«ПРАСЦЯ́К»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.
В.З.Савін.
т. 13, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІРА́ДСЫ ((Siemiradzki) Хенрык) (Генрых Іпалітавіч; 22.10.1843, с. Печанегі Харкаўскай вобл., Украіна — 23.8.1902),
польскі і расійскі жывапісец, прадстаўнік акадэмізму. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1873), праф. (з 1877). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1864—70), пенсіянер АМ у Мюнхене (1871) і Рыме (1872—77). Жыў пераважна ў Рыме. Аўтар карцін на ант. і раннехрысціянскія сюжэты, якія вызначаюцца майстэрствам кампазіцыі і малюнка, светлым каларытам, дэталёвай распрацоўкай эфектаў сонечнага асвятлення: «Светачы хрысціянства» (1876), «Танец сярод мячоў», «Оргія часоў Тыберыя на востраве Кіпры» (абодва 1881), «Хрыстос у Марфы і Марыі» (1886), «Фрына на свяце Пасейдона ў Элеўсіне» (1889) і інш.
т. 14, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Юрачка» (танец) 2/263; 6/543; 7/417; 10/225; 11/510—511
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПА́К,
украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер . Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.Чайкоўскага, «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Гаянэ» А.Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.
т. 5, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН ((Grahn) Люсіль) (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),
дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера.
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН ПА (франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),
складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.Мінкуса, «Раймондзе» А.Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,
бел. танец-гульня. Некалькі дзяўчат танцуюць і спяваюць, інш. ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў). Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам (запіс А.Я.Васільевай, 1879). У запісе П.М.Шпілеўскага (1853) выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары кружацца, ён імкнецца выхапіць якую-н. дзяўчыну з рук кавалера. Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — ён павінен схапіць за руку дзяўчыну і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары. У танцах і гульнях пра жураўля выяўляюцца стараж. вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм).
Ю.М.Чурко.
т. 6, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),
1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.Багдановіч стварыў бел. К.
2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.
3) Нар. інструментальная п’еса.
Літ.:
Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРГО́ ((Camargo) Мары Ан) (сапр. дэ Кюпіс дэ Камарго, de Cupis de Camargo; 15.4.1710, Брусель — 28.4.1770),
французская танцоўшчыца; рэфарматар сцэн. танца і тэатр. касцюма. У 1726—51 (з перапынкам) вядучая танцоўшчыца Каралеўскай акадэміі музыкі ў Парыжы. Валодала бліскучай віртуознай тэхнікай. Выконвала танц. партыі ў операх, операх-балетах, балетныя антрэ ў пастаноўках лірычных трагедый і гераічных пастаралей. Увяла ў жаночы танец складаныя па, якія раней выконвалі толькі мужчыны, што патрабавала змен у касцюме (падкараціла цяжкія доўгія сукенкі, увяла абутак без абцасаў). Жыццё К. паслужыла сюжэтам для опер, аперэт, балетаў і карцін.
Літ.:
Новерр Ж.Ж. Письма о танце и балетах: (Пер. с фр.]. Л.;
М., 1965.
т. 7, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
т. 9, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)