БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР у Берліне,

палітычная арг-цыя. Створаны 19.6.1941 на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне і Бел. к-та самапомачы, які ўзначальваў М.​Шчорс. У кіраўніцтва цэнтрам ўваходзілі Р.​Астроўскі, В.​Гадлеўскі, В.​Тумаш, Ч.​Ханяўка, А.​Шкуцька, М.​Шкялёнак. Асн. мэта — стварэнне бел. дзяржавы пад ням. пратэктаратам. На пач. Вял. Айч. вайны спыніў сваё існаванне. Яго члены займалі розныя пасады ў акупац. апараце гітлераўцаў на тэр. Беларусі, Польшчы, Расіі.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭКСКАВА́ТАРНЫ ЗАВО́Д (БелЭКС). Створаны ў 1974 у г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобласці як Коханаўскія экскаватарныя рамонтныя майстэрні. У 1980 расшыраны і пераўтвораны ў «Рамбудгідрамаш», з 1981 у складзе камбіната «Будіндустрыя» (з 1988 ВА). З 1990 сучасная назва. Выпускае аднакаўшовыя экскаватары для будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі. Асн. прадукцыя (1995): экскаватары на базе шасі МАЗ-5337 з тэлескапічным рабочым абсталяваннем, з экскавацыйным і планіровачным каўшамі, міні-экскаватары, рэзальныя апараты для ротарных касілак, нестандартнае абсталяванне.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1936 як арцель «Металабытрамонт». Вырабляў калёсы, падковы, конскую збрую, кухонны посуд, метал. тару, рамантаваў гадзіннікі, веласіпеды, матацыклы і інш. быт. тэхніку. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ва Ульянаўскую вобл. У 1944 аднавіў вытв-сць. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): пыласосы, шпрыцы аднаразовыя, гучнагаварыцелі рознапраграмныя, мэбля з лазы, вёдры і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і інш. тавары нар. ўжытку — усяго больш за 100 найменняў.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

біялагічны заказнік у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1957 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са шматлікімі мінер. ўчасткамі (50% агульнай плошчы). У складзе балотнай расліннасці рэдкалесныя (хваёва-кусцікава-сфагнавыя і інш.) і бязлесныя фітацэнозы, пашыраны журавіны; лясы хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. На мінер. участках пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя лясы кіслічнага, імшыстага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСО́СНА, Ласасянка,

рака ў Польшчы і Гродзенскім р-не Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 468 км² Пачынаецца ў Польшчы, недалёка ад в. Брузгі перасякае дзярж. мяжу. Асн. прытокі на Беларусі — Каменка (справа) і Татарка (злева). Даліна выразная. Пойма перарывістая, шыр. 50—150 м. Рэчышча звілістае, шыр. ад 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні да 20—25 м у ніжнім. Створаны вадасх. Юбілейнае возера, 2 сажалкі.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1947 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як ліцейна-механічны, з 1959 станкабудаўнічы з-д. У 1957 здадзены ў эксплуатацыю механазборачны цэх, у 1964 — корпус з адм. памяшканнямі, мех. і зборачным цэхамі, тэрмічным і малярным участкамі, вымяральнай лабараторыяй, у 1977 — ліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): станкі вертыкальна-свідравальныя, настольна-свідравальныя, разьбанаразныя, для аўтасервісу (шынамантаж, балансіроўка, вулканізацыя), мэблевая фурнітура, скабяныя вырабы, плоскія каркасы для лёгкай прам-сці і інш.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУСА́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (22.2. 1922, Тбілісі — 26.1.1982),

бел. дзеяч цыркавога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1949). Працаваў у т-рах і цыркавых аб’яднаннях Масквы, Чэлябінска, Тбілісі, Ульянаўска. З 1959 дырэктар Мінскага, з 1975 рэжысёр-пастаноўшчык Гомельскага, у 1977—82 дырэктар Разанскага цыркаў. З удзелам М. створаны бел. цыркавы калектыў. Адзін з аўтараў цыркавых праграм «Беласнежка і сем гномаў» (1965), «Партызанская балада» (1967) і інш.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎТГАЎЗЕН (Mauthausen),

нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер каля г. Маўтгаўзен (Аўстрыя) у жн. 1938—45. Засн. як філіял канцлагера Дахау, з сак. 1939 самаст. лагер. Да мая 1945 тут зняволена каля 335 тыс. чал., забіта 120 тыс. чал. У лагеры дзейнічала падп. інтэрнац. арг-цыя супраціўлення, якая 5—7.5.1945 узняла антыфаш. паўстанне. Пасля 2-й сусв. вайны на месцы М. створаны мемарыяльны музей, у 1948 устаноўлены помнік закатаванаму тут у лют. 1945 Дз.М.Карбышаву.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛІ́НСКА-БЯРО́ЗАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 для аховы, рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 7,9 тыс. га.

Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя і інш.) і чорнаалешнікі (крапіўныя, асаковыя і інш.). З лек. раслін пашыраны ландыш майскі, брусніцы, ядловец звычайны, крапіва двухдомная, талакнянка звычайная, цмен пясчаны, святаяннік прадзіраўлены, а таксама купальнік горны, занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)