ЛЁЛЯ,
багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас. с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.
І.П.Хаўратовіч.
т. 9, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́ЛЬ (Іван Аляксандравіч) (18.9.1914, в. Дуброўскія Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1961),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). З 1932 настаўнічаў, з 1934 на журналісцкай рабоце ў Талачыне і Вілейцы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 сакратар Магілёўскага падп. абкома ЛКСМБ, адначасова сакратар Бабруйскіх падп. міжрайкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, з крас. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КЛ(б)Б. З вер. 1943 рэдактар газ. «Сталинская молодежь», потым «Чырвоная змена», з 1952 — «Гомельская праўда».
т. 10, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЗЕ́НЬ,
рака ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 966 км, пл. бас. 78 тыс. км². Пачынаецца з балот на зах. схілах Ціманскага кража. Цячэ па хвалістай раўніне, упадае ў Мязенскую губу Белага м. Асн. прытокі: Вашка (злева), Мязенская Піжма, Сула, Пеза (справа). Разводдзе у маі—чэрв., летам і восенню дажджавыя паводкі. Ледастаў з канца кастр. — сярэдзіны ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 649 м³/с. У вусці высокія прылівы, якія распаўсюджваюцца на 64 км. Суднаходная на 371 км ад вусця, вясной на 650 км. Сплаўная. На рацэ г. Мязень.
т. 11, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.
Г.В.Кісялёў.
т. 11, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗЯ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — крас. 1942 у вёсках Нізяны і Паўлаўшчына Поразаўскага (цяпер Ваўкавыскага) р-на. Аб’ядноўвала 12 чал. (кіраўнік М.І.Амшэй). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, 7.11.1941 у гадавіну Кастр. рэвалюцыі вывесілі чырв. сцягі ў Нізянах і інш. вёсках, псавалі тэлеф. сувязь акупантаў, ратавалі сав. ваеннапалонных, збіралі і перадавалі партызанам зброю, прадукты харчавання, медыкаменты, адзенне. 29.4.1942 фашысты арыштавалі і пасля катаванняў у чэрв. расстралялі падпольшчыкаў. У Ваўкавыску на іх магіле, у в. Нізяны ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнікі.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧЫПАРО́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (2.3.1900, г.п. Багародскае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.1.1945),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. (1943). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1924 у БВА. З пач.
Вял. Айч. вайны на фронце, камандзір дывізіі, удзельнік Мінскага патрыят. падполля, адзін з ініцыятараў стварэння і камандзір 208-га партыз. атрада. З крас. 1942 камандзір Клічаўскага партыз. злучэння, з вер. нам. камандзіра 4-га гв. кав. корпуса. У 1943 арыштаваны органамі КДБ СССР. Рэабілітаваны ў 1952.
т. 11, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОРША́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з лют. 1915 па крас. 1918 у Оршы на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і міжнар. становішча краіны, падзеі на франтах 1-й сусв. вайны. Прыхільна сустрэла Лютаўскую рэв. 1917, агітавала за падтрымку Часовага ўрада, скліканне Устаноўчага сходу і вайну да пераможнага канца. Выступіла супраць Кастр. рэвалюцыі. Інфармавала пра бел. нац. рух, выступленне ў Оршы Першага т-ва бел. драмы і камедыі (паведамленні «Сярод беларусаў», «Беларускія спектаклі» і інш.). Друкавала лірычныя і прыродаапісальныя вершы, апавяданні і нарысы мясц. аўтараў. Выйшла 1040 нумароў.
У.М.Конан.
т. 11, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЯ́РЫ (лац. populares ад populus народ),
ідэйна-палітычная плынь у Стараж. Рыме ў канцы 2—1 ст. да н.э. Абаранялі інтарэсы плебсу, у першую чаргу сельскага, супрацьстаялі аптыматам. У цэнтры барацьбы з аптыматамі былі аграрнае пытанне і дэмакратызацыя рым. дзяржавы. Абапіраючыся на нар. сход, П. імкнуліся абмежаваць буйное і аднавіць сял. землеўладанне, забараніць даўгавую кабалу, адмяніць ліхвярства. Значную ролю сярод П. адыгрывалі браты Гракхі, Апулей Сатурнін. Уплыў П. у сваіх мэтах выкарыстоўвалі Г.Марый, Ліцыній Крас, Цэзар.
Літ.:
Трухина Н.Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики (П в. до н.э.). М., 1986. С. 56—59.
т. 12, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да студз. 1943 у г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Падпольшчыкі (9 чал., кіраўнік Ф.В.Кляўцоў) прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, з восені 1942 для партыз. атрадаў «Балотнікава» і М.Ф.Бабкова здабывалі ням. пропускі, спісы жыхароў, прызначаных для вывазу ў Германію, звесткі пра фаш. гарнізон у Петрыкаве, ням. агентуру, падрыхтоўку карных аперацый. 29.1.1943 пасля падрыву будынка гебітскамісарыята і знішчэння 12 рухавікоў для бранякатэраў, 3 аўтамашын, 2 зенітных гармат акупантаў падпольшчыкі з сем’ямі пайшлі ў партыз. атрад Бабкова.
т. 12, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́БЛІСК»,
«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.Бобрык, В.Каваль, Т.Кляшторны, В.Маракоў, І.Плаўнік, Я.Туміловіч, а таксама А.Гурло, А.Звонак, С.Фамін, М.Хведаровіч, Н.Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».
К.Р.Хромчанка.
т. 13, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)