ВІНА́ГРАДАЎ (Алег Міхайлавіч) (н. 1.8.1937, С.-Пецярбург),

расійскі танцоўшчык, балетмайстар, мастак. Нар. арт. Расіі (1976), нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1958). З 1958 у Новасібірскім т-ры оперы і балета, з 1973 гал. балетмайстар Ленінградскага Малога опернага, з 1977 — Марыінскага т-раў. Сярод пастановак: «Папялушка» (1964) і «Рамэо і Джульета» (1965) С.​Пракоф’ева, «Ліза і Кален, або Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1971), «Капелія» Л.​Дэліба (1973), «Гаранка» М.​Кажлаева (1968, і сцэнарыст), «Яраслаўна» Б.​Цішчанкі (1974, і мастак), «Пятрушка» І.​Стравінскага (1988) і інш. Вінаградаў. смела эксперыментуе ў галіне харэагр. лексікі, стварае арыг. версіі класічных балетаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970. Прэмія імя М.​Петыпа (Парыж, 1978).

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭГ, Крэйг (Craig) Эдуард Гордан (16.1.1872, г. Стывенідж, Вялікабрытанія — 29.7.1966), англійскі рэжысёр, мастак і тэарэтык т-ра; прадстаўнік сімвалісцкага т-ра. Сын Э.Тэры. На сцэне з 1889. У 1908—17 узначальваў т-р «Арэна Гальдоні» ў Фларэнцыі. Мастак і пастаноўшчык спектакляў у Лондане, Берліне, Нью-Йорку, Маскве («Гамлет» У.​Шэкспіра; 1911, МХАТ, з К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім). Сцвярджаў ідэю рэжысёрскага т-ра, канцэпцыю «звышмарыянеткі», што патрабавала ад «акцёра-паэта» творчасці ў строгіх межах рэжысёрскай задумы. Пашырыў выразныя магчымасці т-ра новай сцэн. тэхнікай: стварыў сістэму шырмаў, якая лёгка трансфармавала прастору сцэны. Значна паўплываў на т-р Зах. Еўропы 20 ст. Тэарэт. погляды выклаў у кнігах «Сцэнічнае мастацтва» (1905), «Мастацтва тэатра» (1912).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БАРАЎ (Вячаслаў Георгіевіч) (12.7.1931, в. Кочава Яранскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 5.7.1995),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1963). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Масква—Генуя» (1964), «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1969), «Паланез Агінскага» (1971), «Пагаворым, брат» (1979), «Круглянскі мост» (1989), «Пайсці і не вярнуцца» (1992), «Чорны бусел» (1993); тэлефільмаў «Крокі па зямлі» (1968), «Вялікае процістаянне» (1974), «Час-Не-Чакае» (1975), «Дзяржаўная граніца» (1—10 серыі, 1980—86). Аўтар жывапісных карцін «Харчатрад» (1966), «Рыбакі» (1984), «Прыйшоў салдат з фронту» (1989—92), пейзажаў «Вясна ў Жыровічах» (1972), «Прыпяць» (1980), «Вясна ў Вязынцы» (1992), «Лошыца. Сакавік» (1994) і інш.

В.Кубараў Рыбакі. 1984.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛО́НКІНА (Вольга Мікалаеўна) (н. 15.1.1956, г. Драгобыч, Украіна),

бел. тэатральны мастак. Пасля сканчэння Растоўскага маст. вучылішча (1981) мастак па касцюмах Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Створаныя ёй касцюмы вызначаюцца вынаходлівасцю, дасціпнасцю вырашэння, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў. Найб. адметныя касцюмы да спектакляў «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані і «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна (1985), «Клоп» У.​Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1992), «Халопка» М.​Стрэльнікава (1994), «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1997) у т-ры муз. камедыі, оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

Л.​І.​Дабравольская.

В.Жалонкіна. Эскізы касцюмаў да спектакля «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШКО́Ў (Васіль Мікітавіч) (6.1.1868, г. Ялец, Расія — 26.11.1946),

расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак Расіі (1943). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1882—89), Пецярбургскай АМ (1889—90). Чл. Маскоўскага т-ва мастакоў (з 1893), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Маскве ва ўласнай школе жывапісу і малявання (1892—1917), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1922—23), у Ленінградскай АМ (1937—40). Пісаў жанравыя карціны ў духу позніх перасоўнікаў, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Лячэнне зубоў» (1891), «Сляпы мастак» (1898), «Трувіль» (1903), партрэты старой (1897), С.​М.​Будзённага, В.​Р.​Мянжынскага (абодва 1927), М.​І.​Калініна (1937), аўтапартрэт (1943) і інш.

В.Мяшкоў. Сказанне пра Урал. 1949.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЛАНКУ́ЛАЎ (Ташпулат) (1882—10.5.1962),

узбекскі майстар разьбы па ганчы. Нар. мастак Узбекістана (1944). Удзельнічаў у афармленні будынкаў у Ташкенце (адзін з афарміцеляў інтэр’ераў Вял. т-ра оперы і балета імя А.​Наваі, 1947—48; Дзярж. прэмія СССР, 1948).

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ Марцін, бел. жывапісец 16 ст. Прыдворны мастак караля і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста. Разам з мастакамі па майстэрні В.​Хелмінскім, С.​Радкам і Я.​Гадэ ў 1554 накіраваны для выканання жывапісных работ у Віленскім Ніжнім замку.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Багуслаў) (13.1.1870, Мінск — 1944),

бел. мастак. Працаваў у жанры партрэта, у т. л. мініяцюрнага. Сярод работ партрэты С.​Тарноўскай (1904, мініяцюра, Нац. музей Кракава), Ігната Дыгаса (1920, мініяцюра, акварэль, гуаш на косці, Тэатр. музей Варшавы) і інш.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГЕ́Р ((Daguerre) Луі Жак Мандэ) (18.11.1787, Кармейз-ан-Парызі, Францыя — 10.7.1851),

французскі вынаходнік у галіне фатаграфіі. Па прафесіі мастак. У 1822 стварыў першую дыяраму. Распрацаваў спосаб атрымання незнікаючых адбіткаў, які быў названы дагератыпіяй — першы з вядомых спосабаў фатаграфіі.

Л.Ж.М.Дагер.

т. 5, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вуд Г. (амер. мастак) 4/576—577 (укл.), 580

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)