ГАЙ (Гая Дзмітрыевіч) (сапр.Бжышкян Гайк; 18.2.1887, г. Тэбрыз, Іран — 11.12.1937),
савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Праф. (1933). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык. З 1918 камандзір 1-й зводнай Сімбірскай пях. дывізіі, з 1919 камандуючы 1-й арміяй Усх. фронту. У 1920 на Зах. фронце, камандзір 3-га коннага корпуса. З 1922 нарком па ваен. справах Арменіі. З 1923 камандзір і ваенком 7-й Самарскай кав. дывізіі, якая размяшчалася на Беларусі. У 1924 адрадзіў 3-і конны корпус, названы імем БССР (штаб знаходзіўся ў Мінску). З 1933 выкладчык, нач. кафедры Ваенна-паветр. акадэміі. Чл.ЦВКБССР у 1924—25. Аўтар прац і нарысаў па гісторыі грамадз. вайны. У 1935 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр.Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон
(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),
ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).
Літ.:
Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Міхаіл Фролавіч) (1.10.1897, в. Кавалічы Гродзенскага р-на — 24.11.1946),
генерал-маёр (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), паскораныя курсы ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, разгрому войск Булак-Балаховіча, Антонава на Тамбоўшчыне, басмачоў у Сярэдняй Азіі. У Вял.Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Вызначыўся ў ліп. 1944 у баях на Львоўскім напрамку: стралк.корпус на чале з Грыгаровічам прарваў абарону ворага, выйшаў у тыл варожай групоўкі, удзельнічаў у яе ліквідацыі, авалодаў паўн.-ўсх. часткай Львова. У час наступлення на гэтым напрамку падраздзяленні яго корпуса вызвалілі каля 100 тыс.нас. пунктаў. Удзельнік вызвалення Чэхаславакіі, Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМО́МЕТР (ад дынама... + ...метр),
прылада для вымярэння сілы або моманту сілы. Бываюць: цягавыя — для вымярэння адной сілы (цягі) і вярчальныя — пары сіл (вярчальнага моманту); узорныя і рабочыя (агульнага прызначэння, спецыяльныя); пераносныя і стацыянарныя; мех. (спружынныя, рычажныя), гідраўл., эл. і інш.
Д. мае пругкі элемент, які дэфармуецца пад уздзеяннем сілы, і адліковае прыстасаванне для рэгістрацыі вымеранага намагання. З дапамогай Д. вымяраюць сілы ад некалькіх ньютанаў да 1 МН. Выкарыстоўваюць пры выпрабаваннях і эксплуатацыі машын, для вымярэння сілы рэзання або момантаў сіл, што ўзнікаюць пры апрацоўцы металаў (інструментальны Д.), мускульных намаганняў і інш. Д. з пішучым прыстасаваннем наз.дынамографам, з адліковым або паказвальным прыстасаваннем — работамерам ці імпульсіметрам.
Рабочы спружынны дынамометр (работамер): 1, 4 — захваты; 2 — корпус з пругкім элементам; 3 — цыферблат са шкалой; 5 — стрэлка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЕ ЗАМЫКА́ННЕ,
злучэнне токаправодных частак эл. ланцуга праз малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Парушае работу эл. апарата (устаноўкі), небяспечнае для людзей.
Бывае 2- і 3-фазнае; аднафазнае — на зямлю або корпус (злучэнне праваднікоў эл. устаноўкі з прадметамі, што маюць нулявы патэнцыял); міжвітковае (злучэнне накоратка аднаго або некалькіх віткоў абмоткі эл. апарата ці эл. машыны); перамежнае (пачаргова ўзнікае і знікае, напр., паміж правадамі, якія разгойдваюцца). Прычыны К.з. — парушэнне электраізаляцыі правадоў або выпадковае злучэнне неізаляваных праваднікоў паміж сабой ці праз электраправодны матэрыял. Вядзе да рэзкага павелічэння току, выклікае празмернае награванне правадоў і апаратаў, можа прывесці да пажару ці пашкоджання эл. абсталявання. Каб папярэдзіць небяспечныя наступствы К.з. выкарыстоўваюць токаабмежавальныя рэактары электрычныя, секцыянаванне эл. сеткі, прыстасаванні хуткага адключэння ўчастка з К.з. (рэлейную ахову, аўтам.выключальнікі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 28.11.1938, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1962). Працаваў у г. Алматы, Кішынёве. З 1973 у Мінску — гал. архітэктар праектаў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (з 1980). Асн. работы: у Мінску — навуч. камбінат Міндарбуда Беларусі (1979), 12-павярховы інж.-лабараторны корпус трэстаў Белсельгастэхнікі (1980), рэсп. Дом тэхн. творчасці (1982, у сааўт.), Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (Гран-пры рэсп. фестывалю архітэктуры «Брэст—99»). Сярод інш. работ: будынак пед. ін-та імя І.Крангэ (1975), бальнічны гарадок (1976) у Кішынёве і інш. Аўтар распрацовак наменклатуры прадпрыемстваў абслугоўвання насельніцтва для іх масавага буд-ва ў мікрараёнах (універсамы, крамы, кавярні і інш. ў мікрараёнах Захад, Паўд. Захад, Малінаўка, Уручча ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́НІН (Рыгор Мікалаевіч) (4.10.1835, пас. Ямышэўскі Паўладарскай вобл., Казахстан — 30.6.1920),
расійскі географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі. Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1852), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1859—62). За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях сасланы ў Сібір. У 1863—64 прымаў удзел у экспедыцыі на воз. Зайсан і хр. Тарбагатай. У 1876—77 і 1879—80 кіраваў экспедыцыямі ў паўн.зах. Манголію і Тыву, у 1884—86 і 1892—93 — у паўн. Кітай, усх. Тыбет і Цэнтр. Манголію і ў 1899 — на Вял. Хінган. Разам з жонкай А.В.Патанінай сабраў звесткі па геаграфіі, геалогіі, эканоміцы, этнаграфіі маладаследаваных тэр.Цэнтр. Азіі. Вял. залаты медаль Рус.геагр.т-ва (1886). Яго імем наз. адзін з хрыбтоў Наньшаня і ледавік на Алтаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Васілевіч) (9.10.1898, г. Лунінец Брэсцкай вобл. — 21.10.1976),
Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1954). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1919—20. З 1932 на выкладчыцкай рабоце, з 1938 нам.нач. штаба БВА. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Бранскім, 1-м, 2-м і 3-м Укр. франтах: нач. штаба арміі, камандзір корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, Варонежска-Касторненскай, Сеўска-Арлоўскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Балатонскай і Венскай аперацый. Стралк.корпус на чале з ген.-лейт. П. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на тэр. Румыніі. Да 1960 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ КА́РЛА БАРАМЕ́ЎША помнік архітэктуры барока 18 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1770—82 з цэглы ў б. прадмесці Пінска Каралін на месцы драўлянага касцёла 1695. Асвячоны ў 1784. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя кляштарны корпус і гасп. пабудовы (не захаваліся). Будынак касцёла 1-нефавы, з невял. трансептам. Алтарная частка не вылучана, сакрысціі размешчаны за гал. алтаром нефа. Да касцёла прылягае 2-ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Асаблівасць збудавання — моцныя канструкцыі сцен (таўшчыня больш за 2 м). Бакавыя сцены прарэзаны невял. арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі і інш.) выкарыстаны пераважна ў званіцы. У 1992 касцёл прыстасаваны пад канцэртную залу арганнай музыкі.