КАЦ ((Katz) Бернард) (н. 26.3.1911, г. Лейпцыг, Германія),
англійскі фізіёлаг.
Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952; віцэ-прэзідэнт з 1965). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1934). У 1935—39 і 1946—50 ва Універсітэцкім каледжы ў Лондане, з 1952 праф. і заг. кафедры біяфізікі ў ім жа. Навук. працы па нервова-мышачнай фізіялогіі і біяфізіцы, пераважна па вывучэнні механізму генерацыі біяэл. патэнцыялаў, сінаптычнай перадачы ад клеткі да клеткі і фіз.-хім. уласцівасцей клетачных мембран. Нобелеўская прэмія 1970 (разам з Дж.Аксельрадам і У.Эйлерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ХЕЛЬ ((Kiechel) Самуэль) (1563, г. Ульм, Германія — 1619),
нямецкі падарожнік. У 1585—89 зрабіў вял. падарожжа па краінах Еўропы і Азіі. У 1586 праязджаў праз Беларусь, Літву, Інфлянты (Гродна—Вільня—Рыга). У сваёй справаздачы даў звесткі пра заняткі, лад жыцця, гандаль жыхароў ВКЛ, адзначыў іх верацярпімасць. Гэтая праца ўпершыню надрукавана ў 1820 у час. «Archiv zur Geografie, Historie, Staats- und Kriegskunst» («Архіў геаграфіі, гісторыі, дзяржаўнай палітыкі і ваеннага мастацтва»).
Літ.:
Грыцхевіч В., Мальдзіс А Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІС ((Knies) Карл Густаў Адольф) (29.3.1821, г. Марбург, Германія — 3.8.1898),
нямецкі эканаміст, адзін з заснавальнікаў гістарычнай школы палітэканоміі. Праф. камеральных навук Фрайбургскага ун-та (1855—60), эканомікі Гайдэльбергскага ун-та (1865—96). У сваёй асн. працы «Палітычная эканомія з гістарычнага пункту погляду» (1853) крытыкаваў палажэнні класічнай палітэканоміі, адмаўляў існаванне агульных эканам. законаў развіцця, выступаў супраць класічнага паняцця выгады індывідуума як гал.эканам. рэгулятара паводзін індывідуумаў, падкрэсліваў значэнне такіх якасцей, як адчуванне свайго ўдзелу ў грамадстве, справядлівасці і сумленнасці. Прыхільнік металістычнай тэорыі грошай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭБС ((Krebs) Ханс Адольф) (25.8.1900, г. Гільлэйсгайм, Германія — 22.11.1981),
англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947), Нац.АН ЗША (1964) і інш. Скончыў Гамбургскі ун-т (1925). У 1926—30 у Берлінскім ун-це, працаваў у О.Г.Варбурга, з 1932 у Фрайбургскім ун-це. У 1933 эмігрыраваў, працаваў у Кембрыджскім, з 1935 у Шэфілдскім, у 1954—67 у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па абмене вугляводаў. Апісаў цыклы: арніцінавы і трыкарбонавых кіслот (К. цыкл). Нобелеўская прэмія 1953 (разам з Ф.А.Ліпманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁВІ ((Loewi) Ота) (3.6.1873, г. Франк фурт-на-Майне, Германія — 25.12.1961). аўстрыйскі фізіёлаг і фармаколаг. Д-р медыцыны (1896). Скончыў Страсбурскі ун-т (1906). У 1909—38 праф. ун-та ў г. Грац (Аўстрыя),
з 1940 праф.мед. каледжа Нью-Йоркскага ун-та. Адзін са стваральнікаў тэорыі хім. перадачы нерв. ўзбуджэння. Устанавіў механізм рэгулявання дзейнасці сэрца з дапамогай фізіялагічна актыўных рэчываў — медыятараў. якія ўтвараюцца ў нерв. канцах клеткі — сінапсах. Высветліў ролю ацэтылхаліну ў перадачы нерв. імпульсаў. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з Г.Дэйлам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Карл Фрыдрых Вільгельм) (29.12.1816, г. Вітцэнгаўзен, Германія — 24.4.1895),
