БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Танка.

Засн. ў 1922 як пед. ф-т БДУ, з 1931 Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т, з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 ун-т, з 1995 імя М.​Танка. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: матэматычны, рус. філалогіі, дашкольнага выхавання, педагогікі і методыкі пач. навучання, муз.-пед., дэфекталогіі, сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1934, дактарантура з 1992. З 1993 рыхтуе бакалаўраў і магістраў. Выдае час. «Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта», газ. «Настаўнік».

Будынак Беларускага педагагічнага універсітэта.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ТРА́НСПАРТУ.

Засн. ў 1953 у Гомелі як Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: агульнаінжынерны транспартны, агульнаінжынерны будаўнічы, кіравання працэсамі перавозак, механічны, электратэхн., будаўнічы, прамысл. і грамадз. буд-ва, гуманітарны, прафес. арыентацыі і дауніверсітэцкай падрыхтоўкі (у яго складзе вучэбна-прафарыентацыйны цэнтр, ліцэй, школа-гімназія, падрыхтоўчыя курсы). Аспірантура з 1954. Пры ун-це 7 н.-д. лабараторый, ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь, навуч.-кансультацыйныя пункты ў Мінску, Брэсце, Віцебску. Выдае газ.-штотыднёвік «Вести БелГУТа».

Будынак Беларускага універсітэта транспарту.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.​Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.

Гайцюнішская капліца. Фота пач. 20 ст.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.​Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац адміністратара.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ПІУС ((Gropius) Вальтэр) (18.5.1883, Берлін — 5.7.1969),

нямецкі архітэктар, дызайнер і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік функцыяналізму. Вучыўся ў вышэйшых тэхн. школах Берліна і Мюнхена (1903—07), у 1907—10 асістэнт П.Берэнса. Распрацоўваў рацыяналістычныя прынцыпы ў архітэктуры і дызайне. Заснавальнік і дырэктар (1919—28) «Баўгаўза». Ствараў новыя арх. формы; вонкавы выгляд яго збудаванняў выяўляў іх функцыян. прызначэнне (ф-ка «Фагус» у Альфельдзе, 1911—16, разам з А.​Меерам; адм. будынак на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» ў Кёльне, 1914). З 1937 працаваў у ЗША. Аўтар кніг па тэорыі і практыцы архітэктуры.

Тв.:

Рус. пер. — Границы архитектуры. М., 1971.

В.Гропіус.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ХТЫ (Lahti),

горад на Пд Фінляндыі, на воз. Пяяне. Засн. ў 1878, гар. правы з 1905. Каля 100 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Прам-сць: дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, запалкі, мэбля), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для цэлюлозна-папяровай прам-сці), тэкст., абутковая, шкляная, харчовая. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту.

Жыллёвае буд-ва ў Л. адметнае разнастайнасцю планіроўкі мікрараёнаў, арганічнай сувяззю іх з ландшафтам. Сярод пабудоў 20 ст.: ратуша (1912, арх. Э.​Саарынен), канцэртная зала (1957, арх. К. і Х.​Сірэн), будынак банка «КОП» (1963—67, арх. В.​Рэвель). У Л. манумент «Мір» (1950—52, скульпт. В.​В.​Аалтанен).

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕРА ((Kotěra) Ян) (18.12.1871, г. Брно, Чэхія — 17.4.1923),

чэшскі архітэктар; заснавальнік чэш. арх. школы 20 ст. Вучыўся ў Прамысл. школе ў г. Пльзень (1887—90) і АМ у Вене (1894—97) у О.​Вагнера. Выкладаў у Празе ў Маст.-прамысл. школе (з 1898) і АМ (з 1911). Раннія работы ў стылі мадэрн, пасля 1906 імкнуўся да функцыян. мэтазгоднасці, прастаты і тэктанічнай выразнасці форм: адм. будынак (1903—04) і музей (1908—12) у Градзец-Кралаве, Нар. дом у Просцеёве (1905—07), будынкі юрыд. ф-та ун-та ў Празе (1907—20), банка «Славія» ў Сараеве (1911—12).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБАСКРО́Б,

вышынны будынак на некалькі дзесяткаў паверхаў. Можа быць дзелавы, адм., жылы, атэль і інш. Пачалі будаваць у 1880-я г. ў ЗША з вынаходствам стальнога каркаса і пасажырскіх ліфтаў, у сувязі з павелічэннем шчыльнасці гар. забудовы і падаражаннем зямельных участкаў. У 20 ст. ўзводзяць у многіх краінах свету. Сярод самых высокіх Н. Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку (102 паверхі, выш. 381 м; 1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман»), «Сірс і Робак» у г. Чыкага (ЗША; 109 паверхаў, выш. 442 м; 1970—74, фірма «СОМ») і інш.

Небаскробы ў г. Нью-Йорк.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КІ́РХА.

Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Пабудавана ў 1846 з цэглы ў стылі класіцызму на б. Захар’еўскай вул. (цяпер праспект Скарыны). Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўкруглай алтарнай апсідай і прытворам, завершаным вежай-званіцай у выглядзе ратонды з 8 калонамі тасканскага ордэра і паўсферычным купалам. Сцены будынка рытмічна расчлянёны атыкамі. З ПнУ да кірхі прыбудаваны 2-павярховы будынак, дзе жыў пастар. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад завершаны ступеньчатым атыкам. У 1930-я г. перабудавана пад дзіцячы кінатэатр. Разбурана ў 1940-я г.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінская кірха.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)