ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,

фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).

На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.

Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.

Літ.:

Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

добраахвотныя аб’яднанні спецыялістаў і інш. асоб, якія маюць на мэце правядзенне навук. даследаванняў, садзейнічаць развіццю пэўнай галіны навукі. Асн. задачы Н.т.: распаўсюджванне навук. ведаў, далучэнне спецыялістаў да ўдзелу ў вырашэнні задач адпаведнай галіны навукі, садзейнічанне навук.-арганізац. кансалідацыі вучоных з мэтай павышэння эфектыўнасці даследаванняў і ўкаранення іх вынікаў у практыку і інш. Адыгрываюць важную ролю ў развіцці міжнар. навук. супрацоўніцтва. Асн. метады; арг-цыя лекцый і дакладаў, правядзенне навук. канферэнцый, семінараў, кангрэсаў, публікацыя вынікаў навук. даследаванняў і абмен навук. інфармацыяй, правядзенне незалежных пазаведамасных экспертыз навук. і навук.-тэхн. праектаў, падрыхтоўка аналіт. даведак, прагнозаў, прапаноў па пэўных кірунках навук. дзейнасці, ажыццяўленне навук. даследаванняў у розных формах, пошукавых, краязнаўчых работ і інш. Паводле статуса бываюць міжнар., нац., рэсп., рэгіянальныя і інш.; адрозніваюць таксама па ступені ахопу галін навукі, характары дзейнасці, па формах узаемадзеяння з дзярж. навук. ўстановамі і характары сувязей з навук. грамадскасцю і інш. Крыніцы фінансавання: членскія ўзносы, даходы ад выдавецкай дзейнасці і мерапрыемстваў, дзярж. субсідыі, ахвяраванні прыватных асоб, спонсарская падтрымка і інш.

Узніклі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (4—3 ст. да н.э.), часам пад назвай акадэмій (Платонаўская акадэмія, Александрыйскі мусеян, «Дом мудрасці» ў Багдадзе, Акадэмія Мамуна ў Харэзме і інш.). З 15—16 ст. як прафес. аб’яднанні вучоных. У 17 ст. з’явіліся спецыялізаваныя Н.т. (геагр., мед. і інш.). Універсальныя Н.т. часам станавіліся нац. навук. цэнтрамі, напр., Лонданскае каралеўскае т-ва. На Беларусі нефармальныя аб’яднанні навукоўцаў узніклі разам з заснаваннем навуч. устаноў і аб’ядноўвалі выкладчыкаў і студэнтаў па навук. інтарэсах. Важную ролю ў арг-цыі работы па вывучэнні роднага краю адыграла дзейнасць філаматаў і філарэтаў, Віленскай археалагічнай камісіі і інш. Н.т.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць (1999): Н.т. кардыёлагаў, гігіеністаў, глебазнаўцаў, архівістаў; хім., геагр., бат. і інш. Асн. мэтам Н.т. адпавядае дзейнасць грамадскіх акадэмій (Міжнар. акадэмія вывучэння нац. меншасцей, Міжнар. акадэмія арганізац. і кіраўніцкіх навук, Бел. акадэмія сац. навук і інш.), асацыяцый (Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, Бел. асацыяцыя геадэзістаў і картографаў і інш.), цэнтраў (Бел. цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых даследаванняў і інш.). Рэсп. Н.т. маюць аддзяленні ў рэгіёнах, міжнар. Н.т. — і за мяжой. Шэраг Н.т. створаны непасрэдна ў рэгіёнах, дзейнічаюць пры асобных НДІ і ВНУ.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯЛОГІЯ ЧАЛАВЕКА І ЖЫВЁЛ

