НАВУМО́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч (н. 29.10.1943, в. Баўцічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Канд. філал. н. (1974), дац. (1981). Настаўнічаў, працаваў на камсамольскай рабоце. З 1973 у БДУ. Друкуецца з 1964. Аповесць «Узаранае поле» (1968) пра камсамольскіх работнікаў, кн. прозы «Такое бывае аднойчы» (1982) пра студэнцкае жыццё і каханне. Распрацоўвае маральна-этычныя праблемы бел. л-ры, этычна-канцэптуальныя асновы бел. прозы 1960—80-х г., дзейнасць «Маладняка» (манаграфія «Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка», 1984): Сааўтар падручніка «Беларусазнаўства» (1998). Склаў зб-кі «Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа і развіццё славянскіх моў і літаратур» (1982), «Творчая і метадычная спадчына Якуба Коласа» (1992), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура: Проза 20-х гг.» (1996).
І.У.Саламевіч.
т. 11, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАХНЕ́ВІЧ Міхась (Міхаіл Прохаравіч; н. 20.8.1934, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1969). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, у газ. «Мінская праўда», у 1966—67 у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1969—71 і 1978—90 нам. гал. рэдактара газ. «Вячэрні Мінск», у 1971—78 у ЦК КПБ. Друкуецца з 1950. Аўтар празаічных кніг «Грыбны дождж» (1969), «Зара-зараніца» (1975), «Абяцанне» (1976), «Маё і тваё маленства» (1978), «Прыгарадная камандзіроўка» (1979), «Марыніка» (1982), «Белыя цені бяроз» (1989), зб. вершаў «Жыццё» (1972), гумарыст. зб. «Модны гальштук» (1977). Асн. тэмы — нязломнасць людзей у ваен. ліхалецце, маральнае высакародства ў мірны час. Піша для дзяцей.
Тв.:
Чаромхавы ранні цвет. Мн., 1984.
У.А.Паўлаў.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.:
У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУЛУ́ПАВА (Лісоўская) Нэлі Іванаўна
(1.2.1938, в. Капань Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.7.2001),
бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскае медвучылішча (1955), БДУ (1969). Працавала ў мед. установах, з 1960 дыктар Віцебскага абл. тэлебачання. З 1974 у Белдзяржфілармоніі, з 1979 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1990 у час. «Вожык». Друкавалася з 1955. Грамадзянскасць, патрыятызм, эмацыянальнасць, матывы чарнобыльскай трагедыі ў зб-ках вершаў «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея» (1977), «Босая цішыня» (1980), «Гарывада» (1984), «Сонца ў хату» (1986), «Я чакаю цябе...» (1993). Пісала для дзяцей: зб-кі «Дожджык Мікіта» (1978), «Бізоны-рабінзоны» (1983), кн. аповесцей «Пра што думае кіт» (1986). Аўтар гумарыст. зб-каў «Як павезлі мяне сватаць» (1987), «Скажыце ўсім» (1988), баек, казак, апавяданняў і інш. На бел. мову перакладала творы рус., укр. і інш. паэтаў.
т. 16, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУР’Я́Н Барыс Іванавіч (н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
З сёмага рада партэра. Мн., 1978;
Судьба чужая — как своя. Мн., 1982;
Грозовые отголоски: Повести. Мн., 1984;
І толькі надпіс...: Арт. і эсэ. Мн., 1987.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СЦІН Аляксандр Пятровіч (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам. гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) і інш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус. і польск. моў.
Тв.:
Рэха даўніх баёў. Мн., 1984;
Гудок далёкага поезда Мн., 1986;
Салёная раса. Мн., 1988.
т. 8, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛІК Навум Зіноўевіч (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, А.Карпюка, А.Куляшова, Я.Купалы, І.Мележа, П.Панчанкі, асобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Бялевіча, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, С.Дзяргая, У.Караткевіча, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).
Л.М.Гарэлік.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСІЕ́НКА Святлана Піліпаўна (н. 30.8.1939, г. Краснаармейск, Украіна),
бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1994). Скончыла БДУ (1963). З 1967 працуе ў Гродзенскім ун-це імя Я.Купалы. Друкуецца з 1968. Даследуе польскі раман 19—20 ст., жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы, бел.-польскія літ. сувязі 19—20 ст., бел. этнакультурныя фактары ў творчасці А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, З.Налкоўскай і інш. Аўтар манаграфіі «Творчасць Зоф’і Налкоўскай» (1989). Сааўтар зб-каў «Краю мой — Нёман» (1986), «Параўнальнае літаратуразнаўства і руска-польскія літаратурныя сувязі ў XX ст.» (М., 1989), «Зоф’і Налкоўскай прысвечана» (1991), «З боку крэсаў» (Кракаў, 1994), «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (1995), «Адам Міцкевіч і сусветная культура» (1998, кн. 4), «Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры» (1998) і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 11, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РКІН Навум Саламонавіч (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),
бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.С.Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Тв.:
Абсягі думкі. Мн., 1980.
т. 12, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНЯК (Poźniak) Тэлесфар (н. 28.11.1932, в. Трапалава Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
польскі літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1983 яго праф., заг. аддзела рус. і інш. слав. л-р Ін-та слав. філалогіі. Даследуе ўсх.-слав. л-ры. Аўтар манаграфій «Дастаеўскі ў коле рускіх сімвалістаў» (1969), «Дастаеўскі і Усход» (1992), артыкулаў пра М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Шолахава, Л.Лявонава і інш. Вывучае творчасць К.Чорнага, бел. сав. паэзію ваен. часу, польск. матывы ў творчасці Я.Купалы, польска-бел. літ. сувязі, рэцэнзуе працы бел. літ.-знаўцаў. Аўтар «Анталогіі беларускай літаратуры XIX — пачатку XX ст.» (1993), «Анталогіі беларускай паэзіі XX ст.» (1997), гіст. нарыса «Беларуская літаратура» ў кн. «Гісторыя еўрапейскіх літаратур» (т. 3, ч. 1, 1989).
В.П.Рагойша.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)