная паэма і інш.), што паспрыяла фарміраванню нац. літ. мовы. Традыцыі Адраджэння працягваў М.Мантэнь, стваральнік жанру эсэ.

Для л-ры 17 ст. характэрна суіснаванне барока і класіцызму. У л-ры барока развіваліся «высокая» (арыстакратычная) і «нізавая» (дэмакр.) плыні. «Высокае» барока выявілася ў прэцыёзнай літаратуры. Паралельна існавалі «высокая» трагічная паэзія (Т.А. д’Абінье) і «нізавое» барока (лірыка Т. дэ Віо, К. дэ Бло, А. дэ Сент-Амана, паэзія і раманістыка С.Сірано дэ Бержэрака). Бурлескная паэзія (камічныя паэмы П.Скарона) і шахрайскі раман паклалі пачатак т. зв. быт. рэалізму («Камічны раман» Скарона, «Мяшчанскі раман» А.​Фюрэцьера). Падмуркам л-ры класіцызму сталі рацыяналістычная філасофія Р.​Дэкарта і дзейнасць Франц. акадэміі. Асновы класіцыстычнай паэзіі выпрацавалі Ф.​Малерб і М.​Рэнье. Асабліва яскрава класіцызм праявіўся ў драматургіі. Завершаныя формы трагедыя класіцызму набыла ў творах П.Карнеля; гал. персанаж яго трагедый — носьбіт асаблівага гераізму («Сід», «Гарацый» і інш.). Трагедыю класіцызму развіваў Ж.Расін, які засяродзіў увагу на душэўных перажываннях герояў («Андрамаха», «Федра» і інш.). Дасканалыя ўзоры класіцыстычнай камедыі стварыў Мальер, у творах якога напружаная інтрыга і дыялог спалучаюцца з абмеркаваннем маральных і сац. пытанняў, а на змену камедыі становішчаў прыходзіць камедыя характараў («Тарцюф», «Дон Жуан», «Мізантроп», «Мешчанін у дваранах» і інш.). У 1670-я г. зарадзіўся класіцыстычны («аналітычны») раман (М.М.Лафает), развіваліся розныя жанры дыдактычнай класіцыстычнай прозы — «думкі» (Б.Паскаль), афарызмы і максімы (Ф.Ларошфуко), «характары» (Ж.​Лабруер) і паэзіі («Байкі» Ж.Лафантэна), дасягнула росквіту эпісталярная (М.​Севінье), аратарская (Ж.​Б.​Басюэ) і мемуарная (Ж.Ф.​П.​Рэц) проза. Тэарэтык л-ры Н.Буало падвёў своеасаблівы вынік развіццю класіцызму ў вершаваным трактаце «Паэтычнае мастацтва» (1674). «Спрэчка пра старажытных і новых аўтараў» (1687), пачатая Ш.Перо і Б.​Фантэнелем, — сведчанне крызісу л-ры класіцызму і нарастання асветніцкіх тэндэнцый.

Цэнтр. падзеяй перыяду Асветніцтва стала выданне «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35, 1751—80, пад рэдакцыяй Ж.Л.Д’Аламбера і Д.Дзідро), у якой яскрава выявілася асветніцкая канцэпцыя свету і чалавека. На першае месца вылучылася проза, у якой панавалі сінт. літ.-філас. формы: раман («Персідскія лісты» Ш.Л.Мантэск’ё), аповесць («Кандыд, або Аптымізм» і інш. Вальтэра), аповесць-дыялог («Пляменнік Рамо» Дзідро). Традыцыі шахрайскага рамана выявіліся ў творчасці А.Р.Лесажа. Увага да новых форм рэчаіснасці ўвасобілася ў жанры камедыі (Ж.​Ф.​Рэньяр, Лесаж, П.А.Бамаршэ). Пад уплывам англ. л-ры пашырылася «слёзная» камедыя (Дэтуш, П.К.Н. дэ Лашасэ), якую пазней замяніла мяшчанская драма (Дзідро). У лірыцы пераважала «лёгкая» паэзія ракако. У творчасці Г.​А.​Шальё, Ш.​А.​Лафара і інш. культываваўся геданізм і галантны эратызм, пераважалі анакрэантычныя матывы, увасобленыя ў малых паэт. формах (мадрыгал, сяброўскае пасланне, эпіграма). Паэтыка ракако ўласціва любоўна-псіхал. камедыям П.Марыво і раманам А.​Гамільтана, К.П.​Ж.​Крэбіёна-сына, Марыво, А.Ф.Прэво. У канцы 18 ст. творы ракако набылі вострасатыр. гучанне (раман «Небяспечныя сувязі» П.А.​Ф.​Лакло, іроікамічная паэма «Вайна багоў» Э.Д. дэ Парні), у паэзіі выявіліся неакласічныя тэндэнцыі (А.​М.​Шэнье). Л-ры 18 ст. ўласціва таксама культывацыя «чуллівасці», засяроджанасць на ўнутр. стане чалавека, увага да душэўнага жыцця «сціплага» героя з трэцяга саслоўя (псіхал. раманы Прэво, Марыво), што выклікала да жыцця сентыменталізм, які праявіўся ў раманістыцы Дзідро і Ж.Ж.Русо. У прозе пісьменнікаў-«русаістаў» Ж.А.Бернардэна дэ Сен-П’ера, Н.​Рэтыфа дэ Ла Брэтона, Л.​С.​Мерсье праявілася ўвага да «натуральнага чалавека», да канфлікту асобы з грамадствам. У пач. 19 ст. ўзнік рамантызм. Аповесці «Атала» і «Рэнэ» Ф.​Р.​Шатабрыяна, аўтабіягр.-спавядальны раман «Адольф» Б.А.Жанстана дэ Рэбека, лірычны дзённік «Аберман» Э.​Сенанкура, раман «Жан Сбагар» Ш.​Надзье падкрэслена адлюстроўвалі меланхалічную асобу ў канфлікце з варожай ёй рэальнасцю; ім уласцівы спавядальнасць тону і абвостранае пачуццё гістарызму, што выявілася ў гіст. раманах А. дэ Віньі, творах пра тагачаснае жыццё А. дэ Мюсэ. Рамант. «двухсвецце» (адчуванне падвойнасці чалавечага жыцця, звязанага з рэальным зямным і ідэальным быццём) характарызавала фантаст. лінію рамант. прозы (Надзье). У рамант. лірыцы класічныя паэт. тэмы прапускаліся праз прызму індывід. паэт. свядомасці (А. дэ Ламарцін). У творах В.Гюго, Ж.Санд асабістасць тону спалучалася з цікавасцю да сац. праблем, а ў творчасці паэтаў-рамантыкаў праявіліся сімптомы крызісу рамант. сістэмы: напоўненыя іроніяй вершы і паэмы Мюсэ; Віньі імкнуўся дасягнуць у лірыцы сапр. эпічнасці; Т.Гацье і Ж. дэ Нерваль шукалі «чыстай» паэт. формы і сімвалічнай шматзначнасці вобразаў. Найб. моцна рамантызм выявіўся ў драматургіі (драмы Гюго, А.Дзюма-бацькі, Віньі).

Рамант. традыцыю ў кірунку рэаліст. апісання свету і чалавека пераасэнсавалі А. дэ Бальзак, П.Мерымэ, Стэндаль, у 2-й пал. 19 ст. прадоўжылі А.Дадэ, Гі дэ Мапасан, Г.Флабер, А.Франс і інш. У сярэдзіне 19 ст. паэты-«парнасцы» (Ш.Леконт дэ Ліль, Т. дэ Банвіль, Ж.​М.​Эрэдыя і інш.) імкнуліся пераадолець эмацыйны суб’ектывізм рамантыкаў. Ш.Бадлер прыйшоў да сугестыўнай паэтыкі і складанага сімвалічнага вобраза. Блізкія яму эстэт. погляды ў Флабера, які вял. ўвагу звяртаў на формы аповеду. Гратэскавая вытанчанасць літ. тэхнікі характэрна для вершаў у прозе Латрэамона. Імкненне да новага лірызму, сугестыўнага ўплыву — аснова творчасці П.Верлена, С.Малармэ, А.Рэмбо. На грунце іх маст. адкрыццяў узнік сімвалізм, абвешчаны Ж.​Марэасам у «Маніфесце сімвалізму» (1886). Адной з форм рэакцыі на л-ру рамантызму стаў натуралізм. Тэорыя «эксперыментальнага рамана» Э.Заля (раманы «Ругон-Макары») патрабавала навуковасці, дакументалізму, сацыялагічнага і гіст. аналізу. Захапленне тэхн. прагрэсам і гісторыяй цывілізацый — аснова навук.-фантаст. л-ры Ж.Верна, культ.-гіст. твораў І.​Тэна, братоў Ганкураў, Ж.​Э.​Рэнана. У пач. 20 ст. дэкаратыўнасць, «фасаднасць», стылізатарства позняга сімвалізму выявіліся ў творах Г.​Кана, П.​Луі, А.​Самена і інш., спробы вяртання да паэтыкі «парнаскай школы» і класічнай версіфікацыі ў творчасці А. дэ Рэнье, Ш.​Мараса і інш. (раманская школа). Супярэчнасці познасімвалісцкай паэтыкі спрабавалі пераадолець фантазісты з іх камернай лірыкай (Т.​Дэрэм, П.​Ж.​Туле) і унанімісты (Ж.Дзюамель, Ш.​Вільдрак, Ж.​Рамэн), якія дэкларавалі «агульнае жыццё» матэрыяльнага і духоўнага, ідэй і рэчаў. Развівалася прасякнутая рэліг.-гуманіст. матывамі паэзія і драматургія П.​Кладэля, інтэлектуальная паэзія і філас. эсэістыка П.Валеры. У палеміцы з сімвалізмам складваўся літ. авангардызм, паэзія якога адзначана новымі ліра-эпічнымі жанрамі (Г.Апалінэр, Б.​Сандрар) і моўнымі эксперыментамі (М.​Жакоб). Ля вытокаў паэтыкі авангардысцкага т-ра — эпатажныя фарсы А.​Жары. У 1910—20-я г. развіццё раманнага жанру звязана з час. «La nouvelle revue française» («Новы французскі часопіс») і творчасцю А.Жыда, раманы якога сведчылі пра сувязь класічнай традыцыі і мадэрнісцкіх тэндэнцый. Уплывы інтуітывізму, імпрэсіянісцкай паэтыкі і ўнутр. маналога фарміравалі ідыястыль М.Пруета. Мадэрнісцкая тагачасная паэтыка імкнулася да ломкі традыц. фабулы і сюжэта, да кампазіцыйных і стылістычных эксперыментаў.

Рэаліст. тэндэнцыі ў прозе прадстаўлены ў творчасці Р.Ралана, Ж.Рэнара, Франса. Пераадоленне светаадчування дэкадансу выклікала неарамант. тэндэнцыі ў прозе (Ален-Фурнье) і драматургіі (Э.Растан). У пошуках нац. субстанцыі і спрэчках з песімізмам дэкадансу развівалася творчасць М.​Барэса, П.​Буржэ, Мараса і інш. Тэму 1-й сусв. вайны разнастайна распрацоўвалі ў прозе А.Барбюс, А. дэ Мантэрлан, у паэзіі — Ш.​Пегі. Як рэакцыя на духоўны крызіс тагачаснага грамадства ўзнік дадаізм (Т.​Тцара і інш.). Яго эстэт. нігілізм і адсутнасць стваральнай праграмы прывялі ў пач. 1920-х г. да трансфармацыі дадаізму ў сюррэалізм (А.Брэтон).

У сюррэалістычнай паэтыцы і палеміцы з ёй — вытокі маст. своеасаблівасці творчасці паэтаў Л.Арагона, П.Элюара, Р.​Дэсноса, Ф.​Супо і авангардысцкага т-ра («Тэатр Альфрэда Жары», драматургія Р.​Вітрака, «тэатр жорсткасці» А.​Арто). У 1920—30-я г. ў цэнтры ўвагі раманістаў праблема крызісу асобы ў грамадстве. Канцэпцыя «моцнай асобы» развівалася ў творчасці А.Мальро, дэ Мантэрлана; праблемы чалавека і прыроды, патрыярхальнага свету і цывілізацыі прааналізаваны ў творах Ж.​Жыяно. Маштабныя пераўтварэнні ў паэтыцы сямейнага рамана зрабіў Р.Мартэн дзю Гар. Крытыка тагачаснага грамадства з гуманіст. пункту погляду — асн. пафас прадстаўнікоў т.зв. каталіцкага рамана (Ж.Бернанос, Ф.Марыяк, Ж.​Грын). У рэчышчы традыц. паэтыкі развівалася творчасць раманістаў-рэалістаў Вільдрака, Дзюамеля, Ралана, Рамэна. Матывы трагічнага песімізму і філантрапічнасць у мадэрнісцкіх раманах Селіна. Пошук чалавекам свайго сапр. прадвызначэння ў абсурдным свеце ў аснове прасякнутай гуманіст. пафасам л-ры экзістэнцыялізму (Ж.П.Сартр, А.Камю) і міфалагічнага т-ра Ж.Ануя, Ж.​Жыраду. Рэаліст. паэтыкай і нац. традыцыямі вылучылася л-ра Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (паэзія Арагона, Дэсноса, Элюара, проза і публіцыстыка Ж.​Р.​Блока, Мальро, Л.​Мусінака, Г.​Перы). Літ. калабарацыянізм звязаны з трагічнымі ілюзіямі часткі інтэлігенцыі (П.​Дрыё ла Рашэль), пацыфісцкімі настроямі (Жыяно), непрыняццем левых ідэй (дэ Мантэрлан), канфармізмам (Селін). Канец 1940 — пач. 1950-х г. — час росквіту т. зв. ангажыраванай л-ры, якая імкнулася да рэаліст. паэтыкі і левай ідэалогіі, асэнсоўвала духоўны і паліт. вопыт Супраціўлення. Вядучую ролю ў літ. працэсе адыгрываў экзістэнцыялізм (Камю, Сартр і інш.). Рэаліст. проза 1950—70-х г. крытычна асэнсоўвала і засвойвала дасягненні мадэрнізму (Р.​Ваян, Веркор, Р.Гары, А.Лану, Ф.Саган). У палеміцы з ангажыраванай прозай у л-ру ўступіла пакаленне «гусараў» (М.​Дэон, Ж.​Ларан, Р.​Нім’е). 2-я пал. 1950-х — 1960-я г. — перыяд фарміравання і росквіту «антыдрамы» («тэатра абсурду»), прадстаўнікі якой эвалюцыяніравалі ад трагіфарсу да метафізічнай драмы (Э.Іанеска, С.​Бекет), і «антырамана» («новага рамана»). Эксперыменты «новых раманістаў» (Н.Сарот, Х.Сімон, М.​Бютор, А.​Роб-Грые) прадоўжылі пісьменнікі, якія групаваліся вакол час. «Tell quel» («Такі, які»; Ф.​Салерс і інш.). У 1950-70-я г. абнавіліся гіст. раман (М.​Друон, М.​Юрсенар), сямейны (Э.​Базэн, А.​Труая, Ф.​Эрыя), раман-біяграфія (А.Маруа) і інш. Дэмакратызацыя літ. мовы і адстойванне агульначалавечых каштоўнасцей ва ўмовах маргінальнага існавання звязана з творчасцю Ж.​Жэнэ. Узмацніўся сац.-крытычны пафас раманістаў-католікаў (Грын, Ж.​Сесброн), развіваўся «жаночы раман» (С. дэ Бавуар, Б.​Грут), звязаны з фемінізмам. Неаавангардысцкія тэндэнцыі праявіліся ў творчасці пісьменнікаў «Калежа патафізікаў» (раманы Б.Віяна, Р.​Кено).

У 1960-я г. крытычна пераасэнсоўваўся феномен «грамадства спажывання» (Веркор, Ж.​Л.​Кюртыс, Ж.​Перэк і інш.), у 1970-я г. актывізаваліся маст. пошукі ў жанры антыутопіі (Р.Мерль), распрацоўваўся жанр прытчы (Веркор, Ж.М.​Г.​Ле Клезіо, М.​Турнье). Да 1980—1-й пал. 1990-х г. адносяцца маст. дасягненні пісьменнікаў старэйшага пакалення (Ж.​Грак, М.​Дзюра, А.​Пейр дэ Мандзьярг, Сарот, Турнье) і новай плеяды раманістаў (П.​Кіньяр, Ле Клезіо, П.​Мадыяна). У творчасці Ф.​Бегбідэра, С.​Жэрмэн, А.​Макіна, Ж.​Руо спалучэнне тэндэнцый актуальнай культуры (найперш постмадэрнізму) і класічнай раманнай традыцыі. Паэзія 2-й пал. 20 ст. характарызуецца творчай сталасцю лірыкаў, якія пачыналі ў рэчышчы сюррэалізму або ў палеміцы з ім (Э.​Гільвік, Р.​Кено, А.​Мішо, Ф.​Понж, Ж.​Тардзьё, А.​Фрэно, Р.​Шар). Фальклорна-песенную традыцыю прадоўжыў Ж.Прэвер. Маштабныя эпічныя палотны стварыў Сен-Жон Перс. Лірыка 1990-х г. адметная разнастайнасцю паэтыкі і спалучэннем традыцыі і наватарства (І.​Банфуа, А.​Баске, Г.​Гафет, М.​Дэгі, Ж.​Рубо, Ж.​Рэда).

На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: кнігі «Краіна Паэмія» (1962, анталогія франц. паэзіі для дзяцей), «Паэты Парыжскай камуны» (1971), «Французская навела XX ст.» (1992), «З французскай і бельгійскай паэзіі» (1993), творы франц. пісьменнікаў — «Змаганне за агонь» (1929) Рані-Старэйшага, «Розныя факты» (1929) і «Расія» (1931) Барбюса, «Марсельцы» (1931) Ф.​Гра, «Гаўрош» (1931, 1938, 1946), «Казета» (1932, 1937, 1957), «Дзевяноста трэці год» (1937) і «Адвержаныя» (1938) Гюго, «Атака аўтобусаў» (1932) Рамэна, «У Па-дэ-Кале наймаюць рабочых» (1933) І.​Поля, «Жаніцьба Фігаро» (1936) Бамаршэ, «Крэнкебіль» (1936, 1940) і «Богі прагнуць» (1940) Франса, «Кармэн» (1936), «Варфаламееўская ноч» (1938), «Жакерыя: Сцэны з феадальных часоў» (1940) і «Навелы» (1990) Мерымэ, «Базельскія званы» (1937) Арагона, «Прыгоды дагістарычнага хлопчыка» (1937) Э.​Д’Эрвільі, «Песня зямлі» (1937) Жыяно, «80 000 кіламетраў пад вадой» (1937), «Дзеці капітана Гранта», «Таямнічы востраў» (абодва 1938), «З пушкі на месяц», «Пятнаццацігадовы капітан» (абодва 1940) і «За 80 дзён вакол свету» (1941) Верна, «Апавяданні» (1937), «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941) Заля, «Пышка» (1937) і «Навелы» (1987) Мапасана, «Габсек» (1937, 1993) Бальзака, «Тартарэн з Тараскона» (1938) Дадэ, «Мне дваццаць гадоў» (1938) і «Калі сціскаюцца кулакі» (1939) Р.​Беланжэ, «Гарганцюа і Пантагруэль» (1940) Рабле, «Чырвоная Шапачка» (1947, 1979) і «Чарадзейныя казкі» (1993) Перо, «Выбраныя песні» (1960) П.Ж.Беранжэ, «Любіць будзем заўтра» (1960) А.Стыля, «Маленькі прынц» (1969, 1989) і «Планета людзей» (1984) А. дэ Сент-Экзюперы, «Зямны акіян» (1973) Апалінэра, «У месяцавым ззянні» (1974) Верлена, «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974) і «Навелы» (1996) Маруа, «З табой» (1980) Элюара, «Першая справа Мегрэ» (1982) і «Пад страхам смерці» (1992) Ж.Сіменона, «Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк» (1985) Марыяка, «Чужаніца» (1986) Камю, «Мур» (1991) Сартра. Друкаваліся паасобныя творы П.Гамара, П.Куртада, Э.Трыяле, Бадлера, Базэна, Брэтона, Буало, П.​Буля, Веркора, Віёна, Вільдрака, Віяна, Гільвіка, Іанеска, Клавеля, Ларошфуко, Леконт дэ Ліля, Малармэ, Мальера, Мюсэ, дэ Нерваля, Прэвера, Ралана, Роб-Грые, Рэмбо, Саган, Сарот, Сен-Жон Перса, Шэнье, М.​Эмэ і інш. Сярод перакладчыкаў: Э.​Агняцвет, А.​Асташонак, М.​Багдановіч, Р.​Барадулін, Л.​Баршчэўскі, В.​Гардзей, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Лойка, Н.​Мацяш, С.​Мурашка, У.​Палупанаў, Я.​Семяжон, Л.​Філімонава, А.​Хадановіч, Л.​Яўменаў і інш.

