помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.
Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),
натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл.Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,
вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЕ́БЫ,
аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).
Літ.:
Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,
помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл.Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
балгарскі пісьменнік. Вучыўся ў Сафійскім ун-це (1939—41). Друкаваўся з 1932. У першым зб. апавяданняў «Вуліца без бруку» (1938) адлюстраваў побыт і духоўнае аблічча горада. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў зб. апавяданняў «Дні і вечары» (1942). Аўтар антыфаш. аповесцяў і апавяданняў (зб. «Другая рота», 1949), рамана пра сац. пераўтварэнні ў краіне «Сухая раўніна» (1952). Пачынальнік дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру ў балг. л-ры (раман «Сляды застаюцца», 1954, бел.пер. 1960). У зб-ках апавяданняў «Хлопчык са скрыпкай» (1963), «Пах міндалю» (1966), аповесцях «Бар’ер» (1976), «Вымярэнні» (1979), раманах «Ноччу на белых конях» (1975), «Шалі» (1982) — маральна-філас. праблематыка, абвостраная цікавасць да чалавечай псіхікі. На бел. мову яго творы перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн.чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛА́ЧСКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
зона палеазойскай складкавасці ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы. Сфарміравалася ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. З канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод. Большая частка Апалачскай складкавай вобласці прымеркавана да Апалачаў, другая апушчана пад прыбярэжныя раўніны і шэльф Атлантычнага ак., трэцяя выходзіць на паверхню ў гарах Уошыта на тэр. Арканзаса і Аклахомы і на невял. участках у Тэхасе (Маратон) і ў Мексіцы. З ПнУ на ПдЗ падзяляецца на 3 сегменты з рознай арагенічнай гісторыяй: Ньюфаўндленд-Квебекскі, Пенсільванска-Тэнесійскі і Уошыта-Маратонскі. У межах сегментаў вылучаны правінцыі: Апалачскае плато, правінцыя Далін і Хрыбтоў, правінцыя Блакітнага хрыбта, Підмант і інш. Амаль усе структурныя элементы Апалачскай складкавай вобласці паралельна выцягнуты па дузе, павернутай выпукласцю да цэнтра мацерыка.