РАМАНЬКО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (н. 7.11.1953, г. Карсакаў Сахалінскай вобл., Расія),
бел. спартсмен (фехтаванне на рапірах). Засл. майстар спорту СССР (1975). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі. Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1977). З 1973 у Спарт. к-це Беларусі. Чэмпіён і бронз. прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул), сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада), сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква). 5-разовы чэмпіён свету ў асабістым і 5-разовы — у камандным заліку. 6-разовы чэмпіён СССР у асабістым заліку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛДЗІ́НСКІ (Уладзіслаў Сямёнавіч) (28.12.1888, Мінск — 8.3.1976),
бел. спартсмен і трэнер (цяжкая атлетыка, барацьба). Адзін з заснавальнікаў першага на Беларусі аддз.Усерас.спарт.т-ва «Санітас» (1913). Выступаў у цырку. З 1918 — трэнер па цяжкай атлетыцы, выкладчык фіз. культуры ў навуч. установах Мінска. 1-ы чэмпіён Мінска (1914) па франц. (грэка-рымскай) барацьбе ў сярэдняй вагавой катэгорыі і 1-ы чэмпіён Мінска і Беларусі (1924) па гіравым спорце (пяцібор’е) у паўцяжкай вагавой катэгорыі Рэкардсмен Расіі (1913, Мінск) у жыме (214 фунтаў — 85,6 кг) для штангістаў сярэдняй вагавой катэгорыі.
бел. шахматыст; шахматны тэарэтык, літаратар і педагог. Майстар спорту СССР (1938). Засл. трэнер СССР (1965). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1934). У 1950—52 трэнер зборнай каманды СССР — пераможцы шахматнай Алімпіяды (1952, Хельсінкі). У 1955—69 трэнер Бел. савета добраахвотнага спарт.т-ва «Спартак». Яго імем названы шахматны дэбют. З 1970 у Мінску праводзіцца мемарыял яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЖО́,
ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл.Пнеўматычная зброя).
Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл.Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл.Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).
В.І.Вараб’ёў.
Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЕ́ВІЧ (Іван Лук’янавіч) (13.11.1891, в. Руднікі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1953),
бел. і рускі публіцыст, выдавец, філосаф, гісторык, пісьменнік, грамадскі і спарт. дзеяч. Сын Л.М.Саланевіча. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1909 працаваў у газ. бацькі «Белорусская жизнь» (Вільня), з 1912 — у газ. «Новое время» (Пецярбург). Віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спарт. т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік грамадз. вайны на баку белых. З 1926 у Маскве. У 1933 за спробу ўцячы з СССР зняволены і накіраваны на буд-ваБеламорска-Балтыйскага канала. У жн. 1934 з сынам уцёк з лагера і прабраўся ў Фінляндыю. Потым у Балгарыі, дзе напісаў кнігу «Расія ў канцлагеры» (1936), выдаваў газ. «Голос России» (1936—38), якая стала цэнтрам рас. правапатрыят. эміграцыі, распаўсюджвалася ў 52 краінах, у т. л. даходзіла да Зах. Беларусі. Прапагандаваў ідэю «нацыянальнай праваслаўнай манархіі». Пасля забароны газеты балг. ўладамі (1938) пераехаў у Германію, знаходзіўся пад наглядам гестапа. З 1948 у Аргенціне. Заснаваная ім у Буэнас-Айрэсе газ. «Наша страна» стала цэнтрам народна-манархічнага руху, які меў на мэце ўвядзенне ў Расіі ладу нар. манархіі. Асн.філас.-паліталагічная праца «Народная манархія» (у першай рэд. «Белая імперыя», 1952).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПАЛЯЎНІ́ЧЫХ І РЫБАЛО́ВАЎ,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1921 як Бел. паляўнічы саюз, з 1955 сучасная назва. Асн. задачы: выхаванне беражлівых адносін да прыродных багаццяў, вядзенне на навук. аснове паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі; ахова і павелічэнне колькасці карысных звяроў і рыб; стварэнне ўмоў для заняткаў членаў т-ва паляваннем і аматарскім рыбалоўствам; пашырэнне ведаў аб прыродзе і прыродаахоўная прапаганда; выраб паляўнічага і рыбалоўнага рыштунку; арганізацыя і правядзенне вучэбна-спарт. работы. Аб’ядноўвае каля 160 тыс. членаў, у т. л. больш за 100 тыс. з правамі паляўнічых (1995). Друкаваны орган — газ. «Паляўнічы і рыбалоў Беларусі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДНІ́К,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, яма і г.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ СТАНДАРТБРЭ́ДНАЯ ПАРО́ДАконей, амерыканская рысістая парода,
хуткаалюрная запражная парода. Выведзена ў ЗША у 19 ст. скрыжаваннямі з чыстакроўнай верхавой нарфолкскай, галандскай рысістай, канадскімі інаходцамі і інш. пародамі гал. чынам для спарт. спаборніцтваў на іпадромах. Гадуюць у ЗША, Канадзе, краінах Еўропы. У Расіі з яе ўдзелам выведзена руская рысістая парода. На Беларусі выкарыстоўваецца як паляпшальнік рысістых парод.
Масць гнядая, вараная, рыжая. У выніку аднабаковага адбору на рэзвасць коні не выраўнаваны па экстэр’еры; выш. ў карку 145—166 см. Абсалютны рэкорд на 1 мілю рыссю 1 мін 54,4 с, інахаддзю 1 мін 49 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар.вял. майстар),
вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.