Архітэктура. У канцы неаліту і пачатку бронз. веку ў Паўн.-Зах. Ф. ўзводзілі мегалітычныя збудаванні (кромлехі, алеі менгіраў). Гала-рым. помнікі спалучалі элементы стараж.-рым. мастацтва і традыцыі карэннага насельніцтва — кельтаў: каменныя храмы (Нім), т-ры (Арль, Аранж), трыумфальныя аркі (Аранж, Нім), грабніцы (Сен-Рэмі), акведукі (т.зв. Пон-дзю-Гар каля Німа). У раннім сярэдневякоўі ўзводзілі базілікі ў Ліёне, Клермон-Феране (470); у перыяд меравінгаў (5—8 ст.) — баптыстэрыі і 3-нефавыя базілікі (Венаск, Пуацье і інш.). У перыяд «каралінгскага адраджэння» пабудаваны шматлікія комплексы кляштараў. У 10—12 ст. на аснове каралінгскага мастацтва развіўся раманскі стыль. Сфарміраваўся сярэдневяковы горад з нерэгулярнай забудовай, вузкімі вуліцамі, 2—3-павярховымі дамамі, якія мелі адкрытыя аркады для крам і майстэрняў. Узводзіліся абарончыя замкі з данжонамі і цытадэлі (Каркасон). Узніклі першыя ратушы (Сент-Антанен), арачныя масты (Сен-Бенезэ ў Авіньёне). У архітэктуры сабораў выкарыстоўвалі часаны камень, падпружныя аркі, контрфорсы, цыліндрычныя скляпенні (саборы Клюні-3 у Клюні, 1088—12 ст., Нотр-Дам-дзю-Пор у Клермон-Феране, 1170). Базілікальныя пабудовы набылі ў плане выгляд лац. крыжа, дапаўняліся капліцамі, хорам з вянком капэл, купаламі, вежамі і інш. У Нармандыі і Шампані храмы звычайна лаканічныя і сціплыя па вонкавым выглядзе і дэкоры, у Лангедоку нагадвалі крэпасці, у Аверні аздабляліся багатай паліхромнай муроўкай, у Правансе мелі пышнае скульпт. ўбранне на парталах, захоўвалі ант. традыцыі; храмы Бургундыі мелі выразныя скульпт. кампазіцыі тымпанаў парталаў. У сярэдзіне 12 ст. ў гарадах Паўн. Ф. зарадзілася готыка. Разрасталіся, умацоўваліся і перабудоўваліся старыя гарады; новыя ўзводзілі на рэгулярнай аснове; яны мелі прамавугольную сетку вуліц, шчыльную забудову, 2 гал. плошчы — саборную і рыначную. Гал. гар. збудаваннем стаў сабор, які ў Ф. набыў класічныя формы: 3—5-нефавая базіліка з трансептам і паўкруглым абыходам хору, вянком капэл, высокім і прасторным інтэр’ерам, 2-вежавым зах. фасадам з 3 перспектыўнымі парталамі, акном-ружай у цэнтры. Сярод узораў: Ам’енскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, саборы абацтва Сен-Дэні (1137—44), у Сансе (каля 1140), Сен-П’ер у Бавэ (з 1227), капэла Сент-Шапель у Парыжы (1243—48) і інш.

Готыка Паўд. Ф. мела аскетычны абарончы характар (сабор-крэпасць Сент-Сесіль у Альбі, з 1282). У духу позняй («палымянай») готыкі сабор Сен-Маклу (1434—70), Палац правасуддзя (1499—1509) у Руане і інш. Замкі ператваралі ў багата аздобленыя ўнутры палацы (папскі палац у Авіньёне, 14 ст.; замак П’ерфон, 1390—1420). У 15 ст. ўзнік тып багатага гар. дома — атэля (дом Жака Кёра ў Буржы, 1443—51). З 2-й пал. 15 ст. пачалося фарміраванне архітэктуры рэнесансу. Ён выявіўся ва ўрачыста-імпазантных пабудовах каралеўскіх і дваранскіх замкаў, функцыянальна прадуманых і мудрагеліста аздобленых гар. асабнякоў: замкі Амбуаз (1492—98), Гаён (1501—10), Шамбор (1519—37), у Блуа, Віландры (каля 1532), комплекс Фантэнбло, будынак новага Луўра ў Парыжы. Вылучалася творчасць архітэктараў Н.​Башэлье, Ф.Дэлорм, П.Леско, Ж.А.Дзюсерсо. Архітэктура класіцызму 17 ст. развівалася ў сувязі з буд-вам гар. і загарадных ансамбляў. рэзідэнцый караля і знаці, асабнякоў. Парыж упрыгожыўся плошчамі Дафіна, Вагезаў, Перамог, Вандомскай (абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар); гал. магістраллю — Елісейскія палі (арх. А.​Ленотр). Пабудаваны класіцыстычныя палац Пале-Раяль (арх. Ж.​Лемерсье), усх. фасад Луўра (арх. К.Перо), сабор Сент-Жэнеўеў, Дом інвалідаў з саборам (1671—1708, паводле інш. звестак, 1680—1706) у Парыжы (цяпер пантэон; арх. Ж.Ж.Суфло), грамадскія цэнтры, масты і інш. Узор франц. палацава-парк. ансамбля — Версаль.

У 1671 створана Каралеўская акадэмія архітэктуры, якая рэгламентавала эталоны высокага стылю. У 18 ст. інтэр’еры багатых асабнякоў аздаблялі ў стылі ракако (атэль Субіз у Парыжы). У горадабуд. практыцы развіваліся прынцыпы параднай планіроўкі, пракладкі прамянёвых вуліц, стварэння анфілад плошчаў у стылі барока (ансамбль 3 плошчаў у Нансі, арх. Э.​Эрэ дэ Карні). У пач. 19 ст. пашырыўся стыль ампір: саборы ў выглядзе стараж.-грэч. храмаў, трыумфальныя аркі (у Парыжы на пл. Карузель, Вандомская калона на аднайм. плошчы). У 2-й пал. 19 ст. вяліся рэканструкцыі гарадоў на ўзор Парыжа (Ам’ен, Арлеан, Нант, Тулуза і інш.), разбіты скверы і лесапаркі (Булонскі, Венсенскі). Пабудовы набылі характар эклектыкі (арх. Э.​Віяле-ле-Дзюк, А.​Лабруст). Выкарыстоўваліся жал. каркасныя канструкцыі; з’явіліся новыя тыпы грамадскіх і тэхн. збудаванняў — крытыя рынкі, універсальныя магазіны, фабрычныя карпусы, пасажы, выставачныя павільёны і інш. Вылучаліся Эйфелева вежа, акведук у Гарабі (абодва інж. А.Г.Эйфель), б-кі Сент-Жэнеўеў і Нац. (абедзве арх. Лабруст). Узор гарманічнага і канстр. стылю ар нуво (мадэрн) — станцыі метрапалітэна ў Парыжы (арх. Э.​Гімар). У 1920-я г. пашырыўся франц. варыянт канструктывізму на прынцыпах арх. Ле Карбюзье. Пакладзены пачатак функцыяналізму ў горадабудаўніцтве, вызначаны эстэтыка новых матэрыялаў, імкненне да шматпавярховай забудовы, рытмічных вырашэнняў геам. форм (арх. Т.​Гарнье, А.Перэ і інш.). У 1950-я г. адбылася чарговая рэканструкцыя гарадоў у духу гіст. рэмінісцэнцый (Ам’ен, Тур і інш.). Жыллёвае буд-ва вялося паводле прынцыпаў стварэння свабодна скампанаваных жылых масіваў і вежападобных дамоў (г. Мурэнс у дэпартаменце Атлантычныя Пірэнеі, арх. Р.​Кулон і інш.), прамысл. пасёлках і на перыферыі. У 1960—80-я г. вял. буд-ва разгарнулася ў Парыжы і яго прыгарадах. Найб. значны з парыжскіх комплексаў — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс (з 1964), які ўключае каля 30 канторскіх вежаў на 30 і 45 паверхаў, дзе ўжыты каляровае шкло, граніт і інш. У праектаванні гар. асяроддзя акрамя архітэктараў удзельнічаюць жывапісцы, графікі, скульптары, дэндролагі, дызайнеры, майстры ландшафтнай архітэктуры. Сярод значных пабудоў будынак ЮНЕСКА, Нац. цэнтр. мастацтва і культуры імя Ж.​Пампіду, форум Цэнтр. рынку ў Парыжы. Распрацаваны урбаністычны план развіцця гар. інфраструктуры. Сучасная франц. архітэктура — адна з вядучых у Еўропе.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З позняга палеаліту на тэр. Ф. захаваліся каменныя і касцяныя схематычныя выявы жанчыны-маці і скульптуркі жывёл; з канца неаліту і пач. бронзавага веку — саркафагі і надмагільныя рэльефы, у якіх элементы стараж.-рым. мастацтва спалучаліся з мясц. рысамі, якія ўзыходзяць да мастацтва кельтаў. У 8—9 ст. выкананы выдатныя ўзоры разьбы па косці. У 10—12 ст. развіваўся раманскі стыль у скульптурным афармленні тымпанаў і парталаў храмаў, у манум. размалёўках і кніжнай мініяцюры. Вытанчанай стылізацыяй і пышнасцю дэкору вылучаліся тагачасныя ювелірныя вырабы, ліможская эмаль, тканіны і вышыўка (дыван з Баё, канец 11 — пач. 12 ст.). Высокай маст. дасканаласцю вылучалася гатычная скульптура сабораў у Шартры, Ам’ене, Рэймсе. У перыяд готыкі пашырыліся вітраж, фрэскі з элементамі свецкіх сюжэтаў. Пад уплывам нідэрландскага і італьян. мастацтва развіваўся станковы жывапіс. Імкненне да перадачы жыццёвай верагоднасці ўласціва творчасці братоў Лімбург. Жыццярадасны і вытанчаны стыль франц. Адраджэння найб. ярка выявіўся ў творах Ф.Клуэ і Ж.Фуке, Карнеля дэ Ліён. Італьян. маньерызм значна паўплываў на творчасць майстроў двух школ Фантэнбло. У скульптуры гуманіст. ідэалы Адраджэння ўвасобіліся ў работах Ж.Гужона. Супярэчлівасці Позняга Адраджэння і драматызм выявіліся ў работах Ж.Пілона. У канцы 16 — пач. 17 ст. на чале афіц. жывапісу стаяў С.​Вуэ, які эклектычна спалучаў рым. барока, акадэмізм балонскай школы і маньерызм школы Фантэнбло. Гэтаму кірунку процістаялі жывапісцы, якія адлюстроўвалі паўсядзённы побыт чалавека (Ж. дэ Латур, браты Ленэн, Валантэн). Ж.Кало ствараў афорты, у якіх спалучаў сац. назіранні з элементамі фантаст. гратэску. У жывапісе 2-й пал. 17 ст. важная роля належала класіцызму, гал. прадстаўнікамі якога былі Н.Пусэн і пейзажыст К.Ларэн; у скульптуры Ф.Жырардон, А.​Куазевокс, П.​Пюжэ. Заканадаўцам «вял. стылю» стаў Ш.Лебрэн, які кіраваў работамі па ўпрыгожанні палацаў Парыжа і Версаля. Склаўся і новы тып рэпрэзентатыўнага партрэта (Г.​Рыго, Н.​Ларжыльер), які паўплываў на развіццё еўрап. партрэта. Багаццем і параднасцю вылучалася дэкар.-прыкладное мастацтва (інкруставаная мэбля А.Ш.Буля, шпалеры, ювелірныя вырабы). У выяўл. мастацтве 18 ст. вызначальнай стала творчасць А.Вато. Вытанчанасць яго твораў стала асновай стылю ракако, які пачаў складвацца ў 1720—30-я г. ў творчасці Ф.Бушэ, К.​Ванлоо, Н.Ланкрэ.

У скульптуры пач. 18 ст. побач з традыцыямі манум. палацавай школы Версаля (Э.​Бушардон, Г.​Кусту) росквіту дасягнула ракайльная пластыка (Ж.​Б.​Лемуан і інш.). Дэмакр. погляды ўвасобіліся ў лірыка-эмацыянальных карцінах Ж.Б.С.Шардэна, партрэтах М.​К.​Латура, лірычных вобразах Ж.​Б.​Перано. У сярэдзіне-18 ст. кірунак маральнага сентыменталізму распрацоўваў Ж.Б.Гроз, У жанры пейзажа працавалі Ю.Рабер, Ж.​Вернэ, Ж.А.Фраганар. У 2-й пал. 18 ст. пачаў складвацца сталы класіцызм у творчасці Ж.​М.​В’ена, Ж.А.Гудона, Ж.Б.Пігаля, Э.М.Фальканэ. У жывапісе пафас класіцызму і рэв. гучанне ўласцівы творам Ж.Л.Давіда. У пач. 19 ст. класіцызм стаў салонна-акад. стылем (П.​Н.​Герэн, Ф.​Жэрар). Яму процістаяў рамантызм, рысы якога выявіліся ў творах А.Гро і дасягнулі росквіту ў творчасці Л.Жэрыко, Ж.А.Д.Энгра, Э.Дэлакруа. У скульптуры прынцыпы рамантызму найб. яскрава ўвасоблены Ф.Рудам, А.​Л.​Бары, П.​Ж.​Давідам д’Анжэ. Развівалася салоннае мастацтва (Т.​Куцюр і інш.). У творчасці О.​Вернэ, П.Дэлароша, Э.​Месанье пераважалі рамант. эфекты і меладраматычныя гіст. карціны. Сац.-крытычны кірунак пашыралі А.Дам’е, П.​Гаварні. Дасягнуў росквіту пейзажны жывапіс, асабліва ў творчасці мастакоў барбізонскай школы і К.Каро. Рэаліст. кірунак развівалі Дам’е, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле. У канцы 19 ст. ў цэнтры ўвагі маст. жыцця сталі прадстаўнікі імпрэсіянізму: Э.Дэга, К.Манэ, Э.Манэ, А.Рэнуар; яркім яго прадстаўніком у скульптуры быў А.Радэн. Асн. кірункамі канца 19 — пач. 20 ст. сталі постімпрэсіянізм (П.​Гаген, В. ван Гог, П.Сезан, А.Тулуз-Латрэк), неаімпрэсіянізм (Ж.Сёра, М.Сіньяк), сімвалізм (М.Дэні, Г.​Маро, А.Рэдон, П.​Пюві дэ Шаван). У гэты час з’явіўся плакат (Тулуз-Латрэк). Мастацтву 20 ст. ўласцівы хуткая змена новых, а таксама суіснаванне розных маст. кірункаў, часта процілеглых па ідэйна-маст. устаноўках. Каля 1905 узнік фавізм на чале з А.Матысам, у 1907 — кубізм (Ж.Брак, П.Пікасо і інш.), у 1914—18 — сюррэалізм. Сувязь кубізму і тагачаснай тэматыкі характэрна для творчасці Ф.Лежэ, А.​Глез, М.​Метсенжэ і інш. Лідэрам дадаізму стаў М.​Дзюшан. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся розныя кірункі абстрактнага мастацтва (А.​Манесье, П.​Сулаж і інш.), узніклі оп-арт (В.​Вазарэлі), поп-арт, кінетычнае мастацтва. Развіваліся плакат (Ж.​Карлю, Ж.​Пікар-Леду і інш.), графіка (цыклы Ж.​Эфеля і інш.). У 1940—50-х г. развіваўся неарэалізм (А.​Фужэрон, Б.​Тасліцкі і інш.), вылучалася творчасць Пікасо. Шматлікія замежныя мастакі склалі т.зв. парыжскую школу (А.Мадыльяні, Х.Суцін, М.Шагал, Ж.​Пасхін і інш.). Творчасць найбуйнейшых мастакоў звязана з гуманіст. ідэаламі, верай у каштоўнасць чалавечага быцця. Традыцыі гуманіст. мастацтва адчувальныя ў творчасці Э.​А.​Бурдэля, гарманічна ўраўнаважаных скульптурах А.Маёля, партрэтах Ш.Дэсп’ё і інш. З 1970-х г. у выяўл. мастацтве назіраецца пошук новых сродкаў выразнасці з улікам назапашанага творчага вопыту.

