сістэма рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт; сац.-эканам. форма развіцця прадукц. сіл; неад’емны бок любога спосабу вытв-сці. Асновай вытворчых адносін з’яўляюцца формы ўласнасці на сродкі вытв-сці, якія характарызуюць адпаведны гіст. спосаб прысваення людзьмі ствараемых даброт, злучэння вытворцаў са сродкамі вытв-сці. Вядучай і вызначальнай ступенню з’яўляецца ўласна вытв-сць. Вытворчыя адносіны праяўляюцца як эканам. інтарэсы ўсіх удзельнікаў, суб’ектаў грамадскай вытв-сці, як галоўны стымул развіцця вытв-сці, прадукц. сіл і прадукцыйнасці працы. У працэсе грамадскай вытворчасці вытворчыя адносіны відазмяняюцца, удасканальваюцца. Кожная сістэма вытворчых адносін мае гіст. характар. На змену аджылай сістэме прыходзіць новая, якая параджаецца папярэдняй. Кожны цыкл вытворчых адносін абумоўлены развіццём прадукц. сіл і абвастрэннем супярэчнасцей паміж імі і вытворчымі адносінамі, у сістэме якіх узнікаюць пераходныя формы, спалучаюцца папярэднія, аджываючыя і новыя, што нараджаюцца (напр., у прыгонных адносінах спалучаюцца паншчына і аброк, адработачная рэнта і рэнта прадуктамі і нават грашовая рэнта; акцыянерны капітал і манапалістычны капітал ва ўмовах капіталізму ўтвараюць пераходныя да сацыялізму эканам.формы). Новыя вытворчыя адносіны, як правіла, адпавядаюць прыродзе больш развітых прадукцыйных сіл. Сукупнасць вытворчых адносін складае эканам. базіс грамадства, які спараджае адпаведную надбудову — маральныя, навук., прававыя, маст. погляды і адпаведныя ім установы, што садзейнічаюць развіццю і ўмацаванню эканам. базісу. Вытворчыя адносіны — аб’ект эканам. палітыкі грамадства, якое праз дзярж. ўладу ўздзейнічае на вытв-сць, больш-менш адэкватна выкарыстоўвае тэарэт. палажэнні паліт. эканоміі, пераводзячы іх на мову сац.-паліт. дзеяння мас, народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),
1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял.формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,
збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРЭНХІ́МА (ад аэра... + грэч. enchyma налітае, тут — тканка),
паветраносная тканка, тканка розных органаў раслін, якая выконвае вентыляцыйную і часткова дыхальную функцыі. Аэрэнхіма — рыхлая мадыфікаваная парэнхіма з клетак рознай формы і міжклетнікаў, запоўненых паветрам. Характэрна для многіх балотных і водных раслін (гарлачыкаў, рдзестаў, чароту і інш.), памяншае іх удз. вагу, памагае трымацца на вадзе, назапашвае кісларод і вуглякіслы газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМ ((Adam) Роберт) (3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІЗМ (ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),
устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАКА́РП (ад аск + грэч. karpos плод),
пладовае цела грыбоў падкласа сапраўдных сумчатых грыбоў (эўаскаміцэтаў). Аснову аскакарпа складаюць шчыльна сплеценыя вегетатыўныя гаплоідныя гіфы міцэлію, сярод якіх з зіготы аскагенных гіфаў утвараюцца сумкі з аскаспорамі. У залежнасці ад формы і будовы аскакарпа вылучаюць клейстатэцыі, перытэцыі і апатэцыі. Паводле тыпу аскакарпа і сумак вылучаюць групы парадкаў: плектаміцэты, пірэнаміцэты і дыскаміцэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАНЦЫ́,
ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНАЯ ТУРБУЛЕ́НТНАСЦЬ,
асаблівасць рухаў паветраных патокаў, што маюць неўпарадкаваны характар на фоне агульнай цыркуляцыі атмасферы; адна з асн. уласцівасцяў атмасферы. Прычыны атмасфернай турбулентнасці — узнікненне паветраных віхраў рознага памеру. У выніку адбываецца хуткае перамешванне паветра, асабліва вертыкальнае, абмен цяплом, вільгаццю, аэразольнымі часцінкамі паміж асобнымі яго слаямі. Ад атмасфернай турбулентнасці залежыць сутачны ход ветру, формы воблакаў, асаблівасці ападкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТАЎНІ́Т (ад месца знаходкі ў Бітаўне, Канада),
мінерал, алюмасілікат кальцыю і натрыю з групы палявых шпатаў (Ca, Na) [(Al, Si)AlSi2O8].
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. У выглядзе зерняў няправільнай формы, масіўных агрэгатаў. Колер белы да цёмна-шэрага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6. Шчыльн. 2,7 г/см³. Пашыраны ў некаторых базальтах, асн. і ультраасн. інтрузіях і ў некаторых каменных метэарытах.