Станаўленне фізіялогіі як навукі на Беларусі пачалося з адкрыцця ў БДУ у 1921 кафедры нармальнай фізіялогіі, якую ўзначальваў Л.​П.​Розанаў (стажыраваўся ў І.​П.​Паўлава, з 1930 заг. кафедры ў Мінскім мед. ін-це). Даследавалася дзейнасць страўнікавых і падстраўнікавых залоз, роля жоўці ў страваванні бялкоў вітамінаў у арганізме. Яго вучань Р.​А.​Фешчанка — першы ў БССР прафесар фізіялогіі, з 1936 заг. адпаведнай кафедры ў Віцебскім мед. ін-це. У 1935—41 кафедру фізіялогіі ў БДУ узначальваў І.​А.​Вятохін, які вывучаў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. У Ін-це тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52 дырэктар С.​М.​Мялкіх) даследаваліся маторная і сенсарная хранаксія ў неўралагічных хворых (Д.​А.​Маркаў), стан сінаптычнага апарату ў хворых з парушэннямі нервовай сістэмы (М.​І.​Грашчанкаў), наступствы выключэння знешніх аналізатараў на функцыянальна-біяхім. статус арганізма жывёл (А.​Ю.​Бранавіцкі, Л.​С.​Чаркасава).

У 1953 арганізаваны Ін-т фізіялогіі АН Беларусі (дырэктары І.​А.​Булыгін, з 1984 В.​М.​Гурын), дзе вывучаліся роля інтэрацэптыўных рэфлексаў у дзейнасці арганізма (І.​А.​Булыгін з супрацоўнікамі), праблемы гравітацыйнай біялогіі і авіякасмічнай медыцыны (А.​С.​Дзмітрыеў з супрацоўнікамі), патафізіялогія нервовай сістэмы на мадэлі эксперыментальнага алергічнага энцэфаламіэліту (Д.​А.​Маркаў з супрацоўнікамі), тэхналогія атрымання і біялогія фактару росту нерваў (У.​М.​Калюноў з супрацоўнікамі), праблемы вышэйшай нервовай дзейнасці (М.​С.​Калеснікаў з супрацоўнікамі), уплыў малых доз іанізавальнай радыяцыі на вугляводна-энергетычны і бялковы абмен у ц. н. с. і інш. органах (Л.​С.​Чаркасава з супрацоўнікамі), сувязі органаў брушной і тазавай поласцей з ядрамі прадаўгаватага мозга (У.​У.​Салтанаў з супрацоўнікамі), роля кампенсатарных рэакцый сэрца пры эксперыментальным інфаркце міякарда (А.​Ю.​Бранавіцкі з супрацоўнікамі), значэнне «перыферычных мышачных сэрцаў» у кровазвароце (М.​І.​Арынчын з супрацоўнікамі). За шэраг манаграфій І.​А.​Булыгіну прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1972, за цыкл прац «Новыя прынцыпы будовы вегетатыўных гангліяў» — Дзярж. прэмія СССР 1978. За працы па патагенетычнай і аднаўленчай тэрапіі Д.​А.​Маркаў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1974. З 1980-х г. у ін-це ў даследаванні ўключаны праблемы тэрмарэгуляцыі. Вывучаюцца тэрмадэтэктарныя нейроны, прадукцыя ІЛ-1, удзел монааксіду азоту ў цэнтр. механізмах тэрмастабілізацыі (В.​М.​Гурын з супрацоўнікамі), праблемы субфібрылітэту (І.​М.​Семяненя з супрацоўнікамі), цэнтр. і перыферычныя механізмы тэмпературных і ноцыцэптыўных адказаў арганізма на ўздзеянне эндатаксінаў (У.​А.​Кульчыцкі з супрацоўнікамі), фізіялагічныя механізмы жыццядзейнасці ва ўмовах комплекснага ўздзеяння фіз. і хім. фактараў навакольнага асяроддзя (П.​П.​Мурзёнак з супрацоўнікамі), рэгуляцыя сістэмы плазмінаген—плазмін і яе роля ў жыццядзейнасці нервовых клетак (В.​М.​Нікандраў з супрацоўнікамі), праблемы эколага-фізіялагічнага маніторынгу (У.​А.​Мацюхін), нейратрансплантацыі і аднаўленчай нейрахірургіі (В.​Ф.​Аляшкевіч з супрацоўнікамі), раку шчытападобнай залозы (Я.​П.​Дзямідчык з супрацоўнікамі). За цыкл прац «Механізмы тэрмарэгуляцыі ў норме і паталогіі» В.​М.​Гурыну прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Праблемы ўзроставай фізіялогіі даследаваліся ў Сектары геранталогіі АН Беларусі (1958—87), які ўзначальвалі М.​І.​Арынчын, Г.​Р.​Гацко, В.​А.​Лявонаў.

