ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,

поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.

Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал. ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.

Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.

Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.

У.​А.​Чантурыя, Г.​М.​Ярмаленка.

Камайскі касцёл.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,

помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.​Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял. цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.

Літ.:

Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.

А.​Ю.​Пятросава, Т.​І.​Чарняўская.

Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),

1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.

2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).

3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.

Літ.:

Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;

Псков, 1997. Т. 2.

А.​А.​Трусаў.

Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЫ сапраўдныя

(Ranidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.

Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)