ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,

сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Груша Ільінка.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧА́Р (сапр. Габрыэлян) Рачыя Качаравіч

(2.2.1910, с. Кумлібуджах, Турцыя — 3.5.1965),

армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1930. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Нараджэнне герояў» (1942), «Напярэдадні» (1943), «Свяшчэннае абяцанне» (1946), «Белая кніга» (1965), рамане «Дзеці вялікага дома» (ч. 1—2, 1952—59) падзеі Вял. Айч. вайны, трагічны лёс арм. народа ў гады 1-й сусв. вайны. Аўтар кніг публіцыстычных і крытычных артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1949). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Парахневіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1973.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Афанасій) (? — 1472),

рускі падарожнік. цвярскі купец. У 1466—72 зрабіў падарожжа з гандл. мэтай у Персію, потым у Індыю, дзе пражыў амаль 3 гады. На зваротным шляху наведаў афр. бераг (Самалі), Маскат у Аравіі. Турцыю, ВКЛ. У дзённіку дакладна і рознабакова апісаў мясціны, дзе пабываў. Яго падарожныя запіскі — літ. помнік, каштоўны дакумент па гісторыі і геаграфіі Індыі 15 ст.

Тв.:

Хождение за три моря Афанасия Никитина, 1466—1472 гг. М., 1960.

Літ.:

Виташевская М.Н. Странствия Афанасия Никитина. М., 1972.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЭКА́Т ІСЛА́М (Sarekat Islam — Саюз ісламу),

першая масавая паліт. арг-цыя ў Інданезіі. Створана ў 1912 як арг-цыя гандляроў, пазней стала масавай антыкалан. арг-цыяй. У 1919 аб’ядноўвала каля 2,5 млн. членаў. У 1921 з С.І. выключаны члены яго левага крыла, якія ў 1924 стварылі Камуніст. партыю Інданезіі. З 1929 наз. Парцей сарэкат іслам (Партыя саюза ісламу). У гады незалежнасці (з 1945) паступова страчвала паліт. ўплыў, у 1973 аб’ядналася з 3 інш. мусульм. партыямі ў Партыю адзінства і развіцця.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́РЫНА (Зінаіда Аляксандраўна) (11.10.1909, г. Гродна — 16.4.1959),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі бел. пед. тэхнікум (1927), Ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1933). Настаўнічала ў бел. школе ў сібірскім пас. Медзякова (1927—28). Працавала ў бел. перыяд. друку. У 1948—50 заг. філіяла музея Я.​Купалы ў Вязынцы. Друкавалася з 1926. Аўтар зб. вершаў «Веснацвет» (1931), зб. апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960), аповесцяў «Шуміць тайга» (1928), «Дыпломная работа» (1953), «Галіна Ільіна» (1959, апошнія дзве на рус. мове). Аповесць «Ой, рана на Івана...» (1956) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К (Даніла) (псеўд.; сапр. імя і гады жыцця невяд.),

аўтар нелегальнай гектаграфічнай брашуры на рус. мове «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае». Датавана 16.12.1882. Аўтар, студэнт-беларус Пецярбургскага ун-та, належаў да групы народнікаў. З любоўю пісаў пра свой народ, яго нац. характар. Не бачыў класавага размежавання ў бел. вёсцы, перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў справе сац. і нац. вызвалення бел. народа, ставіў перад ёю толькі асветныя задачы.

Тв.:

У кн.: Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 58—63.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСО́БЫЯ НАРА́ДЫ»,

дзяржаўныя ўстановы ў Расіі, створаныя для кіравання эканам. жыццём у гады 1-й сусв. вайны 1914—18. «Асобых нарадаў» было 5: па абароне, перавозках, харчаванні, уладкаванні бежанцаў, забеспячэнні палівам шляхоў зносін. Паводле Палажэння, зацверджанага царом 17.8.1915, «Асобыя нарады» з’яўляліся вышэйшымі дзярж. ўстановамі, мелі права патрабаваць садзейнічання ўсіх грамадскіх і ўрадавых арг-цый, устанаўліваць цэны, накладваць секвестр і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 улікова-рэгістрацыйны апарат і тэхн. кадры «Асобых нарадаў» выкарыстаны сав. уладай пры стварэнні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі і інш. органаў.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАНО́СКА ТАЎСТАХВО́СТАЯ (Leucorrhinia caudalis),

насякомае атрада стракоз. Усходнееўрап. від з ізаляванымі ўчасткамі арэала. На Беларусі трапляецца лакальна, занесена ў Чырв. кнігу. Жыве на забалочаных участках праточных вадаёмаў, старыцах рэк, парослых белымі або жоўтымі гарлачыкамі.

Даўж. брушка 24—27 мм, крыла 29—32 мм. Цела чорнае. Пры аснове задніх крылаў па чорнай пляме. Брушка на канцы расшырана, у самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных вадаёмах. Драпежнік, корміцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі.

Беланоска таўстахвостая.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГІУС ((Bergius) Фрыдрых) (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),

нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.​Г.​Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).

Ф.Бергіус.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)