Супрацоўнікі кафедры фізіялогіі БДУ зрабілі ўклад у даследаванні па фізіялогіі нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм (заг. Г.​С.​Юньеў), структурна-функцыянальнай арганізацыі вегетатыўных гангліяў (заг. У.​М.​Калюноў), гіпаксіі тканак (заг. Я.​Ф.​Лунец), электрафізіялогіі міякарда (заг. У.​Т.​Шалатонін), тэрмафізіялогіі і механізмаў гарачкавых станаў (заг. В.​М.​Гурын).

У Бел. мед. ун-це вывучаліся функцыі вегетатыўных гангліяў (заг. І.​А.​Булыгін), фізіялогія маторнага апарату (заг. А.​І.​Нікалаева), нейрагумаральныя механізмы інтэрацэптыўных рэфлексаў (заг. А.​А.​Логінаў), тэрмастабілізацыя і абмен складаных ліпідаў (заг. В.​М.​Гурын), механізмы тэрмарэгуляцыі (заг. А.​І.​Кубарка).

У Гродзенскім мед. ун-це распрацаваны метад ангіятэнзіятамаграфіі, які выкарыстоўваецца ў навук. і лячэбна-дыягнастычнай практыцы; сфармулявана палажэнне пра 3 тыпы (сардэчны, сасудзісты і прамежкавы) самарэгуляцыі кровазвароту (М.​І.​Арынчын); даследавана рэгуляцыя сардэчнага рытму на ранніх этапах постнатальнага развіцця (І.​К.​Жмакін), заканамернасці фарміравання патрэбы арганізма ў кіслародзе (М.​У.​Барысюк), механізмы падтрымкі прааксідантна-антыаксідантнай раўнавагі арганізма пры гарачцы і гіпертэрміі (В.​У.​Зінчук).

У Гродзенскім ун-це вывучаецца ўплыў лазернага выпрамянення на чалавека і жывёл (К.​А.​Мандрык), у Віцебскім мед. ін-це — праблемы рэгуляцыі сардэчна-сасудзістай сістэмы (Э.​І.​Аляксенцава, А.​П.​Бажко, І.​Е.​Гарадзецкая, Г.​М.​Прус, А.​П.​Саладкоў), у Гомельскім ун-це і мед. ін-це (заг. кафедры А.​І.​Кіеня) — стан дзяцей і падлеткаў, што жывуць на тэр., забруджанай радыенуклідамі, у Брэсцкім пед. ін-це (заг. М.​К.​Саванеўскі) — працэсы адаптацыі да разумовых і фізічных нагрузак, у Магілёўскім ун-це (заг. А.​М.​Карабанаў) распрацоўваюць рэжымы разумовай і фізічнай дзейнасці ў розныя ўзроставыя перыяды. На кафедры фізіялогіі і біяхіміі Бел. ун-та фіз. культуры (засн. ў 1937, яе ўзначальвалі К.​А.​Батурын, А.​П.​Кесарава, А.​А.​Логінаў, С.​П.​Сарычаў, цяпер — А.​А.​Сёмкін) даследуюцца функцыянальна-біяхімічныя асновы адаптацыі спартсменаў да фізічных нагрузак. Праблемы фізіялогіі с.-г. жывёл вывучаюцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, БСГА, Гродзенскім аграрным і Гомельскім ун-тах (М.​Б.​Барысаў, В.​К.​Гусакоў, В.​В.​Малашка, Г.​П.​Мялехін, А.​І.​Новік, В.​К.​Песціс, А.​С.​Санацкі, А.​А.​Ткачоў і інш.).

Літ.:

Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1979;

Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994;

70 лет Национальной Академии наук Беларуси. Мн., 2000;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

У.​М.​Калюноў.