Музыка. Вытокі муз. мастацтва Ф. ў фальклоры стараж. гальскіх (кельцкіх) і франкскіх плямён. Носьбітамі муз. традыцый былі вандроўныя музыканты-жанглёры. Для нар. песень характэрны вытанчаная і гнуткая мелодыка, 2- і 3-дольныя памеры, распаўсюджаны метр ​6/8. Пераважаюць натур. лады мажор і мінор. Сярод стараж. нар. танцаў хараводы, групавыя і парныя танцы (жыга, бурэ, рыгадон, фарандэль, бранль і інш.). Значнае месца належала царк. музыцы: у 4 ст. ўзніклі мясц. формы хрысц. службы, у 8—9 ст. — грыгарыянская літургія. Цэнтрамі прафес. духоўнай, часткова і свецкай, муз. культуры былі кляштары, пры якіх існавалі пеўчыя школы (метрызы). У 12—13 ст. склалася гарадское муз. мастацтва (Адам дэ ла Аль). У феад. замках у 11—14 ст. было пашырана мастацтва трубадураў і трувераў. З 14 ст. ўзнік кірунак Арс нова. У 15—16 ст. вядучымі сталі кампазітары франка-флам. школы (І.​Акегем, Жаскен Дэпрэ, Г.​Дзюфаі, К.​Жанекен, А.Ласа, Я.​Обрэхт). З канца 15 ст. фарміраваліся асновы нац. музыкі, вядучы жанр — шансон. У канцы 16 ст. пачала складвацца арганная школа (Ж.​Тытлуз). У 17 ст. росквіт інстр. школ: лютневая (Д.​Гацье), клавесінная (Л.​Куперэн, Ж.​Шамбаньер), віёльная (М.​Марэ); узнік жанр франц. інстр. сюіты. У 17—18 ст. пачалі развівацца опера (сярод першых нац. опер «Трыумф кахання» З.​Жаке дэ ла Гера, паст. 1654; «Пастараль» Р.​Камберу і П.​Перэну, паст. 1659), балет. У 1661 засн. «Каралеўская акадэмія танца», у 1671 — т-р «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» (гл. Парыжская опера). Заснавальнік нац. опернай школы Ж.Б.Люлі. У 18—19 ст. вядучы жанр — опера (Ф.Абер, А.Адан, Ж.Бізэ, Ф.​Галеві, Ф.​Герольд, Ш.Гуно, Л.Дэліб, Ж.Маснэ, Дж.Меербер, Ж.Ф.Рамо, А.​Тама і інш.). Сярод прадстаўнікоў інш. жанраў: скрыпач Дж.Б.Віёці, клавесіністы Ж.​Ф.​Дандрыё, Ф.Куперэн, Рамо. У перыяд франц. рэвалюцый значнае месца належала масавым жанрам: песні («Карманьёла»), гімнам («Марсельеза» Х.Ж.Ружэ дэ Ліля, «Інтэрнацыянал» П.Дэгейтэра), маршу; да іх звярталіся таксама Ф.Ж.Гасек, Ж.​Ф.​Лесюэр, Э.​Мегюль. У 1795 засн. Парыжская кансерваторыя.

У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся жанр аперэты (Ж.Афенбах, Ш.​Лекок, Р.​Планкет, Ф.​Эрвэ і інш.). У прапагандзе музыкі значная роля належала Нац. муз. т-ву (1871). Сярод муз. дзеячаў 19 ст.: кампазітары Г.Берліёз, К.Сен-Санс, С.Франк, В. д’Эндзі; скрыпачы П.М.​Ф.​Блё, Р.Крэйцэр, П.​Радэ; піяністы Л.​Дзьемер, А.​Мармантэль; арганісты Ш.М.Відор, Франк; спевакі Д.Арто, С.​Галі-Мар’е, Ж.​Л.​Дзюпрэ, Ж.​Л.​Ласаль, В.​Марэль, А.​Нуры. Значную ролю ў муз. жыцці Ф. адыгралі «Гіст. рус. канцэрты», арганізаваныя С.​Дзягілевым (1907), «Рускія сезоны». Асновы сучаснай музыкі закладзены на мяжы 19—20 ст. Уклад у муз. мастацтва Ф. 20 ст. зрабілі: кампазітары П.​Дзюк, А.​Дзютые, К.Дэбюсі, Ж.​Както, М.​Ландоўскі, А.Месіян, Э.Саці, Ж.​Франсэ; творчая садружнасць «Шасцёркі»; дырыжоры С.​Бадо, А.​Клінтэнс, П.​Манцё, А.​Маркевіч, Ж.​Мартынон, Ш.​Мюнш; піяністы А.​Карто, М.Лонг, І.​Нат; скрыпачы Ж.​Невё, З.​Франчэскаці, Ж.Цібо; спевакі Д.​Дзюваль, Р.​Крэспен, Л.​Понс; шансанье Ш.Азнавур, Ж.​Брасенс, Дж.Дасэн, І.Мантан, М.Мацьё, Э.Піяф, М.​Шэвалье і інш.; балетмайстар М.Бежар. У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся ўплывы авангардызму: дадэкафонія, серыяльнасць. электронная музыка, алеаторыка (П.Булез, Я.Ксенакіс, П.​Шэфер і інш.). Папулярныя джаз, франц. рок, вар’етэ, рэп (Ж.​Брэль, Ж.​Веко, Ф.​Лафантэн, Ш.​Трэнэ, К.​Франсуа і інш.). Дзейнічаюць (2002): т-ры Парыжская опера, Парыжская оперная студыя (з 1973), Парыжскі муз. т-р (1981) і інш.; аркестры — сімф. Нац. Францыі (1934), Нац. Франц. радыё і тэлебачання (1937), Парыжскі (1967), Новы філарманічны Франц. радыё (1976), «Ансамбль Інтэркантампарэн», камерныя аркестры і ансамблі (усе ў Парыжы); Ін-т музыказнаўства пры Парыжскім ун-це; Ін-т даследаванняў і каардынацыі муз.-акустычных праблем пры Нац. цэнтры мастацтваў і культуры імя Ж.​Пампіду (з 1975). Праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў і скрыпачоў імя М.​Лонг-Цібо (з 1946), вакалістаў (г. Тулуза, з 1954), маладых дырыжораў (г. Безансон, з 1951) і інш. У Парыжы знаходзіцца Міжнар. муз. савет пры ЮНЕСКА. У 1977 створаны Нац. саюз кампазітараў.

Тэатр. Вытокі франц. т-ра ў нар. карнавалах, выступленнях вандроўных акцёраў і музыкантаў — жанглёраў, вагантаў. У 9—10 ст. зарадзілася літургічная драма, у 13 ст. — міраклі, у 14 ст. — містэрыі. У 1548 у Парыжы пабудавана першае тэатр. памяшканне «Бургундскі атэль». З 1599 у ім працавала першая прафес. тэатр. трупа В.​Леконта. У 17—18 ст. развіццё франц. т-ра вызначала эстэтыка класіцызму (драматургі П.​Карнель, Ж.​Расін, Мальер). У 1680 арганізаваны т-р «Камеды Франсэз», які развіваў сцэн. прынцыпы Мальера (акцёры М.Барон, А.Лекуўрор).

Цэнтр. месца ў рэпертуары т-ра перыяду Асветніцтва займалі трагедыі Вальтэра, мяшчанскія драмы Д.​Дзідро. Сярод акцёраў А.Лекен, Ж.​Афрэн, Ж.​Брызар, Ж.​Дазенкур, Ж.​Дзюгазон, І.​Клерон, Ф.​Мале. Франц. рэвалюцыя сцвердзіла гераічнае мастацтва (акцёр Ф.Ж.Тальма). У 1791 пасля прыняцця Устаноўчым сходам «Дэкрэта пра свабоду тэатраў» у Парыжы ўзніклі 19 т-раў. У 1-й пал. 19 ст. значную ролю адыгралі «тэатры бульвараў» («Амбігю камік», «Гетэ́», «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Фюнамбюль» і інш.), павялічылася колькасць правінцыяльных т-раў. Ставіліся п’есы В.​Гюго, Дзюма-бацькі, Ф.​Піа, А. дэ Бальзака і інш. Сфарміравалася нац. мастацтва акцёраў вадэвіля: В.​Дэжазэ, Ш.​Г.​Пацье, Ж.​Ш.​Адры. Буйнейшыя рамант. акцёры: М.Дарваль, Ж.Б.Дэбюро, Э.Рашэль, Фрэдэрык-Леметр, П.​Бакаж. На мяжы 19—20 ст. працавалі акцёры С.Бернар, Б.К.Каклен, Ф.​Э.​Го, Ж.​Мунэ-Сюлі. Рэфарматар франц. сцэны А.Антуан — прапагандыст школы натуралізму Э.​Заля. У пач. 20 ст. ствараўся нар. т-р, тэарэтыкам якога быў Р.​Ралан. Пашырыўся ўплыў сімвалізму, праграму якога эксперыментальна сцвярджаў «Тэатр дэз Ар» (1910, кіраўнік і рэж. Ж.​Рушэ). Наватарствам адзначана творчасць Ж.Капо, стваральніка паэт. т-ра «В’ё каламб’е», які спалучаў сцэн. ўмоўнасць з псіхалагізмам. Супярэчлівую атмасферу 1920—30-х г. перадавалі ў сваіх пастаноўках рэжысёры т-ра «Картэля» Г.Баці, Ш.Дзюлен, Л.Жувэ, Ж.​Пітоеў (гл. ў арт. Пітоевы). Значнае месца ў тэатр. жыцці Ф. 1930-х г. заняў Нац. нар. т-р, арганізатар якога рэж. і акцёр Ф.Жэм’е імкнуўся ажыццявіць на практыцы прынцыпы нар. т-ра Ралана.

З 2-й пал. 1940—1-й пал. 1950-х г. створана шырокая сетка драм. цэнтраў і дамоў культуры з тэатр. трупамі. З’явіліся т-ры ў Ліёне, Грэноблі, Тулузе, Кане, Бардо, Страсбургу і інш. Сярод акцёраў і рэжысёраў: А.Барсак, П.Брасёр, Ж.Вілар, Ж.Філіп, Б.​Баві, Ж.Л.Баро, Б.​Брэці, П.​Дзюкс, Ж.​Іанель, М.​Казарэс, Ж.​Меер, Ж.​Русіён, М.​Рэно, Л.​Сенье, С.​Флон. У 1950-60-я г. значную ролю адыграў «тэатр абсурду» (рэж. Н.​Батай, Р.​Блен, Ж.​М.​Серо). Уклад у сцэн. мастацтва 1970—80-х г. зрабілі рэжысёры Баро, Ж.​Вільсан, А.​Вітэз. У 1980-я г. павялічылася колькасць незалежных тэатр. калектываў (больш за 1 тыс.). У Ф. (2000) дзейнічае 42 нац. драм. цэнтры, 170 тэатр. труп на кантрактах, 398 — на дзярж. датацыі. Вядуцца пошукі ва ўсталяванні новых узаемаадносін паміж гледачом і акцёрам, у выпрацоўцы стылю акцёрскай ансамблевай ігры і засваенні новай сцэн. прасторы па-за межамі традыц. тэатр. пляцоўкі. Нац. тэатр. традыцыі працягвае старэйшы т-р «Камеды Франсэз», працуюць т.зв. т-ры бульвараў, «Тэатр дэ ла Калін», «Тэатр дэ ла Бастый», «Тэатр дэ ла Сітэ Інтэрнасьёналь», «Тэатр дэ л’акварыум», «Мальер-мэзон дэ ла паэзі», «Буф дзю Нор», «Адэон» (т-р Еўропы), «Картушэры дэ Венсен», «Пары віет» у Парыжы, «Тэатр дзю пор дэ ла люн» у Бардо, «Тэатр Саламандры» ў Лілі, «Тэатр Амандзье» ў Нантэры, Новы т-р у Ніцы, «Тэатр дэ ла сітэ», юнага гледача ў Ліёне, Нац. т-р у Страсбургу, а таксама т-ры ў Марселі, Віёрбане, Манпелье, Жэнвілье і інш. Сярод рэжысёраў П.​Брук, Ж.​Бурдэ, Ж.​П.​Венсан, Ж.​Лавадан, Х.​Лавелі, Ж.​Ласаль, М.​Марэшаль, А.​Мнушкін, Д.​Мегік, Ж.​Надж, Ж.​Нішэ, Л.​Паскуаль, Р.​Планшон, Б.​Сабель, Ж.​Савары, П.​Шэро і інш. Праводзяцца міжнар. тэатр. фестывалі, найб. вядомы з якіх Авіньёнскі.

Кіно. Ф. — радзіма кінематографа: 25.12.1895 браты Люм’ер упершыню публічна прадэманстравалі праграму са сцэнак, знятых з натуры. Ж.​Мельес пабудаваў першую кінастудыю, дзе зняў сотні ігравых стужак, пераважна феерый («Падарожжа на Месяц», 1902), і развіў магчымасці кіно як відовішча. З 1896 працавалі фірмы «Патэ Фрэр» і «Гамон», гал. прадукцыяй якіх былі драм. сцэны, павучальныя гісторыі, ілюстрацыі да Бібліі, фарсы. Кінафірма «Фільм д’Ар» (створана ў 1908) імкнулася надаць кіно высакароднасць і прыцягнула да ўдзелу ў стварэнні фільмаў літаратараў і акцёраў т-ра «Камеды Франсэз». Да 1914 Ф. — лідэр сусв. кінематографа. Поспехам карысталіся шматсерыйныя стужкі, напр., «Фантамас» (1913—14, рэж. Л.​Фёяд). У 1-ю сусв. вайну кінавытворчасць скарацілася, адчувальнай стала канкурэнцыя з Галівудам. Пасля вайны здымаліся дарагія суперфільмы («Тры мушкецёры», 1921, рэж. А.​Дыяман-Бержэ), маштабныя праекты («Напалеон», 1924—27, рэж. А.​Ганс). Маладое пакаленне франц. кінематаграфістаў імкнулася зрабіць кіно сапр. мастацтвам, вяло пошукі ў рэчышчы авангардысцкіх эксперыментаў. Прадстаўнікі ранняга авангарду, або «кінаімпрэсіянізму» (1919—24; Л.​Дэлюк, Ж.​Дзюлак, МЛ’Эрб’е, Ж.​Эпштэйн, Ганс), бачылі ў кіно сродак суб’ектыўнага бачання, лірычнага самавызначэння. Позні, або ўласна кінаавангард (1924—30), уключаў кубісцкія, футурысцкія, дадаісцкія і інш. матывы з устаноўкай на элітарнасць, чысты эксперымент, выкарыстанне фармальных прыёмаў (М.​Рэй, Ф.​Лежэ, А.​Шамет і інш.). Значным быў сюррэалісцкі напрамак («Андалузскі сабака», 1928, «Залатое стагоддзе», 1930, рэж. абодвух Л.Буньюэль). Рэж. Р.Клер пачынаў як авангардыст («Антракт», 1924), пазней працаваў пераважна як камедыёграф («Саламяны капялюш», 1927; «Пад дахамі Парыжа», 1930). Са з’яўленнем гуку франц. кіно засвойвала новыя сродкі выразнасці. Трывога, сум і непакой у грамадстве напярэдадні 2-й сусв. вайны адлюстраваны ў плыні паэт. рэалізму. Яе папярэднікам быў Ж.Віго («Аталанта», 1934), а вядучымі прадстаўнікамі Ж.​Фейдэр («Вялікая гульня», 1934), Ж.​Дзювіўе («Пэпе ле Мока», 1937), М.Карнэ («Набярэжная туманаў», 1938) і інш. Своеасаблівай пазіцыяй і творчай манерай вылучаўся рэж. Ж.Рэнуар («Вялікая ілюзія», 1937; «Правілы гульні», 1939, і інш.). У час ням.-фаш. акупацыі нац. кінавытворчасць кантралявалі гітлераўцы, аднак франц. рэжысёрам удавалася ствараць цікавыя фільмы: «Вячэрнія наведвальнікі» (1942, рэж. Карнэ), «Неба належыць вам» (рэж. Ж.​Грэміён), «Воран» (рэж. А.​Ж.​Клузо, абодва 1943). Сцвярджэннем велічы нац. культуры стала стужка «Дзеці райка» (1944, рэж. Карнэ). Тэме вайны прысвечаны фільмы Р.Клемана «Бітва на рэйках» (1946), «Забароненыя гульні» (1952). У канцы 1940-х — 1950-я г. працавалі пераважна майстры старэйшага пакалення: Клер («Прыгажосць д’ябла», 1950; «Вялікія манеўры», 1955), Рэнуар («Залатая карэта», 1953; «Французскі канкан», 1954); экранізавалася класіка («Пармскі манастыр», 1947, рэж. Крысціян-Жак; «Тэрэза Ракен», 1953, рэж. Карнэ); папулярныя жанры «фільмаў плашча і шпагі», крымінальныя стужкі, камедыі. Асобнае месца займалі філас. творы Р.Брэсона («Дзённік сельскага святара», 1951; «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк», 1956). З 2-й пал. 1950-х г. сталі яўнымі прыкметы застою. Маладыя кінематаграфісты Ф.​Труфо, Ж.Л.Гадар, Л.​Маль, Э.​Рамер і інш., аб’ядналіся вакол час. «Cahiers du cinéma» («Дзённікі кіно»), дзе выпрацоўвалі прынцыпы індывід. аўтарскага падыходу.

Абнаўленне франц. кіно пачалося з дакументалістыкі («Герніка», 1949, «Ноч і туман», 1956, рэж. А.​Рэнэ, і інш.). З выхадам у 1959 фільмаў «400 удараў» (рэж. Труфо), «На апошнім дыханні» (рэж. Гадар), «Хірасіма, любоў мая» (рэж. Рэнэ) пачалася т.зв. новая хваля ў франц. кіно, дасягненні якога ўзбагацілі і сусв. кінематограф. На мяжы 1950—60-х г. дэбютавалі каля 100 рэжысёраў. Змены ў кінатэхніцы далі магчымасць здымаць на натуры і ў звычайных памяшканнях (а не ў павільёнах) без дадатковага асвятлення, што абумовіла патаненне кінавытворчасці. Змест і мова кіно змяніліся пад уплывам экзістэнцыялізму, т.зв. новага рамана, прыёмаў тэлерэпартажаў і некаторых узораў амер. жанравага кіно. Як і раней, паасобку стаяла творчасць Брэсона («Кішэннік», 1959; «Выпадкова, Бальтазар», 1966; «Мушэт», 1967; «Грошы», 1983). Крызіс «новай хвалі» супаў з паражэннем «маладзёжнай рэвалюцыі» 1968. У 1970-я г. характэрны зварот рэжысёраў да падзей 2-й сусв. вайны, часам і іх пераасэнсавання: «Лакомб Люсьен» (1974, рэж. Маль), «Старая стрэльба» (1975, рэж. Р.​Энрыко) і інш. У жанры паліт. фільма працавалі рэжысёры Коста-Гаўрас («Дзета», 1969), І.​Буасэ («Замах», 1972). Сац.-псіхал. драмы здымалі Б.​Тавернье («Суддзя і забойца», 1976; «Прамы рэпартаж пра смерць», 1980), К.​Сатэ («Дробязі жыцця», 1970; «Простая гісторыя», 1978) і інш. Найб. прыкметнымі дэбютамі сталі стужкі «Якія вальсуюць» (1974, рэж. Б.​Бліе) і «Чорнае і белае ў колеры» (1976, рэж. Ж.​Ж.​Ано). У 1980-я г. ў франц. кіно з’явілася «новая новая хваля», якая характарызавалася як постмадэрнісцкая, неабарочная, неаманьерысцкая: рэжысёры Ж.​Ж.​Бенекс («Дзіва», 1981; «37,2 раніцамі», 1986), Л.​Каракс («Хлопец сустракае дзяўчыну», 1984; «Дурная кроў», 1986; «Палюбоўнікі з Новага моста», 1992), Л.​Бесон («Падземка», 1985; «Нікіта», 1990). У 1990-я г. ажыццёўлены суперпраекты, прысвечаныя нац. гісторыі («Палюбоўнік», 1991, рэж. Ано; «Індакітай», 1992, «Усход-Захад», 1999, рэж. абодвух Р.​Варнье; «Каралева Марго», 1994, рэж. П.​Шэро). Развіваецца жанравае кіно, у т. л. з выкарыстаннем новых тэхналогій («Пяты элемент», 1997, рэж. Бесон; серыя пра Астэрыкса і Абелікса, рэж. К.​Зідзі; «Відок» 2001, рэж. Пітоф; «Амелі», 2001, рэж. Ж.​П.​Жэнэ). Захоўвае і развівае традыцыі нац. кінамастацтва аўтарскае кіно (А.​Асаяс, Ф.​Азон, Б.​Дзюмон, Ж.​Дуаён, К.​Дэні, С.​Калар, М.​Касавіц, Д.​Моль). Сусв. вядомай стала акцёрская школа франц. кіно: І.​Аджані, Д.​Атэй, Б.Бардо, Р.​Барынжэ, Ж.​Бінош, Ж.П.Бельмандо, Бурвіль, Ж.Габэн, Д.​Дар’ё, А.Дэлон, К.Дэнёў, Ж.Дэпардзьё, А.Жырардо, М.Ліндэр, І.Мантан, М.​Марган, С.​Марсо, Ж.Марэ, Ф.​Нуарэ, М.​Пікалі, П.Рышар, Ж.​Рэно, С.Сіньярэ, Ж.​Л.​Трэнтыньян, Фернандэль, Ж.Філіп, Л. дэ Фюнес, Р.​Шнайдэр, І.​Юпер і інш. Сучаснае кіно Ф. — адзінае ў Еўропе, якое захавалася як прыкметная цэласная культурная з’ява дзякуючы развітай і арганізаванай кінапрамысловасці і падтрымцы дзяржавы.

