буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі, якая знішчыла Другую імперыю і абвясціла рэспубліку. Падрыхтавана працяглым крызісам банапартысцкага рэжыму, паскорана паражэннямі франц. войск у франка-прускай вайне 1870—71. Непасрэдны штуршок — паражэнне пад Седанам і здача ў палон Напалеона III з арміяй (2 вер. 1870). 4 вер. паўстанцы Парыжа ўварваліся ў Бурбонскі палац і дамагліся ад Заканад. корпуса звяржэння дынастыі Бурбонаў. У той жа дзень у ратушы абвешчана рэспубліка. Перамога працоўных была выкарыстана буржуазіяй, якая узурпіравала ўладу; прадстаўнікі рэв. дэмакратыі ва ўрад не трапілі. Вераснёўская рэвалюцыя дала пачатак Трэцяй рэспубліцы ў Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЕ́ННЕ,
працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл.Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШКЕ́ВІЧ (Іван Канстанцінавіч) (1890, в. Меляшкі Беластоцкага ваяв., Польшча — 24.2.1943),
бел.паэт. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909). Настаўнічаў на Гродзеншчыне і каля Паневяжыса. Загінуў на фронце. З 1909 пад псеўд. Янук Д. і Каршун друкаваў у газ. «Наша ніва» вершы і допісы. Яго творчасць развівалася ў рэчышчы бел.рэв.-дэмакр. паэзіі, прасякнута суперажываннем чалавечаму гору, болем за лёс абяздоленых, патрыят. матывамі («Доля», «Стогн», «Псалм CXXXVI»). Інтымнай лірыцы паэта ўласцівы рамант. парыў, глыбіня пачуццяў («Як засвецяць у небе зоры»), часам элегічнасць («Шкада разбітых мар»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЕР ((Dreyer) Карл Тэадор) (3.2.1889, Капенгаген — 20.3.1968),
дацкі кінарэжысёр, сцэнарыст. Адзін са стваральнікаў дацкага маст. кінематографа. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1918. Ужо ў фільме «Старонкі з Кнігі Сатаны» (1920) выявілася яго імкненне да максімальнай выразнасці кінамовы. У фільмах «Удава пастара» (1920, Швецыя), «Міхаэль» (1924, Германія), «Паважай сваю жонку» (1925) фарміруецца асн. тэма творчасці Д. — адзіноцтва чалавека, які адстойвае сваю духоўную свабоду, асуджанага іншы раз на пагібель. Найб. поўна гэта тэма раскрыта ў фільме «Страсці Жанны д’Арк» (1927, Францыя) — адным з самых значных дасягненняў «нямога» кіно. Сярод інш. фільмаў: «Дзень гневу» (1943), «Слова» (1955), «Гертруда» (1965). Здымаў таксама дакумент. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІХ ВЕТЭРАНАЎ.
Засн. ў 1973 у штаце Нью-Джэрсі (ЗША). Дзейнічае ў цеснай сувязі з Беларуска-амерыканскім аб’яднаннем. Члены згуртавання — былыя вайскоўцы-беларусы, якія да 2-й сусв. вайны служылі ў арміях Нац. і Польшчы, у вайну — у войсках Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Андэрса арміі і інш. Пазней да іх далучыліся беларусы, якія служылі ў В’етнаме, Карэі, Панаме, Германіі. Выступаюць у абарону ідэі незалежнасці бел. дзяржавы, захаванне бел. спадчыны, дапамагаюць ажыццяўляць бел.культ. праграмы, чытаюць лекцыі па бел.ваен. гісторыі, удзельнічаюць у мерапрыемствах амер. ветэранскіх арг-цый, святкуюць Дзеньбел. жаўнера (4 ліп.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́,
урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),
бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.Адамовіча, В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Васілевіч, Н.Гілевіча, А.Жука, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Танка, І.Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПА́ЛІН (Ілья Пятровіч) (2.8.1900, в. Паўлаўская Істрынскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.6.1976),
расійскі рэжысёр дакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1968). З 1950 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (праф. з 1964). У дакумент. кіно з 1920-х г.Асн. стужкі прысвечаны падзеям сав. часу: «За ўраджай» (1929), «Ленін» (1938, з І.Сеткінай), «На Дунаі» (1940, з І.Пасельскім), «Разгром нямецкіх войск пад Масквой» (1942, з Л.Варламавым, прэмія «Оскар» 1943), «Вызваленая Чэхаславакія» (1946), «Дзень краіны, якая перамагла» (1947), «Абнаўленне зямлі» (1950), «Старонкі бессмяротнасці» (1965), «Краіна мая» (1967) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),
бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.