т. 18, кн. 2, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМ-ЗАПО́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1582,

дагавор аб 10-гадовым перамір’і паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй; адзін з дыпламат. дакументаў, які завяршыў Інфлянцкую вайну 1558—82 (гл. Лівонская вайна 1558—83). Падпісаны 15.1.1582 у в. Ківерава Гара каля Яма-Запольскага на Пд ад Пскова. Перагаворы вяліся з 13.12.1581 да 6.1.1582. З боку Рэчы Паспалітай у іх удзельнічалі ваявода брацлаўскі Я.​М.​Збаражскі, маршалак надворны ВКЛ А.​Радзівіл, пісар ВКЛ М.​Гарабурда; з боку Маскоўскай дзяржавы — князь Дз.​П.​Ялецкі, Р.​В.​Алфер’еў, дзяк М.​М.​Верашчагін; старшынстваваў папскі легат А.Пасевіна. Гал. спрэчкі на перагаворах разгарэліся з-за Інфлянтаў (Лівоніі). Маскоўская дзяржава хацела захаваць за сабой г. Дэрпт (Тарту), але цар Іван IV імкнуўся хутчэй перакінуць свае сілы супраць Швецыі, таму адмовіўся ад заваяваных інфлянцкіх зямель. Дэлегацыя Рэчы Паспалітай хацела ўтрымаць г. Себеж і інш. занятыя гарады. Паводле падпісанага дагавора Маскоўская дзяржава адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад заваяваных раней інфлянцкіх і бел. зямель і ад уладанняў сваіх васалаў і саюзнікаў: 40 гарадоў у Інфлянтах, Курляндыі, Полацкага ваяв. і Веліжа з акругай. Рэч Паспалітая вярнула Івану IV занятыя ў апошнія гады вайны пскоўскія, наўгародскія і цвярскія землі. Узаемная перадача замкаў і абмен ваеннапалоннымі павінны былі адбыцца на працягу 8 тыдняў. Рэч Паспалітая адмовілася ад першапачатковых прэтэнзій: накладання кантрыбуцыі на Маскоўскую дзяржаву і ад інш. кампенсацый страт ад вайны. Яна адмовілася таксама ад вызначэння прыналежнасці прыбалт. гарадоў, падлеглых рус.-шведскім перагаворам (скончыліся падпісаннем Плюскага перамір’я 1583). Кампрамісна вырашана спрэчнае пытанне аб царскім тытуле Івана IV. У рус. тэксце дагавора тытул «цар» прысутнічаў, у польскім ён не ўпамінаўся. У рус. экзэмпляры Іван IV наз. «ўладаром лівонскім і смаленскім», у польскім — «уладаром Інфлянтаў» названы кароль польскі і вял. князь ВКЛ Стафан Баторый, а тытул «смаленскі» не належаў нікому. У дадатак да дагавора летам 1582 падпісаны яшчэ 3 пратаколы. Яны вызначалі ўмовы абмену і выкупу ваеннапалонных, прадугледжвалі ненапад бакоў на спрэчныя інфлянцкія і наўгародскія гарады да сканчэння перамір’я. Дагавор быў ратыфікаваны ў Маскве царом Іванам IV і Збаражскім. Пацвярджаўся і прадаўжаўся ў 1584, 1585, 1586, 1587, 1591, 1601.

Літ.:

Успенский Ф. Переговоры о мире между Москвой и Польшей // Зап. Новороссийского ун-та. Одесса, 1887. Т. 45;

Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитою (1570—1582). СПб., 1904;

Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;

