комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш.спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш.Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.
Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважна арган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЖДЖЫ,
група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл.Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСАНТО́МА (ад грэч. xanthos жоўты + ...ома),
паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн.прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНЦЭ́ВІЧ (Сямён Аляксандравіч) (крас. 1899, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.10.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1918 у атрадзе Чырв. гвардыі, удзельнік грамадз. вайны. У 1919 на курсах у Саратаўскай губшколе. З чэрв. 1921 на Беларусі ў Слуцкіх пав. к-це КП(б)Б і выканкоме, з канца года на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. З мая 1926 вучыўся ў Камуніст. ун-це Беларусі. З канца 1926 на парт. рабоце ў Заслаўі, з чэрв. 1927 — у Зах. Беларусі. Па даручэнні ЦККПЗБ у 1928 забіў М.І.Гурына-Маразоўскага. У 1929 арыштаваны польск. паліцыяй. У 1932 у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Мінск. У 1937 арыштаваны НКУС і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙКІЛАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. poikilos пераменлівы, разнастайны + тэрма),
халаднакроўныя жывёлы, жывёлы з непастаяннай унутр. т-рай цела, аднолькавай з т-рай навакольнага асяроддзя або вышэйшай на 1—2 °C.
Да П.ж. належаць усе беспазваночныя, з пазваночных — кругларотыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны. Некат. П.ж. гінуць ці часова страчваюць рухомасць, калі т-ра асяроддзя павышаецца або паніжаецца за межы аптымальнай. Т-ра іх цела можа значна перавышаць т-ру асяроддзя пры павелічэнні рухальнай актыўнасці (напр., у насякомых у час палету, хутка плаваючых рыб) або пад уплывам паглынання сонечнага цяпла (паўзуны і інш.). Тэрмарэгуляцыя П.ж. абумоўлена нізкай агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў 20—30 разоў ніжэйшы, чым у гамаятэрмных жывёл, адсутнасцю замкнутай сістэмы кровазвароту (беспазваночныя) або недасканаласцю яе рэгуляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЯНІ́Н, α-аміна-γ-метылтыямасляная кіслата,
незаменная серазмяшчальная амінакіслата, CH3S(CH2)2CH(NH2)COOH. Неабходны для падтрымання росту і азоцістай раўнавагі ў арганізме. Асн. крыніца: малочныя прадукты, яйкі, мяса, бабовыя расліны і інш. Уваходзіць у састаў большасці бялкоў расл. і жывёльнага паходжання. Выдзелены з бялкоў у 1922.
Белы крышталічны парашок. мал. м. 149,2, раствараецца ў гарачай вадзе. Т-ра плаўлення 272—276 °C. З’яўляецца донарам метыльных груп у арганізме млекакормячых жывёл і чалавека. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, халіну і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. Актывізуе дзейнасць гармонаў, вітамінаў (B12, фоліевай і аскарбінавай к-т), ферментаў; шляхам метыліравання і трансульфіравання абеззаражвае таксічныя рэчывы ў арганізме. Недахоп у арганізме вядзе да парушэнняў абмену рэчываў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВІЧ (Ян) (Іван) Станіслававіч (парт.псеўд.Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл.КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦККПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш.Канд. у чл.ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСІ́Т (ад грэч. glōssa язык + ...іт),
запаленне языка. Прычыны хваробы: інфекцыі, паталогія ўнутр. органаў, кроваўтваральнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушэнні абмену рэчываў. Адрозніваюць гласіт дэскваматыўны, геаграфічны, складкаваты, чорны (валасаты) язык, ромбападобны гласіт.
Пры дэскваматыўным гласіце бывае смыленне, сверб языка, ярка-чырвоныя палосы і плямы. Для геагр. гласіту характэрна чаргаванне на языку ярка афарбаваных участкаў з арагаваннем смакавых сасочкаў (падабенства да геагр. карты). Складкаваты язык — прыроджаная анамалія формы і памераў языка (глыбокія падоўжаныя або папярочныя складкі). Чорны язык найчасцей бывае ў мужчын (на спінцы і ў цэнтры языка ніткападобныя сасочкі падаўжаюцца і набываюць светла-карычневы ці чорны колер). Ромбападобны гласіт (прыроджаная паталогія развіцця языка) — участак слізістай абалонкі языка ромбападобнай формы, не мае смакавых сасочкаў. Лячэнне: устараненне прычын, што выклікаюць гласіт; ромбападобны гласіт і складкаваты язык лячэння не патрабуюць.