АПЕНІ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на Пд Еўропы. Пл. 149 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 1100 км, шыр. 130—300 км. На Пн абмежаваны Паданскай нізінай, на У абмываецца Адрыятычным, на Пд — Іанічным, на З — Тырэнскім і Лігурыйскім морамі. Берагі парэзаны слаба, больш расчлянёныя ў паўд. ч. (п-вы Калабрыя, Саленціна, Гаргана). Большая ч. Апенінскага паўвострава занята сярэдневышыннымі маладымі складкавымі гарамі Апенінамі. Уздоўж усх. і зах. ўзбярэжжаў невял. палосы хвалістых раўнін. На ПдЗ раён стараж. і сучаснага вулканізму і землетрасенняў (Везувій, Флегрэйскія палі і інш.). Паўд. ч. Апенінскага паўвострава займаюць Калабрыйскія горы. Карысныя выкапні: буры вугаль, ртуць, пірыты, баксіты, мармур, тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, з гарачым летам і дажджлівай зімой, у гарах — рысы ўмеранага і халоднага. Рэкі (асн. Тыбр, Арна) кароткія, летам моцна мялеюць. Для расліннасці гор характэрна вышынная пояснасць, лісцевыя лясы і міжземнаморскія вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); на нізінах — культ. ландшафты: палі пшаніцы, вінаграднікі, алейныя і фруктовыя плантацыі (апельсіны, лімоны, міндаль, масліны і інш.). Жывёльны свет: воўк, серна, казуля, куніца, ласка, вавёрка; шмат паўзуноў і птушак. На Апенінскім паўвостраве дзяржавы: большая ч. Італіі, Сан-Марына і Ватыкан.

А.​М.​Баско.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАКЛІМАТЫ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі па ступені спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Асн. задача агракліматычнага раянавання — вылучэнне тэрыторый (паясоў, зон, абласцей, раёнаў і г.д.), што адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі клімату і ўмовамі с.-г. вытв-сці. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць вызначыць у цэлым агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, што служыць для вырашэння канкрэтных вытв. задач. Ацэнка агракліматычных рэсурсаў праводзіцца пераважна праз паказчыкі колькасці цяпла і вільгаці, умоў перазімоўкі культур. У аснову агракліматычнага раянавання ва ўмераных шыротах пакладзена сума т-р вышэй за 10 °C і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва. У найб. пашыранай схеме агракліматычнае раянаванне Беларусі (паводле А.​Х.​Шкляра) тэр. рэспублікі падзяляецца на 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі (гл. схему). Раянаванне грунтуецца на аснове фіз.-геагр. правінцый, улічваюцца сумы т-р паветра за цёплы перыяд года (з т-рамі паветра вышэй за 10 °C), каэфіцыент увільгатнення, кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з т-рамі паветра ад 5 да 15 °C і інш. паказчыкі.

Літ.:

Грингоф И.Г., Попова В.В., Страшный В.Н. Агрометеорология. Л., 1987;

Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973.

Т.​С.​Папова.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЯСЛО́Ў,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).

У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, паміж Памірам і Ферганскай катлавінай, у Кіргізіі, Таджыкістане і Узбекістане. На Пд абмежавана Каршынскім стэпам, Таджыкскай дэпрэсіяй і Алайскай далінай. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 150 км. Яго зах. і сярэднюю часткі складаюць Туркестанскі, Зераўшанскі хр. і Гісарскі хрыбет, усх. ч. — Алайскі хр. з паўн. перадавымі ланцугамі. Пераважаюць выш. каля 5000 м, макс. выш. да 5621 м (пік Ігла). Гал. грабяні хрыбтоў маюць тыповы альпійскі рэльеф; пашыраны карст. У паўн. ланцугах Алтайскага і Туркестанскага хр. і інш. — плоскія выраўнаваныя паверхні. Развіты лёсавыя перадгор’і (адыры). Вечныя снягі і ледавікі (найб. ледавік Зераўшанскі даўж. 25 км у горным вузле Матча). Гісара-Алай — складкавае ўтварэнне герцынскага ўзросту, складзенае з асадкавых і метамарфічных парод з уключэннямі гранітаў, дыярытаў. З інтрузіямі звязаны радовішчы вальфраму, малібдэну, мыш’яку, золата, ртуці, сурмы; ёсць радовішчы вугалю. Асаблівасці клімату абумоўлены вышыннай пояснасцю і нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. Рэкі адносяцца пераважна да бас. Зераўшана і Амудар’і. Азёры: Маргузор, Іскандэркуль і інш. Па схілах гор знізу ўверх паўпустыні пераходзяць, у сярэднягорную леса-лугава-стэпавую зону, вышэй — высакагорныя лугі і гляцыяльна-нівальная зона вечных снягоў, ледавікоў і скал. Запаведнікі: Заамінскі і Раміт.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,

прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.

Л.​В.​Калядзінскі.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і з аўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т. л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.

Г.​Г.​Камлюк.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВО́ДДЗЕ,

адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач. сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас. р. Нёман (канец крас.пач. мая), найпазней у бас. р. Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.

Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.

Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс. км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).

На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.

Літ.:

Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;

Климат Минска. Мн., 1976.

В.​Р.​Жумар.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. ткм, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у т. л. 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.​С.​Міленькі.

Развіццё аўтамабільнага транспарту на Беларусі
1 1940 1960 1980 1990 1994
Перавезена грузаў, млн. т 15 213,6 736,7 987,6 472,5
Грузаабарот, млн. т км 199 2939 16 806 22 361 12 488
Перавезена пасажыраў, млн. чал. 10,5 306,6 1583 2399 1794,4
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 88 2045 14 382 19 787 12 012

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс. г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.

Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.

Пароды буйной рагатай жывёлы: 1 — карова чорна-пярэстая; 2 — карова шаралезская.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)