ДЭНЁЎ (Deneuve; сапр. Дарлеак; Dorléac) Катрын

(н. 22.10.1943, Парыж),

французская кінаактрыса. Ў кіно з 1956. Наіўныя, прастадушныя гераіні фільмаў «Шэрбурскія парасоны» (1964), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Асліная шкура» (1970) і інш. саступілі месца складаным, драм. вобразам, поўным разбуральных страсцей у фільмах «Дзённая прыгажуня» (1966), «Трыстана» (1970), «Агіда» (1965), «Сука» (1972). У 1980—90-я г. найб. вылучылася выкананнем гал. роляў у фільмах «Апошняе метро» (1980), «Індакітай» (1991), «Мая любімая пара года» (1992).

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТА (ад лац. gutta кропля),

старая назва шклозаводаў. Будаваліся пераважна на берагах рэк з якаснымі пяскамі, мелам, глінай, паліўнымі рэсурсамі. Выраб шкла на Беларусі вядомы з 12 ст. У 16—18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічала каля 70 гут. Яны сталі базай, на якой утвараліся шкляныя мануфактуры. У канцы 18 — пач. 19 ст. самымі буйнымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. З удасканаленнем шкларобнай тэхналогіі ў 19 ст. мануфактуры саступілі месца шклозаводам.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СТЫНГС, Хейстынгс (Hastings),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Каля 100 тыс. ж. (1994). У раёне Гастынгса 14.10.1066 войскі герцага Нармандыі Вільгельма нанеслі паражэнне англа-саксонскім войскам караля Гаральда, які загінуў у бітве, і Вільгельм стаў англ. каралём (Вільгельм I Заваёўнік). Месца правядзення штогадовых міжнар. шахматных турніраў (з 1920). Прыморскі кліматычны курорт. Вял. пясчаны пляж, мяккі марскі клімат забяспечваюць умовы эфектыўнага кліматалячэння нерв., сардэчна-сасудзістых, лёгачных і інш. хвароб.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФЕ́МА (ад грэч. graphē абрыс, контур),

мінімальная структурная адзінка пісьмовай мовы, якая адпавядае фанеме ў вуснай мове. Знаходзіць выражэнне ў літарах і выступае ў розных варыянтах у залежнасці ад стылю пісьма, месца ў слове або сказе. Гэтыя варыянты або літары (вялікія і радковыя, прамыя і курсіўныя) называюць алографамі адной і той жа графемы. Сістэма графемы пэўнага пісьменства ўтварае алфавіт гэтага пісьменства. Тэрмін «графема» ўведзены І.​А.​Бадуэнам дэ Куртэнэ ў 1912.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЕЛЕШУКА́ЛЬНІК,

камплект электратэхнічнага абсталявання і прылад для вызначэння трасы і глыбіні залягання падземнага або падводнага кабелю, а таксама месцаў яго пашкоджання. Складаецца з генератара пераменнага току гукавой частаты, узмацняльніка гукавой частаты з антэнай (на ўваходзе) і галаўным тэлефонам (на выхадзе). У працэсе прасоўвання К. па макс. гуку ў тэлефоне вызначаюць трасу кабелю, а па рэзкім аслабленні — месца яго пашкоджання.

Прычапны нажавы кабелеўкладчык: 1, 2 — прапорачны і кабелепракладачны нажы; 3 — касета; 4 — кабель.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЯНКО́Ў (Іван Адамавіч) (15.1.1912, в. Яськаўшчына Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.12.1972),

Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Віслы. З групай аўтаматчыкаў разведаў месца для фарсіравання, захапіў 2 лодкі, пераправіўся і замацаваўся на левым беразе; 6 гадзін група адбівала контратакі ворага, стварыўшы ўмовы для фарсіравання ракі.

І.А.Лапянкоў.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН, Каны (Cannes),

горад на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Каля 100 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Адзін з цэнтраў Блакітнага берага (Рыўеры), месца правядзення міжнар. кінафестываляў. Прадпрыемствы, звязаныя з абслугоўваннем турыстаў і адпачываючых. Вытв-сць пахучых эсенцый. Прыморскі кліматычны курорт. Клімат і расліннасць субтрапічныя, міжземнаморскага тыпу. Умовы спрыяльныя для лячэння хвароб нерв. сістэмы, органаў дыхання, нырак, сасудаў, сэрца, абмену рэчываў і інш. Развіваецца з пач. 19 ст. Адзін з буйных міжнар. курортаў.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТХІЯВА́Р,

паўвостраў на З Індыі, паміж залівамі Камбейскім і Кач Аравійскага м. На Пн прымыкае да Качскага Рана. Пл. больш за 40 тыс. км². Удаецца ў мора на 200—250 км. У цэнтры — базальтавыя і гнейсавыя плато і горы (выш. да 1117 м), па ўскраінах пояс алювіяльных нізін (шыр. да 100 км). Ападкаў каля 500 мм за год. Апустыненыя саванны і рэдкалессі. На Пд водзіцца азіяцкі леў (адзінае месца ў Азіі). Нац. парк Гірскі Лес.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРБЕЛА́,

горад у Іраку, у сярэдняй ч. даліны р. Еўфрат. Адм. ц. мухафазы Кербела. Засн. ў 7 ст. 200 тыс. ж. (1997). Буйны гандл.-трансп. пункт. Кансервавы з-д. Тэкст. і цукр. прадпрыемствы. Рамёствы. У 680 тут адбылася бітва паміж Амеядамі і ўнукам Мухамеда Хусейнам, у якой апошні загінуў. У 8 — пач. 9 ст. пабудавана мячэць-маўзалей Хусейна (неаднаразова знішчалася, канчаткова ў 1016 у выніку пажару). Свяшчэнны горад мусульман-шыітаў, месца паломніцтва.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)