Флоря Б. Россия, Польша и конец Ливонской войны // Сов. славяноведение. 1972. №2.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАЛО́ГІЯ (ад гіста... + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.​Галілей, 1610, англ. Р.​Гук, 1665, галанд. А.​Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.​Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.​А.​Кёлікер, 1852, і Ф.​Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.​Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.​М.​Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.​І.​Бабухін, М.​Д.​Лаўдоўскі, А.​С.​Догель, П.​І.​Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.​А.​Заварзіна і М.​Р.​Хлопіна), нейрагісталогія (Б.​І.​Лаўрэнцьеў, М.​А.​Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.​Н.​Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.​Я.​Карытны), органы імуннай сістэмы (А.​Ф.​Суханаў) і скуры (А.​Д.​Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.​М.​Малярэвіч, І.​А.​Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.​Г.​Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.​І.​Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Дагавор 1855 падпісаны 7 лют. ў г. Сімода (Японія). Паводле яго ўстаноўлены дыпламат. адносіны паміж Расіяй і Японіяй, для рас. гандлю адчынены парты Сімода, Хакадатэ і Нагасакі, рас. падданыя набылі права экстэрытарыяльнасці на тэр. Японіі; ч. Курыльскіх а-воў на Пд ад в-ва Уруп прызнаны ўладаннем Японіі, а в-аў Сахалін — «непадзеленым паміж Японіяй і Расіяй». Дагавор 1858 падпісаны 19 жн. ў г. Эда (зараз Токіо). Пацвярджаў дагавор 1855, для рас. гандлю адчынены яшчэ 3 парты, рас. падданым дазволена наведваць гарады Эда і Осака і жыць у адкрытых партах. Дагавор 1867 падпісаны 18 сак. ў Пецярбургу. В-аў Сахалін прызнаны сумесным рус.-яп. уладаннем і на ім дазвалялася сяліцца падданым абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1875 падпісаны 7 мая ў Пецярбургу. Паводле яго в-аў Сахалін прызнаваўся рас. уладаннем у абмен на прызнанне яп. суверэнітэту над усімі Курыльскімі а-вамі; вызначаны таксама юрыд. аспекты рус.-яп. рыбалоўства. Дагавор 1895 падпісаны 8 чэрв. ў Пецярбургу. Скасаваў тыя часткі дагавораў 1855, 1858 і 1875, якія давалі рас. падданым аднабаковыя прывілеі на тэр. Японіі (права консульскай юрысдыкцыі і г.д.); паміж дзвюма краінамі ўстанаўліваў рэжым найб. спрыяння ў мытнай сферы Мірны дагавор 1905,

гл. Портсмуцкі мірны дагавор 1905. Пагадненне 1907 падпісана 30 ліп. ў Пецярбургу. Складалася з публічнай канвенцыі і сакрэтнага пратакола. У канвенцыі бакі абавязваліся паважаць тэр. цэласнасць адзін аднаго і абвясцілі тэр. непарушнасць і незалежнасць Кітая; Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Сакрэтная ч. фіксавала падзел Маньчжурыі на рас. (Паўн.) і яп. (Паўд.) сферы ўплыву. Японія прызнавала наяўнасць у Расіі спец. інтарэсаў у Манголіі Знешняй. Пагадненне 1910 падпісана 4 ліп. ў Пецярбургу. Развівала і канкрэтызавала дагавор 1907. Канвенцыя 1912 (сакрэтная) падпісана 8 ліп. ў Пецярбургу. Падзяляла Манголію Унутраную на рас. і яп. сферы ўплыву. Дагавор 1916 падпісаны 3 ліп. ў Пецярбургу. Устанаўліваў рас.-яп. саюз. У публічнай ч. дагавора бакі абавязваліся не ўдзельнічаць ні ў якой паліт. камбінацыі, скіраванай супраць аднаго з іх, а ў выпадку пагрозы іх тэр. правам і асаблівым інтарэсам на Д.​Усходзе дамовіцца аб агульных мерах абароны. Сакрэтная ч. пацвярджала ранейшыя рас.-яп. пагадненні пра сферы ўплыву ў Кітаі, прадугледжвала меры супраць усталявання там панавання якой-н. дзяржавы. У выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з трэцяй дзяржавай другая абавязана прыйсці ёй на дапамогу і не заключаць сепаратнага міру без двухбаковых кансультацый.

т. 13, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).

Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал. сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн. дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн. дол.).

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;

Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ. М., 1993;

Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;

Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),

цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц. эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.

Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн. руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп. г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).

Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, а і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.

Літ.:

Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.

М.​А.​Бяспалая.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЙ ДЫРЭКТО́РЫІ ЎРА́Д, Дырэкторыя ўкраінская,

цэнтральны орган улады Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у снеж. 1918 — ліст. 1920. 13.11.1918 ва ўмовах краху аўстра-герм. акупацыі Украіны і прагерм. рэжыму гетмана П.П.Скарападскага члены апазіц. сацыяліст. аб’яднання Укр. нац. саюз (створаны 21.5.1918, уваходзілі партыі сацыялістаў-федэралістаў, эсэраў, сац.-дэмакратаў, сацыялістаў-самасційнікаў і інш.) стварылі ў г. Белая Царква кіруючы цэнтр — Дырэкторыю (старшыня У.Віннічэнка, члены С.Пятлюра, Ф.​Швец, А.​Макаранка, П.​Андрыеўскі; пазней склад змяняўся), якая 15 ліст. заклікала да паўстання супраць Скарападскага. На яе бок перайшоў полк галіцыйскіх «сечавых стральцоў», які стаў ядром паўстанцкай арміі. 14.12.1918 рэжым Скарападскага скінуты, Дырэкторыя абвясціла аднаўленне УНР і пачала трансфармавацца ў вышэйшы дзярж. ін-т з заканад. і распарадчымі функцыямі. Яе выканаўчым органам абвешчаны кабінет нар. міністраў. На месцах ствараліся працоўныя Рады, але рэальная ўлада належала ваен. камандаванню. Узбр. сілы Дырэкторыі (Укр. нар. армія, гал. атаман Пятлюра) складаліся пераважна з мясц. добраахвотніцкіх атрадаў. У ліп. 1919 да іх далучылася 50-тысячная Галіцыйская армія разгромленай Польшчай Заходнеўкр. Нар. Рэспублікі (ЗУНР). Дырэкторыя забараніла продаж, залог і арэнду зямлі, абяцала сялянам надзяліць іх зямлёй (5—15 дзес. ворыва, 15 дзес. лесу на гаспадарку), аднавіла 8-гадзінны рабочы дзень на прадпрыемствах і ўвяла тут рабочы кантроль, прызнала права рабочых на стачкі і г.д. 22—28.1.1919 у Кіеве праведзены Прац. кангрэс (каля 3 тыс. дэлегатаў), які пацвердзіў уладныя паўнамоцтвы Дырэкторыі і пастанавіў аб’яднаць УНР з ЗУНР у складзе Саборнай Украіны. Пасля няўдалых спроб Віннічэнкі дамовіцца з РСФСР Дырэкторыя 16.1.1919 абвясціла ёй вайну і ўзяла курс на супрацоўніцтва з краінамі Антанты. 5.2.1919 Чырв. Армія заняла Кіеў, да чэрв. 1919 — б.ч. Правабярэжнай Украіны. Польшча захапіла Усх. Галіцыю і Зах. Валынь. Дырэкторыя, якую з 10.2.1919 узначальваў Пятлюра, засталася без тэрыторыі, але ў ліп. 1919, скарыстаўшы наступленне белагвардз. арміі ген. А.І.Дзянікіна, зноў авалодала значнай ч. Правабярэжнай Украіны, 30 жн. — Кіевам. Але Дзянікін 31 жн. выгнаў з Кіева войскі Дырэкторыі, якая 24.9.1919 абвясціла яму вайну. Неўзабаве дзянікінцы нанеслі Дырэкторыі паражэнне, на іх бок у ліст. перайшла Галіцыйская армія. У снеж. 1919 рэшткі войск Дырэкторыі перайшлі да партыз. дзеянняў у тыле войск Дзянікіна, а потым — Чырв. Арміі, якая зімой 1919—20 разбіла Дзянікіна і зноў заняла амаль усю Украіну. 21.4.1920 Дырэкторыя заключыла ў Варшаве пагадненне з польскім урадам, паводле якога Польшча ў абмен на Усх. Галіцыю і Зах. Валынь прызнавала УНР і аказвала ёй ваен. дапамогу супраць РСФСР. У крас. — пач. мая 1920 войскі Польшчы і Дырэкторыі (18 тыс. чал.) занялі ч. Правабярэжнай Украіны і Кіеў (6 мая). У канцы савецка-польскай вайны 1920 войскі Дырэкторыі адышлі на польскую тэр., дзе былі інтэрніраваны. 20.11.1920 Пятлюра сваім указам распусціў Дырэкторыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Украіна.

Літ.:

Семененко В.И., Радченко Л.А. История Украины: С древнейших времен до ваших дней. Харьков, 1999.

т. 16, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)