Літ.:

История Франции. Т. 1—3. М., 1972—73;

Смирнов В.П. Новейшая история Франции, 1918—1975. М., 1979;

Ратиани Г.М. Франция: судьба двух республик. М., 1980;

Славенов В.П. Внешняя политика Франции, 1974—1981. М., 1981;

Антюхина-Московченко В.И. Третья республика во Франции, 1870—1918. М., 1986;

Чернега В.Н. Буржуазные партии в политической системе Франции: Третья-Пятая республики. М., 1987;

История французской литературы. Т. 1—4. М.; Л., 1946—63: Французская литература, 1945—1990. М., 1995;

Якимович Т.К. Драматургия и театр современной Франции. Киев, 1968;

Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;

Наркирьер Ф. Французский роман наших дней. М., 1980;

Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982: Соловьев Н.К., Турчин В.С., Фирсанов В.М. Современная архитектура Франции. М., 1981;

Шнеерсон Г.М. Французская музыка XX в. 2 изд. М., 1970;

Музыкальная эстетика Франции XIX в. М., 1974;

Куницкая Р.И. Французские композиторы XX в. М., 1990;

Калитина Н.Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Петрусевич Н.Б. Искусство Франции XV—XVI вв. М., 1973;

Жанкола Ж.-П. Кино Франции: Пятая республика (1958—1978). М., 1984;

Словарь французского кино. Мн., 1998.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​І.​Сініца, Я.​Г.​Колб (гісторыя), І.​А.​Шор (узброеныя сілы), Н.​Г.​Кісялёва (асвета, навуковыя ўстановы), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), А.​В.​Хадановіч, К.​М.​Міхееў, Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Шымановіч (музыка), Н.​В.​Грэская (тэатр), Л.​М.​Зайцава (кіно).

Герб і сцяг Францыі.
Да арт. Францыя. Вінаграднікі Эльзаса.
Да арт. Францыя. На схілах Севенаў.
Да арт. Францыя. Рака Шэр (басейн р. Луара).
Да арт. Францыя. Альпы.
Да арт. Францыя. Расправа над удзельнікамі Жакерыі ў г. Мо. Малюнак Ж.​Фруасара. 15 ст.
Да арт. Францыя. Дзяржаўны пераварот 18 брумера (9 лістапада) 1799. Напалеон Банапарт (першы справа) у Савеце пяцісот.
Да арт. Францыя. Штурм Бастыліі 14.7.1789. З тагачаснай гравюры.
Да арт. Францыя. Парад партызан у вызваленым Марселі. Жнівень 1944.
Да арт. Францыя. Прэзідэнт Францыі Ж.​Пампіду (трэці злева) і Генеральны сакратар ЦК КПСС Л.​І.​Брэжнеў (трэці справа) на перагаворах у г. Заслаўе Мінскай вобл. Студзень 1973.
Да арт. Францыя. Інтэр’ер капэлы Сент-Шапель у Парыжы.
Да арт. Францыя. Замак Шамбор.
Да арт. Францыя. Замак Віландры. Панарама.
Да арт. Францыя. Сабор Дома інвалідаў у Парыжы.
Да арт. Францыя. Трыумфальная арка на плошчы Карузель у Парыжы.
Да арт. Францыя. Елісейскія палі ў Парыжы.
Да арт. Францыя. Квартал Дэфанс у Парыжы. Фрагмент.
Да арт. Францыя. Ж.​Фуке. Аўтапартрэт.
Да арт. Францыя. Ж.А.​Д.​Энгр. Партрэт мадам Сенон. 1814—16.
Да арт. Францыя. Э.​Дэлакруа. Бітва Якава з анёлам. 1861.
Да арт. Францыя. П.​Сезан. Нацюрморт з цыбулінамі. Каля 1895.
Да арт. Францыя. А.​Матыс. Адаліска ў чырвоных шараварах. 1921.
Да арт. Францыя. В.​Вазарэлі. Марсан. 1962.
Да арт. Францыя. Будынак тэатра Гранд-Алера.
Да арт. Францыя. Сцэна са спектакля «Зямля» паводле Э.​Заля. Тэатр А.​Антуана. 1902.
Да арт. Францыя. Акцёры тэатра «Бургундскі атэль».
Да арт. Францыя. Сцэна са спектакля «Мешчанін у дваранах» Мальера. Тэатр «Камеды Франсэз». 1954.
Да арт. Францыя. Сцэна са спектакля «Федра» Ж.​Расіна. Тэатр «Адэон». 1998.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Падарожжа на Месяц». Рэж. Ж.​Мельес. 1902.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Вялікая ілюзія». Рэж. Ж.​Рэнуар. 1937.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Дзеці райка». Рэж. М.​Карнэ. 1944.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Хірасіма, любоў мая». Рэж. А.​Рэнэ. 1959.
Да арт. Францыя. Кадр з кінафільма «Бывай, паліцэйскі». Рэж. П.​Гранье-Дэфер. 1975.

т. 16, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯПО́НІЯ (Ніхан, Ніпан), дзяржава ва Усх. Азіі, у зах. ч. Ціхага ак., на Японскіх а-вах. Тэр. Я. ўключае каля 4 тыс. астравоў, у т. л. 4 буйныя (Хакайда, Хонсю, Кюсю, Сікоку), архіпелаг Рукю (найб. в-аў Акінава) і інш. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Ахоцкім, Японскім, Усх.-Кітайскім і Унутр. Японскім. Пл. 377,8 тыс. км². Нас. 127 214,5 тыс. чал. (2003). Афіц. мова — японская. Сталіца — г. Токіо. Краіна падзяляецца на 47 прэфектур. Нац. свята — Дзень нараджэння імператара Акіхіта (23 снежня).

Дзяржаўны лад. Я. — канстытуцыйная манархія. Паводле канстытуцыі 1947 кіраўнік дзяржавы — імператар (з 1989 Акіхіта), «сімвал дзяржавы і адзінства нацыі, яго статус вызначаецца воляй усяго народа, якому належыць суверэнная ўлада». Дзярж. справы ажыццяўляе імператар па парадзе і з ухвалення кабінета міністраў, які нясе за іх адказнасць. Вышэйшая заканад. ўлада належыць парламенту, што складаецца з 2 палат: прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і саветнікаў (252 дэпутаты). Тэрмін паўнамоцтваў палаты прадстаўнікоў 4 гады, палаты саветнікаў 6 гадоў (з перавыбраннем палавіны складу кожныя 3 гады). У палату прадстаўнікоў выбіраецца 300 дэпутатаў ад 11 аднамандатных акруг і 200 ад партый па прапарцыянальнай сістэме, у палату саветнікаў — 152 дэпутаты ад 47 прэфектур і 100 па прапарцыянальнай сістэме ад усёй краіны. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога выбірае парламент.

Прырода. Даўж. берагавой лініі Я. каля 30 тыс. км. Зах. берагі слаба парэзаны, усх. і паўд. маюць шмат заліваў і бухтаў. Каля 75% тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На в-ве Хакайда гал. хрыбты (Токаты, Хідака, Кітамі) выцягнуты з Пн да Пд. На Пн в-ва Хонсю 3 паласы сярэдневышынных гор — Дэва і Асахі на З, Оў — у цэнтры, Кітакамі і Абукума — на У; на Пд хрыбты Хіда, Акаісі, Кісо, у цэнтры — тэктанічная ўпадзіна Фоса-Магна. Найвыш. пункт Я. — вулкан Фудзіяма (3776 м). Горны рэльеф пераважае на а-вах Кюсю, Сікоку і Рукю. На нізіны і міжгорныя ўпадзіны прыпадае каля 20% тэр., найб. Канто і Этыга (на в-ве Хонсю) і Ісікары (на в-ве Хакайда). Актыўная вулканічная дзейнасць на зах. узбярэжжы астравоў. Больш за 150 вулканаў, у т. л. 15 дзеючых (Асама, Бандай, Токаты, Міхара і інш.). На ўсх. узбярэжжы частыя землетрасенні (да 1,5 тыс. за год). Карысныя выкапні: каменны вугаль (запасы 8,7 млрд. т), жал. руда, марганец, храміты, медзь, цынк, волава, ртуць, сурма, вапнякі, каалін, невял. запасы нафты і газу. Клімат мусонны, на большай ч. тэр. субтрапічны, на Пн — умераны, на Пд — трапічны. На клімат Я. ўплываюць цячэнні Курасіо на Пд і У, Цусімскае на 3, халоднае Оясіо на ПнУ. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C на Хакайда да 6 °C на Пд Японскіх а-воў і 16 °C на арх. Рукю, ліп. адпаведна 22 °C, 27 °C і 28 °C., Ападкаў на большай ч. тэр. 1700—2000 мм, на Пд да 4000 мм за год. Штогод бывае да 15—20 тайфунаў, пераважна восенню. Рэкі кароткія, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй; найб. — Сінана, Тоне, Ісікары, Тэсіо. Шмат азёр, найб. Біва (716 км²). Глебы на Пн падзолістыя і балотна-лугавыя, на Пд Хакайда і Пн Хонсю — буразёмы, на Пд — жаўтазёмы і чырваназёмы. Пад лесам і хмызнякамі каля 67% тэрыторыі. На Пн Хакайда пераважаюць хвойныя лясы (елка і піхта), на ПдЗ Хакайда і ПнУ Хонсю — субтрапічныя вечназялёныя лясы (магнолія, бамбук), у гарах — хвоя, кіпарыс, туя і інш. На Пд Кюсю і на архіпелагу Рукю трапічныя лясы з пальмаў, фікусаў, сагаўнікаў, папарацей і інш. Большасць лясоў — штучныя насаджэнні. Жывёльны свет разнастайны, ёсць эндэмікі і рэлікты. З млекакормячых трапляюцца воўк, ліс, барсук, янотападобны сабака, заяц, яп. чорны мядзведзь, яп. макак; з птушак — дзяцел, сойка, жураўлі, дрозд, арол. Пашыраны паўзуны, яшчаркі, чарапахі. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі. Каля 25% пл. — ахоўныя тэрыторыі. 28 нац. паркаў (Бандай-Асахі, Іосіна-Кумана, Сайкай, Сікоцу-Тоя, Фудзі-Хаконе-Ідзу і інш.) і 55 квазінац. паркаў (падпарадкоўваюцца прэфектурным уладам); шэраг падводных паркаў на мелкаводдзях, запаведнікі, рэзерваты і заказнікі.

Насельніцтва. Нац. склад насельніцтва аднародны (99,4% японцы); невял. колькасць карэйцаў (0,6%), айнаў, кітайцаў. Асн. рэлігіі — сінтаізм і будызм (84% вернікаў), 0,7% хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 337 чал. на 1 км² (2003). Найб. шчыльна населена раўніна Канто. Гарадскога насельніцтва 78%; каля 42% жыве ў гарадах з насельніцтвам больш за 3 млн. чал. Буйныя гарады (млн. чал., 2000): Токіо — 8,1 (з прыгарадамі 34,7), Іакагама — 3,4, Осака — 2,6 (з прыгарадамі 17,8), Нагоя — 2,2 (з прыгарадамі 5,1), Сапара — 1,8, Кобе — 1,5, Кіёта — 1,5, Фукуока — 1,3, Кавасакі — 1,2, Хірасіма — 1,1. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 70%.

Гісторыя. Першыя людзі на Японскіх а-вах з’явіліся каля 200 тыс. г. назад. Этнагенез японцаў да канца не высветлены. Найстараж. аснову насельніцтва Я. складалі айны — збіральнікі і паляўнічыя. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. з Пд Карэйскага п-ва на Японскія а-вы праніклі т.зв. протаяп. плямёны. З іх прыходам тут паявіліся свойскія жывёлы — конь, карова; узнікла культура паліўнога рысу. На в-ве Хакайда з айнамі змешваліся выхадцы з усх. ўзбярэжжа мацерыка Азіі. На а-вах Кюсю і Сікоку і на Пд Хонсю айнскае насельніцтва асімілявалася з аўстранезійскімі плямёнамі. Працэс развіцця прышлых плямён, іх узаемадзеянне з мясц. аўстранезійска-айнскім насельніцтвам адбываліся да 5 ст. да н.э. Раннія пасяленцы жылі вясковымі абшчынамі, якія аб’ядноўваліся ў невял. тэр. або плем. саюзы на чале з правадырамі. У 2—3 ст. да н.э. яны вялі войны за расшырэнне сваіх тэрыторый. Пашырыліся паселішчы, умацаваныя насыпамі і равамі.

Паводле кіт. хронік, легендарны імператар Дзіму-Тэно — нашчадак багіні сонца Аматэрасу; у 660 да н.э. ён стаў родапачынальнікам няспыннай дынастыі яп. імператараў. На стадыі афармлення дзяржавы грамадства складалася з кроўнароднасных кланаў. У краіне не было пастаяннай сталіцы, і кожны імператар пераносіў яе паводле ўласнага разумення. У канцы 3 ст. н.э. цэнтр улады размяшчаўся на месцы сучаснага г. Нара (Пд в-ва Хонсю) на раўніне Ямата. У 2-й пал. 4 ст. імператары Ямата (стараж. назва Я.) здзейснілі экспансію на Пд Карэі, што паспрыяла пашырэнню кантактаў з высокаразвітой кіт. цывілізацыяй. Развіццё яп. цывілізацыі стымулявалі імпарт жалеза, кіт. мова, л-ра і філасофія. Найб. значная падзея гэтага часу — пранікненне ў Я. будызму і канфуцыянства. У канцы 6 ст. пры імператарах дынастыі Сога будызм стаў афіц. рэлігіяй Я. Нац. рэлігія японцаў — сінтаізм — захавала цырыманіяльнае значэнне. Працэс далучэння да кіт. культуры пашырыўся і на паліт. інстытуты. Унутр. палітыка імператараў Ямата была накіравана на аб’яднанне краіны і афармленне ідэалаг. асновы адзінаўладдзя. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ўведзеныя ў 604 прынцам Сётоку Тайсі «Законапалажэнні з 17 артыкулаў», дзе ў якасці галоўнага паліт. прынцыпу сфармуляваны вышэйшы суверэнітэт і строгае падпарадкаванне малодшых старэйшым; усталявалася сістэма рангаў чыноўнікаў і прыдворнага цырыманіялу.

Для гісторыі фарміравання яп. дзяржаўнасці вял. значэнне мела эпоха Фудзівара (645—1192). Пачатак ёй паклаў «пераварот Тайка» (па назве года, калі ён адбыўся), у час якога прынц Наканаоэ скінуў уладу дынастыі Сога (645). 2-я палавіна 7 ст. прайшла пад знакам «рэформ Тайка», у выніку якіх рэарганізаваны ўсе сферы адносін у краіне і ўмацавана імператарская ўлада паводле кіт. танскай мадэлі (гл. Тан). Усе землі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, краіна падзелена на правінцыі і паветы на чале з губернатарамі і павятовымі начальнікамі. У 694 пабудаваны першы сталічны горад Фудзіваркэ. Працэс афармлення сярэдневяковай яп. дзяржавы завершаны ў 8 ст., на працягу якога тройчы пераносілася сталіца: у 710 у Нара, у 784 у Нагаока і ў 794 у Кіёта. Станаўленне феад. грамадства суправаджалася адыходам ад кіт. класічнага ўзору дзярж. ўладкавання, абазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі ўлады. У канцы 9 ст. вакуум улады запоўнілі прадстаўнікі роду Фудзівара, якія з 858 кіравалі краінай у якасці рэгентаў пры малалетніх імператарах, а з 888 — у якасці канцлераў (вышэйшых службоўцаў) пры паўналетніх. Характэрнай рысай сац. жыцця стала фарміраванне ваен. саслоўя самураяў, статус якога ўзрастаў з прычыны сац. нестабільнасці ў дзяржаве.

Круты паварот у гісторыі Я. адбыўся ў 1192, калі вярх. правіцелем краіны з тытулам сёгун стаў Мінамота Ёрытома. З таго часу да 1868 Я. кіравалі сёгуны, а імператары выконвалі толькі цырыманіяльныя функцыі. Першы сёгунат (улада сёгунаў з аднаго роду) Мінамота праіснаваў да 1335. Гэта быў час росквіту гарадоў, рамёстваў і гандлю. Вядучай формай стала дробнае самурайскае землеўладанне. У 1274 і 1281 японцы паспяхова супраціўляліся ўварванню манг. арміі. Другі сёгунат Асікага (1335—1573) узнік у ходзе працяглых міжусобных войнаў. У пач. 15 ст. ўзмацнілася цэнтр. ўлада. Аднак пасля забойства ў 1441 сёгуна Асікага Ёсіноры ў Я. зноў разгарнуліся міжусобныя войны, якія перараслі ў феад. вайну 1467—1477. Місію аб’яднання краіны выканалі 3 паліт. дзеячы: Ода Набунага, Таётомі Хідэёсі і Такугава Іэясу. У 1573 Ода скінуў апошняга сёгуна з роду Асікага. Ён авалодаў палавінай правінцый і сталіцай Кіёта, здзейсніў рэформы, якія ліквідавалі раздробленасць і спрыялі развіццю гарадоў. Аб’яднанне Я. завяршыў пераемнік Ода — Таётомі, які ў ходзе Імдзінскай вайны 1592—98 беспаспяхова спрабаваў заваяваць Карэю. Яго паплечнік Такугава Іэясу ў 1603 абвясціў сябе сёгунам. Пачаўся апошні, трэці (1603—1867) сёгунат Такугава, асн. намаганні якога былі накіраваны на абмежаванне ўсеўладдзя даймё (уладарных князёў). Сёгуны з дынастыі Такугава стварылі цэнтралізаваную дзяржаву і ўсталявалі рэжым спадчыннай ваен. дыктатуры. За імператарам захаваліся толькі цырыманіяльныя і рэліг.-культавыя функцыі. Агр. рэформа Такугава замацавала сялян за іх землямі. Пры першых Такугава строга размежаваны саслоўі: самураі, сяляне, рамеснікі, гандляры. Цэнтр. фігурай у дзяржаве стаў воін-самурай з высакароднага саслоўя. Асн. масу насельніцтва складала сялянства, становішча якога было цяжкім, а жыццёвы ўзровень нізкім. Імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу і пазбегнуць залежнасці ад еўрап. дзяржаў, Такугава забаранілі любыя зносіны, у т. л. гандлёвыя, японцаў з еўрапейцамі (акрамя галандцаў; для абмежаванага гандлю з Галандыяй і Кітаем быў пакінуты адзіны порт — Нагасакі); кожны еўрапеец, які пранікаў на астравы Я., падлягаў смяротнаму пакаранню. 17 ст. было для Я. часам паліт. стабільнасці і эканам. росквіту. З канца 18 ст. пачаўся эканам. крызіс. Толькі ў 19 ст. адбылося больш за 1000 сял. паўстанняў. Аўтарытэт цэнтр. улады быў падарваны прымусовым «адкрыццём» Я. ЗША і еўрап. краінамі, якім не маглі супрацьстаяць тэхнічна адсталыя яп. армія і флот. У 1854—58 падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, паводле якіх іншаземцы атрымалі права экстэрытарыяльнасці і неабмежаванага гандлю ў адкрытых партах і партовых гарадах, на іх тавары былі ўстаноўлены нізкія мытныя пошліны. Няздольнасць сёгуна абараніць нац. інтарэсы краіны паскорыла выступленне патрыятычна настроеных самураяў. Антысёгунскі рух узначалілі князі, якія падтрымалі заклік аднаўлення ўлады імператара — мікада і лічылі неабходным правядзенне ў Я. пераўтварэнняў на еўрап. ўзор. 3.1.1868 абвешчаны указ аб рэстаўрацыі ўлады імператара, скасаванні сёгуната і прызначэнні новага ўрада. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як «Рэстаўрацыя Мэйдзі», або бурж. рэвалюцыя Мэйдзі ісін. Перыяд кіравання імператара Муцухіта [1867—1912] атрымаў назву «асвячонае кіраванне». Рэформамі 1868—73 скасавана феад. ўласнасць на зямлю, ліквідавана раздробленасць краіны на княствы; уведзены прэфектуры на чале з чыноўнікамі, якіх прызначаў імператар, адменены абмежаванні для прадпрымальніцтва і гандлю. Дэкрэт аб усеагульнай вайск. павіннасці пазбавіў самураяў манапольных прывілеяў. Я. ўзяла курс на мадэрнізацыю і пераход да новага, бурж. ўкладу. Пачалася індустрыялізацыя краіны. Захоўваючы свае самабытныя традыцыі, яна пераймала ў Зах. краінах іх навук.-тэхн. дасягненні. У 1889 у Я. ўведзена канстытуцыя, якая абвясціла асобу імператара свяшчэннай і недатыкальнай.

