МАГІЛЁЎСКАГА ГУБЕ́РНСКАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ БУДЫ́НАК Існаваў у Магілёве ў 18—1-й пал. 20 ст. Пабудаваны ў 1778 у стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасада быў злучаны з асн. аб’ёмам мураванай сцяной. На гал. фасадзе вылучаліся 3 неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прамавугольным атыкам, і бакавыя з трохвугольнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На 1-м паверсе знаходзілася кватэрная камісія, выліч. экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадз. апека, пав. суд, на 2-м — дзярж. палата, губ.ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты. Разбураны ў 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,
адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял.Айч. вайны разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,
калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют.Рэв. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМІ́НА (ад польск. gmina воласць),
нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістр (у вял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА БЕЛАРУ́СКІХ СПРАЎ ЛІТВЫ́,
орган выканаўчай улады ў літ. урадзе ў 1918—23. Створаны ў выніку перагавораў паміж Віленскай беларускай радай і Прэзідыумам Літоўскай Тарыбы ад 27.11.1918. Беларусам адводзілася 25% з агульнай колькасці месц у літ. урадзе, дзейнічала на тэр. Гродзеншчыны і Віленшчыны. Мін-ва ўзначальвалі Я.Варонка (1.12.1918—12.3.1919; 12.4.1919—19.6.1920) і Д.Сямашка (19.6.1920—2.2.1922). Сфарміравала 1-ы бел. пешы полк, які дыслацыраваўся ў Гродне. Пры ўдзеле прадстаўнікоў М.б.с.Л. створаны гродзенскія пав. рада, бел. краёвая ўправа і к-т сувязі культ.-нац. адраджэння Беларусі. Мела на мэце папярэдзіць акупацыю бел.зах. зямель Польшчай шляхам стварэння супольнай бел.-літ. дзяржавы. У 1923, пасля канчатковага далучэння Віленшчыны да Польшчы, адносіны з ліг. урадам пагоршыліся і мін-ва спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШНА,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 133 км ад Віцебска. 355 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У ВКЛ прыватнаўласніцкае мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. У 1886 у П. 128 ж., 14 двароў, пач. школа, валасная ўправа, царква, яўр. малітоўны дом, гарбарня, крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Лепельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў кастр. 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава» разграміла ў П. гарнізон гітлераўцаў і аднавіла сав. ўладу. Фашысты імкнуліся зноў захапіць П., адбыліся Пышнянскія баі 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА ШПІТА́ЛЯ БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры канца 18 — пач. 19 ст.
Узнікненне шпіталя ў Гродне звязана з дзейнасцю ордэна баніфратаў, які ў канцы 18 ст. меў драўляны будынак шпіталя. У пач. 1840-х г. шпіталь размяшчаўся ў мураваным 2-павярховым будынку бровара баніфратаў, а пасля скасавання ордэна яго будынак перададзены пад акр. шпіталь. У 1857 і 1891 будынак перабудаваны, да яго дабудаваны 2 трохпавярховыя флігелі, і ў такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу.
Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з цокальным паверхам. Сіметрычная кампазіцыя гал. фасада падкрэслена 3 рызалітамі, завершанымі фігурнымі атыкамі. Аперацыйная зала ў сярэдзіне асн. аб’ёму мела купал. З 1902 у будынку размяшчаліся акр.ўправа і паштова-тэлегр. кантора з кватэрамі для служачых. У 2-й пал. 20 ст. з гал. фасада зняты балконы, ліквідаваны купал, зменена ўнутр. планіроўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́Ц,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 96 км ад Мінска, на аўтадарозе Нясвіж—Стоўбцы. 681 ж., 211 двароў (1996).
Заснавана як мястэчка ў сярэдзіне 18 ст. паміж маёнткам і в. Гавязна (цяпер в. Навапольцы) пад назвай Гавязна 2-я. У 1742 бенедыкцінкі паставілі тут уніяцкую царкву (з 1850 праваслаўная). З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1845 адкрыта нар. вучылішча. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці. У 1880 — валасная ўправа, плябанія, карчма, штогадовы кірмаш. У 1897 — 215 ж., 31 двор. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У 1964 перайменавана ў Вішнявец. У 1970 — 307 ж., 87 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вішнявецкая царква Іаана Хрысціцеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Гарадзейка. Чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы, на аўтадарозе Нясвіж—Навагрудак. За 14 км ад г. Нясвіж. 4,9 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. Тут выраблялі галандскія сыры і прадавалі ў Маскву і Пецярбург. З 1869 працавала нар. вучылішча. У 1871 за паўвярсты ад вёскі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы пабудавана станцыя Гарадзея. У 1886 у Гарадзеі 532 ж., 48 двароў, валасная ўправа, школа, крама, карчма. У 1897 — 719 ж., 17 крам, цукр. і піўныя склады, малітоўны дом. З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак у Нясвіжскім р-не, зліўся з чыг. станцыяй. У 1969 — 4,2 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цукр. камбінат, 2 сярэднія, муз. школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі.