ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ (ад лац. inter паміж + ferio б’ю, паражаю) у біялогіі, тып храмасомнага ўзаемадзеяння, пры якім красінговер, што ўтвараецца ў адным участку храмасомы, перашкаджае ўзнікненню інш. красінговераў ва ўчастках, размешчаных паблізу. У большасці выпадкаў І. перашкаджае ці амаль цалкам выключае красінговер (станоўчая І.). Ступень І. памяншаецца па меры аддалення ад месца красінговера, які ўжо адбыўся; выражаецца ў долях адзінкі ці працэнтах. І. наз. таксама ўласцівасць аднаго віруса прыгнечваць рэпрадукцыю другога пры змяшанай інфекцыі. Выкарыстоўваюць для выяўлення, ідэнтыфікацыі і цітравання патагенных вірусаў.

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРВЕ́Т (франц. corvette),

1) лёгкі карабель для разведкі, пасыльнай службы і выканання інш. задач у ветразевым ваенным флоце 17—19 ст. У сярэдзіне 19 ст. з’явіліся колавыя, а потым вінтавыя ветразева-паравыя К.

2) Баявыя караблі спец. пабудовы для процілодачнай і проціпаветр. абароны і нясення вартавой службы ў флатах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін у час 2-й сусв. вайны.

3) У шэрагу сучасных марскіх дзяржаў тып найменшага ваен. карабля (водазмяшчэннем 500—1000 т) для канваіравання і абароны ад падводных лодак.

Ветразевы карвет.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМЕ́НІІ (Clymeniida),

атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатрада аманітаў. Назва з грэч. міфалогіі (Клімена — німфа, дачка Акіяна). Каля 30 родаў. Жылі ў познім дэвоне — раннім карбоне (каля 350 млн. г. назад). На Беларусі рэшткі К. зрэдку трапляюцца ў адкладах фамену (верхні дэвон) у Прыпяцкім прагіне.

Дыяметр ракавіны 1—50 см. Плоскаспіральныя ракавіны мелі ганіятытавы тып лопасцевай лініі. Адметная рыса будовы — сіфон, які прылягаў да спіннога боку (у большасці аманітаў — да брушнога); сіфонныя дудкі значнай даўжыні. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТА́ЎКА,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада ў выглядзе адкрытага зверху і знізу ўсечанага конуса. Архаічны тып — плеценая з дубцоў, пазнейшы — сеткавая на драўляным каркасе (рабіўся з двух злучаных прутамі абручоў). Каркас абцягвалі адной густой і адной або дзвюма рэдкімі сеткамі. Н. рыбачылі ў зарослых травой і зеллем вадаёмах; невял. Н. лавілі ў брод, вял. — з лодкі. Н. вертыкальна апускалі на дно і як бы абгароджвалі ім рыбу. якую заганялі шастом або вяслом у сетку. Была пашырана на Палессі.

І.​М.​Браім.

Настаўка.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МНЫ МОСТ,

тып моста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.

І.​І.​Леановіч.

Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КЛЯ (ад груз. сахлі — дом),

руская назва жылля горцаў Каўказа. С. звычайна каменныя (асабліва ў вайнахскіх народаў), глінабітныя або з саманнай цэглы, з плоскім дахам. Найб. характэрнае іх тэрасападобнае размяшчэнне на горным схіле; пры гэтым іх заднія сцены ўтвараюць схаваныя схілы гары, а дах адной С. можа служыць дваром для другой, што размешчана вышэй. Стараж. тып С. — 1-камернае жыллё без акон, з земляной падлогай, адкрытым агнішчам пасярэдзіне і дымавой адтулінай у даху. Сучасныя С. — шматпакаёвыя, з дашчанай падлогай, камінам або жал. печчу.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦІ́ (франц. sotie ад sot дурны),

камедыйна-сатырычны жанр франц. т-ра 15—16 ст., варыянт фарса. Узнік на аснове сярэдневяковых парадыйна-блазнерскіх прадстаўленняў. У С. ўсе персанажы выступалі ў абліччы «дурняў» (да звычайнага блазнерскага касцюма дадавалі атрыбуты, што сімвалізавалі іх пэўны тып), якія алегарычна пазначалі розныя заганы грамадства. Ствараліся і разыгрываліся аматарскімі тэатр. т-вамі, з якіх найб. вядомы «Бестурботныя хлопцы» (Парыж). У канцы 16 ст. выкананне С., якія выкарыстоўваліся буржуазіяй як форма крытыкі каралеўскай і папскай улады, былі забаронены.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДО́ВАЕ ПІСЬМО́,

тып пісьма, у якім паасобныя склады абазначаюцца графічнымі знакамі.

Развілося са стараж. сістэм пісьма на аснове фонаідэаграфіі (японскае С.п. кана), а таксама алфавітнага пісьма кансанантнага тыпу (пісьмо брахмі ў Індыі; кожны знак адпавядае адкрытаму складу з пэўным зычным, але форма знака крыху зменьваецца ў залежнасці ад таго, які галосны ў складзе). У знакі С.п. ператварыліся ідэаграмы, якія напачатку абазначалі аднаскладовыя словы. С.п. пашырана ў Індыі, Эфіопіі, М’янме, Тайландзе, Камбоджы, Карэі, Японіі.

Літ.:

Гл. да арт. Пісьмо.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРО́ЎВАННЕ ЖЫВЁЛ сельскагаспадарчых, злучка,

спосаб натуральнага асемянення матак. Адбываецца ў перыяд палавой ахвоты ў матак. Тып С.ж. залежыць ад віду жывёлы, кірунку іх прадукцыйнасці, памераў і складу статка. Выкарыстоўваюць С.ж. вольнае (вытворнікі самастойна знаходзяць у статку самак у ахвоце і пакрываюць іх); у конегадоўлі касячнае (трымаюць жарабца-вытворніка на 20—25 матак) і варкавое (вытворніка на некалькі гадзін запускаюць у варок да кабыл); у авечкагадоўлі класнае (падбіраюць групу авечак і асемяняюць іх на пашы вызначанымі вытворнікамі); ручное С.ж. праводзіцца пад кантролем чалавека.

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я,

тып ізамерыі, абумоўлены рознай хім. будовай малекул.

Асн. віды С.і.: ізамерыя вугляроднага шкілета, абумоўленая розным парадкам сувязі атамаў вугляроду ў малекуле, напр., бутаны — н-бутан CH3CH2CH2CH3 і ізабутан CH3CH(CH3)CH3; ізамерыя становішча, абумоўленая розным становішчам функцыян. груп або кратных сувязей у малекуле з аднолькавым вугляродным шкілетам, напр., 1-прапанол CH3CH2CH2OH і 2-прапанол CH3CH(OH)CH3. Разнавіднасць ізамерыі становішча — т.зв. ізамерыя ўзаемнага размяшчэння функцыян. груп ці кратных сувязей, напр., м-дыгідраксібензол (рэзарцын) і n-дыгідраксібензол (гідрахінон), амінакіслоты. Гл. таксама Таўтамерыя.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)