Да пач. 20 ст. Я. набыла знешняе аблічча сучаснай індустр. дзяржавы. Аднак яе паліт. лад заставаўся напаўфеад., аўтарытарным, з моцным культам імператара.

З сярэдзіны 1870-х г. Я. распачала агрэсіўную палітыку калан. захопаў. Яна перамагла ў япона-кітайскай вайне 1894—95, што прывяло да сутыкнення інтарэсаў з Рас. імперыяй у Маньчжурыі. У выніку руска-японскай вайны 1904—05 Я. замацавала за сабой Карэю, Паўд. Сахалін і права на арэнду кіт. партоў Порт-Артур і Дальні (цяпер Люйшунь і Далянь). Яна стала адной з буйных калан. дзяржаў і самай моцнай прамысл. і ваен. дзяржавай на Д. Усходзе. У 1-ю сусв. вайну Я. выступіла на баку Антанты. Яна захапіла ў Германіі шэраг ціхаакіянскіх астравоў і ўмацавала свае пазіцыі ў Кітаі. У канцы 1917 Я. звярнулася да краін Антанты з прапановай паслаць яп. войскі ў Сібір «для абароны інтарэсаў дзяржаў». 5.4.1918 у г. Уладзівасток высадзіўся яп. ваен. дэсант і пачалася ваен. інтэрвенцыя Я. на рас. Д. Усходзе. Тым часам абвастрылася сітуацыя ўнутры краіны. Войскі і паліцыя жорстка падавілі «рысавыя бунты» 1918, якія ахапілі каля 500 гарадоў і вёсак у 42 прэфектурах. У 1922 яп. войскі пакінулі рас. Д. Усход (Паўн. Сахалін — у 1925, пасля ўстанаўлення дыпламат. адносін з СССР). На фоне фін. бязладдзя ў 1927 да ўлады прыйшлі мілітарысты, якія разлічвалі пераадолець ўнутр. эканам. цяжкасці з дапамогай знешняй узбр. экспансіі, аб’ектамі якой меркаваліся Кітай, Паўд.-Усх. Азія, Індыя, усх. раёны СССР. Я. стала на шлях паскоранай мілітарызацыі. У ліку яе прыхільнікаў былі ваен.-прамысл. канцэрны і афіцэры-кар’ерысты, якія заклікалі да ўзбр. перадзелу свету. Групоўкі фаш. кшталту ўмацоўвалі свае пазіцыі і ў арміі, і ў дзярж. апараце; адбылося некалькі спроб дзярж. пераваротаў і ўсталявання ваен.-фаш. дыктатуры.

19.9.1931 яп. Квантунская армія напала на Кітай і акупіравала Маньчжурыю, дзе стварыла марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-Го. У адказ на патрабаванне Лігі Нацый вывесці яп. войскі з Кітая, Я. ў сак. 1933 выйшла з гэтай міжнар. арг-цыі і да 1936 акупіравала ўвесь Паўн. Кітай. 25.11.1936 Я. ўступіла ў «Антыкамінтэрнаўскі пакт» з Германіяй. У ліп. 1937 пачалася поўнамаштабная яп.-кіт. вайна (гл. Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Няўдалыя для Я. зыходы Хасанскага канфлікту 1938 і Халхін-Гольскага канфлікту 1939 з СССР прымусілі яе прыпыніць экспансію ў паўн. напрамку. Сфарміраваны ў ліп. 1940 у Я. кабінет міністраў прынца Ф.​Каноэ прыняў знешнепаліт. праграму, накіраваную на паспяховае завяршэнне вайны з Кітаем і стварэнне яп. калан. імперыі ў Паўд.-Усх. Азіі. Гаспадарка Я. цалкам пераводзілася на ваен. рэйкі. Былі распушчаны паліт. партыі, ліквідаваны прафсаюзы. уведзены жорсткі кантроль за дзейнасцю прамысл. і агр. прадпрыемстваў. Паводле Берлінскага пакта 1940 вызначалася «кіруючае становішча» Германіі і Італіі ў Еўропе і Афрыцы, а Я. — у Азіі. Як і Германія, Я. ўрэгулявала свае адносіны з СССР: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце тэрмінам на 5 гадоў. Пасля нападу Германіі на СССР (22.6.1941), кіраўніцтва Я. вырашыла не далучацца да гэтай агрэсіі, а скарыстаць выгадную для сябе сітуацыю ў Паўд.-Усх. Азіі, дзе без належнай абароны засталіся калоніі Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. 29.7.1941 яп. войскі пачалі акупацыю Паўд. Індакітая, што абвастрыла адносіны Я. з ЗША і Вялікабрытаніяй. 7.12.1941 яп. марская авіяцыя знянацку атакавала амер. ваен.-марскую базу на Гавайскіх а-вах Пёрл-Харбар, дзе знішчыла значную частку ВМС ЗША, якія на доўгі час страцілі магчымасць супрацьстаяць яп. агрэсіі. За першыя 6 мес вайны яп. войскі акупіравалі Малаю, Бірму, Інданезію, Філіпіны, Саламонавы а-вы, захапілі новыя тэр. ў Кітаі і выйшлі на граніцу з Індыяй. Да вясны 1942 Я. захапіла 3,8 млн. км² з насельніцтвам амаль у 150 млн. чалавек. Але ўжо ў чэрв. 1942 флот ЗША нанёс сур’ёзныя паражэнні яп. флоту і войскам у ходзе дэсантнай аперацыі на Алеуцкіх а-вах і каля атола Мідуэй. Суадносіны сіл у рэгіёне змяніліся на карысць ЗША, якія разам з саюзнікамі да сярэдзіны 1945 выцеснілі яп. войскі і флот з захопленых імі тэрыторый (гл. Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Патсдамская дэкларацыя 1945 патрабавала безагаворачнай капітуляцыі Я. Гэта развязала рукі кіраўніцтву ЗША, і на яп. гарады Хірасіма (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945) былі скінуты атамныя бомбы. Уступленне СССР у вайну супраць Я. (9.8.1945, гл. Савецка-японская вайна 1945) канчаткова паставіла яе ў бязвыхаднае становішча. 15.8.1945 абвешчаны рэскрыпт імператара Хірахіта [1926—89] аб капітуляцыі Я. 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Я. перад ЗША, СССР і іх саюзнікамі. Паводле рашэнняў Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 да СССР адышлі Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы. Тэр. Я. акупіравалі амер. войскі, якія дзейнічалі ад імя саюзных дзяржаў. Да 1952 вярх. ўлада ў краіне знаходзілася ў руках ЗША. Палітыка саюзных дзяржаў у адносінах да Я. прадугледжвала выкараненне мілітарызму і ліквідацыю ўсіх перашкод для ўмацавання ў краіне дэмакр. тэндэнцый. Пад кіраўніцтвам вярх. галоўнакамандуючага саюзнымі войскамі амер. ген. Д.Макартура ў Я. праведзены радыкальныя рэформы: ліквідаваны паліт. паліцыя і жандармерыя, мін-вы ўнутр. спраў, ваен. і марское, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, а іх месца занялі яп. ваен. злачынцы; праведзена чыстка дзярж. апарата, сродкаў масавай інфармацыі і сферы адукацыі ад асоб, якія супрацоўнічалі з мілітарыстамі (пад рэпрэсіі трапіла каля 200 тыс. чал.). 28 прадстаўнікоў кіруючых вярхоў Я. былі аддадзены пад суд Міжнар. ваен. трыбунала (гл. Такійскі працэс), які 7 з іх засудзіў да смяротнага пакарання. Суд. працэсы над яп. ваен. злачынцамі адбыліся таксама ў гарадах Іакагама, Сінгапур, Ганконг, Маніла, Хабараўск (гл. Хабараўскі працэс). Найб. магутныя манапал. аб’яднанні Я. (дзайбацу) распушчаны або раздроблены на дзесяткі дробных кампаній, іх аперацыі пастаўлены пад кантроль амерыканцаў. У акупіраванай Я. аднавілі дзейнасць паліт. партыі і прафсаюзы. 10.4.1946 адбыліся ўсеагульныя выбары ў парламент, 17.4.1946 апублікаваны тэкст новай Канстытуцыі (прынята 3.11.1946, набыла сілу 3.5.1947). Паводле гэтай канстытуцыі абсалютная манархія скасоўвалася, імператар ператвараўся ў «сімвал адзінства нацыі» і фактычна пазбаўляўся паліт. улады, якая пераходзіла да парламента, а носьбітам суверэннай улады абвешчаны народ. Патрыярхальная сямейная сістэма скасоўвалася; жанчыны атрымалі грамадзянства і роўныя з мужчынамі выбарчыя правы. Нац. парламент станавіўся цэнтрам паліт. сістэмы, падобнай на брытанскую, з выбарным кабінетам міністраў, які нёс адказнасць перад палатай прадстаўнікоў. Канстытуцыя абвяшчала адмову яп. народа ад вайны, не дапускалася існаванне ў краіне арміі, ВПС і ВМФ. Радыкальная агр. рэформа прывяла да адчужэння зямлі ў б. памешчыкаў-самураяў і продажу яе па льготных цэнах сялянам-арандатарам. У выніку ўтварыўся шматлікі пласт сялян-уласнікаў. У ліст. 1948 штаб Макартура навязаў яп. ўраду свой план эканам. рэформы — курс «шокавай тэрапіі», які не прынёс жаданых вынікаў; краіна ўцягнулася ў працяглую інфляцыю. Яп. эканоміку выратавала Карэйская вайна 1950—53, падчас якой Я. ператварылася ў тылавую базу амер. войск. За гады вайны ў выніку ваен.-інфляцыйнага буму валавы нац. прадукт (ВНП) Я. павялічыўся ў 2 разы, зняты ўсе абмежаванні ў галіне прам-сці і ў гандлі, навязаныя амер. адміністрацыяй. Я. ператваралася ў стратэг. саюзніка ЗША.

У вер. 1951 у г. Сан-Францыска (ЗША) адбылася міжнар. канферэнцыя па выніках 2-й сусв. вайны, у ходзе яе прадстаўнікі 48 дзяржаў падпісалі з Я. Сан-Францыскі мірны дагавор 1951. У выніку спынена акупацыя Я., але дагавор бяспекі, падпісаны паміж Я. і ЗША, прадугледжваў захаванне на тэр. Я. амер. ваен. баз. Скарыстаўшы спрыяльную сітуацыю, яп. ўрад скараціў да мінімуму ваен. выдаткі і засяродзіў намаганні на найхутчэйшым вырашэнні эканам. задач. Да 1957 завершана пасляваен. аднаўленне эканомікі. У 1956 нармалізаваны сав.-яп. адносіны, якія заставаліся нявызначанымі з прычыны адмовы СССР падпісаць Сан-Францыскі мірны дагавор. У Сумесную дэкларацыю пра нармалізацыю адносін (гл. Савецка-японскія пагадненні) было ўключана абавязацельства СССР перадаць Я. пасля заключэння мірнага дагавора паміж дзвюма краінамі паўд.-курыльскія а-вы Хабамаі і Шыкатан. Адначасова СССР абяцаў падтрымаць просьбу Я. аб уступленні ў ААН. У студз. 1960 ЗША і Я. заключылі новы дагавор бяспекі. Правы амер. ваеннаслужачых у Я. скарачаліся, але ваен. базы ЗША захоўваліся. Скарыстаўшы гэта, СССР у аднабаковым парадку перагледзеў умовы Сумеснай дэкларацыі 1956 і адмовіўся разглядаць тэр. прэтэнзіі Я. Гэта істотна ўскладніла сав.-яп., а потым і рас.-яп. адносіны (мірны дагавор так і не заключаны). Яп. эканоміка паспяхова развівалася. З 1958—73 ВНП Я. павялічыўся ў 6,5 раза, а аб’ём прамысл. вытв-сці — у 10 разоў («японскі эканамічны цуд»). У канцы 1960-х г. Я. заняла 2-е месца ў свеце па аб’ёме прамысл. вытв-сці, а ў пач. 1970-х г. — і па ВНП. Аднак з-за рэзкага абвастрэння экалагічных праблем пачалося згортванне матэрыяла- і капіталаёмістых здабыўных і апрацоўчых галін, пераход на навукаёмістыя тэхналогіі. Адначасова былі скарэкціраваны сац. праграмы ў інтарэсах «сярэдняга класа». У знешняй палітыцы Я. імкнулася да наладжвання дыпламат. адносін з суседнімі краінамі. У 1972 яп. прэм’ер-міністр наведаў Кітай, Я. спыніла дыпламат. адносіны з Тайванем.

Умацаванне і згуртаванне левых партый, актыўнасць рабочага руху, нарастанне барацьбы супраць ядзернай зброі і амер. ваен. баз на тэр. Я. падштурхнулі да аб’яднання бурж. партыі. У 1955 створана Ліберальна-дэмакр. партыя Я. (ЛДПЯ), якая выкарыстала заклік да стварэння «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту». Кансерватыўны лагер і прамыслова-фін. колы аб’ядналіся ў ЛДПЯ і тым самым адмовіліся ад зах. мадэлі канкурэнцыі некалькіх бурж. партый. У яп. грамадстве адбылося паліт. размежаванне. Суадносіны паліт. сіл, якія склаліся ў 1950-я г., вызначалі ўсё паліт. жыццё Я. да пач. 1990-х г. Яго асаблівасцю была наяўнасць пастаяннай большасці дэпутацкіх месцаў ЛДПЯ у парламенце; пры тым, што апазіц. партыі заўсёды мелі іх больш за трэць, што не дазваляла ЛДПЯ перагледзець канстытуцыю і змяніць паліт. лад. У 1964 вылучылася партыя Камэйта з яе лозунгам пабудовы «справядлівага грамадства». Яе стварэнне завяршыла фарміраванне шматпарт. сістэмы. З пач. 1970-х г. кіруючая ЛДПЯ заахвочвала мілітарысцкія тэндэнцыі ў паліт. жыцці, павялічвала ваен. выдаткі; прэстыж урада падрываўся фактамі прамога ўмяшання буйнога капіталу ў выбарчую кампанію («справа «Локхід»). У 1975—76 адбыўся паліт. скандал вакол прэм’ер-міністра К.​Танака, якога арыштавалі за хабар, атрыманы ад амер. авіякампаніі. ЛДПЯ пачала траціць свае пануючыя пазіцыі ў дзярж. апараце. У 1980—90-я г. працягвалася пашырэнне шматпарт. сістэмы, абвастралася барацьба за выбаршчыкаў і масавасць партый. ЛДПЯ прапанавала канцэпцыю «частковай кааліцыі» з мэтай перацягвання на свой бок цэнтрысцкай апазіцыі, але ўсё часцей блакіравалася з кансерватарамі. У пач. 1990-х г. Сацыяліст. партыя Я. (СПЯ) і цэнтрысты сталі на шлях падрыхтоўкі стварэння кааліцыйнага ўрада, прапанавалі праект паліт. рэформы. У 1993 скончылася манаполія ЛДПЯ на ўладу, і яна была вымушана падзяляць яе ў складзе кааліцыйнага ўрада з інш. партыямі. Пасля смерці Хірахіта (дэвіз праўлення і назва яго «эры» — Сёва) у студз. 1989 імператарам Я. стаў яго сын Акіхіта [дэвіз праўлення і назва новай «эры» — Хэйсэй («Устанаўленне міру»)].

У канцы 1980-х г. з’явіліся першыя прыкметы крызісу ў яп. эканоміцы, з 1991 пачалася зацяжная эканам. дэпрэсія, якая ў 1994 перарасла ў эканам. крызіс. Вясной 1995 беспрацоўе ў Я. склала 3,2% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Структурны крызіс выявіў сур’ёзныя праблемы грамадства: адставанне Я. ў сац. інфраструктуры, зніжэнне канкурэнтаздольнасці яе тавараў на сусв. рынку, рост долі пенсіянераў у грамадстве, рэзкае павышэнне цэн на нерухомасць, залежнасць ад амер. тэхналогій, адсутнасць тэхнал. прарываў у вядучых галінах (авіябудаванне, асваенне космасу і інш.). Гал. прычыну эканам. цяжкасцей Я. спецыялісты бачаць у праблеме банкаўскай сістэмы, якая адчувальна рэагуе на любыя змены ў сусв. фін. сістэме. З 1998 рэалізуецца комплексны план развіцця краіны да 2010—15, які мае на мэце павысіць ролю і значэнне Я. ў сусв. эканоміцы і ў сусв. палітыцы. Асн. дактрынай сучаснай знешняй палітыкі Я. застаецца мэтазгодная канцэпцыя саюзу з ЗША. У 1987 падпісана пагадненне аб удзеле Я. ў праграме «зорных войнаў». З ліст. 1975 Я. — пастаянны ўдзельнік усіх штогадовых сустрэч найб. развітых капіталіст. краін («вялікай сямёркі»). Восенню 1997 ваен. міністры і міністры замежных спраў ЗША і Я. падпісалі ў Вашынгтоне новае пагадненне аб асн. кірунках ваен. супрацоўніцтва на аснове яп.-амер. «дагавора бяспекі». Дзелавыя колы Я. прапрацоўваюць варыянты арганізацыі «азіяцкай зоны свабоднага гандлю», куды, як мяркуецца, разам з Я. увойдуць Паўд. Карэя, Тайвань, Сінгапур, Сянган (Ганконг), Тайланд і Малайзія. Вял. значэнне Я. надае наладжванню адносін з Кітаем і Расіяй. Парламенцкія выбары 25.6.2000 пакінулі за ЛДПЯ і яе саюзнікамі (Ліберальная і інш. партыі) абмежаваную большасць дэпутацкіх месцаў у палаце прадстаўнікоў. 26.4.2001 «папулісцкі рэфарматар» Дз.​Каідзумі замяніў на пасадах лідэра ЛДПЯ і прэм’ер-міністра Я. непапулярнага Ё.​Моры. Я. — чл. ААН (з 1956), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1964) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. ЛДПЯ, Дэмакр. партыя Я., Ліберальная партыя Я., Новая партыя міру, Камуніст. партыя Я., С.-д. партыя і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя прафсаюзаў — Рэнга, Нац. федэрацыя прафсаюзаў, Нац. савет сувязі прафсаюзаў.

