КАРПІ́НІ (Carpini) Джавані дэ Плана (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),
італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Дзейнічала ў 1899—1918. Падпарадкоўвалася ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі. У 1912 вучылася 560 дзяўчынак. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, ням. і франц. мовы, фізіка, матэматыка, гісторыя, педагогіка, заканазнаўства, прыродазнаўства, гігіена, рукадзелле і інш. Восенню 1915 эвакуіравана ў г. Прапойск (Слаўгарад) Магілёўскай губ. У гімназіі вучыліся артысткі Л.І.Ржэцкая, В.М.Пола.
Літ.:
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬМ (Ulm),
горад на Пд Германіі, на р. Дунай, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Вядомы з 854. 110 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Дунай. Машынабудаванне (аўта- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектроннае), тэкст., дрэваапр., папяровая, харч.прам-сць. Гар. тэатр (з 1641). Ун-т. Музей (гісторыя і мастацтва У. і Швабіі). Гатычны сабор (14—16 ст.), ратуша (14—16 ст.), цэйхгауз (15 ст.), бюргерскія дамы (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Р (Aulard) Франсуа Віктор Альфонс (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар.Рас.АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́НДА (Luanda),
горад, сталіца Анголы. Адм. ц. правінцыі Луанда. Засн. ў 1575 партугальцамі. 2081 тыс.ж. (1997). Порт на Атлантычным ак. Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт чыгункі ў глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Гал.прамысл. цэнтр краіны (больш за 50% валавой прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны). Прам-сць: нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., харч., тытунёвая. Ун-т. Музеі: Анголы (прырода) і Дунду (гісторыя і этнаграфія). Арх. помнікі каланіяльнага перыяду (пераважна 17—18 ст.). Паблізу Л. нафтапромыслы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ДУХО́ЎНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ.
У Мінску існавалі 2 вучылішчы, якія падпарадкоўваліся Камісіі па духоўных вучылішчах пры св. Сінодзе. Мужчынскае вучылішчазасн. ў 1834 як павятовае духоўнае 4-класнае з прыходскай 2-класнай школай пры Кацярынінскай царкве. Жаночае 7-класнае вучылішча засн. ў 1867 пры царкве Ушэсця. Выкладаліся: рус., грэч. і царк.-слав. мовы, прыродазнаўства, матэматыка, латынь, гісторыя, геаграфія, катэхізіс, царк. статут, спевы; у жаночым дадаткова выкладаліся франц. мова, дыдактыка, фізіка, касмаграфія, гігіена, музыка. Закрыты ў 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ РЭСПУ́БЛІКАў Францыі,
першы гіст. перыяд рэсп.дзярж. ладу ў Францыі ў 1792—1804. Абвешчана Нац.Канвентам 22.9.1792 пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) Французскай рэвалюцыяй 1789—99. Паводле спосабу кіравання падзяляецца на 3 асн. перыяды: праўленне Канвента (1792—95), праўленне Дырэкторыі (1795—1804), Консульства (1799—1804). Фармальна спыніла існаванне 18.5.1804 з абвяшчэннем 1-га консула (фактычнага дыктатара) Францыі Н.Банапарта імператарам Напалеонам I, што паклала пачатак Першай імперыі. Гл. таксама Францыя (раздз.Гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМА́ТА,
племянны саюз у стараж. Японіі з цэнтрам каля сучаснага г. Нара. Узнік у 2-й пал. 3 ст., да сярэдзіны 4 ст. аб’яднаў пад сваёй уладай б.ч. краіны. На базе Я. паступова склалася яп. дзяржава. Тэрмінам «Я.» называюць таксама археал. культуру эпохі ранняга жалеза (3—6 ст.) у Японіі, для якой характэрны пахаванні знаці ў вял. курганах чаравікападобнай формы з каменнымі пахавальнымі камерамі і саркафагамі. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Японія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1834—1939. Гродзенская мужчынская гімназія адкрыта ў 1834 на базе б. дамініканскай гімназіі як класічная з 8-гадовым тэрмінам навучання. Вывучаліся Закон Божы, лац. і грэч. мовы, фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, рус. мова і л-ра, гісторыя, геаграфія і інш.Гродзенская жаночая Марыінская гімназія адкрыта ў 1860 як 7-класная. Утрымлівалася пераважна на сродкі аплаты за навучанне. Вывучаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, арыфметыка, геаметрыя, франц. і ням. мовы, асновы педагогікі, чыстапісанне, маляванне, спевы, рукадзелле, танцы. Гродзенская мужчынская прыватная гімназія М.С.Хныкіна адкрыта ў 1906 як 6-класная, у 1907 утвораны 7-ы клас. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1907 — 250 навучэнцаў. Гродзенская жаночая прыватная гімназія К.М.Баркоўскай адкрыта ў 1906 як 7-класная з падрыхтоўчым класам і дзіцячым садком; 311 выхаванак. Гродзенская прыватная жаночая яўрэйская гімназія Т.В.Астрагорскай і Л.С.Вальдман засн. ў 1852 як прыватнае вучылішча, якое у 1906 рэарганізавана ў прыватную 4-класную прагімназію, з 1907 — 7-класная гімназія. У 1915 у ёй навучалася 330 чал. У 1-ю сусв. вайну Гродзенскія гімназіі зачынены або эвакуіраваны. У 1920—39 у Гродне дзейнічала 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. З 1939 рэарганізаваны ў агульнаадук. сярэднія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ СЯЛЯ́Н У абставінах гасп. разрухі ў 2-й пал. 17 ст., выкліканай вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і недахопам грошай у казне, сялянам Слонімскага староства выдавалі каралеўскія граматы, якія часткова замянялі паншчыну грашовым чыншам, а вёскі Какошчычы, Кракотка, Лапухова, Мяльканавічы, Перавалока, Саленікі, Сасноўка, Сялявічы, Чамяры, Якуцічы дамагліся права «сядзець» на «голым» чыншы. Калі трымальніца староства Г.Сапега (жонка вял. гетмана ВКЛ П.Сапегі) запатрабавала ад сялян выканання паншчыны і інш. павіннасцей адпаведна даўнейшым інвентаром, яны не пагадзіліся. Асабліва актыўна выступалі сяляне, якія былі на «голым» чыншы. У кастр. 1701 Г.Сапега скардзілася ў слонімскі гродскі суд, што сяляне бунтуюць і адмаўляюцца выконваць паншчыну і інш. павіннасці. У 1720 хваляванні ахапілі Загжывальскае, Любішэцкае, Мяльканавіцкае і Чамерскае войтаўствы. У 2-й пал. 18 ст. тут адбыліся выступленні служылых людзей шэрагу баярскіх і канюшых вёсак. Да сярэдзіны 18 ст. яны «сядзелі» на грашовым чыншы. Спроба павялічыць павіннасці ў пач. 1750-х г. выклікала супраціўленне сялян-слуг. Сяляне не падпарадкоўваліся трымальніку Слонімскага староства на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
Літ.:
Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі са старажытнасці да 1861 г.Мн., 1997;
Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в. Мн., 1982.