C5H5N5, арганічнае злучэнне, адна з пурынавых асноў. Белы дробнакрышталічны парашок без паху, вострасалёнага смаку. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у к-тах і шчолачах; здольны да моцнага паглынання ў ультрафіялетавай вобласці спектра. Ёсць ва ўсіх жывых раслінных і жывёльных клетках у складзе адэназіну, адэназінфосфарных кіслот, нуклеінавых кіслот, а таксама некаторых ферментаў. У арганізме акісляецца ў мачавую к-ту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,
паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАНІ́ЗМ, атаманізм,
ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі безнац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТО́Я»,
прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр.ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНЫЯ ВЫ́КІДЫў атмасферу,
колькасць шкодных рэчываў, якая можа быць выкінута за адзінку часу ў атмасферу без перавышэння ў прыглебавым слоі іх гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Распрацаваны і ўведзены дзярж. стандарты ГДВ, якія ўлічваюць сучасныя гігіенічныя, эканам., экалагічныя патрабаванні і вызначаюць адзіны тэр.-ведамасны падыход да нарміравання і макс. зніжэння шкодных выкідаў. Кантроль крыніц выкідаў і ГДВ ажыццяўляецца на прадпрыемствах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАМІНА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. nominatio найменне),
узбуйненне грашовай адзінкі краіны (без яе перайменавання) з мэтай упарадкавання грашовага абарачэння і надання большай паўнацэннасці нац. валюце. Часта прычынай Д. бываюць складанасці тэхн. забеспячэння (друкаванне грашовых знакаў, захаванне неабходных суадносін паміж рознымі купюрамі, выраб разменнай манеты буйных наміналаў і да т.п.) грашовага абарачэння ва ўмовах інфляцыі. У Рэспубліцы Беларусь апошняя Д. нац. валюты адбылася ў 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЦЭ́НТ [ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],
вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),
раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў безмарфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАЛА́,
антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНДА́НЦКІ ЧАС,
надзвычайная мера, якая забараняе жыхарам дадзенага населенага пункта з’яўляцца на вуліцах у пэўны час сутак (як правіла, вечарам і ноччу) без асобага дазволу. Звычайна ўводзіцца ва ўмовах ваен. становішча з мэтай аховы парадку, папярэджання магчымай дыверсійнай, разведвальнай або інш. варожай дзейнасці супраць войск ці аб’ектаў, якія маюць ваен. або прамысл. значэнне. Для падтрымання парадку ў перыяд К.ч. вылучаюцца спец.ваен. падраздзяленні.