Гаспадарка. Я. — высокаразвітая краіна, якая займае 2-е месца ў свеце пасля ЗША па эканам. патэнцыяле. У 2001 на яе долю прыпадала 14% сусв. валавога ўнутр. прадукту (ВУП). З сярэдзіны 1950-х да пач. 1970-х г. у Я. адбываўся інтэнсіўны ўздым эканомікі (яп. «эканам. цуд»), сярэднегадавы прырост ВУП складаў каля 10%. Па дынаміцы росту, формах арганізацыі бізнесу і менеджменту, дасягненняў у канкурэнтаздольнасці і якасці таварнай прадукцыі яна не мела аналагаў сярод індустрыяльна развітых краін свету. Прыярытэтнымі кірункамі перабудовы эканомікі былі выбраны навукаёмістыя і высокатэхнал. праекты — тэлекамунікацыі, мікраэлектроніка, оптыкавалакністыя матэрыялы, авіяцыя і касманаўтыка, медыцына, біятэхналогія, ахова навакольнага асяроддзя. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады тэмпы прыросту ВУП знізіліся і складаюць каля 1%, Я. з’яўляецца вядучай краінай у свеце па вытв-сці некат. відаў прадукцыі: 1-е месца па выплаўцы сталі, вытв-сці марскіх суднаў, прамысл. робатаў, экспарце станкоў і кавальска-прэсавага абсталявання; 2-е месца — па ўкараненні сучасных інфарм. тэхналогій, вытв-сці сінт. каўчуку, легкавых аўтамабіляў, станкоў; 3-е — па ўлове рыбы, вытв-сці кардону і паперы, па золатавалютных рэзервах і замежных інвестыцыях. ВУП у 2002 склаў 3,55 трлн. дол. (28 тыс. дол. на душу насельніцтва). У структуры ВУП на долю прам-сці прыпадае 35%, сельскай і лясной гаспадаркі — 2%, сферы паслуг — 63%. Вядучая галіна эканомікі — прамысловасць (12% сусв. прамысл. вытв-сці). 99% складаюць дробныя прадпрыемствы (занята менш за 100 чал.), якія працуюць поруч з гіганцкімі. Эканоміка Я. залежыць ад імпарту сыравіны і паліва. З мясц. паліўных рэсурсаў выкарыстоўваюць у асноўным каменны вугаль. У 2000 здабыта 3,1 млн. т вугалю, пераважна на Хакайда; невял. здабыча нафты (0,3 млн. т) і прыроднага газу (2,5 млрд. м³). Асн. ч. нафты (249 млн. т) і прыроднага газу (76,5 млрд. м³) імпартуецца з Інданезіі, Брунея, краін Б. і Сярэдняга Усходу. Вытв-сць электраэнергіі ў 2001 склала 1037 млрд. кВт∙гадз, у т. л. 60% на ЦЭС (найб. — Касіма, Анагасакі, Хімедзі), 29,8% на АЭС (найб. ў свеце Кашывазакі-Карыва), 8,4% на ГЭС і інш. (1,8%). Развіта чорная і каляровая металургія. Каменны вугаль на патрэбы галіны завозіцца з ЗША, Канады, Аўстраліі, жал. руда — з Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 2002 выплаўлена 107,7 млн. т сталі і 81 млн. т чыгуну. У каляровай металургіі пераважае вытв-сць лёгкіх металаў. Вытв-сць (тыс. т, 2001) кадмію — 2,5, цырконію — 8,8, свінцу — 303, ферахрому — 111,7, волава — 0,7, нікелю — 147, тытанавых зліткаў — 16,3, вісмуту — 0,5 і інш. Асн. цэнтры: Кітакюсю, Мураран, Фукуяма, Касіма, Осака і інш. Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне (51,5% прамысл. прадукцыі), па ўзроўні развіцця якога Я. займае 2-е месца ў свеце і мае амаль поўную наменклатуру вырабаў. Вылучаюцца аўтамабіле- і суднабудаванне, радыёэлектронная, эл.-тэхн., прылада- і станкабуд. прам-сць. Вытв-сць (млн. шт., 2000) легкавых аўтамабіляў — 8,4, грузавых — 1,8, суднаў — 6,4 млн. т. грузападымальнасці. Гал. аўтамаб. кампаніі: «Таёта мотар», «Нісан мотар», «Хонда мотар» і інш. Асн. цэнтры: Токіо, Осака, Кобе, Іакагама, Нагасакі, Кавасакі, Нагоя і інш. Развіта вытв-сць быт. электратэхнікі і электронікі (млн. шт., 2000): відэакасетных магнітафонаў — 5,5, магнітафонаў — 14,5, відэакамер — 11,7, мабільных тэлефонаў — 60,2, каляровых тэлевізараў — 2,3, камп’ютэраў — 15,6, прамысл. робатаў — 0,4, халадзільнікаў — 4,2, пральных машын — 4,2, пыласосаў — 5,8, кандыцыянераў — 7,3, электрапечаў — 2,9, мед. і інш. тэхнал. абсталявання. Гал. кампаніі: «Хітаці», «Ташыба», «Соні», «Фудзі», «Міцубісі электронік» і інш. На долю хім. прам-сці прыпадае 15% кошту прамысл. прадукцыі. Развіта вытв-сць прадукцыі хіміі арган. сінтэзу і асн. хімія. У 2000 выраблена сінт. валокнаў — 1,4 млн. т, у т. л. акрылавых — 0,7 млн. т (2-е месца ў свеце), аўтамаб. шын — 162,6 млн. шт., мінер. угнаенняў — 1,1 млн. т, сінт. каўчуку — 1,5 млн. т.

Развіта фармацэўтычная прам-сць. Асн. раёны хім. прам-сці — узбярэжжа Такійскага зал., раёны Нагоі, Осакі, Хірасімы. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст., якая выкарыстоўвае імпартную сыравіну і ўласныя хім. валокны. Вытв-сць (млн. м², 2000) тканін: баваўняных — 663,5, шарсцяных — 98,2, шаўковых — 33,5, ільняных — 3,9. З галін харч. прам-сці развіты рыбакансервавая, цукр. (887 тыс. т, 2001), чайная, мукамольная, крупяная, піваварная, алейная (1,8 млн. т). У лясной і дрэваапр. прам-сці развіты нарыхтоўка драўніны (19 млн. м³), вытв-сць цэлюлозы (10,7 млн. т), паперы (26,8 млн. т), кардону (3,9 млн. т). Драўніна завозіцца таксама з Канады, Расіі, краін Паўд.-Усх. Азіі. Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (76,6 млн. т). Традыц. развіта вытв-сць фарфору і цацак. Пашыраны саматужна-рамесныя, у т. л. маст., вырабы. Сельская гаспадарка амаль на 70% забяспечвае патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Апрацоўваецца 4534 тыс. га, у т. л. 2679 тыс. га паліўных зямель. Пераважае дробнае сялянскае землекарыстанне. Сярэдні памер фермерскай гаспадаркі 1,24 га. Характэрна спалучэнне ручной працы з высокім узроўнем тэхн. забяспечанасці і хімізацыі вытв-сці, высокая ўраджайнасць асн. с.-г. культур. Гал. галіна — раслінаводства. Асн. культура — рыс, на які ў структуры пасяўных плошчаў збожжавых культур прыпадае 84,2%, сеюць пшаніцу — 8,7%, ячмень — 2,6%, кукурузу, проса і інш. — 4,5%. У паўд. раёнах збіраюць па 2 ураджаі рысу за год. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі, цукр. трыснёг, бабовыя, у т. л. сою, тытунь, чай. Агародніцтва, бахчаводства, бульбаводства. Садоўніцтва і вінаградарства. Кветкаводства. Збор (млн. т, 2000): рысу — 11,32, пшаніцы — 0,7, цукр. буракоў — 3,8, агародніны і бахчавых культур — 12,7, бульбы — 2,9, садавіны (мандарыны, яблыкі) і вінаграду — 3,9. Жывёлагадоўля развіваецца пераважна на прывазных кармах. Пад пашавымі ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 4,5, свіней — 9,8, коз — 0,03, авечак — 0,01. Птушкагадоўля (297 млн. галоў). Вытв-сць мяса 3 млн. т, малака 8,5 млн. т. Шаўкаводства. Вял. значэнне для Я. мае рыбалоўства (6,69 млн. т, 1999) і здабыча морапрадуктаў. Развіты ўсе віды транспарту. Даўж. чыгунак 23,7 тыс. км, у т. л. 20,7 тыс. км электрыфікаваныя. Даўж. аўтадарог 1,15 млн. км. У краіне 46,64 млн. легкавых і 21,39 млн. грузавых аўтамабіляў. Паміж астравамі паромы, масты, падводныя тунэлі, у т. л. найб. «Сэйкан». 630 суднаў агульным дэдвейтам 11,7 млн. т. Гал. марскія парты: Іакагама, Кобе, Нагоя, Осака, Токіо, Кавасакі, Сакаі і інш. 173 аэрапорты. Развіты турызм (даход 3,43 млрд. дол.). Экспарт (383,8 млрд. дол., 2002) машын і абсталявання, электронікі і электратэхнікі, хім. прадукцыі, лекаў, паперы; імпарт (292,1 млрд. дол., 2002) машын і абсталявання, харч. прадуктаў, сыравіны, паліва. Асн. гандл. партнёры: ЗША (28,5% экспарту і 18,3% імпарту), Кітай (9,6% і 17,1%), Паўд. Карэя (6,9% і 4,6%), Тайвань, Інданезія, Аўстралія. Тавараабарот Рэспублікі Беларусь з Я. у 2001 склаў 46,7 млн. дол. Грашовая адзінка — іена.

Узброеныя сілы (афіц. назва «сілы самаабароны», створаны ў 1950). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (239,9 тыс. чал.; 2002). Ваенізаваныя фарміраванні (дэпартамент марской аховы 12,25 тыс. чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектаванне паводле найму. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС. У сухап. войсках 148,2 тыс. чал., каля 100 пускавых установак тактычных ракет (у т. л. пускавыя ўстаноўкі аховы ўзбярэжжа), 1040 танкаў, 90 баявых развед. машын, 60 баявых машын пяхоты, 830 бронетранспарцёраў, 480 гармат на буксірнай цязе і 280 самаходных, 1220 мінамётаў, 120 ракетных сістэм залпавага агню, 674 пускавыя ўстаноўкі процітанк. кіроўных ракет, 80 гармат зенітнай артылерыі, 540 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 200 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 10 самалётаў і каля 450 верталётаў, з іх каля 90 баявых. У ВПС 45,6 тыс. чал., 280 баявых самалётаў (баявых верталётаў няма). У ВМС 44,4 тыс. чал. (у т. л. 9,8 тыс. ў марской авіяцыі), 18 падводных лодак, 4 эсмінцы-верталётаносцы, 40 эсмінцаў і 10 фрэгатаў з кіроўнай ракетнай зброяй, 5 ракетных катэраў, 2 дэсантныя верталётаносныя караблі-докі, 4 малыя дэсантныя караблі, 11 дэсантных катэраў, 6 дэсантных катэраў на паветр. падушцы, 27 мінна-тральных караблёў, 2 плаўбазы мінна-тральных караблёў, 60 дапаможных суднаў, 20 буксіраў; авіяцыя ВМС налічвае 97 самалётаў і 101 верталёт. У дэпартаменце марской аховы 12,25 тыс. чал., 99 патрульных караблёў, 245 патрульных катэраў, 12 гідраграфічных суднаў, 5 пажарных суднаў, больш за 100 абслуговых і дапаможных суднаў і катэраў, 28 самалётаў і 42 верталёты.

Ахова здароўя. Кіраванне аховай здароўя ажыццяўляецца на 4 узроўнях: дзярж., прэфектаральным, цэнтраў здароўя і мясц. гар. і сельскіх органаў улады; каардынуецца Мін-вам аховы здароўя і сац. забеспячэння. Кожны жыхар Я. мае свабодны выбар урача і мед. установы, некалькі страховак свайго жыцця. Асн. від страхавання — членства ў некамерцыйных адносна танных т-вах узаемнага страхавання. Большая ч. насельніцтва — у нац. сістэме страхавання здароўя (пабудавана паводле тэр. прынцыпу) і сістэме страхавання асоб наёмнай працы (пабудавана паводле вытв. прынцыпу). Ільготы для застрахаваных складаюць 90% ад кошту лячэння. Асабістыя расходы насельніцтва на ахову здароўя — каля 12% ад агульнага аб’ёму расходаў. Састарэлым аказваецца бясплатная кансультацыйная дапамога; расходы па доглядзе асоб. што старэй за 70 гадоў, складаюць амаль ​1/3 ад усяго мед. бюджэту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 78, жанчын — 85 гадоў (самая высокая ў свеце, 2002). Колькасць доўгажыхароў (больш за 90 гадоў) — 701 тыс. чал. (2000), больш за 100—17 934 чал. (2002). Узровень мацярынскай смяротнасці — 8 на 1 тыс. родаў (2001), нараджальнасці 10,3 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,8% (2000). Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне ўрачамі — 1 на 507,6 чал. (2002). Рыхтуюць урачоў больш за 70 ВНУ. У Я. дзейнічае каля 140 лячэбных устаноў.

Асвета. Сістэма адукацыі Я. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіруе сістэмай адукацыі мін-ва адукацыі, навукі і культуры, а на мясц. узроўні — прэфектурныя і муніцыпальныя к-ты. Адпаведна існуюць установы адукацыі дзярж., прэфектурныя і муніцыпальныя, а таксама прыватныя. Дашкольнае выхаванне дзяцей з 3 да 6 гадоў ажыццяўляецца ў дзіцячых дашкольных установах. 1-я ступень абавязковай адукацыі — пачатковая 6-гадовая школа для дзяцей 6—12 гадоў (1—6-ы класы); 2-я ступень — малодшая сярэдняя школа на базе пач. школы для дзяцей 13—15 гадоў (7—9-ы класы, тэрмін навучання 3 гады). Яе навуч. план уключае абавязковыя прадметы і прадметы на выбар. Для моладзі 16—18 гадоў на базе малодшай сярэдняй школы існуе старэйшая сярэдняя школа (10—12-ы класы, 3 гады навучання). Старэйшая сярэдняя школа ахоплівае каля 90% выпускнікоў абавязковай школы. Навучанне платнае. Каб паступіць у яе, неабходна здаць конкурсныя экзамены і тэставыя выпрабаванні. У старэйшай сярэдняй школе існуюць 2 аддзяленні: агульнаадукацыйнае з падзелам на гуманітарны і прыродазнаўчы кірункі і прафесійнае — тэхнал., с.-г., камерцыйны кірункі і марскі промысел. Існуюць таксама старэйшыя сярэднія школы вячэрнія і завочныя (тэрмін навучання 4 гады). У 1997 іх было 5 496, навучалася 4 371 360 школьнікаў. Вышэйшую адукацыю даюць ун-ты поўнага цыкла, ун-ты паскоранага цыкла, прафес. каледжы і тэхн. ін-ты. Фармальна ўсе выпускнікі старэйшай сярэдняй школы маюць права паступаць у ВНУ, дзе навучанне платнае і стыпендыі атрымліваюць каля 20% студэнтаў. У 2003 у Я. каля 600 ун-таў, з іх 425 прыватных. Агульная колькасць студэнтаў больш за 2,5 млн. чалавек. Адукацыя ва ун-тах на базе старэйшай сярэдняй школы, тэрмін навучання 4 гады, на мед. ф-тах — 6 гадоў. Тэсціраванне па прыёме ва ун-ты праводзіць Нац. цэнтр па прыёме ва ун-ты. Прыватныя ВНУ праводзяць уступныя экзамены самастойна. Найбуйнейшыя дзярж. ун-ты: Такійскі ( з 1877, 18 тыс. студэнтаў, 11 ф-таў), у Кіёга (з 1897, 15 тыс., 10 ф-таў), у Осацы (з 1931, 12 тыс., 10 ф-таў), у Хакайда (з 1872, 11 тыс., 11 ф-таў). З прыватных найб. вядомы такійскія ун-ты: Ніхон (з 1889, 94 тыс., 13 ф-таў), Васэдза (з 1882, 41 тыс., 7 ф-таў), Кэйо (з 1885, 35 тыс., 5 ф-таў), Мэйдзі (з 1923, 30 тыс., 8 ф-таў), Такай (з 1946, 27 тыс., 9 ф-таў); Кансійскі ун-т у Осацы (з 1886, 23 тыс., 6 ф-таў). Па заканчэнні асн. курса навучання выпускнік ун-та атрымлівае ступень бакалаўра і можа паступіць у магістратуру (2 гады) і дактарантуру (3 гады для тых, хто мае ступень магістра, і 5 гадоў для бакалаўраў). Ва ун-тах паскоранага цыкла тэрмін навучання 2 гады. Прыём на базе старэйшай сярэдняй школы. У 1997 іх было каля 600. Каля 60% студэнтаў ун-таў паскоранага цыкла — дзяўчаты, якія атрымліваюць веды пераважна ў галіне гуманіт. навук. Для тых, хто хоча атрымаць вузкатэхн. адукацыю, існуюць прафес. каледжы з тэрмінам навучання 3 гады. У тэхн. ін-тах вучацца 5 гадоў. Яны даюць шырокую тэхн. падрыхтоўку. Іх выпускнікам гарантавана працаўладкаванне ў буйных фірмах і доследных цэнтрах. У тэхн. ін-тах рыхтуюць таксама спецыялістаў гандл. флоту. У 1997 у Я. каля 60 тэхн. ін-таў, у якіх навучалася каля 55 тыс. студэнтаў. У Я. каля 900 публічных б-к, найб. з іх Нац. парламенцкая ў Токіо (з 1948), б-кі Такійскага ун-та і ун-та Кіёта. Больш за 400 музеяў, з якіх больш як 30 у Токіо: Нац. (з 1871), Нац. сучаснага мастацтва (з 1952), Нац. заходняга мастацтва (з 1959), Нац. навуковы (з 1877), муніцыпальны ў Кіёта і на в-ве Хакайда, Нац. ў Кіёта (1889), прыгожых мастацтваў у Осацы, музеі пры ун-тах і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў Японскай АН, НДІ і ўстановах у галіне тэхналогіі, прыродазнаўчых і дакладных навук, эканомікі, сельскай гаспадаркі, медыцыны, культуры і мастацтва, гісторыі і інш. Н.-д. ўстановы ёсць і пры ун-тах. З 1949 дзейнічае Навук. савет Японіі. У Я. каля 300 навук. т-ваў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2003 у Я. выдаваліся 420 газет, у т. л. 5 агульнанац., і інш. перыяд. выданні. Найбуйнейшыя газеты: «Іаміуры сімбун» («Рэпарцёр», з 1874), «Асахі сімбун», «Майніці сімбун» («Штодзённая газета», з 1872), «Санкэй сімбун» («Прамыслова-эканамічная газета», з 1933), «Ніхон кэйдзай сімбун» («Японская эканамічная газета», з 1876). Інфарм. агенцтвы: Кіода Цусін, Джыджа (з 1945). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Дзейнічаюць 253 радыёстанцыі і 127 тэлекампаній; 146 кампаній вядуць тэле- і радыёперадачы праз спадарожнік; 669 аператараў кабельнага тэлебачання. Грамадская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Эн-Эйч-Кэй (з 1950) вядзе перадачы па 2 тэле-, 4 радыёканалах, 3 каналах спадарожнікавага тэлебачання, радыёстанцыя «Радыё Японіі» — на замежныя краіны на 23 мовах свету. Прыватныя агульнанац. каналы: Эй-Эн-Бі, Сі-Ікс, Эн-Ці-Ві, Ці-Бі-Эс.