нямецкі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў. Скончыў Марбургскі ун-т (1839), працаваў у ім (з 1846 праф.). З 1849 праф. ун-та ў г. Цюрых (Швейцарыя), з 1855 — Ваенна-мед. акадэміі ў Вене. З 1865 узначальваў Ін-т фізіялогіі ў г. Лейпцыг. Прапанаваў фіз. тэорыю мочааддзялення, адкрыў сакраторныя нервы слінных залоз, даследаваў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, газаабмен. Адкрыў цэнтраімклівы нерв, які адыходзіць ад дугі аорты, паказаў яго ролю ў рэгуляванні дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЕР ((Müller) Іаганес Петэр) (14.7.1801, г. Кобленц, Германія — 28.4.1858),
нямецкі прыродазнавец, стваральнік школы фізіёлагаў, параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1832). Скончыў Бонскі ун-т (1822). Праф. Бонскага (1830) і Берлінскага (1833) ун-таў. Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і органаў пачуццяў, параўнальнай анатоміі, эмбрыянальным і постэмбрыянальным развіцці. Апісаў раннія этапы развіцця зародка чалавека; адкрыў і апісаў лічынкавую стадыю ў раснічных чарвей і немертын, канал, які злучае ў зародкаў пазваночных поласці канальцаў перадныркі з клаакай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЕР ((Müller) Фрыц) (31.3.1821, г. Віндзішгольцгаўзен, каля г. Эрфурт, Германія —21.5.1897),
нямецкі заолаг і эмбрыёлаг, адзін з аўтараў біягенетычнага закону. Скончыў Берлінскі (1844) і Грайфсвальдскі (1849) ун-ты. З 1856 праф. шэрагу навуч. устаноў у Бразіліі, у 1876—91 у Нац. музеі ў Рыо-дэ-Жанейра. Навук. працы па эмбрыялогіі і экалогіі беспазваночных, у т. л. мімікрыі. Высветліў заканамерныя сувязі паміж індывід. і гіст. развіццём жывёл; выкарыстоўваў даныя эмбрыялогіі для пабудовы радаслоўнага дрэва, абгрунтаваў існаванне рэкапітуляцыі, пацвердзіў і развіў многія палажэнні дарвінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМАЗЕР ((Permoser) Бальтазар) (хрышчаны 13.8.1651, Траўнштайн, Германія — 20.2.1732),
аўстрыйскі скульптар. Вучыўся і працаваў у Зальцбургу і Вене, з 1675 у Італіі, з 1689 у Дрэздэне, у 1704—10 у Берліне. Выдатны майстар скульптуры барока. У манументальна-дэкар. работах (убранне палаца Цвінгер у Дрэздэне, 1711—18) дасягнуў арган. зліцця скульптуры і архітэктуры, вытанчанасці і лёгкасці форм. Выканаў шэраг станковых і алегарычных кампазіцый, напоўненых вострай экспрэсіяй, якая часам мяжуе з гратэскам (група «Апафеоз прынца Яўгена», 1718—21; бюст «Праклён», каля 1722—24).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПФЛЮ́ГЕР ((Pflüger) Эдуард Фрыдрых Вільгельм) (7.6.1829, г. Ганаў, Германія — 16.3.1910),
нямецкі фізіёлаг. Вучыўся ў Магдэбургскім і Берлінскім ун-тах. З 1859 праф. Бонскага ун-та, арганізатар і кіраўнік Ін-та фізіялогіі пры ім. Навук. працы па рэфлекторнай дзейнасці спіннога мозга, дзеянні пастаяннага эл. току на нерв і мышцу, агульным абмене рэчываў, праблемах кровазвароту і інш. Адкрыў тармазны ўплыў сімпатычных валокнаў чэраўнага нерва на рух кішэчніка. Сфармуляваў закон электратону і палярны закон, якія ляглі ў аснову развіцця электратэрапіі і электрадыягностыкі захворванняў нерв. сістэмы.