АРЫСА́БА (Orizaba),
Сітлальтэпетль, дзеючы вулкан у Мексіцы. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Мексіканскага нагор’я, у Папярочнай Вулканічнай Сьеры Кардыльераў. Правільны конус Арысабы вышынёй каля 5700 м (самы высокі пункт краіны), складзены з андэзітаў і базальтаў. На схілах да 4000 м лясы, вышэй — альпійскія лугі, з 4500 м — вечныя снягі. Арысаба — частка нацыянальнага парку Піка-дэ-Арысаба (плошча 19,7 тысяч га, заснаваны ў 1936).
т. 2, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛА́ЧСКАЕ ПЛАТО́,
заходняе перадгорнае плато ў сістэме Паўд. Апалачаў, у ЗША (на Пд наз. плато Камберленд). Даўж. каля 1500 км. Выш. ад 500 м на З да 1500 м на ПнУ, дзе Апалачскае плато набывае характар гор (Алеганы). Складзена пераважна з вапнякоў. Глыбока расчлянёнае рэкамі сістэмы Агайо. Пашыраны карставыя формы рэльефу (славутая Мамантава пячора). Буйныя радовішчы каменнага вугалю. Шыракалістыя лясы.
т. 1, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІ ВУЛКАНІ́ЧНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Hawaii Volcanoes National Park),
на в-ве Гаваі, тэр. ЗША. Засн. ў 1916. Пл. 99 тыс. га. Выш. да 4170 м (вулкан Маўна-Лоа). Вільготныя трапічныя лясы і хмызнякі. Ахоўваецца унікальная флора (дрэвападобныя папараці і інш.) і эндэмічная фауна (гал. чынам птушкі і насякомыя) трапічных дажджавых лясоў. Раён актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Маўна-Лоа і Кілаўэа). Біясферны рэзерват.
т. 4, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЛАНД (Gotland),
самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.
У цэнтральнай ч. Забайкалля, у межах Даурыі, у Чыцінскай вобл. Расіі. Сістэма выцягнутых у паўн.-ўсх. напрамку горных масіваў даўж. каля 300 км ад вярхоўяў р. Джыла да вытокаў р. Ульдурга. Выш. да 1526 м. Складзены з граніту і крышт. сланцу. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На схілах хваёвыя і лістоўнічныя лясы. Перасякаецца далінай р. Інгада, дзе праходзяць чыгунка і аўтадарога.
т. 6, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНГЕЗУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Армянскім нагор’і, на мяжы Арменіі і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Працягваецца мерыдыянальна ад верх. цячэння рэк Тэртэр і Арпа да р. Аракс. Даўж. каля 130 км. Выш. да 3904 м (г. Капутджух). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. На зах. схілах стэпавыя і паўпустынныя ландшафты, на ўсх. — часткова шыракалістыя лясы і субальпійскія лугі. Радовішчы медных руд.
т. 6, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СКАР,
горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.
т. 6, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙП-БРЭ́ТАН (Cape Breton),
востраў у Атлантычным ак., каля ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, пры ўваходзе ў зал. Св. Лаўрэнція. Частка правінцыі Канады — Новая Шатландыя. Пл. 10,3 тыс. км². Хвалістае пласкагор’е, складзена з крышт. парод, выш. да 532 м. У цэнтр. частцы воз. Бра-д’Ор (пл. 932 км²). Хвойныя лясы. Нац. парк Кейп-Брэ-тан-Хайлендс. Рыбалоўства. Асн. населеныя пункты — Сідні і Глейс-Бей.
т. 8, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НІЯ (Kenya),
патухлы вулкан у Кеніі, на У ад Усх.-Афр. рыфтавай сістэмы. Выш. 5199 м (другая па выш. пасля Кіліманджары вяршыня ў Афрыцы). Усечаны конус над лававым плато. Горныя лясы, лугі, на вяршыні — шматгадовыя снягі і ледавікі (каля 15, даўж. да 1,5 км). На выш. 1200—2000 м плантацыі кавы, сізалю, бананаў. Уваходзіць у склад нац. парку Маўнт-Кенія.
т. 8, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДРЫ,
узвышша на Пд Усх.-Еўрапейскай раўніны, у Малдове. Размешчана паміж рэкамі Рэут (бас. р. Днестр) і Прут. Даўж. 100 км, выш. да 430 м. Складзена з марскіх і кантынент. адкладаў міяцэну — глін, мергеляў, вапнякоў, пяскоў, пясчанікаў. Глыбока расчляняецца далінамі рэк, лагчынамі, ярамі; развіты апоўзні, месцамі — карст. Шыракалістыя лясы (дуб, граб, на ПнЗ бук), якія наз. кодрамі. У межах К. запаведнік Кодры.
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)