Літаратура. Развіваецца на японскай мове. Першыя паэт. помнікі на яп. мове з 8 ст.: летапіс «Кодзікі» — збор нар. эпічнай творчасці і паэт. анталогія пераважна ў жанры танка «Мант’ёсю» («Збор мірыяд пялёсткаў»). У 10 ст. выйшла анталогія класічнай паэзіі ранняга сярэдневякоўя «Збор даўніх і новых песень». Вяршыня класічнай л-ры Я. — раман «Гэндзі-манагатары» («Аповесць пра Гэндзі», 11 ст.) Мурасакі Сікібу. У 13—15 ст. зарадзіўся жанр гункі — ваен. эпапея «Хэйкэ манагатары» («Паданне пра дом Тайра»). У 14—15 ст. расквітнеў паэт. жанр рэнга («нанізванне страфы», Ё.​Нідзё, Согі), узніклі т-р масак Ноа і першыя п’есы ёкёку на сюжэты нар. паданняў і гераічных эпапей (драматург і акцёр Дзэамі). У 16 ст. зарадзілася гар. л-ра; майстар гар. навелы укіёдзосі — С.Іхара. Драматургія 17—18 ст. арыентавалася на т-р лялек дзёруры і т-р кабукі. Найбуйнейшы прадстаўнік — М.​Цікамацу. У паэзіі панаваў жанр хайку (Мацуо Басё, І.​Кабаясі, Б.​Танігуці). На мяжы 18—19 ст. развівалася апавядальная л-ра (Б.​Такідзава, А.​Уэда). У пач. 19 ст. рэаліст. традыцыі гар. л-ры прадаўжаў І.​Дзіпэнся. Пасля незавершанай рэвалюцыі 1867—68 адбыліся вял. зрухі ў развіцці л-ры, шырока перакладаліся творы зах.-еўрап. пісьменнікаў. Пачатак новай л-ры даў трактат «Сутнасць рамана» С.​Цубауці, які паставіў на першы план пачуццёвасць і індывід. жыццё. У аснове яп. рэалізму — раман «Плывучае воблака» С.​Фтабатэя. З паяўленнем паэт. зб. «Сінтайсісё» («Зборнік вершаў новай формы») усталяваўся жанр свабоднага верша — сі (А.​Ёсана, Т.​Кітамура). Паралельна з рамант. паэзіяй развіваўся рэаліст. кірунак, у якім сцвердзіўся размоўны свабодны верш (дзіюсі), што стаў пануючай паэт. формай 20 ст. У пач. 20 ст. пад уплывам творчасці Э.​Заля ўзнік рух за натуралізм (К.​Нагаі). Сац. праблематыка, разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — гал. тэмы яп. рэалістаў (Д.​Кунікіда, С.​Нацумэ, Т.​Сімадзакі, К.​Таяма). Заснавальнік дэмакр. паэзіі — Т.Ісікава. У 1920—30-я г. ўзніклі плыні пралет. л-ры (Т.​Кабаясі, С.​Такунага, Ё.​Хаяма), неарамантызму (Дз.​Танідзакі), неагуманізму (Н.​Сіга), «школы новага майстэрства» (неарэалізму; Р.Акутагава). Прынцыпы мадэрнісцкай эстэтыкі адбіліся на творчасці групы «неасенсуалістаў» (Р.​Ёкаміцу). У пасляваен. л-ры побач існавалі розныя тэндэнцыі і плыні: традыц. (Я.Кавабата, Ю.​Місіма, Танідзакі), дэмакр. (К.​Курахара, Ю.​Міямота, Такунага) і сэнгаха (спалучэнне рэалізму і мадэрнізму; Абэ Коба, Х.​Нома, Ё.​Хота). Вострыя сац. праблемы сучаснай Я. ў рэаліст. раманах Дз.​Гамікава, Т.​Ісікава, тэма трагедыі Хірасімы — у М.​Ібусэ, М.​Іноўэ, Хота, тэма адчужанасці пасляваен. моладзі, трывога за лёсы чалавецтва перад пагрозай ядз. катастрофы — у К.Оэ, Абэ Коба, Т.​Кайка. У паэзіі выступілі Д.​Доі, К.​Кітасона, Р.​Тамура, Р.​Хасэгава, прозе — Іноўэ Ясусі, К.​Айкава, С.​Кубота, Х.​Муракамі, К.​Накадзата, С.​Сімота, драматургіі — Дз.​Кінасіта, К.​Міямота. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі раманы Абэ Коба («Жанчына ў пяску. Чужы твар», 1986, пер. В.​Рабкевіч), яп. казкі «Медуза і малпа» (1988, пер. С.​Міхальчук). У перыяд. выданнях друкаваліся ў перакладзе на бел. мову паасобныя творы Акутагава, У.​Каіціра, Мацуо Басё. Сярод перакладчыкаў Л.​Баршчэўскі, Я.​Курто, А.​Разанаў, У.​Шатон і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. маст. творы Я. адносяцца да неаліту (8 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.), да т.зв. перыяду Дзёмон: керамічны посуд з налепленым дэкорам, стылізаваныя фігуркі ідалаў догу, антрапаморфныя маскі дамэн. У пач. н.э. быт. кераміка набыла яскравасць форм і строгасць геам. ўзору, пашырыліся бронзавыя мячы, люстэркі, званы датаку. У перыяд Кофун (4—6 ст.) выраблялі гліняныя фігуркі воінаў, жрацоў, прыдворных дам, жывёл і інш. магічнага прызначэння (ханіва). У перыяд Асука з пашырэннем будызму ў храмах узводзілі алтары з выявамі божастваў з залачонай бронзы або расфарбаванага дрэва. Статуям вышэйшых божастваў 7 ст., блізкіх да пластыкі Кітая і Карэі, уласцівы суровасць і аскетычнасць, божаствам міласэрнасці бодхісатвам (босацу) — большая разнастайнасць. У перыяд Нара павялічылася выкарыстанне пластыкі, манум. вобразаў; у скульптуры пачалі выкарыстоўваць т.зв. сухі лак і гліну, пашыраны гратэскавыя рытуальныя маскі. Пад уплывам кіт. і інд. мастацтва афармлялі храмы (Харудзі, 8 ст.). У перыяд Хэян скульпт. алтарныя кампазіцыі ўскладніліся тэматычна, ствараліся многааблічныя і мнагарукія божаствы складаных аб’ёмаў, ярка расфарбаваныя. Будыйскаму жывапісу ўласцівы сімвалічныя схемы светабудовы — іконы-мандалы. У 11—12 ст. сфарміраваліся стылістычныя якасці свецкага жывапісу Ямата-э. Яскравую графічнасць, кампазіц. дынаміку набылі ілюстрацыі 12 ст. да будыйскіх навел і гіст. легенд (Т.​Сёдза). Вытанчанай прыгажосцю вылучаюцца вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва: лакавыя столікі, куфэркі ў тэхніцы макі-э (прысыпка залатым парашком, нанясенне малюнка золатам). У перыяд Камакура пластычнае ўвасабленне набылі шматлікія вобразы божастваў і святых, успрынятых з будыйска-сінтаісцкага пантэона (бог Хатыман і інш.), а таксама абагаўлёныя дзеячы будызму, военачальнікі. З іх драўлянымі скульпт. выявамі звязана развіццё партрэтнага жанру (майстэрні скульптараў Какэй, Ункэй і інш.). Партрэты военачальнікаў і манахаў пашырыліся і ў жывапісе (партрэт Мінамота Ёрытома). У скрутках-эмакімано нарастала імкненне да фіксацыі канкрэтных з’яў, распрацоўкі прасторавага асяроддзя. Высокага ўзроўню дасягнула ўпрыгожанне мячоў і кінжалаў. Новыя тэхнікі пашырыліся ў афармленні лакавых вырабаў. Сярод керамічных цэнтраў вылучаўся Сета. У перыяд Мурамаці ў выяўл. мастацтве распаўсюдзіўся манахромны жывапіс суйбоку-га, які ўспрыняў традыцыі кіт. мастакоў будыйскай секты Чань (Дзэн; С.​Тоё і інш.). Традыцыі нац. жывапісу Ямата-э развівалі ў размалёўках на скрутках, шырмах, перагародках майстроў школ Кано і Тоса (Міцунобу Тоса і інш., якія звярталіся да тэм літ. твораў з жыцця знаці і будыйскага духавенства). З завяршэннем эвалюцыі храмавай скульптуры развіццё пластыкі звязвалася пераважна з мастацтвам вырабу тэатр. масак. З фарміраваннем культу чайнай цырымоніі, у якой важную ролю адыгрывалі чашы і вазы, развіліся цэнтры керамікі Таканабе, Сігаракі, Тамба, Бізэн, Сета. З чайнай цырымоніяй звязана ўзнікненне з канца 15 ст. мастацтва ікебана. У перыяд Мамаяма прадаўжала развівацца творчасць школ Кано і Тоса. Высокай дасканаласці дасягнула мастацтва керамікі. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. расквітнела школа манахромнага жывапісу нанга (бундзінга), якой уласцівы паэт. непасрэднасць вобразнага ладу, свабода маст. выяўлення, своеасаблівасць трактоўкі пейзажных матываў (І.​Тайга, В.​Кадзан, Т.​Бунцё, Ё.​Бусон). Папулярнасць набыла таксама школа манахромнага жывапісу Маруяма — Сідзё, прадстаўнікі якой выкарыстаннем падфарбоўкі і святлоценявой мадэліроўкі імкнуліся да дасканаласці ў перадачы натуры (М.​Окіо, М.​Гасюн, Н.​Расэцу). У дэкар. жывапісе важную ролю адыграла т.зв. школа Сатацу — Карын (Т.Сатацу, А.Карын). Дэмакр. змены ў характары мастацтва ўвасобіліся ў жывапісе, асабліва ў каляровай гравюры на дрэве Укіё-э. На ранняй стадыі развіцця гравюры (1680—1760-я г.) у стварэнні вобразаў выкарыстоўвалася падфарбоўка ад рукі, 2- і 3-каляровы друк. З сярэдзіны 1760-х г. раскрыццё эмац. свету чалавека стала больш глыбокім, з’явілася імкненне да выяўлення яго характэрных рыс. Мастакі К.Утамара, С.​Харунобу, Ц.​Сяраку выкарыстоўвалі развітую тэхніку паліхромнага друку. У эвалюцыі традыц. жанраў гравюры 1800—60-х г. назіраецца адмаўленне ад пошукаў характарнасці, узмацняецца імкненне да фармальнай вытанчанасці (У.​Тоёкуні і інш.); дасягнуў росквіту жанр пейзажа (К.Хакусай, А.Хіросігэ). Мастацтва скульптуры прадстаўлена пераважна творчасцю нар. майстроў (Энку), фарфоравая вытв-сць засн. на вопыце кіт. і яп. нар. майстроў. Кераміка і высокамаст. вырабы з лаку ствараліся майстрамі школы Сатацу — Карын (Х.-А.​Коэцу, Н.​Нінсэй, А.​Кэндзан). Пластычнай выразнасцю вылучаліся бірулькі-нэцкэ. На мяжы 19—20 ст. ў жывапісе склаліся 2 кірункі: традыц. ніхонга і еўрап. ёга. Шэраг майстроў традыц. стылю працягваў развіваць прынцыпы сярэдневяковага пейзажнага жывапісу (Т.​Таміёка, Ё.​Тайкан, Т.​Сэйхо, С.​Кандзан і інш.). Творчасць жывапісцаў, якія вучыліся за мяжой (А.​Цю, Я.​Сатаро, У.​Рудзабуро, К.​Сэйкі і інш.), фарміравалася пад уплывам еўрап. акадэмізму, імпрэсіянізму і фавізму. З 1910-х г. на выяўл. мастацтва ўсё большы ўплыў аказвае дадаізм, кубізм, сюррэалізм і інш. мадэрнісцкія плыні. З 1950-х г. узмацняюцца пошукі сінтэзу арх., скульпт. і жывапісных форм. Для сучаснага жывапісу Я. характэрна разнастайнасць кірункаў і школ — следаванне архаічным традыцыям і ўспрыняцце авангардысцкіх зах.-еўрап. і амер. плыней (А.​Сёры, Ф.​Івамі, С.​Тога, А.​Таро, Т.​Тэсей). Сярод мастакоў-манументалістаў М.​Іры, М.​Тасіка, М.​Гэндзіра, С.​Макота; скульптараў — С.​Уэкі, Т.​Таманоры і інш.; графікаў — О.​Тадасігэ, У.​Макота, С.​Дзюн’ітыра, Т.​Дзіра, Н.​Хірахару, М.​Сэмпан, Х.​Ун’іці, О.​Касіра, М.​Сіко. Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (у нар. творчасці) і авангардысцкія пошукі (у прафес. мастацтве).

