ПРЫЧА́Л,

сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.

Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.

Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДНЯ ў горнай справе,

прыстасаванне для спуску (падняцця) грузаў пры праходцы шахтавых ствалоў і шурфаў, а таксама для аварыйных работ.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ГУЛ, выгульны двор, загон,

агароджаны ўчастак для прагулак (мацыёну) жывёл. Размяшчаецца побач з жывёлагадоўчымі будынкамі. Для аховы жывёл ад спёкі або дрэннага надвор’я выгул часта абсталёўваецца павеццю. Вызначаны нормы плошчы на адну жывёлу, напр. для кароў 15—20, племянных коней 40—50, свінаматак 10—15, курэй 1,5—2 м² і інш.

т. 4, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАФО́С,

O, O-дыметыл-S (1,2-дыкарбэтаксіэтыл) дытыяфасфат, хімічны прэпарат для аховы с.-г. культур ад шкодных насякомых; кантактавы інсектыцыд, акарыцыд і нематыцыд. Выкарыстоўваюць канцэнтрат эмульсіі для апырсквання збожжавых, цукр. буракоў, лёну, гародніны, яблынь, груш і інш. Сярэднетаксічны для чалавека і жывёл: ГДК 0,5 мг/м³, у вадзе — 0,05 мг/л.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЕНЕФТОРЫСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная кіслата; раствор фтарыду крэмнію ў вадзе ці фторыставадароднай кіслаце, H2SiF6. Утварае солі — фторасілікаты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фторасілікатаў і неарган. фтарыдаў (напр., AlF3, NaF, CaF2), як кампанент раствораў для паліроўкі і траўлення шкла, электралітаў для гальванастэгіі, як кансервант драўніны, сродак для дэзінфекцыі рэзервуараў у вытв-сці піва.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

электрычны апарат у выглядзе індуктыўнасці шпулі. Прызначаны для кампенсацыі ёмістаснай праводнасці працяглых ЛЭП (т. зв. папярочная кампенсацыя), абмежавання токаў кароткага замыкання, кампенсацыі ёмістасных токаў замыкання на зямлю, згладжвання пульсацый току ў ланцугах выпрамнікоў, абмежавання контурных токаў у ланцугах рэверсіўных выпрамнікоў. Высакавольтныя Рэ. прызначаны для ЛЭП, нізкавольтныя — для пераўтваральнай тэхнікі.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,

машына для размеркавання, дазіравання, ушчыльнення бетоннай сумесі, аддзелкі пакрыцця, якое ўкладваецца на аснову дарогі, аэрадрома і інш. Бываюць гусенічныя, аснашчаныя слізгальнымі формамі (для ўтварэння кантаў пакрыцця) і аўтам. сістэмамі кіравання рухам і падтрымлівання зададзенага профілю, і колавыя, якія выкарыстоўваюць для ўтварэння пакрыцця зборную апалубку (рэйка-форма). Шырыня паласы 3,5—7 м, прадукцыйнасць 40—50 м³/гадз. Для вырабу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюцца бетонаўкладчыкі са стужачнымі, вінтавымі, вібралатаковымі сілкавальнікамі і інш. Сусв. вядомасць маюць бетонаўкладчыкі вытворчасці ЗША, Германіі.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙН, Вітгенштайн (Wittgenstein) Паўль (5.11.1887, Вена — 3.3.1961), аўстрыйскі піяніст. Дэбютаваў у Вене ў 1913. У 1914 страціў на вайне правую руку, дасягнуў віртуознай тэхнікі левай рукі і працягваў канцэртную дзейнасць. Для Вітгенштайна напісаны фп. канцэрт для левай рукі М.​Равеля, 4-ы фп. канцэрт С.​Пракоф’ева, творы Р.​Штрауса, П.​Хіндэміта, Б.​Брытэна. У 1931—38 праф. Новай кансерваторыі ў Вене. З 1938 жыў у ЗША, выкладаў. Стварыў шмат апрацовак фп. твораў для левай рукі. Аўтар кн. «Школа для левай рукі» (Лондан, 1957).

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФУ́ЗАР,

1) частка канала (трубы), у якой запавольваецца рух і павышаецца ціск газу або вадкасці. Есць у аэрадынамічных трубах, паветрана-рэактыўных рухавіках, некаторых відах кампрэсараў, помпаў і інш. 2) Прыстасаванне да фотаапарата або фотапавелічальніка, прызначанае для «змякчэння» (паніжэння рэзкасці) выявы. Звычайна гэта плоскапаралельная шкляная пласцінка з прамавугольнай сеткай ці канцэнтрычнымі кругамі або вузкія палоскі шкла.

3) Папяровая мембрана канічнай формы для павелічэння акустычнай аддачы гучнагаварыцеля.

4) Апарат для вышчалочвання ў вытв-сці гліназёму.

5) Апарат для экстракцыі растваральных рэчываў (гл. Дыфузійны апарат).

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Фёдар Фёдаравіч) (12.10.1862, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 21.1.1941),

бел. вынаходнік. Герой Працы (1928). З 1903 працаваў у Гомельскім чыг. дэпо. Вынайшаў лятальны апарат верт. ўзлёту — гелікаптэр, макет якога экспанаваўся на Екацярынаслаўскай прамысл. выстаўцы ў 1909, прыстасаванне для прадзімання дымагарных труб паравозных катлоў, дамкрат для падымання вагонаў, іскраўлоўнік на паравозах, эстакаду для падачы вугалю на паравозы і інш. З 1922 займаўся распрацоўкай праекта вінтаплана (верталёта) для перавозкі пасажыраў.

Літ.:

Дегтев В. Крылья Белоруссии. Мн., 1973. С. 16—17.

Ф.Ф.Еўстаф’еў.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)