ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),

рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.Пракоф’ева, а таксама К.Дэбюсі, М.Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.Фокін, В.Ніжынскі, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.Карсавіна, М.Кшасінская.

М.Мордкін, Г.Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;

Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;

Лифарь С. М.С.Дягилевым. СПб., 1994.

С.П.Дзягілеў Фрагмент карціны Л.Бакста. 1906.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЕ́СТСКИЙ КУРЬЕ́Р»,

штотыднёвая грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1990 у Брэсце на рус. і бел. мовах. Друкуе пераважна інфармацыю па Брэсце і Брэсцкай вобл. Асвятляе грамадска-паліт., культ., спарт. падзеі. Друкуе дадатак «Аўтасалон».

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ НОРМАТИ́ВНО-ПРАВОВО́Й ИНФОРМА́ЦИИ»,

штомесячнае перыядычнае выданне. Выходзіць з ліпеня 1991 у Мінску на рус. мове. Друкуе нарматыўныя акты мін-ваў і ведамстваў, якія праходзяць рэгістрацыю ў Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАРУ́СЫ,

велікаросы, назва рускіх, якая мела пашырэнне ў л-ры з сярэдзіны 19 ст. У сучаснай навук. л-ры захоўваецца ў тэрмінах «паўночнавелікарускі», «паўднёвавелікарускі» і «сярэдневелікарускі» для абазначэння трох асн. дыялектаў рус. мовы.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬКА ў мовазнаўстве, семантычнае запазычанне з інш. мовы шляхам літаральнага перакладу структуры слова або словазлучэння, напр., бел. «пункт гледжання» з рус. «точка зрения». бел. «цалкам і поўнасцю» з ням. «im Ganzen und Vollen».

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ,

старажытная адзінка масы сыпкіх рэчываў і штучных тавараў. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 40 фунтаў = 14,996 кг. У канцы 19 ст. літ. К. складаў 36 рус. фунтаў і 17,5 лота, або 14,966 кг.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРГУМЕНТЫ И ФАКТЫ»,

штотыднёвы інф. бюлетэнь. Выдаецца з 1978 у Маскве на рус. мове. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця Расіі. Выдае дадаткі, у т. л. з 1993 інфармацыйна-рэкламны дадатак «АіФ на Беларусі».

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СЬЕЎ Ларывон, ювелір 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1676 разам з бел. ювелірамі Іванам Андрэевым, Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым зрабіў сярэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі для рус. царэвічаў Івана і Пятра.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУМАНІТА́РНА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ ВЕ́СНІК»,

навукова-тэарэтычны часопіс. Выдаецца з чэрв. 1996 у Мінску штоквартальна на бел. і рус. мовах. Засн. недзяржаўным Гуманітарна-эканам. ін-там. Асвятляе пытанні гісторыі, філасофіі, паліталогіі, сацыялогіі, культуралогіі, экалогіі, філалогіі, педагогікі, права, эканомікі.

А.Ф.Мяснікоў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАЎЛЕ́НЦЫ,

апазіцыйны рух у рус. правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц. рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.

Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)