ГЕДРО́ЙЦЬ (Giedroyć) Міхал Ян Генрык

(25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),

англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».

А.В.Мальдзіс.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА СКАНДЭРБЕ́ГА»,

помнік бел. перакладной л-ры пач. 17 ст. Матэрыялам для аповесці паслужыла нац.-вызв. барацьба алб. народа пад кіраўніцтвам Г.Кастрыёці, празванага Скандэрбегам, супраць тур. нашэсця ў 15 ст. Бел. пераклад зроблены з раздз. «Пра Скандэрбега Македона, албанскага князя» працы польск. гісторыка М.Бельскага «Хроніка ўсяго свету» (1551). У параўнанні з польск. крыніцай аповесць дэмакратызавана: Скандэрбег у барацьбе з туркамі апіраецца не на феадалаў, а на народ, гуманна ставіцца да мірнага тур. насельніцтва. У творы падкрэслена агульнаеўрап. значэнне барацьбы Скандэрбега.

Публ.:

Повесть о Скандербеге. М.; Л., 1957.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ДО́МУ САПЕ́ГАЎ»

(«Archiwum domu Sapiehów»),

зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.Налівайкі 1595—96 і інш.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗА (Groza) Аляксандр Караль

(30.6.1807, в. Закрынічча Вінніцкай вобл., Украіна — 3.11.1875),

польскі паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Віленскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1838—42 рэдагаваў і выдаваў у Вільні альманах «Rusałka» («Русалка»). Прадстаўнік т.зв. «украінскай школы» ў польскай л-ры. Збіраў і апрацоўваў укр. і бел. фальклор. Выкарыстоўваючы сюжэты нар. паданняў, напісаў паэмы «Канеўскі стараста» (1836), «Сарока» (1838), «Пра памерлыя душы» (1848), «Марцін» (1849), «Смяцінскі» (1860), драму «Грыць» (1858). У альманаху «Rubon» («Рубон») апублікаваў тэксты бел. нар. песень, матэрыялы пра бел. вяселле, святкаванне Сёмухі і інш.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛІЯ Георгій Дзмітрыевіч

(н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),

рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАРА́КСІЯ

(ад грэч. ataraxia спакойнасць),

паняцце стараж.-грэч. этыкі пра ціхамірнасць і душэўны спакой як мэту і форму паводзін. Ант. мысліцелі лічылі, што атараксія садзейнічае непрадузятаму роздуму. Калі матэрыялісты (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый) бачылі гэты шлях у пазнанні свету, пераадоленні страху і трывог, у дасягненні душэўнага спакою і ўнутранай гармоніі, то ў этыцы прыхільнікаў скептыцызму (Пірон) атараксія дасягаецца ўстрыманнем ад суджэнняў пра дабро і зло, ісціннае і памылковае, прымірэннем з рэальнасцю (гл. таксама Апатыя). Атараксія, узведзеная ў этычны прынцып, супярэчыць актыўнай, сацыяльна-дзейснай жыццёвай пазіцыі.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́ЦКІ (сапр. Дзюбін) Эдуард Георгіевіч

(3.11.1895, Адэса — 16.2.1934),

рускі паэт. Першыя вершы (1915—16) — стылізаваныя, умоўна-рамантычныя. У лірычных вершах і паэмах перыяду грамадз. вайны («Птушкалоў», «Тыль Уленшпігель», «Карчма», «Кавун» і інш.) рамант. вобразы свабодалюбных, мужных людзей. Першы зб. «Паўднёвы захад» (1928). Аўтар паэм «Дума пра Апанаса» (1926), «Люты» (1934, апубл. 1936), паэт. трылогіі «Апошняя ноч», «Чалавек прадмесця» і «Смерць піянеркі», зб. вершаў «Пераможцы» (усе 1932) пра падзеі грамадз. вайны і сацыяліст. рэчаіснасці. Перакладаў на рус. мову вершы Я.Купалы. На бел. мову яго творы перакладалі М.Багун, С.Дзяргай, М.Хведаровіч.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁМША Іван Паўлавіч

(1851, в. Лучыцы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 1916),

бел. нар. казачнік. У рэпертуары Азёмшы паданні, легенды, казкі, апавяданні на фантаст. і касмаганічныя сюжэты. Яго цікавілі пытанні пра стварэнне свету і чалавека, пра душу, замагільнае жыццё і г.д. Яркай гутарковай мовай расказваў сатыр. бытавыя казкі, у якіх маляваў каларытныя вобразы зайздроснага папа, прагнага багацея і спрытнага мужыка («Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп», «Завісны багатыр», «Вада памагла», «Хаўрус» і інш.). З 80 твораў у кн. А.К.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911) 32 запісаны ад Азёмшы.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСЕЙ, Хорсі (Horsey) Джэрам (? — пасля 1626), англійскі падарожнік. З 1573 агент англ. гандлёвай Маскоўскай кампаніі. У 1581—91 выконваў важныя дыпламат. даручэнні англ. і рас. ўрадаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1622 арыштаваны за апазіцыйныя выступленні супраць урада караля Якава І. Аўтар некалькіх прац пра Расію часоў Івана IV Грознага і Фёдара Іванавіча. Пры апісанні сваіх падарожжаў праз Літву і Беларусь змясціў звесткі пра сустрэчу з кн. Радзівіламі, заняцце Іванам IV Полацка ў 1563 і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о России, XVI — начало XVII в. М., 1990.

А.П.Грыцкевіч.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕРАЛО́ГІЯ

(ад біясфера + ...логія),

навука пра ўзнікненне, эвалюцыю, структуру і механізмы функцыянавання біясферы; вучэнне аб біясферы. Аб’ядноўвае асобныя канцэпцыі біясферы (біягеацэнатычную, геафіз., геахім., тэрмадынамічную, палеанталагічную, геагр., генет. і інш.). Аснова біясфералогіі — біясферныя пастулаты У.І.Вярнадскага.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)