прасторавае пераразмеркаванне энергіі светлавога выпрамянення пры накладанні дзвюх ці больш дапасаваных па фазе светлавых хваль (гл.Кагерэнтнасць); асобны выпадак інтэрферэнцыі хваль. Выніковыя ваганні ў вобласці перакрыцця аслабляюцца ці ўзмацняюцца. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, метралогіі, крышталяграфіі і мінералогіі (інтэрферэнцыя палярызаванага святла), на І.с. заснаваны галаграфія, прасвятленне оптыкі і інш.
Некаторыя з’явы І.с. назіраў яшчэ І.Ньютан; тлумачэнне далі А.Фрэнель і Т.ЮнгНайб. часта адбываецца І.с., якая характарызуецца стацыянарнай (устойлівай у часе) інтэрферэнцыйнай карцінай — рэгулярным чаргаваннем абласцей павышанай і паніжанай інтэнсіўнасці святла, напр., вясёлкавая афарбоўка тонкіх масляных плёнак на паверхні вады. Калі зыходныя светлавыя хвалі маюць складаны спектр (напр., сонечнае святло), атрымліваецца каляровая карціна. Размяшчэнне і форма палос залежаць ад геам. формы крыніц святла і ад ступені кагерэнтнасці выпрамененых хваль. Для атрымання інтэрферэнцыйнай карціны ад выпрамянення адной крыніцы яго дзеляць на 2 (ці больш) пучкі, якія павінны да сумяшчэння прайсці розную адлегласць ці распаўсюджвацца ў асяроддзях з рознымі паказчыкамі пераламлення. Гл. таксама Інтэрферометр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕАКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, у якім вывучаюцца заканамернасці распаўсюджвання і ўзаемадзеяння акустычных хваль у крышталях. Заканамернасці К., абумоўлены анізатрапіяй уласцівасцей асяроддзя (найперш пругкіх уласцівасцей). Сфарміравалася на аснове даследаванняў пругкіх хваль у цвёрдых целах і развіцця метадаў узбуджэння і прыёму ультрагукавых хваль. Цесна звязана з лазернай фізікай, нелінейнай акустыкай, акустаэлектронікай, акустаоптыкай.
У крышталях, у адрозненне ад ізатропнага асяроддзя, скорасць распаўсюджвання хваль залежыць ад напрамку. Напрамак распаўсюджвання і пераносу энергіі нахілены да хвалевага фронту (за выключэннем асобных напрамкаў, напр., восей і плоскасцей сіметрыі і акустычных восей). Пругкія плоскія хвалі пры адсутнасці гіратрапіі лінейна палярызаваныя — ваганні часціц асяроддзя адбываюцца толькі ўздоўж пэўных напрамкаў адносна напрамку распаўсюджвання хваль. Хвалі сціскання — разрэджвання і зрушэння з’яўляюцца адпаведна квазіпадоўжнымі і квазіпапярочнымі і, апроч таго, хвалі зрушэння расшчапляюцца на 2 квазіпапярочныя хвалі, якія распаўсюджваюцца з рознымі скарасцямі. К. з’яўляецца асновай для стварэння тэхн. прылад і сістэм для даследавання ўласцівасцей асяроддзяў і практычнага выкарыстання анізатрапіі і ультрагуку.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГАмеханічнай сістэмы,
стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.
Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл.Гарманічныя ваганні) наз.фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,
перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганніатм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10−5м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.
Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).
Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл.Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.
Будаўнічыя канструкцыі: а — буйнапанэльнага жылога дома (1 — сценавая панэль, 2 — панэль перакрыцця, 3 — лесвічны марш); б — прамысловага будынка (1 — падкранавая бэлька, 2 — калона, 3 — ферма перакрыцця, 4 — сценавая агароджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст.Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТУХА́ННЕ ВАГА́ННЯЎ,
памяншэнне амплітуды ваганняў з цягам часу, абумоўленае стратамі энергіі вагальнай сістэмай. Ператварэнне энергіі вагальнай сістэмы ў цеплавую (унутраную) энергію адбываецца ў выніку прысутнасці трэння ў мех. сістэмах (напр., маятнік) і наяўнасці амічнага супраціўлення ў эл. сістэмах (напр., вагальны контур). З.в. можа адбывацца таксама за кошт страт энергіі, звязаных з выпрамяненнем гукавых і эл.-магн. хваль.
Найбольш вывучана З.в. у лінейных сістэмах, дзе памяншэнне энергіі прапарцыянальнае квадрату скорасці руху (мех. сістэма) або квадрату сілы току (эл. сістэма). У гэтым выпадку З.в. мае экспаненцыяльны характар: амплітуда ваганняў памяншаецца паводле залежнасці
, дзе A0 — першапачатковая амплітуда, γ — каэфіцыент затухання, t — час. З.в. парушае іх перыядычнасць, пры вялікіх каэфіцыентах затухання амплітуда хутка памяншаецца да нуля і ваганні спыняюцца (гл.Аперыядычны працэс). Пры малых затуханнях умоўна карыстаюцца паняццем перыяду як прамежку часу паміж двума паслядоўнымі максімумамі вагальнай фіз. велічыні (сілы эл. току, напружання або размаху ваганняў маятніка і інш.). Гл. таксама Дэкрэмент затухання.
А.І.Болсун.
Затуханне ваганняў. A0 — першапачатковая амплітуда ваганняў; T — перыяд ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА АДВАРО́ТНАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная ЗВЧ прылада, у якой выкарыстоўваецца перадача энергіі электроннага патоку полю запаволенай бягучай эл.-магн. хвалі, што распаўсюджваецца ў напрамку, процілеглым руху электронаў. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры з аўтам. перастройкай частаты, супергетэрадзінных радыёпрыёмніках, радыёспектраскапіі і інш.
Прынцып работы Л.а.х. вызначыў амер. фізік С.Мільман у 1950. Адрозніваюць Л.а.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Нізкавольтныя Л.а.х. О-тыпу выпускаюцца магутнасцю да 100 мВт на частоты ад 1 да 1500 ГГц, дыяпазон перастройкі частаты ад 10% да актавы, ккдз да 1%; рэлятывісцкія лямпы для мікрахвалевай зброі маюць імпульсную магутнасць да 2 ГВт, ккдз да 20%; Л.а.х. М-тыпу генерыруюць ваганні з частотамі ад 0,5 да 18 ГГц магутнасцю да 1 кВт, дыяпазон перастройкі частаты да 30%, ккдз да 50%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.