ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НАВЫЯ (Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НЕВАЛЬД (Grünewald) Матыяс [сапр.Готгарт Нітгарт (Найтгарт); Gothart Nithart (Neithart); 1460—80, г. Вюрцбург, Германія — 1.9.1528], нямецкі жывапісец эпохі Адраджэння. У 1508—1526 (?) прыдворны жывапісец майнцкіх архіепіскапаў і курфюрстаў. Творчасць звязана з ідэалогіяй нар. нізоў і містычнымі ерасямі. У гал. творы — 9 частках Ізенгаймскага алтара (1512—15) — трагічныя сцэны страсцей Хрыстовых («Распяцце») змяняюцца карцінамі радасці, пантэістычным успрыманнем прыроды («Раство»). Містычны вобраз Хрыста, які нібыта растае ў час успышкі яркага святла («Уваскрэсенне»),
саступае месца вобразам унутрана прасветленым, прасякнутым гуманістычным пачаткам («Святы Себасцьян»). У творах пач. 1520 г. відавочнае ўздзеянне мастацтва італьян. Адраджэння («Сустрэчы св. Эразма і Маўрыкія», 1520—24), у больш позніх зноў вяртанне да тэмы Хрыста і экспрэсіўнай драм. мовы познагатычнага жывапісу («Аплакванне Хрыста», 1524—25).
Літ.:
Немилов А.Н. Грюневвальд. М., 1972.
М.Груневальд. Распяцце Галава Хрыста. Фрагмент.М.Груневальд. Распяцце. Цэнтральная частка Ізенгаймскага алтара. 1512—15.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯЦІНО́ГІЯ РАКАПАДО́БНЫЯ (Decapoda),
атрад беспазваночных падкл. вышэйшых ракападобных. 2 падатр. — Natantia (крэветкі) i Reptantia (рачныя ракі, амары, лангусты, крабы, ракі-пустэльнікі). Больш за 8500 відаў. Больш пашыраны ў морах, менш — у прэсных вадаёмах і на сушы. На Беларусі жывуць рачныя ракі; рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 80 см, размах клюшняў да 3 м. Характэрная прыкмета Дз.р. — зліццё сківічных сегментаў галавы з груднымі і пераўтварэнне 3 пярэдніх пар канечнасцей грудзей у нагасківіцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы корму да ротавай адтуліны; 5 пар задніх грудных ног хадзільныя (адсюль назва); на некат. часта развіваюцца клюшні. Галава і грудзі ўкрыты зверху галавагрудным шчытом (карапаксам). Вочы сцябліністыя, фасетачныя. Раздзельнаполыя. Самкі (акрамя крэветак) выношваюць яйцы на брушных ножках. Лічынкі рэзка адрозніваюцца ад дарослых; у многіх развіццё прамое. Кормяцца жывёльным і раслінным кормам. Некат. — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»
(«Maigewitter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.Ф.Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс.чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДРЫ́ЛЫ (Mandrillus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 2 віды: мандрыл (M. sphinx) і дрыл (M. leucophaeus). Некат. сістэматыкі ўключаюць М. у род павіянаў. Пашыраны ў лясах і гарыстых раёнах Экватарыяльнай Афрыкі. Трымаюцца групамі, пераважна на зямлі; кормяцца і спяць на дрэвах.
Самыя буйныя з мартышкавых. Даўж. больш за 1 м, маса больш за 40 кг, даўж. хваста да 12 см. Самцы ярка афарбаваны: па баках рыжа-чырв. носа мазолістыя грабяні з падоўжанымі жалабкамі сіняга і чырв. колеру; бакенбарды і барада жоўтыя. валасы на галаве ярка-каштанавыя. Сядалішчныя мазалі чырв., сінія або фіялетавыя. Самкі цёмныя. Галававял., тваравы аддзел шырокі, выступае наперад. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія, першы палец на ступні вялікі. Мускулатура развітая. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Вядомы гібрыды паміж мандрылам і дрылам, а таксама паміж імі і макакамі, мангабеямі, павіянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),
запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.А.Карпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІ, мядзведзевыя (Ursidae),
сямейства млекакормячых атр. драпежных. Вядомы з сярэдняга міяцэну Еўразіі. 17 родаў (12 вымерлых), 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Трапляюцца пераважна ў лясных раўнінных і горных ландшафтах. Жывуць паасобна або сем’ямі (самка з маладымі, часам з самцом). Буры М., чорны М. (Ursus americanus) і белагруды М. (U. thibetanus) зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — буры мядзведзь. 5 відаў і 3 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 1 т. Склад цела масіўны. Галава вялікая, з падоўжанай мордай, лапы моцныя, пяціпальцыя, ступняходныя. Футра густое, з развітым падшэрсткам. Афарбоўка белая, чорная або бурая з рознымі адценнямі. Усёедныя. Манагамы. Нараджаюць 2—3 (зрэдку да 5) медзведзяняці 1 раз у 2 гады. Гл. таксама Белы мядзведзь, Грызлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́ЧЫЯ.
воўчыя, псовыя (Canidae), сямейства млекакормячых атр. драпежных. 15 (12) родаў, 35 (29) відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды і некат. астравоў (Мадагаскар, Новая Зеландыя, Сулавесі, Тайвань, арх. Меланезія і Палінезія). Жывуць у разнастайных, пераважна адкрытых ландшафтах. Селяцца ў норах або логавах. Трымаюцца паасобна, часам парамі, некат. — сямейнымі групамі і зграямі. На Беларусі пашыраны воўк, ліс, янотападобны сабака.
Даўж. да 160 см, маса да 80 кг. Афарбоўка разнастайная, пераважна аднатонная. Галава падоўжаная, морда вострая, вушы стаячыя. Футра густое, звычайна пушыстае. Хвост доўгі. На пярэдніх лапах па 5 пальцаў (у гіенавага сабакі — 4), на задніх — па 4; кіпцюры тупыя, не ўцягваюцца. Драпежнікі, спажываюць і расл. корм. Манагамы. Нараджаюць 3—4 (зрэдку да 13—16) шчанят 1 раз на год. Многія С. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі (ліс, пясец і інш.). Да С. адносяцца ўсе пароды сабак свойскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАКУ́ШЫ (Saniidae),
сямейства птушак атр. вераб’іных. Больш за 60 відаў, пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды: жулан; С. чарналобы, С. шэры, С. чырвонагаловы. Пералётныя птушкі. Жывуць у садах, парках, гаях, хмызняках. С. чарналобы і С. шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела жулана да 20 см, маса каля 30 г.Галава і шыя шэрыя, спіна рыжавата-каштанавая, каля вачэй чорная папярочная палоска. Хвост доўгі, ступеньчаты. Даўж. С. шэрага каля 25 см, маса 68—75 г. Апярэнне зверху шэрае, знізу белаватае, хвост чорны з белым пер’ем па краях, крылы чорныя. Чарналобы С. меншы (маса 47—53 г), адрозніваецца ад шэрага чорным ілбом. Апярэнне мяккае, крылы кароткія, круглаватыя, хвост доўгі. Дзюба кручком. Кладка — 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі паўзунамі, грызунамі, зрэдку птушкамі.