Архітэктура. У канцы неаліту — пач. ранняга жал. веку будавалі зямлянкі, хаціны, а таксама прамавугольныя ў плане збожжасховішчы з бярвён без вокнаў, з 2-схільным дахам, узнятыя слупамі над зямлёй. У пач. н.э. з умацаваннем сінтаізму накшталт збожжасховішчаў на вял. засыпаных галькай тэрыторыях узводзілі абнесеныя агароджай гал. свяцілішчы (у Ісе і Ідзума, 550). У 4—6 ст. насыпалі грандыёзныя курганы правіцеляў. З пашырэннем будызму на ўзор. кіт. і кар. архітэктуры пачалі будаваць манастыры (Харудзі, Хакідзі). Невял. па плошчы храмавыя ансамблі складаліся з шмат’яруснай пагады, гал. храма конда, залы для пропаведзей, сховішча будыйскіх сутраў, жылля манахаў і інш. Збудаванні знаходзіліся на прамавугольнай плошчы, абкружанай 2 радамі сцен з брамамі. Пагада і конда размяшчаліся па цэнтр. восі або па баках ад яе. Будынкі ўзводзілі на аснове стоечна-бэлечнай каркаснай канструкцыі, мелі афарбаваныя чырвоным лакам калоны і кранштэйны, якія падтрымлівалі масіўны чарапічны 1—2-ярусны дах, выгнуты па краях. З 710 на ўзор кіт. рэгулярных у плане гарадоў створана першая сталіца Я. — Хэйдзёкё (цяпер Нара). У яе былі перанесены гал. храмавыя ансамблі, якія вылучаліся дакладнай сіметрыяй планаў, прасторавасцю плошчаў, веліччу і магутнасцю канструкцый. У канцы 8 ст. будавалі ў новай сталіцы Хэян (цяпер Кіёта). У сувязі з росквітам эзатэрычных (тайных) будыйскіх сектаў Тэндай і Сінгон, якія атаясамлівалі Буду з самой прыродай, манастыры пачалі будаваць у горнай мясцовасці: Муродзі каля Нары (засн. 681, перабудаваны ў 824—833), Энракудзі (засн. ў 788), Кангабудзі (816, каля Хэяна). Склаўся тып нац. жылога ансамбля. У сядзібе 9—10 ст. да прасторнага 1-зальнага павільёна сіндэн (адсюль назва арх. стылю сіндэн-дзукуры) з неафарбаванага дрэва, прыўзнятага на слупах, з 2 бакоў прылягалі галерэі, якія злучалі асн. будынак з бакавымі флігелямі; перад фасадам размяшчалася пясчаная плошча, якая завяршалася садам (дрэвы, кусты, штучная сажалка, масты; Імператарскі палац Дайдайры ў Хэяне, 794—4105, Павільён Фенікса ў храме Бёда-ін у Кіёта, 11 ст.). Прынцыпы стылю сіндэн пашырыліся і ў храмавым будаўніцтве. У 12—14 ст. на кіт. ўзор узводзілі манастыры секты Дзэн. Іх будынкі, перакрытыя саламянымі дахамі, мелі спрошчаны выгляд (рэлікварый Сярыдэн манастыра Энгакудзі ў Камакуры, 1282—85). Ідэя сувязі з прыродай стымулявала ў архітэктуры фарміраванне стылю сёін-дзукуры: лёгка трансфармаваная канструктыўная сістэма інтэр’ера мела рассоўныя знешнія сцены (сёдзі), унутр. перагародкі (фусума), якія перамяшчаліся, падлогу, цалкам укрытую цыноўкамі татамі (вызначалі модульны прынцып трактоўкі прасторы), акно з шырокім падаконнікам (сёін), нішу таканома са скруткам і букетам ікебана. Новыя стылістычныя рысы пачалі праяўляцца ў архітэктуры загарадных палацаў («Залаты павільён» — Кінкакудзі, канец 14 ст., і «Сярэбраны павільён» — Гінкакудзі, 15 ст., у Кіёта). У садова-паркавым мастацтве адбылася трансфармацыя саду стылю сіндэн у сад, арганізаваны на аснове дзэнскага вучэння, паводле якога прасвятленне дасягаецца сузіраннем прыроды ва ўсёй яе велічы і бясконцай зменлівасці. Вызначыліся 2 асн. тыпы саду: цукіяма — пейзажны (з камянёў, дрэў, імхоў, сажалак; сад манастыра Роандзі) і хіраніва — плоскі (з пяску і камянёў, пакрытых імхом; сад манастыра Роандзі). З 2-й пал. 16 ст. традыц. віды культавых пабудоў страцілі дамінуючае значэнне, пачалі пераважаць замкі і чайныя павільёны. Замкі накшталт еўрап. абарончых збудаванняў звонку засцерагаліся сценамі, вадаёмамі; унутры ўмацоўваліся радамі сцен, размешчаных вакол плошчы з пакоямі даймё (у стылі сёін) і вежай-данжонам, якая складалася з некалькіх паверхаў-ярусаў з выступаючымі дахамі і франтонамі (замкі Хакуродзё ў Хімедзі, каля 1580; у Осацы, засн. ў 1583; і інш.). Паступова абарончая функцыя замкаў знізілася, яны ператварыліся ў парадныя палацавыя рэзідэнцыі (замак-палац Нідзё ў Кіёта, засн. ў 1602). Для правядзення чайнай цырымоніі выкарыстоўваўся павільён цясіцу: домік у выглядзе хаціны з лёгкімі глінабітнымі сценамі, падлогай, засланай цыноўкамі, і дахам з саломы або драўнянай кары (павільён Таян, 1582, у манастыры Мёкіян у Кіёта). Шлях да павільёна ішоў праз цяніва, т.зв. чайны сад. Сярод будынкаў, якія дэманструюць завяршэнне развіцця феад. архітэктуры, — грандыёзны пахавальны комплекс у Ніка (1-я пал. 17 ст.), які сумяшчае тыпы сінтаісцкай і будыйскай архітэктуры і палацавы ансамбль Кацура каля Кіёта (1620—58) — спалучэнне парадна-палацавага стылю сіндэн, жылога сёін і чайнага павільёна цясіцу. У канцы 19 — пач. 20 ст. гар. архітэктура характарызуецца эклектычным змяшэннем нац. і еўрап. стыляў (будынак нац. парламента, 1918—36). З канца 1920-х г. пашырыліся ідэі еўрап. рацыяналізму (арх. С.​Дзюндза, М.​Куніо). У 1930—40-я г. адрадзіліся нац. тэндэнцыі — т.зв. стыль імператарскай кароны, цікавасць да традыцый нац. дойлідства. Лёгкія каркасныя канструкцыі, арх. формы, якія ўзаемадзейнічаюць з навакольнай прасторай, сумяшчаюцца з выкарыстаннем навейшых матэрыялаў і буд. прыёмаў. Сярод збудаванняў: мемар. парк Міру ў Хірасіме (1949—56), Нац. т-р Я. ў Токіо (1966), Палац міжнар. цэнтра канферэнцый у Кіёта (1966—74), 2 алімпійскія комплексы (пач. 1960-х г.), небаскроб «Сумітома» (1974, усе ў Токіо), Гіст. музей прэфектуры Гума, (1980); архітэктары К.​Тангэ, М.​Куніо, М.​Тога, Т.​Кітыра і інш. Манастыры Харудзі, Хімедзі, гіст. помнікі стараж. Кіёта, Нары, пахавальны комплекс у Ніка, мемар. парк Міру ў Хірасіме ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Музыка. У ладавай будове стараж. яп. музыкі шмат агульнага з музыкай інш. народаў Д. Усходу. З 3 ст. музыка Я. развівалася ва ўзаемадзеянні з кіт. і кар. муз. культурамі, на яе паўплывалі цэнтр.-азіяцкая і паўд.-ўсх. культуры, а таксама індыйска-будыйская, з канца 19 ст. — еўрап. і амерыканская. З муз. інструментаў: стр. шчыпковыя сямісэн і кота, духавыя хіцірыкі (род габоя), фуэ і сякухаці (бамбукавыя флейты); біндзасара (драўляная трашчотка). З 3 ст. з утварэннем буйнога племяннога саюза Ямата пашырыліся рэліг. містэрыі кагура з танцамі, спевамі, інстр. суправаджэннем. З 6 ст. распаўсюдзілася традыцыя будыйскіх песнапенняў сёмё з выкарыстаннем сістэмы натацыі неўмаў, якая ў працэсе эвалюцыі падзялілася на мноства разнавіднасцей. З 13 ст. з пашырэннем будыйскага манаства пераважала традыцыя ігры на сякухаці ў 2 тыпах — хонкёку і гайкёку. З 16 ст. пашырылася традыцыя ігры на сямісэне (род лютні). Створаны школы сямісэна Такэмота Гідаю, Като Масумі (17—18 ст.), Таківазу Модзідаю (18 ст.), Кіёмота Эндзюдаю (18—19 ст.); з канца 19 ст. называлася сінкёку. Тэарэт. асновы музыкі Я. сфарміраваны ў традыцыі гагаку — сістэме 5-тонавых ладоў цёсі, аб’яднаных у групы «ро» і «рыцу», якія асацыіраваліся з мужчынскім і жан. пачаткамі па аналогіі з кіт. філас. сістэмай. Гал. прынцыпы яп. муз. навукі выкладзены ў трактатах «Кёкунсё» Кома Цікадзанэ (1231), «Гакароку» Абэ Суэнао (1690). У канцы 16 — пач. 17 ст. муз.-тэатр. традыцыі Я. развівалі т-ры ноа, кабукі, дзёруры. Традыц. муз. творчасць адрозніваецца разнастайнасцю лакальных форм і стыляў, што асабліва характэрна для астравоў Рукю (песні аяга і тагамі і інш.), Акінава (цыкл. вак. кампазіцыі ў суправаджэнні сямісэна і інш.), Хакайда (захавалася муз. творчасць айнаў). Пасля рэвалюцыі Мэйдзі пачаўся працэс засваення традыцый еўрап. і амер. музыкі. З канца 19 ст. цэнтр муз. культуры Я. — Токіо. Цэнтр т.зв. зах. школы — кансерваторыя ў Токіо (з 1872). У канцы 19 — пач. 20 ст. былі створаны сімф. аркестры, оперная трупа «Асакуса» (1920). Першая опера паст. ў Токіо ў 1904; у 1952 засн. Такійская оперная кампанія. З канца 1940-х г. характэрны 3 асн. кірункі: зварот да нац. муз. мастацтва (Міціо Мамія, Ірына Ёсіра, Акутагава Ясусі і інш.); спалучэнне нац. традыц. элементаў з элементамі авангардызму (Такахасі Юдзі, Хацімура Ёсіо, Нода Тэруюкі і інш.); заходні, частка прадстаўнікоў якога арыентуецца на традыцыі муз. класікі (К.​Ямада і інш.), частка — на розныя праявы муз. авангардызму (дадэкафонія, канкрэтная, электронная музыка і інш.). У 1957 створаны Ін-т музыкі 20 ст. Сярод музыкантаў 20 ст.: кампазітары Ямада Касаку, Кіёсэ Ясудзі, Міягі Міціо, Набутокі Кіёсі, Мацудайра Ёрыцунэ, Тору Такеміцу, Т.​Хасакава, М.​Хіраяма, Я.​Сютару, дырыжоры Уэда Масасі, Сайто Хідэо, Ватанабэ Акэо, піяністы Накамура Хірока, Мацуура Тасіка, скрыпачы Ё.​Куба, М.​Усіёда, Сато Ёка, віяланчэліст Івасака Юдзі, спявачка Она Тэрука, музыказнаўцы Хірасада Тамура, Танабэ Хісао, Танака Сёхэй, Тамба Акіра, Геніці Цугэ і інш. Муз. жыццё сканцэнтравана ў Токіо, Осацы, Кіёта, Нагоі і інш. гарадах. У Я. функцыянуюць оперныя трупы «Фудзівара кагэкідан», «Нікікай», ансамбль камернай оперы «Сіцунай кагэкідан», каля 20 сімф. аркестраў, у т. л. 8 у Токіо, камерна-інстр. ансамблі, у т. л. Такійскі стр. квартэт; калектывы традыц. муз.-тэатр. мастацтва (Аркестр гагаку імператарскага палаца «Сігэнкан», трупа Нац. т-ра і інш.); муз. самадз. калектывы. Муз. ўстановы: Муз. акадэмія («Сэндзокугакуэн»), муз. школы «Тоха» і Кунітаці, муз. аддз. пры ун-тах Токіо, Осакі і інш. У 1930 створана Федэрацыя сучасных кампазітараў.

Тэатр. Вытокі яп. т-ра ў стараж. абрадах, культавых урачыстасцях. У 7—8 ст. у Я. пранікаюць тэатр. формы Карэі, Кітая, Індыі (музычна-танц. паказы гігаку і бугаку), што садзейнічала фарміраванню класічнага яп. т-ра. У канцы 14 ст. на аснове запазычаных і мясц. уяўленняў узнік т-р ноа, які ўключаў музыку, танец і драм. дзеянне. Гал. дзейныя асобы выступалі ў масках, акрамя выпадку, калі была рэалістычная роля; большасць сцэн — пантамімы, хор каменціраваў падзеі. Тэкст акцёры дэкламавалі ці гартанна спявалі. Усе ролі па традыцыі выконвалі мужчыны. У строгай кананічнай форме жанр захаваўся і ў 20 ст. У пач. 17 ст. з ростам гарадоў пашырыліся тэатр. жанры — т-р лялек дзёруры (спалучаў мастацтва лялечнікаў, спевакоў-казачнікаў і музыкантаў) і т-р кабукі (дзейнічае ў Токіо, Осацы, Кіёта, Нагоі). У пач. 20 ст. ўзніклі новыя жанры, створаныя ў выніку абнаўлення традыц. т-ра (сімпа, сінкакугэкі) і запазычання еўрап. форм (сучасная драма сінгэкі, опера, балет). Тэатр. мастацтва падзяляецца на традыц. (бугаку, ноа, кабукі, дзёруры) і еўрап. (драма, опера, балет). Своеасаблівая праслойка паміж імі — сімпа (яп. мяшчанская меладрама) і сінкакугэкі (драма, аснова якой — сцэны бітваў на мячах). Рэпертуар сучасных т-раў сінгэкі складаюць пераклады п’ес еўрап. і амер. драматургаў, а таксама новыя творы яп. аўтараў. Сярод акцёраў: у т-ры ноа — М.​Кіта; у т-ры кабукі — К.​Накамура, К.​Мацумота, Э.​Іцікава; у сімпа — Я.​Мідзутані, К.​Ісіі; у сінкакугэкі — С.​Сімада, Р.​Тацумі. У Я. каля 100 труп сінгэкі, буйнейшыя з іх — «Хайюдза», «Мінгэй», «Бунгакудза». Сярод рэжысёраў К.​Сэнда, Дз.​Уно, акцёраў — О.​Такідзава, І.​Ямада, Я.​Ямамота і інш. У 1966 у Токіо створаны нац. тэатр. цэнтр «Какурыцу гэкідзё» — адзіны ў Я. дзярж. т-р, які садзейнічае захаванню і развіццю традыц. жанраў. Пры цэнтры арганізавана першая яп. тэатр. школа падрыхтоўкі акцёраў т-раў кабукі і дзёруры. Працуе н.-д. Ін-т тэатр. мастацтва. У 1983 адкрыты першы дзярж. т-р ноа. Іл. гл. таксама да арт. Кабукі.

Кіно. Кінавытворчасць у Я. пачалася ў 1899 са здымак дакумент. і маст. фільмаў паводле спектакляў т-ра кабукі. У 1903 з’явіўся першы кінатэатр у Токіо, у 1907 — у Осацы. У 1908 пабудаваны кінастудыі ў Токіо і Кіёта. Нац. кінематаграфія развівалася ў 2 асн. кірунках: «дзідайгэкі» і «гэндайгэкі». Жанравыя каноны самурайскага фільма «дзідайгэкі» склаліся пад уздзеяннем традыцый т-ра (фільмы з гіст. і легендарным сюжэтам); яны вызначаліся статыкай і гарыз. кампазіцыяй кадра, эстэт. вытанчанасцю рухаў: фільмы А.Курасавы «Расёмон» (1950, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951), «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Ран» (1985) і інш. «Кэнгэкі» (дынамічны фехтавальны фільм) сінтэзаваў традыцыі «дзідайгэкі» і амер. вестэрна («Вандраванні Цюдзі», 1927, рэж. Д.​Іта; «Вуліцы ронінаў. Апавяданне першае», 1928, рэж. М.​Макіна). Выкарыстаўшы каноны «кэнгэкі», рэж. М.​Кабаясі асудзіў самурайскую мараль у фільмах «Харакіры» (1962, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1963), «Паўстаўшы» (1967, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Жанр «гэндайгэкі» засн. на сюжэтах з сучаснасці, рэалістычнасці атмасферы і ігры акцёраў. Ён адышоў ад традыцый нац. тэатра і першых стужак нямога кіно, дзе жаночыя ролі выконвалі мужчыны, і з 1923 у фільмах пачалі здымацца актрысы («Шальмоўка», 1927, рэж. Х.​Госё). З фільмам Госё «Суседка і жонка» (1931) звязана сцверджанне гукавога кіно. Моцныя жан. характары ў фільмах С.​Імамуры «Японскае насякомае» (1963), «Легенда пра Нараяму» (1983), «Вугор» (1998, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1999). З пач. 1960-х г. творчасць маладых рэжысёраў адметная развіццём тэмы лёсу пасляваен. пакалення: «Цырымонія» (1971, рэж. Н.​Ошыма), «Аднадумцы» (1975, рэж. Ё.​Ямада). У жанры «кэйка эйга» (тэндэнцыйны фільм) створаны сац.-псіхал. драмы з арыентацыяй на дакументалізм, рэальныя факты: «Голы востраў» (1960, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, 1961), «Акцёр» (2000; рэж. абодвух К.​Сінда), «Вуліца без сонца» (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Вялікая белая вежа» (1966, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, 1967; рэж. абодвух С.Ямамота), «Пад стук трамвайных колаў» (1970, рэж. А.​Курасава), «Да жыцця прыдатны» (2002, рэж. К.​Курасава). Пачынальнік яп. неарэалізму — рэж. Т.​Імаі. А.​Курасава экранізаваў творы рус. пісьменнікаў: «Ідыёт» Ф.​Дастаеўскага (1951), «На дне» М.​Горкага (1957), «Дэрсу Узала» В.​Арсеньева (1976; усе зняты ў СССР). Акцёрскую школу яп. кіно склалі Т.Міфунэ, К.​Танака, С.​Хара, С.​Хаякава, І.​Ямада і інш. Стылістычныя пошукі на стыку яп. і еўрап. традыцый у фільмах Х.​Тэсігахары («Пастка», 1960; «Жанчына ў пясках», 1964; «Чужы твар», 1966), Ошымы («Ноч і туман Японіі», 1960; «Хлопчык», 1969), Т.​Міікі («Горад страчаных душ», 2000) і інш. Адзін з буйнейшых яп. рэжысёраў — Т.​Кітана («Жорсткі паліцэйскі», 1989; «Лялькі», 2002). З 1970-х г. павялічыўся выпуск фільмаў для масавага гледача ў жанры «якудза эйга» (пра арганізаванае злачынства і катастрофы). Яп. анімацыйнае кіно набыло папулярнасць дзякуючы фільмам у стылі У.Дыснея, якія выпускаюцца з 1958 кампаніяй «Тоэй». Адметная з’ява — фільмы майстроў анімацыі, заснаваныя на традыцыях нац. карыкатуры (рэж. Ё.​Куры і інш.).

Літ.:

Очерки новой истории Японии (1640—1917). М., 1958;

Кин Д. Японцы открывают Европу, 1720—1830: Пер. с англ. М., 1972;

Конрад Н.И. Древняя история Японии // Конрад Н.И. Избр. тр. История. М., 1974;

Воробьев М.В. Япония в III—VII вв. М., 1980;

Спеваковский А.Б. Самураи — военное сословие Японии. М., 1981;

Яго ж. Религия синто и война. Л., 1987;

Накамура Синтаро. Японцы и русские: Пер. с яп. М., 1983;

Мещеряков А.Н. Древняя Япония: буддизм и синтоизм: Проблема синтеза. М., 1987;

Япония: Поиски обновления. М., 1995;

История Японии. М., 1998;

Латышев И.А. Япония, японцы и японоведы. М., 2001;

История современной японской литературы: Пер. с яп. М., 1961;

Рехо К. Современный японский роман. М., 1977;

Кин Д. Японская литература XVII—XIX столетий: Пер. с англ. М., 1978;

Боронина И.А. Поэтика классического японского стиха VIII—XIII вв. М., 1978;

Николаева Н.С. Современное искусство Японии: Краткий очерк. М., 1968;

Яе ж. Декоративное искусство Японии. М., 1972;

Яе ж. Декоративные росписи Японии XVI—XVIII веков. М., 1989;

Иэнага Сабуро. История японской культуры: Пер. с яп. М., 1972;

Сисаури В. Японская музыка гагаку // Сов. музыка. 1975. № 1;

Яго ж. Японская инструментальная музыка гагаку (генетические связи и процесс становления) // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1975. Вып. 14;

Гришелева Л.Д. Формирование японской национальной культуры (конец XVI—нач. XX века). М., 1986;

Яе ж. Формирование японской национальной культуры в XX в. М., 1986;

Яе ж. Театр современной Японии. М., 1977;

Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп. М., 1966.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), В.​А.​Юшкевіч (узброеныя сілы), І.​М.​Семяненя (ахова здароўя), К.​В.​Языковіч (асвета, навуковыя ўстановы), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Н.​В.​Сазановіч (музыка), В.​Ф.​Нячай (кіно).

Герб і сцяг Японіі.
Да арт. Японія. Наваколлі вулкана Фудзіяма.
Да арт. Японія. Токіо.
Да арт. Японія. Рысавыя палі.
Да арт. Японія. Першая чыгунка ў Японіі. 19 ст. Японская гравюра.
Да арт. Японія. Самурай. Японская гравюра.
Да арт. Японія. Прадстаўнік Японіі міністр замежных спраў М.​Сігэміцу падпісвае акт аб капітуляцыі сваёй краіны на борце амерыканскага лінкора «Місуры». 2.9.1945.
Да арт. Японія. Тэракотавая статуэтка. 4—6 ст.
Да арт. Японія. С.​Тоё. Пейзаж.
Да арт. Японія. Т.​Сатацу. Бог ветру.
Да арт. Японія. К.​Утамара. Жанчыны, занятыя выбарам адзення.
Да арт. Японія. Анда Хіросігэ. Ліст «Сінтаісцкі храм Міната каля моста Інарыбасі ў квартале Тэпосу» з серыі «Сто знакамітых відаў Эда». 1856—58.
Да арт. Японія. Цікуёсай Тамаціка II. Нэцке «Чароўны кацялок для чаю». 1800—73.
Да арт. Японія. Т.​Тэсей. Пейзаж.
Да арт. Японія. К.​Хакусай. З серыі «36 відаў Фудзі».
Да арт. Японія. К.​Сэйкі. Ля возера.
Да арт. Японія. Павільён Фенікса ў будыйскім храмавым комплексе Бёда-ін у Кіёта. 11 ст.
Да арт. Японія. Залаты павільён. Кіёта. Канец 14 ст.
Да арт. Японія. Галоўная пабудова вежавага тыпу замка Хакуродзё ў Хімедзі. 17 ст.
Будынак нацыянальнага парламента Японіі 1918—36.
Да арт. Японія. Аркестр гагаку.
Нацыянальны тэатр Японіі ў Токіо. 1966.
Да арт. Японія. Тэатр лялек дзёруры.
Да арт. Японія. Кадр з кінафільма «Голы востраў». 1960.
Да арт. Японія. Кадр з кінафільма «Жанчына ў пясках». 1964.

т. 18, кн. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЯШЧАННЕ

Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял. Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.

Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦК ВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.

У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).

У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.​Жальвінскага) і верш Я.​Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).

У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел. нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс. км.

З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.

У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.

Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.

Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.

У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.

Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.

Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.

Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).

Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.

Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.

Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.

У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».

На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.

На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.

На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.

Літ.:

Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Радио в дни войны. М., 1975;

Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;

Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;

Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.

В.​М.​Шэін.

Будынак Дома радыё. Мінск.

т. 18, кн. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)