ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з С.Гаўрусёвым), зб. вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Палёт. Мн., 1982;
Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;
Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неараманскага стылю. Пабудаваны ў 1824 у г. Браслаў (Віцебскай вобл.) каля стараж. замчышча. Пры перабудове ў 1897 выкарыстаны ўчасткі сцен, якія захавалі ўзорыстую каменную муроўку — т.зв. «разынкавую». Змураваны з бутавага каменю і чырв. цэглы. Трохнефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм, накрыты 2-схільным дахам, трох’ярусная вежа завершана шатром. Элементы дэкору: пінаклі, стральчаты партал увахода з вімпергам (над ім — трыфорыум), аркатура. Твор разьбярскага мастацтва — амбон. На хорах устаноўлены арган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯ́НАЎ ((Огнянов) Сава Петраў) (24.5.1876, г. Канстанца, Румынія — 22.3.1933),
балгарскі акцёр. На сцэне з 1902. З 1904 у Нар. т-ры (Сафія). У 1911—12 вывучаў мастацтва Маскоўскага маст.т-ра. Сярод роляў: Дынка («Вампір» А.Страшымірава), Рад Лупу, цар Іван Асен («Над безданню», «Барыслаў» І.Вазава), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІН ТЭО́РЫЯ,
раздзел фармальнай логікі, дзе разглядаюцца агульныя ўласцівасці адносін і законы, якім яны падпарадкоўваюцца. Распрацавана А. дэ Морганам, Ч.С.Пірсам і Э.Шрэдэрам. Асн. кірунак — вылічэнне адносін, блізкае да тэорыі класаў; даследаванне сувязі паміж адносінамі і аперацыі над імі, устанаўленне законаў, пры дапамозе якіх з адных адносін можна вывесці другія. У матэм. логіцы адносін тэорыя звязана з вывучэннем уласцівасцяў і вылічэннем прэдыкатаў, адносін тоеснасці, роўнасці, прыналежнасці элемента да пэўнага класа аб’ектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬз адзнакай,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш.над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад зБалтыйскага шчыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),
сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.
помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРА́Л ((Cabral) Амілкар) (12.9.1924—20.1.1973),
дзеяч нац.-вызв. руху Гвінеі і а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ). Брат Л.Кабрала. Аграном. Адзін з заснавальнікаў (1956) і ген. сакратар Афр. партыі незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК), якая з 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць партуг.калан. улад і дамаглася ўстанаўлення свайго кантролю надб.ч.Партуг. Гвінеі. Аўтар твораў «Факты аб партугальскіх афрыканскіх калоніях» (1960), «Рэвалюцыя ў Гвінеі» (1969) і інш. Забіты вайскоўцамі, якія ўзбунтаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш.над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ГА,
бел.традыц. прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.
Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.