ТРЫКАТА́Ж (франц. tricotage ад tricoter вязаць),
гатовыя вырабы або палатно, што вырабляюць вязаннем на трыкатажных машынах. Паводле структуры Т. падзяляюць на папярочнавязаны (кулірны) і асновавязаны, адзінарны і падвойны (больш шчыльны і цяжкі), гладкі і з малюнкамі; паводле прызначэння — на бялізнавы, верхні, панчошна-шкарпэтачны, пальчаткавы і інш. Кроеныя бялізнавыя вырабы, а таксама верхняе адзенне шыюць з трыкат. палатна; панчохі, шкарпэткі, пальчаткі, хусткі і інш. вырабы звычайна атрымліваюць на машынах у гатовым выглядзе. Гл. таксама Трыкатажная прамысловасць.
т. 15, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛБАС Максім Фёдаравіч (н. 1.7.1918, в. Слабодка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1984), праф. (1985). Скончыў БДУ (1948). З 1934 на пед. рабоце, з 1958 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, у 1968—90 у Брэсцкім інжынерна-буд. ін-це. Даследуе гісторыю прам-сці Беларусі ў дарэв. перыяд.
Тв.:
Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861 гг.). Мн., 1966;
Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Прамысловасць дарэвалюцыйнай Беларусі. Мн., 1988.
т. 3, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ ГЛІ́НЫ,
полімінеральныя, звычайна жалезіста-мантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя гліны з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; часта з дамешкам пяску і арган. рэчываў. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці грубых керамічных вырабаў (гл. Керамічная прамысловасць, Керамічная сыравіна), цэменту, керамзіту і інш. Лепшыя гатункі пластычных Л.г. выкарыстоўваюць для вырабу посуду і ў мастацкай кераміцы. На Беларусі разведаны значныя паклады Л.г. для вытв-сці цэглы, абліцовачных камянёў і дрэнажных труб; улічаны 232 радовішчы з запасамі 251,6 млн. м³, эксплуатуецца 100 радовішчаў.
т. 9, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЫШАЎ Андрэй Якаўлевіч (30.11. 1913, Мінск — 21.1.1984),
бел. вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Канд. геагр. н. (1952). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). З 1949 у БДУ (у 1954—79 прарэктар). Працы па эканам. геаграфіі і населеных пунктах Беларусі, праблемах асушэння Палесся.
Тв.:
Города и села Белорусской ССР. Мн., 1959 (разам з В.А.Жучкевічам, Н.Я.Рагозіным);
Прамысловасць Мінска: (Экан.-геагр. нарыс). Мн., 1972 (разам з Л.А.Паўловіч);
Транспорт и экономические связи // География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977.
т. 10, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДАЛАХА́РА (Guadalajara),
горад у Мексіцы, на ПдЗ Мексіканскага нагор’я. Адм. ц. штата Халіска. Засн. ў 1531. 1628,6 тыс. ж., з прыгарадамі 3,43 млн. ж. (1993). Другі пасля Мехіка па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад краіны. Вузел чыгунак, аўтадарог, газа- і нафтаправодаў. Міжнар. аэрапорт. Прамысловасць: машынабудаванне (у т. л. эл.-тэхн.), металаапрацоўка, харчасмакавая (асабліва мукамольная і алейна-тлушчавая), гарбарна-абутковая, баваўняная, хім., цэм., шкляная. Традыцыйная вытв-сць керамічных вырабаў. 2 ун-ты. Музеі. Арх. помнікі 16—18 ст., у т. л. Палац урада (1643; фрэскі Х.К.Ароска), сабор (1571—1618).
т. 5, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
канструкцыйныя, ізаляцыйныя і вырабныя матэрыялы, поўнасцю або часткова атрыманыя шляхам апрацоўкі і склейвання натуральнай драўніны, драўняных часціц, валокнаў, шпону.
Да Д.м. адносяцца матэрыялы з драўніны, вырабленыя прасаваннем (пад ціскам да 30 МПа) пры павышаных т-рах, насычэннем (змешваннем) сінт. смоламі, аміякам, цэм. растворам і інш., склейваннем, адліўкай, інш. спосабамі (гл. Арбаліт, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянастружкавыя пліты, Драўняныя пластыкі, Драўнянаслаістыя пластыкі, Дрэвашклапластыкі, Фанера, Фібраліт). Маюць добрыя эксплуатацыйныя якасці, выкарыстоўваюцца ў буд-ве (гл. Драўляныя канструкцыі), мэблевай прам-сці, судна- і машынабудаванні і інш. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.
т. 6, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),
удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.
т. 9, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЗА́ЦЫЯ,
кірунак навукова-тэхн. прагрэсу ў нар. гаспадарцы, які характарызуецца ўкараненнем хім. матэрыялаў і метадаў апрацоўкі ў вытв-сць і побыт. Дае магчымасць павышаць эфектыўнасць вытв-сці, удасканальваць тэхналогію, паляпшаць якасць прадукцыі, эканоміць прыродную сыравіну і інш. Матэрыяльная база Х. — хімічная прамысловасць. Найб. інтэнсіўна ідзе ў прам-сці і буд-ве (выкарыстанне пластмас і сінт. смол, хім. ваклонаў, лакаў, фарбаў і інш.) сельскай і лясной гаспадарцы (гл. Хімізацыя сельскай гаспадаркі). Парушэнні правіл транспарціроўкі. захоўвання і выкарыстання хім. сродкаў вядуць да хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя.
т. 17, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУКЕ́РКІ,
цукрыстыя кандытарскія вырабы пераважна мяккай кансістэнцыі. Маюць у сабе цукру да 70%, тлушчаў да 40%, вады 3—20%. Энергет. каштоўнасць 100 г 380—600 ккал. Вырабляюць на аснове ўзбітага цукрова-патачнага сіропу з рознымі напаўняльнікамі. Бываюць Ц. карамель, глазураваныя (шакаладнай, цукровай, памаднай глазурай), неглазураваныя, шакаладныя, ірыс, дражэ.
Паводле начынкі (корпуса) адрозніваюць Ц. памадныя («Маладзёжныя», «Ластаўка», «Цытрон», «Рамонак»), пралінавыя («Каракум», «Крыжачок», «Беларускія»), жэлейныя («Паўднёвая ноч», «Рабінавы гай»), фруктова-грыльяжныя («Клубнічны грыльяж»), грыльяжныя («Грыльяж на арахісе», «Грыльяж на фундуку»), лікёрныя («Сталічныя»), збіўныя («Суфле»), двухслойныя («Тальяначка») і інш. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.
т. 17, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
будаўнічыя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве аўтамабільных дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Падзяляюцца на грунтавыя (гліны, суглінкі, пяскі, супескі), каменныя прыродныя (жвір, бутавы камень, друз, брусчатка і інш.) і штучныя (асфальтабетон, цэментны і палімербетон і інш.), керамічныя (клінкер, тратуарныя пліткі, цагляны друз, трубы для дрэнажу), шлакавыя (шлакавы друз, адлітыя з шлакавага расплаву камяні і пліты), арган. і мінер. вяжучыя рэчывы (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты; цэмент, вапна, гіпс), бетоны і вырабы з іх, палімерныя матэрыялы (ідуць пераважна на плёнкаўтваральныя ахоўныя пакрыцці і ўмацавальныя дабаўкі да грунтоў). Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
т. 6, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)